Полацк – самы старажытны горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усіх славян. Менавіта ў гэтым горадзе зараджалася, усталёўвалася і мацнела наша дзяржаўнасць, адсюль ідуць першавытокі нашай нацыянальнай культуры, і менавіта таму Полацк першым прымаў свята беларускага пісьменства і друку ў 1994 г., а потым яшчэ двойчы.
За сваю гісторыю горад перажыў уварванні вікінгаў, паспяхова змагаўся супраць крыжаносцаў, не раз быў акупаваны войскамі розных заваёўнікаў, аднак зноў аднаўляў сваю незалежнасць. У X–XIII стст. горад быў цэнтрам Полацкага княства, з’яўляўся адным з асяродкаў хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях.
Полацк – патрыярх зямлі беларускай – сустракае дзівоснай панарамай Заходняй Дзвіны: па рацэ як быццам плыве белакаменная Сафія. Тут урачыста прымалі паслоў, аб’яўлялі вайну і мір, трымалі дзяржаўную казну і рэлігійныя святыні. У сценах Сафійскага сабора цяпер музей і канцэртная зала, дзе можна атрымаць асалоду ад выдатнага гучання аргана.
У горадзе дзейнічае рэдкі музей – музей кнігадрукавання. На думку нашых навукоўцаў, менавіта ў Полацку знаходзіцца цэнтр Еўропы, які адзначаны ўнікальным знакам, а Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр прыцягвае ўвагу светлым абліччам беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. Тут, у манастыры, знаходзіцца рака з мошчамі прападобнай – нябеснай заступніцы Белай Русі.