Хоць і веснаў мінула багата, Толькі ў Тураве, як і тады, Зямля атуляе і корміць зярняты, Каб радзіць, як даўней плады.
Я. Сіпакоў
Тураў меў гонар двойчы стаць сталіцай Дня беларускага пісьменства. Гэта адзін з нашых старажытных цэнтраў пісьменства, упершыню ўпамiнаецца ў Лаўрэнцьеўскiм летапiсе ажно ў 980 г. У канцы Х ст. Тураў – палітычны, эканамічны і культурны цэнтр Тураўскага княства, адзіны горад на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. У 1865 г. у Тураве быў знойдзены адзін з найбольш ранніх помнікаў усходнеславянскага пісьменства XI ст. – Тураўскае Евангелле. Гэтае Евангелле з’яўляецца адным з найбольш ранніх помнікаў славянскай кніжнай пісьменнасці і найбольш ранняй кнігай на беларускіх землях, якая дайшла да нашага часу. Ад рукапісу захавалася 10 лістоў, захоўваецца ён у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.
У ХІІ ст. тут жыў і працаваў слынны дзеяч усходнеславянскай культуры, пісьменнік і асветнік, епіскап Кірыла Тураўскі. Ён напісаў каля 70 выдатных пропаведзяў, малітваў, навучанняў, прыпавесцяў, канонаў, за вялікі дар красамоўства сучаснікі празвалі яго Златавустам. У 2004 г. у рамках свята на Замкавай гары адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Кірылу Тураўскаму. На тураўскай зямлі ў XVI ст. жыў Канстанцін Астрожскі. Князь з роду Астрожскіх, кіеўскі ваявода, заступнік праваслаўнай веры ён заснаваў Астрожскую акадэмію і шэраг школ у Тураве і Слуцку. Па яго ініцыятыве была створана друкарня, у якой працавалі першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец. Тут была надрукаваная першая поўная Біблія царкоўнаславянскай мовай, якая затым атрымала назву Астрожская Біблія. Дні беларускага пісьменства, якія прайшлі ў Тураве, былі сапраўдным святам друкаванага слова і народнага майстэрства.
У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт