Пінск лічыцца адным з гістарычных і культурных цэнтраў Палесся. Першая згадка пра Пінск змяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1097 г. – з гэтай даты і прынята весці рахунак узросту горада.
Зручнае геаграфічнае становішча сярод багатай сеткі рэк, на вялікім водным шляху «з варагаў у грэкі» спрыяла хуткаму развіццю Пінска. У XII ст. ён быў цэнтрам самастойнага Пінскага княства, пазней уваходзіў у склад Тураўскага. У першай палове XVIII ст. езуіты стварылі тут друкарню і выпускалі хрысціянскую і свецкую літаратуру на лацінскай і польскай мовах, а ў XVII–XVIII стст. пры езуіцкім калегіуме працаваў школьны тэатр.
Пінск – адзін з нешматлікіх гарадоў Беларусі, дзе захаваліся гістарычныя архітэктурныя помнікі XI–XIII стст. (старажытнае гарадзішча) і пабудовы XI–XIX стст.