26Гарадок

ГАРАДОК

2023
С великих возвращаясь городов,
Я наслаждаюсь ласковостью улиц,
Мелодией знакомых голосов,
Небесным светом лиц родных любуюсь...
Милейший, лучезарно-тихий город –
Мой Городок!
О, как ты сердцу дорог!
Н. Советная

У 2023 годзе юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства прымаў паўночны рэгіён нашай краіны – Віцебская вобласць. Свята адбылося ў раённым цэнтры Гарадок, на радзіме Канстанціна Вераніцына – аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».
Невялікі Гарадок, які раскінуўся на берагах ракі Гараджанка і возера Лугавое, прыцягвае ўвагу сваімі яркімі старонкамі гісторыі, старажытнымі традыцыямі і гістарычнымі славутасцямі.
Гісторыя Гарадка, які ўзнік на месцы старажытнага ўмацаванага паселішча, сыходзіць сваімі каранямі ў ХІІ стагоддзе. Першае пісьмовае згадванне ў летапісах аб гэтым невялікім селішчы адносіцца да 1128 года ў сувязі з ваенным паходам кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча на землі Полацка. Узгадваецца Гарадок і ў крыніцах другой паловы XIII стагоддзя, як «Гарадок каля Полацка», дзе адбылася бітва паміж літоўскімі войскамі і палачанамі.
У сярэднія вякі гарадоцкія землі ўваходзілі ў склад Полацкага княства, а з XIV стагоддзя – Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Памежнае становішча паселішча абумовіла знаходжанне тут магутных умацаванняў, і ў канцы XVI стагоддзя ў Гарадку быў пабудаваны бастыённы замак з магутнымі абарончымі валамі і пяццю вежамі для абароны паўночных рубяжоў. Умацаванні знаходзіліся па абодва бакі ракі Гараджанкі. На багністым лузе левага берага быў насыпаны земляны вал у форме чатырохкутніка. На ўзвышэнні правага берага стаяў каменны замак, узведзены як абарончы бастыён. Замак акружаў запоўнены вадой роў 16 метраў шырынёй і 3,3 метра глыбінёй. Сцены замка стаялі на высокіх земляных валах. Праз кожныя 20-30 метраў знаходзіліся бастыёны для стральбы з гармат. Падчас ваенных дзеянняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай замак неаднаразова разбураўся, затым зноў адбудоўваўся. Канчаткова замак прыйшоў у заняпад у ХVII стагоддзі. Верагодна, канчаткова быў разбураны падчас Паўночнай вайны на пачатку XVIII стагоддзі. Яго руіны і сёння можна ўбачыць у цэнтры Гарадка. Часткова захаваліся абарончыя равы і фрагменты бастыёнаў. Замчышча неаднаразова рабілася аб’ектам археалагічных раскопак, з некаторымі знойдзенымі артэфактамі можна пазнаёміцца ў краязнаўчым музеі Гарадка.
У 1772 годзе пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння Гарадка да Расійскай імперыі мястэчка атрымлівае статус горада, а праз дзевяць гадоў, у 1781, і ўласны герб з выявай ільва на залатым полі – сімвалам сілы і адвагі. У 2006 годзе гістарычны герб, а ў 2011-м – сцяг, былі прызнаны афіцыйнай сімволікай горада.
Гарадок з’яўляўся цэнтрам павета ў Полацкай, Беларускай, а потым у Віцебскай губернях. Мястэчка расло ўздоўж гасцінца Віцебск – Санкт-Пецярбург. У пачатку ХХ стагоддзя праз Гарадок прайшла чыгунка. Да таго часу гэта было невялікае прамысловае мястэчка, дзе працавалі 14 заводаў, фабрыка, паравы млын, больш за 200 гандлёвых і рамесных устаноў, вучылішча, лякарня і тры аптэкі, бібліятэка, дзве царквы, 10 сінагог. Тройчы за год у Гарадку ладзіліся кірмашы. Як яны праходзілі, можна даведацца ў краязнаўчым музеі, дзе гарадоцкім кірмашам прысвечана асобная экспазіцыя.

Спрадвеку Гарадок быў рамесніцкім, а затым – прамысловым мястэчкам. Больш за ўсё гарадакчане атрымалі поспех у ганчарным рамястве. Найбольшае развіццё гэты промысел атрымаў у XIX – першай палове ХХ стагоддзя, калі ў мястэчку сталі стварацца ганчарныя арцелі, пазней пераўтвораныя ў цэхі, якія мясцовыя жыхары называлі проста «ганчаркай». Гарадоцкая кераміка адрознівалася прастатой і пластычнасцю формаў і светлым тэракотавым колерам з адценнямі фіялетавага і карычневага. У асноўным майстры выраблялі керамічныя вырабы гаспадарчага прызначэння – гаршкі, збаны, глякі, гладышы, міскі, якія сёння, нажаль, выйшлі з ужытку на сучаснай кухні. У прамысловых маштабах гарадоцкая кераміка больш не вырабляецца, але ганчарнае кола круціцца ў мясцовым доме рамёстваў. Характэрна, што старое рамяство ў сучасным Гарадку адрадзілі ганчары-жанчыны.
Славіцца Гарадок і сваёй нематэрыяльнай культурай. Так, мясцовае ткацтва «Кісея» ўнесена ў дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны краіны. А паглядзець узоры абрусаў і ручнікоў, выкананых у мясцовай манеры, можна ў раённым краязнаўчым музеі і Гарадоцкім доме рамёстваў.
Вядомы Гарадок і сваім абрадам «Пахаванне дзеда», які праводзіцца ў першы дзень Масленіцы і сімвалізуе сабой праводзіны зімы. Так, калі ў іншых частках Беларусі спальваецца пудзіла, то ў Гарадку адбываецца «пахаванне» лялькі ў натуральную велічыню. Так тут прынята сустракаць пачатак вясны.
Гарадоцкія майстры таксама адрадзілі батлейку з сезоннымі спектаклямі ў рэпертуары. Батлеечная шафа, лялечныя персанажы і дэкарацыі ствараліся згодна з мясцовым фальклорным традыцыям.
Сярод архітэктурных славутасцяў горада неабходна назваць будынкі паштовых станцый сярэдзіны XIX стагоддзя, якія захаваліся ў Гарадку і яго наваколлях яшчэ з часоў Расійскай імперыі. З таго часу таксама захаваўся вадзяны млын і застаўны дом. Акрамя таго, Гарадок можа пахваліцца захаванай гістарычнай гарадской забудовай канца XIX – пачатку XX стагоддзя: гандлёвымі і жылымі дамамі.
Візітнай карткай горада з’яўляецца Свята-Троіцкая царква, перабудаваная ў канцы ХХ стагоддзя з будынка былой царкоўна-прыходскай школы. У лік рэлігійных славутасцяў горада ўваходзіць і Благавешчанскі касцёл, таксама пабудаваны ў канцы ХХ стагоддзя.
Ёсць у горадзе і камяні-валуны, устаноўленыя ў памяць беларускага паэта Канстанціна Вераніцына – аўтара знакамітага «Тараса на Парнасе». Верагоднае аўтарства самага папулярнага ў XIX стагоддзі беларускага твора, які доўгі час насіў статус ананімнага, прыпісваюць ураджэнцу тутэйшых мясцін Канстанціну Вераніцыну, аднаму з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. І хаця нарадзіўся ён у Астраўлянах, паэму ў 1855 годзе пісаў у Гарадку, дзе вучыўся ў прыходскім вучылішчы.
Калі вы яшчэ не чыталі гэтую сатырычна-гумарыстычную паэму, то варта сумясціць яе прачытанне з паездкай у Гарадок на свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас». На штогадовым мерапрыемстве з нагоды аўтара і яго твора ў Гарадку збіраюцца аматары літаратуры і паэзіі. Для гасцей арганізуюць аўтобусную экскурсію па «вераніцынскіх» месцах і велапрабег для жадаючых «Сцежкамі Тараса», працягласцю каля 40 кіламетраў.
Галоўная мясцовая прыродная славутасць – урочышча «Вараб’ёвы горы» на ўскраіне Гарадка. Тут можна пракаціцца па гарадоцкай лыжаролернай трасе, наведаць рэзідэнцыю Снягуркі на востраве паміж азёрамі Лугавое і Арэхавае і проста адпачыць на ўлонні прыгожай прыроды. Сасновае паветра, узгорыстая мясцовасць і азёрная празрыстая вада – прывабны варыянт летняга адпачынку.
Ураджэнцамі Гарадокшчыны з’яўляюцца такія вядомыя на беларускай зямлі і за яе межамі людзі, як пісьменнік Г. Шмань, дырыжор, прафесар Ленінградскай кансерваторыі, заслужаны артыст Літоўскай ССР З. Машарскі, дзяржаўны і палітычны дзеяч, літаратар Бэр Аршанскі, беларуская лыжніца і біятланістка Анастасія Дубарэзава.
Асноўнай тэмай свята ў Гарадку стаў непасрэдна юбілей Дня пісьменства, на які сабраліся дзеячы культуры, прадстаўнікі розных відаў мастацтваў, вучоныя, спартсмены, журналісты з усёй Беларусі. Акрамя таго былі раскрыты тэмы Года міру і стварэння, 80-годдзе вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Маўра. Знайшлі сваё адлюстраванне таксама гісторыя, культура і традыцыі гарадоцкай зямлі.
У абноўленым Вераніцынскім скверы адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Буквар». Яшчэ адна навінка сквера – «Дрэва беларускага пісьменства». У «цуда» з нержавеючай сталі вышынёй больш за два з паловай метры замест ствала – кнігі 19 аўтараў, якія праславілі Гарадоцкі край. На пярэдняй частцы скульптуры змешчаны скрутак з выявай лагатыпа свята і надпісам «Вераніцынскі сквер».
На галоўнай сцэне Саюз пісьменнікаў Беларусі прадставіў літаратурна-мастацкі праект «Мірная, моцная, суверэнная». Паэты і пісьменнікі краіны чыталі свае вершы і прозу, гучалі і песні на творы беларускіх аўтараў. Тут жа адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, конкурсу творчай моладзі «Залатое пяро Белай Русі – 2023», фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу юных чытачоў «Жывая класiка».
Адметнай асаблівасцю «Фестывалю кнігі і прэсы» на гэты раз сталі тэматычныя выставы гарадоў – сталіц свята за ўсю яго гісторыю, якую прадставілі абласныя бібліятэкі краіны.
Самыя буйныя нацыянальныя выдавецтвы прывезлі на Дзень беларускага пісьменства свае галоўныя навінкі, ганаровае месца сярод якіх заняло шыкоўнае перавыданне «Тараса на Парнасе» ад выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Наогул кожны куток Гарадка ў гэтыя дні пацвярджаў, наколькі багатая і самабытная беларуская культура. На шматлікіх тэматычных экспазіцыях, прэзентацыях, майстар-класах і інтэрактыўных пляцоўках было шматлюдна, шумна і весела. Ярка і аўтэнтычна прайшлі фестываль народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», кулінарны фестываль «Мара гурмана», гістарычная рэканструкцыя «Гарадоцкі кірмаш».
Таксама ў рамках юбілейных мерапрыемстваў адбыўся эксклюзіўны паказ навінкі ад «Беларусьфільма» – карціны «На іншым беразе».

У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт

© Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» Аддзел бібліятэказнаўства