8мсціслаў

МСЦІСЛАЎ

2001

…Сярод лясоў і пагоркаў Смаленшчыны знаходзяцца вытокі рэчкі Віхра. Убіраючы ў сябе ваду крыніц ды лясных рачулак, бяжыць яна праз палі і лугі да Сожа. І толькі ў адным месцы прыпыняе свой бег, атуляючы старажытны горад, які сустрэўся на яе шляху. Назва яго – Мсціслаў…

Мсціслаў – адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў. Заснаваны ў 1135 г. смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам і названы ў гонар яго бацькі Мсціслава Вялікага – апошняга князя Кіеўскай Русі. Узнік на гары з замкам ў цэнтры, умацаваным ровам і валамі. У свой час горад быў цэнтрам Мсціслаўскага княства і Мсціслаўскага ваяводства.
«Беларускі Суздаль» – так называюць гэты горад па колькасці старажытных будынкаў і культавых збудаванняў (тры манастыра, тры царквы, касцёл). Шмат яму давялося перажыць за сваю гісторыю і шмат знакамітасцяў нарадзіліся ў славутым горадзе.
Сёння ў Мсціславе і яго ваколіцах налічваецца 19 помнікаў архітэктуры ХVII–ХХ стст. Сярод пабудоў ХIХ ст. вылучаецца царква Аляксандра Неўскага, якая ўзвышаецца ў цэнтральнай частцы над усімі будынкамі горада. Захаваліся два археалагічных помніка: «Дзявочая гара» – гарадзішча ранняга жалезнага веку (рубеж н. э.) і «Замкавая гара» – дзяцінец сярэднявечнага горада.
У Мсціслаўскім раёне дзейнічае адзін з найстарэйшых у Беларусі манастыроў – Пустынскі Успенскі. Дата яго стварэння – 1352 г., самая старажытная пабудова кляштарнага комплексу, якая захавалася да нашых дзён, – Успенскі сабор.

Сярод знакамітых выхадцаў і жыхароў гэтай зямлі – майстар па вырабе кафлі Сцяпан Іваноў, па мянушцы Палубес, Ілля Капіевіч – выдавец і аўтар створанай на заказ Пятра I рускай граматыкі. Тут нарадзіўся і адзін з вядомых беларускіх і рускіх першадрукароў Пётр Мсціславец, які разам з Іванам Фёдаравым заснаваў друкарню ў Маскве і ў 1564 г. выпусціў першую у Расіі друкаваную кнігу «Апостал».
Мсціслаўская зямля падарыла нам такія вядомыя імёны, як этнограф і фалькларыст Іван Насовіч; браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія – пісьменнік і вучоны-геолаг; браты Адрыян і Мсціслаў Прахавы – вучоныя-гісторыкі. У Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме ў  свой час вучыліся паэты Аркадзь Куляшоў і Змітрок Астапенка. У пісьменніка Уладзіміра Караткевіча пра гэты горад напісана цэлая мастацка-дакументальная кніга пад назвай «Мсціслаў».
Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства на плошчы горада ўрачыста адкрылі помнік Пятру Мсціслаўцу, які стаў ужо другім помнікам друкару ў горадзе (першы, устаноўлены ў 1986 г., знаходзіцца насупраць езуіцкага касцёла). Помнік адлюстроўвае Пятра Мсціслаўца ўжо ў сталым узросце, які стаіць з разгорнутай кнігай у руцэ. У бронзавай трохмятровай фігуры першадрукара скульптарам удалося паказаць галоўнае – прыгажосць мудрасці асветніка, яго веру ў веліч друкаванага слова і сілу ведаў.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства