Традыцыйна Дзень беларускай пісьменнасці праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Сталіцамі свята ў розныя гады былі: Полацк (тройчы, 1994, 2003, 2017), Тураў (двойчы, 1995, 2004), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (двойчы, 2000, 2014), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019), Капыль (2021), Добруш (2022), Гарадок (2023), Івацэвічы (2024), Ліда (2025), Касцюковічы (2026).
На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства праходзіў чатыры разы. У 2001 г. свята прымаў Мсціслаў, у 2007 – Шклоў, у 2013 – Быхаў, у 2020 – Бялынічы.
У 2027 г. фестываль нацыянальнай культуры адбудзецца на гасціннай мінскай зямлі – эстафету галоўнага кніжнага свята краіны прыняў старажытны і адначасова малады горад Маладзечна, які па праву лічыцца «культурнай» сталіцай вобласці з моцнымі духоўнымі арыенцірамі. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць яскравых творчых фэстаў і вялізная манументальная стэла з выяваю Божай маці на ўездзе ў горад-сонца, як яшчэ называюць Маладзечна. На маладзечанскай зямлі друкаваў свае кнігі прадаўжальнік традыцый Францыска Скарыны Сымон Будны, нарадзіўся першы народны паэт Беларусі Янка Купала, жылі і тварылі Максім Багдановіч і Ядвігін Ш.
Запрашаем здзейсніць віртуальнае падарожжа ў гісторыю нашай краіны і даведацца, чым гарады-сталіцы свята ўзбагацілі беларускую літаратуру і культуру і якую эстафету яны перадаюць Маладзечна.