Лида

ЛІДА

2025

Шаноўная Ліда, тваім узростам
Я ў захапленні па праву…
Колісь жыла ты нялёгка, няпроста,
Зведала войнаў нямала.
Князь Гедымін узвёў дзіўны замак,
Каб ганарыліся слаўным мінулым,
Наканаваў нам да волі напрамак,
Каб пра наш горад у свеце пачулі.

Міхась Мельнік

У 2025 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стане вельмі прыгожы і цікавы горад Ліда, другі па велічыні ў Гродзенскай вобласці, які ў XIV–XVI стагоддзях уваходзіў у першую пяцёрку гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Назву горада часта звязваюць з аднайменным жаночым імем, але насамрэч яно паходзіць ад балтыйскага lyda або lydimas, блізкага да славянскага тэрміна ляда –  апрацаванае поле на месцы высечанага лесу.
Годам заснавання горада лічыцца 1323-ці, калі вялікі князь Гедымін у маляўнічым міжрэччы Каменкі і Лідзеі загадаў пабудаваць велічны замак, вакол якога пачаў утварацца горад. У 1590 годзе Ліда атрымала Магдэбургскае права і гарадскі герб. З другой паловы XIX стагоддзя ў горадзе пачынае інтэнсіўна развівацца прамысловасць, чаму спрыяла пракладка чыгункі. З’яўляюцца майстэрні, заводы і фабрыкі, магазіны, рэстараны і гасцініцы.
Старажытная і вечная маладая Ліда славіцца сваімі архітэктурнымі славутасцямі, непаўторнай атмасферай Сярэднявечча, старажытнымі традыцыямі піваварства, а ў цэлым гэты самабытны горад – застылая гісторыя, большая частка якой яшчэ нікому не адкрылася.
Самай грандыёзнай спадчынай горада, яго культурна-гістарычным сімвалам і візітнай карткай з’яўляецца Лідскі замак, закладзены родапачынальнікам легендарнай дынастыі і заснавальнікам сталіцы ВКЛ Вільна. Гэта адзін з трох гістарычных помнікаў, які захаваўся да нашых часоў на тэрыторыі горада. Лідскі бастыён справядліва лічаць унікальным, бо гэта першы мураваны замак ВКЛ на тэрыторыі Беларусі. Ён жа паслужыў правобразам іншага вядомага замка – Мірскага. Маляўнічыя руіны замка служылі крыніцай натхнення для дзеячаў мастацтва. Іх замалёўкі рабіў Напалеон Орда, пазней – Язэп Драздовіч. Гэтыя працы дапамаглі ўзнавіць помнік у яго былым харастве. Цяпер Лідскі замак – цэнтр прыцягнення для ўсіх турыстаў. У яго дзвюх вежах знаходзяцца гістарычныя музейныя экспазіцыі, а на тэрыторыі праходзяць рыцарскія фестывалі і іншыя мерапрыемствы.
Найстарэйшы храм горада – касцёл Узвышэння Святога крыжа – яшчэ адно тварэнне і напамін пра былыя часы, які лічыцца фарным, гэта значыць галоўным у горадзе. У касцёла дзіўны лёс: ён ні разу не закрываўся з моманту стварэння, вытрымаў дзве сусветныя вайны і за мінулыя гады амаль не змяніў сваё аблічча.
Цікавая гісторыя і ў праваслаўнага Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора. Ён быў пабудаваны на грошы імператара Паўла Першага першапачаткова як каталіцкі храм Святога Іосіфа пры манастыры піярыстаў, але здарыўся пажар і будынак згарэў. У 1863 годзе на падмурку згарэлага касцёла была пабудавана праваслаўная царква.

Апроч шматлікіх адметных культавых аб’ектаў розных адгалінаванняў хрысціянства ўвагу гасцей горада прыцягваюць цікавыя скульптурныя кампазіцыі: помнік у гонар князя Гедыміна, усталяваны побач з Лідскім замкам (мабыць, самы галоўны для ўсіх лідчан), беларускаму першадрукару Францішку Скарыну (устаноўлены ў 1993 годзе з нагоды другой гадавіны незалежнасці рэспублікі), знакамітаму паэту і палітычнаму дзеячу Адаму Міцкевічу (нарадзіўся недалёка ад Ліды на Навагрудчыне), якога лічаць сваім адразу некалькі народаў – палякі, літоўцы і беларусы, памятны валун у гонар заснавання горада, скульптурная кампазіцыя, прысвечаная гербу горада, арыгінальная скульптура сонечнага гадзінніка ў выглядзе трох кітоў, на якіх трымаецца Зямля, а таксама пацешныя жанравыя скульптуры лазеншчыка Васі перад будынкам гарадской лазні і «камандзіровачнага», сімвалічна «ўсаджанага» ля ўваходу ў гатэль.
Аб падзеях і героях Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтральным парку Ліды нагадвае Курган неўміручасці, а таксама музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам, які знаходзіцца на Лідскім аэрадроме. Месца сапраўды гістарычнае, бо самалёты тут лятаюць ужо больш за 100 гадоў і менавіта Лідскі – найстарэйшы дзеючы ваенны аэрадром краіны! Больш за тое, тут дыслакуецца адна з найстарэйшых воінскіх часцей Беларусі – 116-я гвардзейская Чырванасцяжная Радамская штурмавая авіябаза. Яе гісторыя пачалася ў верасні 1941 года ў Маскоўскай вобласці, у кастрычніку 1943-га лётчыкі былі ўзнагароджаны Чырвоным сцягам, а ў 1945 атрымалі ганаровае найменне за паспяховае прыкрыццё войскаў пры вызваленні польскага горада Радама. У гады Вялікай Айчыннай вайны яны ўдзельнічалі ў 519 паветраных баях і збілі 316 самалётаў ворага.
Акрамя таго Ліда – буйны гістарычны цэнтр броварства, а «Лідскае піва» варыцца тут без перапынку ўжо 149 гадоў – з тых самых часоў, як у 1876 годзе прадпрымальны Носель Пупко запусціў сваю хмельную вытворчасць. Таму дзе, калі не ў Лідзе, павінен быў з’явіцца музей, які расказвае пра пенны напой усё-ўсё-ўсё? Увесну 2022 года Музей лідскага бровара прыняў першых гасцей. Акрамя таго, брэндам Ліды стаў яркі музычны фестываль хмеля, соладу і вады LIDBEER, які штогод збірае больш за сто тысяч гасцей з усіх рэгіёнаў Беларусі і замежжа.
Горад Ліда падарыў свету шмат таленавітых людзей. Тут нарадзіліся такія вядомыя людзі, як фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР Аркадзь Мігдал і гісторык літаратуры і літаратурны крытык Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, кінаактрыса Пола Ракса, шматразовы чэмпіён Беларусі па грэка-рымскай барацьбе Валерый Цыленьць.
Калі казаць пра літаратурныя традыцыі Лідчыны, то ў спіс праславіўшых яе пісьменнікаў можна аднесці пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішака Багушэвіча, паэтэсу Алаізу Пашкевіч (Цётку), паэта-франтавіка Валянціна Таўлая.
Старажытная гісторыя, сінтэз культур і архітэктурных традыцый, смачнае піва і маляўнічая прырода ў наваколлі – усё гэта робіць горад Ліда вельмі прывабным для гасцей і турыстаў, таму сардэчна запрашаем на Дзень беларускага пісьменства!

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства

logo2023