Мірскі замак – замак дарог. Праз стагоддзі сябе збярог. Шмат за век свой чаго пачулі Ваяўнічыя машыкулі. Зацярушваліся байніцы Камянямі – траплялі кулі…
Э. Акулін
У 2002 г. свята пераехала ў Мір – месца паломніцтва турыстаў, якое ўпрыгожвае самы старажытны замак, што захаваўся на тэрыторыі Беларусі і ўвайшоў у Спіс помнікаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Першыя пісьмовыя згадкі пра Мір адносяцца да канца XIV ст. – часу, калі крыжакі, якія прайшлі праз Ліду і Навагрудак, спалілі яго. У канцы XVI – пачатку XVII ст. замак у Міры абнеслі землянымі валамі і ператварылі яго ў крэпасць, трапіць у якую было магчыма толькі праз вароты. Мірскі замак стаў першым прыватнаўласніцкім замкам на землях Беларусі. З 1568 г. ён належаў князям Радзівілам, у XIX ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Гарадок быў надзвычай шматнацыянальным, і гэта добра прасочваецца дзякуючы розным рэлігійным будынкам, што размяшчаліся вакол Рыначнай плошчы – драўляная мячэць (не захавалася), двор сінагогі, ешыбот, Траецкая царква, касцёл Святога Miкалая. У наш час назва невялікага мястэчка Мір шырока вядомая за межамі Беларусі.
У Міры Уладзіслаў Сыракомля напісаў свой верш «Паштальён» на падставе пачутай гісторыі. Пераклад твора на рускую мову паэтам Л. Трэфалевым стаў папулярнай у Расіі народнай песняй: «Когда я на почте служил ямщиком, // Был молод, имел я силенку, // И крепко же, братцы, в селенье одном // Любил я в ту пору девчонку…» Землякі жыхароў Міра – пісьменнікі і паэты Янка Брыль, Вольга Іпатава, Уладзімір Калеснік. У святочны Дзень беларускага пісьменства ля сцен Мірскага замка адбыўся рыцарскі турнір, у гарадскім скверы шумеў «Мірскі кірмаш», прайшло свята дзіцячай кнігі і прэсы.
У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт