Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем нацыянальнае свята, якое мае для ўсіх нас велізарнае культурна-гістарычнае значэнне – Дзень беларускага пісьменства. Нібы каштоўны дыямант са старажытнай агранкай, духоўнае свята ззяе ў вянку сучасных маштабных культурных імпрэз краіны, увасабляючы сабой каранёвую існасць сучаснай нацыі ў яе імкненні не забываць Слова прашчураў.
Гэтае свята стала сапраўды народным, сімвалам адзінства славян, умацавання духоўных каштоўнасцей, якія вучаць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край i паважаць продкаў. Менавіта пісьменства з’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы, як найвялікшы скарб, сувязь пакаленняў.
Непахісная вера, багатая культурная спадчына i шчырае, таленавітае, праўдзівае слова здольныя захаваць згоду між народамі i дараваць yciм надзею на лепшае. У гэтым перш за ўсё найвялікшае прызначэнне Дня беларускага пісьменства.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Сталіцамі свята ў розныя гады былі: Полацк (тройчы, 1994, 2003, 2017), Тураў (двойчы, 1995, 2004), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (двойчы, 2000, 2014), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019), Капыль (2021), Добруш (2022), Гарадок (2023), Івацэвічы (2024), Ліда (2025).
На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства праходзіў пяць разоў. У 2001 г. свята прымаў Мсціслаў, у 2007 – Шклоў, у 2013 – Быхаў, у 2020 – «горад белых начэй» – Бялынічы, у 2026 – Касцюковічы.
У 2027 г. фестываль нацыянальнай культуры адбудзецца на гасціннай мінскай зямлі – эстафету галоўнага кніжнага свята краіны прыняў старажытны і адначасова малады горад Маладзечна, які па праву лічыцца «культурнай» сталіцай вобласці з моцнымі духоўнымі арыенцірамі. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць яскравых творчых фэстаў і вялізная манументальная стэла з выяваю Божай маці на ўездзе ў горад-сонца, як яшчэ называюць Маладзечна. На маладзечанскай зямлі друкаваў свае кнігі прадаўжальнік традыцый Францыска Скарыны Сымон Будны, нарадзіўся першы народны паэт Беларусі Янка Купала, жылі і тварылі Максім Багдановіч, Ядвігін Ш.
Запрашаем здзейсніць віртуальнае падарожжа ў гісторыю нашай краіны і даведацца, чым гарады-сталіцы свята ўзбагацілі беларускую літаратуру і культуру і якую эстафету яны перадаюць Маладзечна.