Ивацевичи

ІВАЦЭВІЧЫ

2024
Івацэвічы слаўныя, вольныя,
Твой упэўнены крок, ясны шлях.
Да цябе нашы сэрцы памкнёныя,
Ты квітней і жыві ў вяках!
Ты багацееш, расцеш, родны горад,
Радуеш вока гасцей.
Покліч народа – жыць мірна, у згодзе –
У пакаленні ідзе.
Таццяна Куратнік

У трыццаць першы раз фестываль адзінства друкаванага слова, літаратуры і народа пройдзе ў Івацэвічах – прыгожым гарадку, які ўзнік на месцы шляхецкага маёнтка і стаў адным з самых прывабных гарадоў Брэстчыны. Ён стаіць на беразе маляўнічай рэчкі Грыўда – правым прытоку Шчары, і мае на сваім гербе кветку лілеі на зялёна-залатым фоне – сімвал чысціні і арыстакратызму. «Побач з лясамі, побач з палямі родны наш горад стаіць…» – спяваецца ў гарадскім гімне.
Упершыню Івацэвічы згадваюцца ў дакументах у 1519 годзе як прыватны маёнтак, які належаў магнацкаму роду Сапегаў. Пазней іх змянілі Юндзілы.
Івацэвічы маглі так і застацца шляхецкім маёнткам, калі б у 1871 годзе побач з імі не была пракладзена чыгунка, якая злучыла Маскву з Брэстам. Тут была пабудавана станцыя, вакол якой і стала расці паселішча.
Візітная картка горада – радавая сядзіба Юндзілаў, пабудаваная ў стылі класіцызму яшчэ ў канцы 18 стагоддзя, якая лічылася адной з найпрыгажэйшых у Беларусі. На жаль, з усяго комплексу захаваўся толькі аднапавярховы сядзібны дом, у якім сёння размяшчаецца адзін з карпусоў раённай бальніцы.
У Івацэвіцкім раёне ёсць яшчэ адзін унікальны помнік неагатычнай архітэктуры XIX стагоддзя – гэта палац Пуслоўскіх, таксама вядомы як Косаўскі замак. Размешчаны ён за паўтара кіламетра ад мястэчка Косава, ва ўрочышчы Мерачоўшчына. За казачную выяву і раскошу палац графаў Пуслоўскіх атрымаў назву «рыцарская мроя».
Побач з замкам знаходзіцца музей-сядзіба нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі.

Не менш прывабным для турыстаў з’яўляецца мемарыяльны знак пункта Дугі Струвэ ў Івацэвічах. Манумент быў устаноўлены ў 1930 годзе ў гонар маштабных даследаванняў формы Зямлі ў пачатку XIX стагоддзя пад кіраўніцтвам геадэзіста Васіля Струвэ. Дуга Струвэ (Руска-Скандынаўская дуга) – гэта самае дакладнае і самае каласальнае вымярэнне градуса дугі мерыдыяна ў свеце. Дуга пачынаецца ад Чорнага мора, заканчваецца Паўночным Ледавітым акіянам і мае працягласць каля 3 тысяч кіламетраў. 34 пункты Дугі Струвэ ўнесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Яны ёсць на тэрыторыі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Малдовы і Украіны.
Сярод помнікаў сучаснасці варта адзначыць царкву ў гонар абраза Маці Божай Дзяржаўнай у Івацэвічах. У званіцы храма знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі звон, вага якога складае каля дзвюх тон. Цар-звон упрыгожваюць барэльефныя выявы дзяржаўнай іконы Маці Божай і крыжа Ефрасінні Полацкай.
Цікавая экспазіцыя чакае гасцей горада ў гісторыка-краязнаўчым музеі. Тут можна даведацца пра гісторыю краю і яго былых уладальнікаў, а таксама пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Горад Івацэвічы звязаны з многімі знакамітымі імёнамі, сярод якіх Піліп Пестрак – беларускі пісьменнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за раман «Средиборье» (1964).

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці

logo2023