9 МІР

МІР

2002

Мір кожнай хаце тваёй, Мір.
Выстаяў мужна ты ў грозных сечах.
Не раз тут напіўся вайны вампір
Гарачай крыві чалавечай.
Стагоддзе каторае ні крані –
Поўнае вогненных землятрусаў.
Міру вам, замкавыя камяні,
Міру табе, зямля беларусаў.

М. Мятліцкі
Капыль, Капыль! Маё мястэчка,
Вялікай Міншчыны куток!
Мне міла ўсё тваё: і рэчка,
І хаты, нівы і гаёк…
Вакол яго снуе далінай
Шнурок вясёлы раўчука,
Якога нам, бы матка сына,
Спакон вякоў дала рака.
Э. Акулін

У 2002 г. свята пераехала ў Мір – месца паломніцтва турыстаў, якое ўпрыгожвае ўнікальны помнік архітэктуры ХVI – пачатку ХХ ст. Гэта самы старажытны замкава-паркавы комплекс, што захаваўся на тэрыторыі Беларусі. У 1994 г. замак, які сумяшчае ў сабе рысы абарончага і палацавага дойлідства, аднесены ЮНЕСКА да найвышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры.
Першыя пісьмовыя згадкі пра Мір адносяцца да канца XIV ст. – часу, калі крыжакі, якія прайшлі праз Ліду і Навагрудак, спалілі яго. У канцы XVI – пачатку XVII ст. замак у Міры абнеслі землянымі валамі і ператварылі яго ў крэпасць, трапіць у якую было магчыма толькі праз вароты. Мірскі замак стаў першым прыватнаўласніцкім замкам на землях Беларусі. З 1568 г. ён належаў князям Радзівілам, у XIX ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім.
Гарадок быў надзвычай шматнацыянальным, і гэта добра прасочваецца дзякуючы розным рэлігійным будынкам, што размяшчаліся вакол Рыначнай плошчы – драўляная мячэць (не захавалася), двор сінагогі, ешыбот, Траецкая царква, касцёл Святога Miкалая. У наш час назва невялікага мястэчка Мір шырока вядомая за межамі Беларусі.

У Міры Уладзіслаў Сыракомля напісаў свой верш «Паштальён» на падставе пачутай гісторыі. Пераклад твора на рускую мову паэтам Л. Трэфалевым стаў папулярнай у Расіі народнай песняй: «Когда я на почте служил ямщиком, // Был молод, имел я силенку, // И крепко же, братцы, в селенье одном // Любил я в ту пору девчонку…»
Землякі жыхароў Міра – пісьменнікі і паэты Янка Брыль, Вольга Іпатава, Уладзімір Калеснік.
У святочны Дзень беларускага пісьменства ля сцен Мірскага замка адбыўся рыцарскі турнір, у гарадскім скверы шумеў «Мірскі кірмаш», прайшло свята дзіцячай кнігі і прэсы.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства