19ШЧУЧЫН

ШЧУЧЫН

2015
Ужо не ўбачыш тут нiдзе ты
I следу гмахаў Ягелона.
Так час сатрэ мой замак гэты,
Схавае ўсё ў зямное лона.
Ды толькi сцерцi немагчыма
Любовi да цябе, Радзiма.
А. Петрашкевіч

Першыя згадванні пра Шчучын у гістарычных дакументах прыходзяцца на 1487 г., але афіцыйна адлікам гадоў існавання горада лічыцца 1537 (згадванне ў Літоўскай метрыцы). У 1761 г. Шчучын атрымаў герб і Магдэбургскае права.
Герб горада Шчучына здалёку нагадвае «долар», які знаходзіцца пад каронай. Насамрэч на ім намалявана манаграма ініцыялаў аднаго з уладальнікаў мястэчка Ігната Сцыпіёна, які належыў да старажытнага італьянскага роду Сцыпіёнаў дэль Кампа.
Менавіта Ігнат Сцыпіён быў ініцыятарам стварэння ў горадзе калегіума і манастыра ордэна піяраў. Шчучынская калегія лічылася адной з самых буйных на тэрыторыі Беларусі, а сам Шчучын звалі «горадам асветы». Акрамя таго, Ігнат Сцыпіён адкрыў у Шчучыне першую ў краіне аптэку, а ў другой палове ХVІІІ ст. узвёў шыкоўны палац, які ў ХІХ ст. перабудаваў Францыск Друцкі-Любецкі. Уладар шчучынскіх тэрыторый быў жанаты на пляменіцы графіні Марыі Сцыпіён і займаў пасаду міністра фінансаў Польскага каралеўства. Цяпер будынак так і завуць – палац Друцкіх-Любецкіх. Дарэчы, менавіта ён з’яўляецца візітнай карткай Шчучына і носіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Рэлігійнымі святынямі і помнікамі архітэктуры з’яўляюцца Касцёл святой Тэрэзы Авільскай і Свята-Міхайлаўская царква.
Шчучынская зямля – малая радзіма Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі) – беларускай паэтэсы, грамадскага дзеяча і публіцыста. Дбаючы аб асвеце роднага народа, у 1906 г. яна рыхтуе «Першае чытанне для дзетак-беларусаў», а ў 1914 стараннямі Цёткі ў Мінску пачынае выдавацца часопіс для моладзі «Лучынка», рэдактарам якога яна фактычна з’яўлялася.
Адсюль родам і Вацлаў Іваноўскі – аўтар першага беларускага лемантара ХХ ст., першы беларускі кнігавыдавец, заснавальнік славутай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў 1906 г. у Пецярбургу, а таксама яго паплечнік Фелікс Стацкевіч – адзін з заснавальнікаў часопіса «Беларускі летапіс» у бурныя дні рэвалюцыі 1905–1907 гг.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства