ПАДАРОЖЖА Ў МІНУЛАЕ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ

На беларускай зямлі раней чым дзе ўварвалася ў свет праменнае і мудрае друкаванае слова、

М. Гамолка

Свята духоўнасці, культуры і літаратуры пачало сваё шэсце ў 1994 г. у старажытным горадзе Полацку, на радзіме Францыска Скарыны – беларускага першадрукара і асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, і стала адной з самых значных і яркіх культурных падзей у нашай краіне. Гэта свята тых, хто мае дачыненне да кнігі – пісьменнікаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, і ўсіх, хто любіць і шануе родную мову. Людзі розных прафесій і заняткаў аб’яднаны ў адзіным імкненні – садзейнічаць адраджэнню духоўнасці і маральнасці, захоўваць нацыянальную гісторыка-культурную спадчыну.

У гэты дзень мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто на працягу стагоддзяў шанаваў і нёс у свет цудоўную беларускую мову, ствараў фундамент беларускай адукацыі і пісьменства, закладваў аснову кнігадрукавання, упрыгожваў сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі.

Найвялікшае багацце беларускага народа – беларуская мова – развівалася шмат стагоддзяў. У яе гісторыі былі перыяды вялікага росквіту і заняпаду, не адразу яна стала называцца беларускай, не адразу заняла моцныя пазіцыі на лінгвістычнай карце Еўропы, але на сёння гэта развітая самастойная славянская мова з багатай пісьмовай традыцыяй, з адметным слоўнікавым складам, з вельмі характэрнымі фанетычнымі і марфалагічнымі рысамі.

Вялікі ўплыў на развіццё беларускай культуры, адукацыі і педагагічнай думкі аказала хрысціянства. Пачынаючы з X–XI стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі (у вялікіх гарадах Полацку, Тураве, Мінску, Навагрудку і інш.) пры княжацкіх дварах, царкоўных прыходах і манастырах адкрываюцца школы і бібліятэкі, пачынаецца навучанне дзяцей і перапісванне кніг. У Полацкай Сафіі былі закладзены асновы першай на тэрыторыі Беларусі бібліятэкі, дзе мелася шмат кніг на розных мовах, вялося летапісанне, перапісваліся і распаўсюджваліся кнігі, існавала школа.

Менавіта ў гэты перыяд часу закладваюцца асновы развіцця айчыннай традыцыі выхавання, педагагічнай думкі і школьнай справы, з’яўляюцца людзі новага светапогляду, усебакова адукаваныя, асветніцкая дзейнасць і педагагічныя ідэі якіх аказалі вялікае ўздзеянне на развіццё беларускай мовы, літаратуры, кнігадрукавання. Асветнікі беларускага народа – сусветна прызнаныя асобы. Гэта і Францыск Скарына, і Кірыла Тураўскі, і Васіль Цяпінскі, і Сімяон Полацкі, і Сымон Будны, і старанніца кніжнай справы святая Еўфрасіння Полацкая

Беларусам ёсць чым ганарыцца. У кнігах, друкаваных крыніцах памяці, адлюстравана шматвяковая гісторыя беларускага народа, яго ўклад у сусветную культурную спадчыну. Унікальнымі памятнікамі беларускага пісьменства, узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца вядомае Тураўскае Евангелле, Полацкае і Аршанскае Евангелле, «Жыціе Ефрасінні Полацкай», Баркулабаўскі летапіс.

Дзень беларускага пісьменства – значная падзея для ўсяго народа. За час свайго існавання фестываль стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. У ім бяруць удзел афіцыйныя асобы краіны, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, а таксама госці блізкага і далёкага замежжа, прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі.

Традыцыйна на плошчах, вуліцах і ў парках горада-сталіцы Дня беларускага пісьменства ўладкоўваюцца экспазіцыі народных рамёстваў; праходзяць тэатралізаваныя паказы і канцэрты; арганізуюцца імправізаваныя літаратурна-музычныя пляцоўкі, дзе пісьменнікі і паэты маюць зносіны з гасцямі свята; разгортваюцца кніжныя выставы, праходзяць прэзентацыі кніг і ўзнагароджанне пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Ва ўсіх гарадах, дзе праходзіла свята, застаюцца помнікі, памятныя знакі, закладваюцца алеі і высаджваюцца сады ў гонар гэтай важнай падзеі.

Праграма свята заўсёды пачынаецца ў сталіцы рэспублікі, горадзе Мінску, за некалькі дзён да яе афіцыйнага адкрыцця. Ад сцен кафедральнага Свята-Духава сабора па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта па зададзеным маршруце адпраўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Шлях да святыняў», якая з’яўляецца часткай Дня беларускага пісьменства.

Пяць дзён Экспедыцыя, у склад якой уваходзяць пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, тэатральныя дзеячы, дзяржаўныя служачыя, прадстаўнікі духавенства, знаходзіцца ў дарозе да сталіцы Дня пісьменства, гораду, дзе будзе праходзіць свята.

Правядзенне фестывалю ў малых гарадах спрыяе пашырэнню іх інфраструктуры, садзейнічае развіццю турызму ў рэгіёнах, дае выдатную магчымасць паказаць багацце культурнай спадчыны Беларусі. Дзякуючы фестывалю жыхары краіны, у першую чаргу моладзь, далучаюцца да літаратуры, знаёмяцца з творчасцю паэтаў і пісьменнікаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у культурнае жыццё рэгіёну, краіны ў цэлым, а таксама з творчасцю сучасных драматургаў і літаратараў.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці