5Орша

ОРША

1998
Яна не блішчыць красою,
А ў сэрца навек запала
З паркам сваім змарнелым,
З сваёй Кабыляцкай гарой,
З лянівай сястрой Аршыцай,
Што летам бруіцца памалу
Ў шырокі, як песня наша,
Магутны, сівы Дняпро…
У. Караткевіч

Гістарычная Орша – адзін з памежных фарпостаў Полацкага княства. Менавіта тут праходзілі славутыя перамовы Усяслава Чарадзея з кіеўскімі князямі, калі апошнія парушылі дамоўленасці і ўзялі полацкага князя ў палон. У 1812 г. у Оршы было знойдзена Аршанскае Евангелле, рукапісны помнік канца XII – пачатку XIII ст.
Найважнейшым укладам у гісторыю кнігадрукавання з’яўляецца праца на аршаншчыне асветніка XVII ст. і найбуйнейшага кнігадрукара свайго часу – Спірыдона Собаля, ураджэнца г. Магілёва. Заснаваная ім пад Оршай друкарня пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. У друкарні выйшла 20 кніг навукова-асветніцкага, маральна-павучальнага і рэлігійнага зместу на старабеларускай мове, сярод якіх «Буквар» – першы друкаваны падручнік, выдадзены на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1631 г.
Усталяванне памятнай дошкі на сцяне будынка Куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў гонар кнігадрукара Спірыдона Собаля стала адной з галоўных падзей свята беларускага пісьменства ў 1998 г.

Яркім і запамінальным мерапрыемствам святочнага дня было адкрыццё Рагвалодава каменя – копіі ўнікальнага ў гісторыі беларускага пісьменства помніка (на валуне памерам 3х4,5 метра, які знайшлі недалёка ад Оршы, выбілі традыцыйны для «Рагвалодавых камянёў» тэкст – зварот да Бога з просьбай аб дапамозе).
Праславіў горад і Уладзімір Караткевіч, які тут нарадзіўся, а потым некаторы час настаўнічаў. Караткевіч прысвяціў малой радзіме верш «Орша»:

Як толькі цёмнаю ноччу
Вочы свае закрываю,
Адразу я Оршу бачу
З яе няяркай красой…
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханнем,
Якое не знікне, пэўна,
Нават з маім жыццём.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці