7Заслаўе

ЗАСЛАЎЕ

2000, 2014
Заслаўе! Ў падмурках тваі курганы,
Хаваюць вякоў таямніцы яны.
Заслаўе! Легенда мінулых вякоў,
Пачатак вялікіх бацькоўскіх шляхоў.
Не раз тут гучалі трывожна званы
У дні ліхалецця, хвароб і вайны,
І чуліся песні на светлыя святы,
І ў Свіслач пускалі вяночкі дзяўчаты.
С. Быкава
Дзе хмары дажджамі заслалі
парослы стагоддзямі груд,
Сабор Ізяслава – Заслаўе –
напоўніць загадкавы гуд.
Т. Бондар

Заслаўе – адзін са старажытных гарадоў Беларусі, які ўзнік яшчэ ў канцы X ст. Яшчэ не было ні Мінска, ні Барысава, ні Навагрудка, а тут, у краі крывічаў, сярод дрымучых лясоў і хуткіх рэк ужо стаяў горад.
Сюды, як вядома, кіеўскі князь Уладзімір, які ўвеў хрысціянства ў Старажытнай Русі, саслаў сваю жонку Рагнеду, полацкую князёўну, і сына Ізяслава, за тое, што хлопчык, абараняючы гонар маці, зрабіў замах на жыццё князя. Горад названы ў гонар мужнага княжыча Ізяслава, а Рагнеда стала першай хрысціянкай і манахіняй на нашых землях.
У XIV–XVI стст. у Заслаўі дзейнічалі царква і касцёл, былі адкрыты школы. Яшчэ Заслаўе можа ганарыцца тым, што ў XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавала друкарня, у якой вядомы беларускі асветнік, гуманіст і рэлігійны рэфарматар Сымон Будны надрукаваў Біблію.

Беражліва захоўваючы памяць пра сваю малую радзіму, у горадзе створаны гісторыка-культурны запаведнік, у які ўвайшлі Заслаўскі замак і Спаса-Праабражэнская царква, гарадзішча «Замэчак» і курганныя могільнікі X–XI стст., касцёл св. Дзевы Марыі і рэшткі будынкаў XVII–XVIII стст., этнаграфічны комплекс у складзе музеяў «Млын», «Кузня», «Хата завознікаў», «Свіран».
У 2000 г. у Заслаўі спалучыліся Дзень беларускага пісьменства і ўрачыстасці да 2000-годдзя хрысціянства. Кульмінацыяй свята стала тэатралізаванае мастацка-гістарычнае прадстаўленне «Запавет нашчадкам», а яшчэ ў гэты дзень у Заслаўі з’явілася самая доўгая ў свеце газета, створаная юнымі журналістамі падчас праходжання свята дзіцячай кнігі і прэсы «Будучыня належыць дзецям».
Адметнасцю свята ў 2014 г. стала адкрыццё помніка заснавальніку горада князю Ізяславу і Дзіцячага парку культуры і адпачынку, адбылася прэзентацыя новых турыстычных маршрутаў па Заслаўі і наваколлі. На сцэнічнай пляцоўцы Цэнтральнай плошчы прайшоў шэраг прэзентацый агульнанацыянальных праектаў па вяртанні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, прадстаўленых Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Гэта факсімільнае перавыданне пяці першых тамоў поўнага збору Францыска Скарыны і Тураўскага Евангелля – найстаражытнейшага кніжнага помніка Беларусі.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства