костюковичи

КАСЦЮКОВІЧЫ

2026
Ён ранкам падкову
знайшоў у расе,
шчасліўчык,
адораны лёсам,
і кожны падумаў:
дамоў панясе!
А ён – шпурлянуў у нябёсы:
«Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!»
Алесь Пісьмянкоў «Паэт»

XXXIII літаратурнай сталіцай краіны ў 2026 годзе стане самы ўсходні горад Беларусі – Касцюковічы, размешчаны на рацэ Жадунька. Усход – гэта справа не толькі тонкая, але яшчэ і цікавая. У 2008 годзе гэта прыгожае невялікае мястэчка Магілёўскай вобласці адзначыла сваё 500-годдзе, пра што сведчыць памятны знак-валун, устаноўлены з нагоды юбілею.
Упершыню Касцюковічы згадваюцца ў летапісах у 1508 годзе як сяло Касцюкова ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, падараванае двараніну Сеньку Мсціслаўцу князем Жыгімонтам I. Назва горада, паводле легенды, звязана з першым пасяленцам Касцюком. Аднак гісторыя краю бярэ свой пачатак яшчэ ў эпоху мезаліту, пра што гавораць знойдзеныя пры раскопках прылады працы і рэшткі жылля, а каля в. Клеевічы знаходзіцца адна з найстаражытнейшых стаянак чалавека на тэрыторыі Беларусі.
У XVI стагоддзі мястэчка ўяўляла сабой паспяховы рамесны і гандлёвы цэнтр, квітнела тут ганчарнае і сталярнае мастацтва. Важнай вяхой у гісторыі краю стаў Першы раздзел Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1772 годзе. У выніку Касцюкоўшчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі і працягнула паспяхова развівацца нават нягледзячы на нашэсце Напалеона, якое прынесла гэтаму краю нямала выпрабаванняў.
Яшчэ ў даваенны час тут пачала актыўна развівацца прамысловасць. У 1930-х гадах былі пабудаваны карпусы прамысловага камбіната, ільнозавода, цагельні, пачала працаваць швейная арцель «Прагрэс». Сёння асноўным горадаўтваральным прадпрыемствам у Касцюковічах з’яўляецца Беларускі цэментны завод – флагман будаўнічай галіны Беларусі, уведзены ў эксплуатацыю ў 1996 годзе. Кожная трэцяя тона яго прадукцыі ўкладзена ў будаўніцтва дамоў, прадпрыемстваў, бальніц, спартыўных комплексаў па ўсёй краіне.
Галоўная гарадская славутасць – Крыжаўзвіжанская царква. Яна не з’яўляецца гістарычным помнікам, бо была ўзведзена ў 1999 годзе, аднак стаіць на намоленай зямлі: тут з 1830-х дзейнічаў драўляны храм, а крыху пазней – каменны, які быў разбураны ў пачатку ХХ стагоддзя. Захавалася гістарычная гарадская забудова ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, у т.л. дом шаўца Івана Панамарова, амфітэатр, а таксама руіны бровара ў в. Канічы.
У цэнтры Касцюковічаў закладзена Алея Славы і памяці воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На ёй устаноўлена шэсць бронзавых бюстаў ураджэнцаў Касцюковіцкага раёна, якія атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза. Сярод іх генерал Васіль Філіпавіч Маргелаў, якога называюць «Батей ВДВ» і «Десантником № 1».
Гісторыка-культурную і духоўную спадчыну касцюковіцкай зямлі складаюць шматлікія архітэктурныя помнікі сакральнага дойлідства, якія дайшлі да нашых дзён у рознай ступені захаванасці. Гэта Узнясенская царква ў Забычанні, царква Казанскай іконы Маці Божай у Прусіна, руіны касцёла ў Канічах і Свята-Троіцкай царквы ў адселенай з-за аварыі на ЧАЭС в. Самацеевічы, якія ўражваюць сваімі памерамі.
Касцюковіцкі край багаты крыніцамі, многія з якіх шануюцца як гаючыя. Пра гэта гавораць і іх назвы. Каля в. Прусіна з зямлі б’е Святая крыніца, недалёка ад в. Студзянец – Свята-Духаўская крыніца, а побач з Касцюковічамі – крыніца свяціцеля Панцеляймона. Спецыяльна для ахвочых акунуцца ў гаючую ваду абсталяваны купелі.

У в. Тэханічы пад аховай знаходзіцца мясцовы парк. Акрамя гэтага, для захавання ўнікальных прыродных аб’ектаў створаны два заказнікі – ландшафтны і гідралагічны.
Кожны год 2 жніўня ў аг. Новыя Саматэвічы праводзіцца «Iллінскі кірмаш». Гэтай традыцыі ўжо не адно стагоддзе. Да рэвалюцыі на мясцовы кірмаш з’язджаліся нават жыхары Чарнігаўшчыны і Браншчыны. Тут ішоў бойкі гандаль, прадавалі і куплялі жывёлу. Для народных умельцаў у гэты дзень была добрая магчымасць прадаць свае вырабы: бочкі, кошыкі, маслабойкі, дзежкі, крышкі, гаршкі, чыгуны з гліны. Карчма гудзела ад гамонак і спеваў. Моладзі таксама было чым заняць сябе: апроч іншага, тут працавала карусель. Не так даўно кірмаш вырашана было адрадзіць, таму сёння кожны мае магчымасць стаць яго ўдзельнікам. Яшчэ адной прыметнай падзеяй у культурным жыцці рэгіёна з’яўляецца «Гусiнае свята», якое прымае в. Белая Дуброва.
У 2022 годзе ў Касцюковічах адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Літаратурная спадчына Касцюкоўшчыны», бо гэты рэгіён па праве лічыцца самым літаратурным у Магілёўскай вобласці. Адсюль, з Прыбеседдзя, вядуць свой радавод народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў (сярод літаратараў Магілёўскай вобласці званне «народны» маюць толькі гэтыя два аўтары), Аляксей Русецкі, Васіль Хомчанка, Леанід Левановіч, Мікалай Леўчанка. Усяго амаль тры дзясяткі літаратурных імёнаў!
Культурным брэндам Касцюковіцкага раёна заслужана з’яўляецца рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», які праводзіцца тут з 2007 года з мэтай захавання памяці аб яшчэ адным таленавітым і знакамітым ураджэнцы – беларускім паэце Алесе Пісьмянкове. За 18 гадоў існавання фестываль запаліў вялікую колькасць маладых зорак, пры гэтым стаў цікавай пляцоўкай для сустрэч і зносін творчых людзей не толькі з Магілёўскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з Бранскай і Смаленскай абласцей Расіі.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства і сацыякультурнай дзейнасці

logo2023