20РОГАЧЕВ

РАГАЧОЎ

2016
Даўно мяне не бачыла адрына,
Дзе я калісьці дзічкі ў кут хаваў,
І пыл на вулках, мяккіх, як пярына,
Ног змораных даўно не цалаваў.
І вось ізноў трава знаёмых вулак
І за Дняпром сівым абрыс сяла:
Збароў, дзе некалі мая матуля
Вясковаю настаўніцай была.
У дальні свет шырокія дарогі,
Асін трапюткіх нечаканы ўздых,
Дзядамі узараныя разлогі,
Калыска і прыстанак вечны іх.
У. Караткевіч

Першая згадка пра Рагачоў у Іпацьеўскім летапісе адносіцца да 1142 г., які і лічыцца годам заснавання горада. Існуе некалькі версій паходжання яго назвы. Паводле адной з іх, яна ўтворана ад старажытналітоўскага слова «Рогас», што ў перакладзе азначае «святое месца, алтар».
У перыяд міжусобных войнаў горад знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага, Тураўскага і Кіеўскага княстваў, а з XIII ст. увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У XVI ст. горад перайшоў ва ўладанні вялікага князя Жыгімонта I, які падарыў Рагачоў і ўсё Пінскае княства сваёй жонцы – каралеве Боне Сфорцы. Менавіта пры ёй у горадзе быў пабудаваны замак, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Рагачоў увайшоў у склад Расійскай імперыі, а ў 1781 г. самой Кацярынай II гораду быў дадзены герб – чорны рог барана на залатым фоне.
Асабліва ганарацца жыхары Рагачова сваімі велічнымі храмамі. Сярод іх – дзіўны неагатычны касцёл Святога Антонія Падуанскага і Сабор Аляксандра Неўскага.

У Рагачоўскім раёне нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак, вучыўся народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў. Цесна звязаны з Рагачовам жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча. «Тут цягне жыць і кахаці, тут добра так, як нідзе, у старасвецкай хаце, у дзедаўскім родным гняздзе», – пісаў класік беларускай літаратуры пра дом у Рагачове, фактычна на беразе Дняпра, дзе ён працаваў над сваімі лепшымі творамі, у тым ліку над знакамітым раманам «Каласы пад сярпом тваім». «Гняздо» стаіць і сёння, у ім жыве дух пісьменніка. І, каб захаваць памяць, улады і жыхары горада мараць арганізаваць у ім музей. А калі атрымаецца, то цэлую арт-пляцоўку.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці