У трыццаць першы раз фестываль адзінства друкаванага слова, літаратуры і народа адбыўся ў Івацэвічах – прыгожым гарадку, які ўзнік на месцы шляхецкага маёнтка і стаў адным з самых прывабных гарадоў Брэстчыны. Ён стаіць на беразе маляўнічай рэчкі Грыўда – правым прытоку Шчары, і мае на сваім гербе кветку лілеі на зялёна-залатым фоне – сімвал чысціні і арыстакратызму. «Побач з лясамі, побач з палямі родны наш горад стаіць…» – спяваецца ў гарадскім гімне.
Гаворачы аб Івацэвіцкім раёне, можна некалькі разоў ужыць слова «самы». На яго тэрыторыі размешчана самае старажытнае гідралагічнае збудаванне краіны – канал Агінскага. Азёры – самае вялікае па плошчы ў Брэсцкай вобласці і самае глыбокае. А яшчэ адзін з самых маленькіх гарадоў у Беларусі – Косава, таксама тут.
Упершыню Івацэвічы згадваюцца ў дакументах у 1519 годзе як прыватны маёнтак, які належаў магнацкаму роду Сапегаў. Пазней іх змянілі Юндзілы.
Івацэвічы маглі так і застацца шляхецкім маёнткам, калі б у 1871 годзе побач з імі не была пракладзена чыгунка, якая злучыла Маскву з Брэстам. Тут была пабудавана станцыя, вакол якой і стала расці паселішча.
Візітная картка горада – радавая сядзіба Юндзілаў, пабудаваная ў стылі класіцызму яшчэ ў канцы 18 стагоддзя, якая лічылася адной з найпрыгажэйшых у Беларусі. На жаль, з усяго комплексу захаваўся толькі аднапавярховы сядзібны дом, у якім сёння размяшчаецца адзін з карпусоў раённай бальніцы.
У Івацэвіцкім раёне ёсць яшчэ адзін унікальны помнік неагатычнай архітэктуры XIX стагоддзя – гэта палац Пуслоўскіх, таксама вядомы як Косаўскі замак. Размешчаны ён за паўтара кіламетра ад мястэчка Косава, ва ўрочышчы Мерачоўшчына. За казачную выяву і раскошу палац графаў Пуслоўскіх атрымаў назву «рыцарская мроя».
Побач з замкам знаходзіцца музей-сядзіба нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі.
Не менш прывабным для турыстаў з’яўляецца мемарыяльны знак пункта Дугі Струвэ ў Івацэвічах. Манумент быў устаноўлены ў 1930 годзе ў гонар маштабных даследаванняў формы Зямлі ў пачатку XIX стагоддзя пад кіраўніцтвам геадэзіста Васіля Струвэ. Дуга Струвэ (Руска-Скандынаўская дуга) – гэта самае дакладнае і самае каласальнае вымярэнне градуса дугі мерыдыяна ў свеце. Дуга пачынаецца ад Чорнага мора, заканчваецца Паўночным Ледавітым акіянам і мае працягласць каля 3 тысяч кіламетраў. 34 пункты Дугі Струвэ ўнесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Яны ёсць на тэрыторыі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Малдовы і Украіны.
Сярод помнікаў сучаснасці варта адзначыць царкву ў гонар абраза Маці Божай Дзяржаўнай у Івацэвічах. У званіцы храма знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі звон, вага якога складае каля дзвюх тон. Цар-звон упрыгожваюць барэльефныя выявы дзяржаўнай іконы Маці Божай і крыжа Ефрасінні Полацкай.
Горад Івацэвічы звязаны з многімі знакамітымі імёнамі, сярод якіх Піліп Пестрак – беларускі пісьменнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за раман «Средиборье» (1964).
Для Івацэвічаў гэтыя два дні сталі яркімі, насычанымі і незабыўнымі. Свята аб’яднала жыхароў і гасцей горада павагай да такіх простых адвечных сімвалаў духоўнасці, як кніга і слова.
Асноўныя лакацыі разгарнуліся ў цэнтральнай частцы горада. На фестывалі кнігі і прэсы былі прадстаўлены тэматычныя экспазіцыі і прэзентацыі. У прыватнасці, выстава «Беларусь памятае» прысвячалася 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выстава «Сучасная Беларусь» – 30-годдзю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва. Экспазіцыя «Зроблена ў Беларусі» прысвячалася Году якасці і прадстаўляла пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў «Мастацтва кнігі».
Працавала мноства інтэрактыўна-забаўляльных пляцовак выдавецтваў, СМІ, музеяў, бібліятэк, гандлёвыя рады рамеснікаў, горад майстроў, дзе народныя ўмельцы праводзілі майстар-класы. На галоўнай сцэне ўшаноўвалі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і пераможцаў конкурсу «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».
Каля Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры ўстанавілі кампазіцыю «Дзеці лясной школы». Яна ўяўляе сабой хлопчыка і дзяўчынку з партызанскага атрада, якія пад разгалістым дубам чытаюць кнігу на роднай мове. Скульптура будзе звяртаць увагу хлопчыкаў і дзяўчынак на тое, што нават у цяжкія часы іх аднагодкі працягвалі цягнуцца да ведаў.
Яшчэ адным упрыгожаннем горада стаў арт-аб’ект «Лунаючыя кнігі» каля будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пестрака. Кампазіцыя ўяўляе сабой дзесяць разгорнутых, нібыта лятаючых кніг з выказваннямі і імёнамі вядомых беларускіх літаратурных дзеячаў. Утульная лаўка і ліхтары ў выглядзе газетных скрутак так і вабяць прысесці і пагрузіцца ў чытанне. Лунаючыя кнігі сімвалізуюць вечны рух думак, якія аўтары захоўваюць на старонках сваіх твораў.