Па-над Мядзёлкай – ракою, Дзе сады, лясы наўсцяж, Непаўторнаю красою Свеціць горад родны наш. Пралівалі кроў за волю Нашы продкі-крывічы Ніхто ворагам ніколі Ад Пастаў не нёс ключы.
А. Нафрановіч
Паставы таксама могуць ганарыцца сваёй адметнасцю. Вядомыя з сярэдзіны XVI ст. як прыватнае мястэчка, якое належала магнатам Дэспатам-Зяновічам. У другой палове XVIII ст. Паставы перайшлі да надворнага падскарбія Вялікага Княства Літоўскага, асветніка і мецэната Антонія Тызенгаўза, які імкнуўся ператварыць свой радавы маёнтак у адзін з цэнтраў культуры і прамысловасці краю. Па яго ініцыятыве тут былі пабудаваны фабрыкі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, архітэктурны комплекс з жылых дамоў, гандлёвых радоў і палаца. Пэўны час тут дзейнічала тэатральная школа Тызенгаўза, перавезеная з Гродна, арніталагічны музей і карцінная галерэя. На сценах віселі арыгіналы Леанарда да Вінчы, Рубенса, Дзюрэра і іншых выдатных еўрапейскіх мастакоў. Паставы – месца правядзення Міжнароднага фэсту народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які стаў візітнай карткай горада. Выхадцамі з Пастаўскага раёна з’яўляюцца беларускія пісьменнікі Уладзімір Дубоўка і Міхась Машара.
У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт