4Несвіж

НЯСВІЖ

1997
Ратуша, брамы и Фарный костел.
Добрые улочки в стиле барокко.
Ты к Радзивиллов эпохе пришел,
И о ней у реки зашептала осока.
Т. Ярошевич

У 1997 г. эстафету свята прыняў Нясвіж – колішняя рэзідэнцыя роду князёў Радзівілаў – некаранаваных каралёў Вялікага Княства Літоўскага. Тут і дагэтуль захаваўся створаны імі палацава-паркавы ансамбль XVI–XIX стст. – візітоўка і знакаміты турыстычны цэнтр горада. У 2005 г. ён быў уключаны ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Размешчаны ў Нясвіжы і касцёл Божага Цела – першы ва Усходняй Еўропе храм, збудаваны ў стылі барока. Нясвіжская ратуша – таксама самая старажытная з усіх ратуш, якія захаваліся ў Беларусі.
Нясвіж быў абраны не выпадкова, паколькі тут здаўна віравала культурнае жыццё. Радзівілы імкнуліся, каб Нясвіж стаў культурна-асветніцкім цэнтрам Еўропы і ўсяляк садзейнічалі развіццю музычнай, тэатральнай і мастацкай культуры. Варта заўважыць, што гэтага ім удалося дасягнуць. У горадзе дзейнічаў адзін з лепшых у Еўропе тэатраў – Радзівілаў. Князі спрыялі і развіццю кнігадрукавання. У 1562 г. у Нясвіжы была заснавана першая ў Беларусі друкарня, якая выкарыстала кірылічны шрыфт і менавіта тут філосаф і гуманіст Сымон Будны выдаў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігу на роднай мове – знакаміты «Катэхізіс».

Нясвіжцы ўвекавечылі імя Сымона Буднага ў бронзе. У 1982 г. адбылося адкрыццё помніка. Ва ўзнятай руцэ асветніка – кніга з эмблемай сонца – сімвалам святла і ведаў. Дарэчы ў дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску Сымон Будны сядзіць на лаўцы з такім жа бронзавым Васілём Цяпінскім і дыскутуе, як пры жыцці.
У свой час у нясвіжскай настаўніцкай гімназіі вучыліся Максім Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны.
Дзень беларускага пісьменства ў Нясвіжы быў прысвечаны 480-годдзю выдання Францыскам Скарынам кнігі «Псалтыр». Цікавымі падзеямі на свяце сталі выстава беларускай кнігі, якая была арганізавана ў Старым замку і дабрачынная акцыя па стварэнні бібліятэкі, у якой удзельнічалі дзеці. Кожны, хто прынёс сваю кнігу, атрымліваў грамату «Залатая скрыжаль». З раніцы ў горадзе шумеў кірмаш «Нясвiжская багатуха», куды з’ехаліся ўсе, хто мог праславіць родны край. Усё, чым багатая нясвіжская зямля, было тут: раскошна прыбраныя вазы з разнастайнымі таварамі – ад яблыкаў да маленькага ягня, прадстаўлялі сваё мастацтва народныя ўмельцы, фальклорныя калектывы.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці