Я. Казлоўская, Ж. Прымак
Першае летапіснае ўпамінанне аб Камянцы адносіцца да 1276 г. Горад уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Ім валодаў спачатку князь Кейстут, а затым Вітаўт. Камянец і бліжэйшыя зямлі не раз падвяргаліся набегам крыжакоў. У 1375 г. яны разбурылі і спалілі горад дашчэнту, ацалела толькі абаронная вежа. Менавіта яна, Камянецкая вежа, якую часта называюць Белай вежай, з’яўляецца візітнай карткай горада і адзіным на тэрыторыі Беларусі архітэктурным помнікам Старажытнай Русі, які захаваўся ў цэлым выглядзе да нашых дзён.