1Полоцк

ПОЛАЦК

1994, 2003, 2017
Полацк драўляны. Малінавы звон…
Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?
Можа, твой майстар на холад муроў
Выплеснуць здолеў гарачую кроў,
Позірк праменны, дыханне надзей,
Каб засталося святло для людзей?
Што ты хацела на роднай зямлі?
Ды цішыня. І стагоддзі прайшлі.
Н. Гальпяровіч
О, Францішак… Францішак Скарына,
Што над гранкай друкарскаю гнуўся!..
Ведай, праца твая пакарыла
Новы свет для сівой Беларусі!
А. Дудар

Полацк – самы старажытны горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усіх славян. Менавіта ў гэтым горадзе зараджалася, усталёўвалася і мацнела наша дзяржаўнасць, адсюль ідуць першавытокі нашай нацыянальнай культуры, і менавіта таму Полацк першым прымаў свята беларускага пісьменства і друку ў 1994 г., а потым яшчэ двойчы.
За сваю гісторыю горад перажыў уварванні вікінгаў, паспяхова змагаўся супраць крыжаносцаў, не раз быў акупаваны войскамі розных заваёўнікаў, аднак зноў аднаўляў сваю незалежнасць. У X–XIII стст. горад быў цэнтрам Полацкага княства, з’яўляўся адным з асяродкаў хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях.
Полацк – патрыярх зямлі беларускай – сустракае дзівоснай панарамай Заходняй Дзвіны: па рацэ як быццам плыве белакаменная Сафія. Тут урачыста прымалі паслоў, аб’яўлялі вайну і мір, трымалі дзяржаўную казну і рэлігійныя святыні. У сценах Сафійскага сабора цяпер музей і канцэртная зала, дзе можна атрымаць асалоду ад выдатнага гучання аргана.
У горадзе дзейнічае рэдкі музей – музей кнігадрукавання. На думку нашых навукоўцаў, менавіта ў Полацку знаходзіцца цэнтр Еўропы, які адзначаны ўнікальным знакам, а Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр прыцягвае ўвагу светлым абліччам беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. Тут, у манастыры, знаходзіцца рака з мошчамі прападобнай – нябеснай заступніцы Белай Русі.

Старадаўнія вуліцы Полацка памятаюць гукі крокаў легендарна вядомага полацкага князя Усяслава Чарадзея, дойліда Іаана, майстра-ювеліра Лазара Богшы, першадрукара Францыска Скарыны, які выдаў на царкоўна-славянскай мове ў беларускай рэдакцыі 23 кнігі «Бібліі», Сімяона Полацкага, царкоўнага дзеяча, літаратара і педагога, ды многіх іншых выдатных дзеячоў беларускай гісторыі і культуры.
Пад час свята ў 2003 г. у Полацку адкрылі помнік вялікаму асветніку Сімяону Полацкаму і ўсталявалі абсалютна ўнікальную і вельмі незвычайную скульптуру – помнік літары «Ў». Ён адзіны ў сваім родзе, бо акрамя беларускай мовы больш ні ў адной мове свету гэтая літара не сустракаецца. Паколькі гэты знак алфавіту з’яўляецца адметнай прыкметай беларускай мовы, з часам ён стаў сімвалам цэлай краіны, бо адлюстроўвае непаўторнасць гістарычнага і культурнага шляху народа. На пастаменце напісаны словы: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».
У 2017 г. старажытны Полацк – родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны – у трэці раз стаў сталіцай свята, бо прымеркаваны быў да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Яшчэ 21 лютага 2017 г., у Міжнародны дзень роднай мовы, быў дадзены старт Рэспубліканскаму конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», фінал якога адбыўся на свяце пісьменства.
А недалёка ад Сафійскага сабора ўрачыста адкрылі памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці». Скульптура ўвасабляе сабой з аднаго боку калыску, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, а з другога – ладдзю, што плыве з мінулага ў будучыню па хвалях часу. На сімвалічных шчытах, злучаных у адзіную звязку, знаходзяцца вобразы шасці гістарычных асоб – пантэон знакамітых людзей, з якіх пачалася наша дзяржава: ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Усяслава Чарадзея і вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. На адваротным баку размешчаны ключавыя падзеі станаўлення нашай дзяржаўнасці.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства