Смаргонь вядома з пачатку XVI ст. як прыватнаўласніцкае мястэчка. Першая пісьмовая згадка звязана з імем Юрыя Іванавіча Зяновіча. Ён адкрыў пры смаргонскім храме школу і сабраў вялікую бібліятэку (канец XV – пачатак XVI ст.).
Маючы дастаткова багатую гісторыю, Смаргонь, тым не менш, не мае практычна ніякіх гістарычных славутасцяў. Яна праславілася знакамітай папяровай мануфактурай XVI ст., а таксама цэнтрам прадпрыемстваў гарбарнай і швейнай прамысловасці ў XIX – пачатку XX ст. Сярод помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны горада – кальвінскі збор і капліца.
Аднак ёсць два цікавых факта, якія тычацца непасрэдна Смаргоні. Так, у XVII ст. Радзівілы заснавалі тут школу дрэсіроўкі мядзведзяў – «Смаргонскую акадэмію». У перыяд росквіту ў «акадэміі» дрэсіравалі да 10 мядзведзяў. Навучанне іх працягвалася каля шасці гадоў і праводзілася ў некалькі этапаў. Спачатку маладых медзведзянятаў вучылі «танчыць», для чаго змяшчалі ў спецыяльную клетку, металічнае дно якой падагравалася. Прызвычаіўшы іх стаяць на задніх лапах і пераступаць з адной лапы на іншую пад гукі бубна і ражка, пераходзілі да наступнага этапу дрэсіроўкі: змагацца, кланяцца. Увесну павадыры разам з вучонымі мядзведзямі адпраўляліся на заробкі па кірмашах Рэчы Паспалітай, Расіі, Венгрыі, Германіі. Увосень вярталіся назад у Смаргонь. Аж да 30-х гадоў XX ст. на тэрыторыі Беларусі бадзяжных цыган з мядзведзем называлі «смаргонскі настаўнік з вучнем».