Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства ў 2018 г. праходзіў у старажытным горадзе Іванава – самым сэрцы Заходняга Палесся, дзе Беларусь мяжуе з Украінай. Яго гісторыя пачынаецца з XV ст. У тыя часы на месцы сучаснага горада знаходзілася вёска Порхава. У 1423 г., як апавядаюць летапісныя крыніцы, князь Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Вітаўт падарыў населены пункт кафедральнаму сабору ў Луцку. А ў 1465-м біскуп Ян Ласковіч, жадаючы ўвекавечыць сваё імя, перайменаваў яго ў Янаў. Са зменай статусу Янаў набыў шэраг прывілеяў: так, жыхары горада вызваляліся ад падаткаў, адмянялася забарона на лоўлю рыбы і давалася права на варэнне піва, якое славілася далёка за межамі Янава. У 1497 г. горад атрымаў права на правядзенне трох штогадовых кірмашоў. На працягу сваёй гісторыі Янаў належаў літоўскім князям, польскім каралям, а таксама родам Шуйскіх, Ажэшкі і Дмукоўскіх.
Недалёка ад Іванава знаходзіцца вёска Моталь. Гэты населены пункт калісьці быў вядомы ва ўсёй Усходняй Еўропе ўнікальнымі вырабамі мясцовых рамеснікаў. Сюды на кірмашы прыязджалі купцы нават з суседніх краін, а мотальскія гандляры вазілі свае тавары і ў больш далёкія краі. Дзякуючы будучай каралеве Рэчы Паспалітай Боне Сфорце ў 1533 г. Моталь атрымаў магдэбургскае права – каралеўскую грамату, якая дазваляла мясцовае самакіраванне. У Мотале да нашых дзён захаваўся дом, дзе з’явіўся на свет першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.
Выхадцам Іванаўскага раёна з’яўляецца і Напалеон Орда – знакаміты мастак, музыка і кампазітар. Цяпер у Варацэвічах, дзе некалі знаходзіўся яго радавы маёнтак, створаны музейны комплекс.