18Быхов

БЫХАЎ

2013

Светлая, дзівосная зямля!
Адусюль: і зблізку, і здаля
Птахам да цябе крыляю я
Быхаўшчына родная мая, –
Пакланіцца шчырым землякам,
Вечным тваім сонечным жытам,
Соладка надыхацца тваёй
Ціхаю пяшчотаю жывой.
Ты красуй і велічна квітней,
З кожным годам працай багацей,
Беларусь-матулю праслаўляй,
Непаўторны, звонкі, любы край.

М. Пазнякоў
О, колькі хвалюючых тут успамінаў
Нашэпчуць бярозы і гай нашуміць,
І сэрца заб’ецца трывожна і дзіўна
І першым каханнем душа загарыць.
Цудоўная музыка ўсюды, здаецца:
У подыхах ветру, у роздуме траў.
Пяшчотай і радасцю кратае сэрца,
Як быццам бы казку мне хто нагадаў.
Л. Рындзіна

Быхаў вядомы з 1370 г. як уладанне князя Вялікага Княства Літоўскага Свідрыгайлы. У другой палове XVI ст. Хадкевічы заснавалі ў ім майстэрню, у якой выраблялі шротавыя гарматы, разнастайныя марціры і іншае ўзбраенне.
На высокім беразе Дняпра ў XVII ст. быў пабудаваны замак, які захаваўся да нашых дзён. Пасля таго, як Быхаў абнеслі вялізнымі 800-мятровымі землянымі валамі з бастыёнамі і ровам, ён увогуле стаў непрыступным горадам. У гады Паўночнай вайны на працягу сямі з лішнім гадоў у горадзе знаходзіўся рускі гарнізон. Пры адступленні былі прыведзены ў непрыгоднасць брамы, узарваны бастыёны. Праз некаторы час Сапегі аднавілі ўмацаванні, артылерыйскі парк зноўку папоўніўся новымі прыладамі.
Яшчэ ў нядаўняй гісторыі Быхаў заставаўся закрытым. Тут знаходзіўся другі па стратэгічным значэнні ва ўсім Савецкім Саюзе ваенны аэрадром. Гэта паўплывала на рэльеф горада, тут няма высокіх збудаванняў, але славутых нямала.
У Быхаве да нашых дзён захавалася Быхаўская сінагога, помнік архітэктуры барока пачатку XVII ст., вельмі падобная на сапраўдную крэпасць з вежай. Уяўляе цікавасць Траецкая царква XIX ст., упрыгожаная высокай трох’яруснай званіцай. Гэта яркі помнік драўлянага дойлідства.
З навакольных славутасцей Быхава – фамільная сядзіба знакамітага роду Талстых у вёсцы Грудзінаўка, пабудаваная на рубяжы XVIIІ–XIX стст. Першым уладальнікам загараднай рэзідэнцыі быў граф Дзмітрый Талстой, магілёўскі губернатар з 1812 па 1820 год. Радавы маёнтак цудам захаваўся ў сельскай глушы і, нягледзячы на запушчаны стан унікальнага помніка палацава-паркавага мастацтва, ён да гэтага часу дзівіць сваёй прыгажосцю. Некалі тут была аранжарэя і вінакурня, прадукцыя якой мела папулярнасць у Італіі.

На Быхаўшчыне доўгі час жылі і тварылі Мілецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній – вядомыя навукоўцы, царкоўныя і грамадскія дзеячы ХVІІ ст. «Граматыка» Мілеція Сматрыцкага на працягу 150 гадоў з’яўлялася лепшым дапаможнікам для вывучэння славянскай мовы, а Міхаіл Ламаносаў назваў яе «брамай сваёй вучонасці». Прыкладна ў 1600–1601 гг. Мялецій Сматрыцкі працаваў хатнім настаўнікам (гувернёрам) у маёнтку князя Саламярэцкага. Гэты маёнтак знаходзіўся ў вёсцы Баркалабава, што за некалькі кіламетраў ад Быхава. Таленавіты філолаг навучаў маладых княжычаў, у тым ліку Багдана Саламярэцкага, які пазней сам стаў мецэнатам і абаронцам праваслаўя.
Баркалабава – культавае месца пакланення не толькі мясцовых жыхароў. Святой захавальніцай быхаўскай зямлі з’яўляецца адна з самых шаноўных ікон ва Усходняй Беларусі – ікона Баркалабаўскай Божай Маці. Гэта адзін з нешматлікіх цудатворных абразоў, які захаваўся ў арыгінале і знаходзіцца ў Баркалабаўскім Спаса-Узнясенскім жаночым манастыры.
Менавіта ў Баркалабаве, ствараліся спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускага пісьменства. У пачатку XVII ст. тут быў створаны Баркалабаўскі летапіс – выдатны помнік беларускай гістарычна-мемуарнай літаратуры, які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Аўтарам лічыцца праваслаўны святар Фёдар Піліпавіч Магілявец. Хроніка факталагічна тлумачыць розныя падзеі і з’явы з 1545 па 1608 г., змяшчае шмат цікавай інфармацыі па гісторыі Магілёва.
Упершыню летапіс быў надрукаваны ў 1877 г., а ў 2013 г. рукапісны твор забранзавеў у цэнтры Быхава. Падчас юбілейнага, ХХ Дня беларускага пісьменства, адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Баркалабаўскаму летапісу, у форме кнігі, але незвычайнай: абраз Божай Маці на адным развароце з пісьмёнамі нагадвае пра духоўны, «боскі» пачатак пісьмовай справы. Вядома ж – і пра адпаведную адказнасць, бо літаратура вызначае будучыню.
Таксама ў рамках Дня беларускага пісьменства адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання летапісу з перакладам арыгінала і каментарыямі даследчыкаў для разумення сучасным чытачом і закладзена Алея сталіц Дня беларускага пісьменства.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства