М. Рудкоўскі
Ганцавічы – параўнальна малады горад, які ўзнік толькі дзякуючы чыгунцы, якая прайшла праз гэтыя месцы ў канцы XIX ст. У Ганцавічах і ваколіцах налічваецца 36 помнікаў гісторыі, 10 – археалогіі і 4 – архітэктуры. У ліку апошніх – Юр’еўская царква ў вёсцы Будча, Георгіеўская царква ў вёсцы Вялікія Круговічы, Юр’еўская царква ў вёсцы Чудзін. У спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі занесена панская сядзіба ў вёсцы Агарэвічы – помнік драўлянага дойлідства XIX ст.
Ганцаўшчына непарыўна звязана з жыццём і творчасцю Якуба Коласа. «Фішка» ганцавіцкай зямлі ў тым, што тут адбываецца дзеянне першай кнігі знакамітай коласаўскай трылогіі «На ростанях». У творы Коласа фігурыруе мясцовая вёска Люсіна, якую аўтар назваў Цельшына. Пад час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах адкрыты помнік Якубу Коласу і алея Пісьменства.
У Ганцавічах нарадзіліся вядомыя беларускія дзеячы культуры: фалькларыст, этнограф, публіцыст Аляксандр Сержпутоўскі, паэты Міхаіл Рудкоўскі і Віктар Гардзей.