Яна не блішчыць красою, А ў сэрца навек запала З паркам сваім змарнелым, З сваёй Кабыляцкай гарой, З лянівай сястрой Аршыцай, Што летам бруіцца памалу Ў шырокі, як песня наша, Магутны, сівы Дняпро…
У. Караткевіч
Гістарычная Орша – адзін з памежных фарпостаў Полацкага княства. Менавіта тут праходзілі славутыя перамовы Усяслава Чарадзея з кіеўскімі князямі, калі апошнія парушылі дамоўленасці і ўзялі полацкага князя ў палон. У 1812 г. у Оршы было знойдзена Аршанскае Евангелле, рукапісны помнік канца XII – пачатку XIII ст. Найважнейшым укладам у гісторыю кнігадрукавання з’яўляецца праца на аршаншчыне асветніка XVII ст. і найбуйнейшага кнігадрукара свайго часу – Спірыдона Собаля, ураджэнца г. Магілёва. Заснаваная ім пад Оршай друкарня пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. У друкарні выйшла 20 кніг навукова-асветніцкага, маральна-павучальнага і рэлігійнага зместу на старабеларускай мове, сярод якіх «Буквар» – першы друкаваны падручнік, выдадзены на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1631 г. Усталяванне памятнай дошкі на сцяне будынка Куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў гонар кнігадрукара Спірыдона Собаля стала адной з галоўных падзей свята беларускага пісьменства ў 1998 г.
Яркім і запамінальным мерапрыемствам святочнага дня было адкрыццё Рагвалодава каменя – копіі ўнікальнага ў гісторыі беларускага пісьменства помніка (на валуне памерам 3х4,5 метра, які знайшлі недалёка ад Оршы, выбілі традыцыйны для «Рагвалодавых камянёў» тэкст – зварот да Бога з просьбай аб дапамозе). Праславіў горад і Уладзімір Караткевіч, які тут нарадзіўся, а потым некаторы час настаўнічаў. Караткевіч прысвяціў малой радзіме верш «Орша»:
Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой… Таму і люблю я Оршу Першым вялікім каханнем, Якое не знікне, пэўна, Нават з маім жыццём.
У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт