15Хойнікі

ХОЙНІКІ

2010
Па дарозе шырокай між палескага гаю
Ў запаветны свой край прыязджаю…
Памаўчым каля Хойнік
Ды паслухаем вецер,
Малады сіні хвойнік
Вечарова прывеціць
І чужых, і радзімых –
Цішынёю радзімы.
А .Канапелька

Хойнікі як мястэчка вядомыя з сярэдзіны XVI ст., імі валодалі князі Вішнявецкія, Шуйскія, Прозары. У першай палове XVII ст. на невялікай дзюне ў забалочанай пойме ракі Квеся князі Вішнявецкія пабудавалі замак з абарончымі сценамі, уязной вежай-брамай. Замак праіснаваў да XVIII ст.
Хойнікі – горад, які захаваў традыцыі такіх старажытных рамёстваў, як ткацтва і лозапляценне, вырабы з бяросты і карэнняў.
Хойніччына – радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Ён нарадзіўся ў вёсцы Глінішча, дзе існуе літаратурны музей пісьменніка. У свой час у краіне былі створаны тэлеспектаклі па раманах «Людзі на балоце» і «Дыханне навальніцы», у тэатрах ставіліся п’есы па творах Мележа. І ўсё ж галоўным дасягненнем «Палескай хронікі» застаецца яе экранізацыя. Фільм Віктара Турава «Людзі на балоце» сабраў мноства ўзнагарод, самая галоўная з якіх – Дзяржаўная прэмія СССР. Пад час Дня беларускага пісьменства ў Хойніках у 2010 г. адбылася цырымонія адкрыцця скульптурнай кампазіцыі «Па старонках твораў Івана Мележа».
Хойніцкая зямля дала Беларусі таксама празаіка Барыса Сачанку, паэтаў Міколу Мятліцкага і Алу Канапельку.

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства