У 2022 г. Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў маляўнічым раённым гарадку Добруш, які знаходзіцца на поўдні нашай краіны, у Гомельскай вобласці. Нягледзячы на зусім невялікія памеры, Добруш падкупляе сваёй прыгажосцю. За незвычайную колькасць мастоў і мосцікаў, якія перакінуліся праз воды звілістай ракі Іпуць, што мудрагеліста пятляе праз увесь горад, яго называюць маленькай Венецыяй ці горадам трыццаці мастоў. А яшчэ Добруш вядомы як беларуская сталіца фарфора і паперы – фабрыкі па іх вырабу існуюць тут яшчэ з мінулых стагоддзяў. Дарэчы Добрушскі фарфоравы завод – адзіны вытворца фарфоравага посуду ў Беларусі.
Датай з’яўлення Добруша лічыцца 1560 г. – менавіта ў гэты час ён упершыню ўпамінаецца ў хроніках і летапісах ХVІ ст. як вёска Рэчыцкага павета Вялікага Княства Літоўскага, знакамітая сваімі рамеснікамі па вырабу якасных парусоў і канатаў. Тры бухты каната нават адлюстраваны на гербе горада.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Добруш увайшоў у склад Расійскай імперыі, да 1834 г. знаходзіўся ва ўласнасці графа П.А. Румянцава-Задунайскага, пазней князя І.Ф. Паскевіча. Менавіта самыя яркія старонкі гісторыі гэтага цудоўнага мястэчка звязаныя з княжацкім родам Паскевічаў, а дакладней – з адкрыццём у 1870 г. нашчадкамі князя фабрыкі па вытворчасці паперы. У 1872 г. выйшла першая прадукцыя, а ў далейшым фабрыка стала адной з самых вялізных у Расійскай імперыі – на той момант тут працавала каля 1000 чалавек. Двойчы яна брала ўдзел у расійскіх прамысловых выставах: у 1882 г. у Маскве і ў 1896 г. у Ніжнім Ноўгарадзе. За кошт фабрыкі ўтваралася і сацыяльная інфраструктура Добруша: адкрылася школа, бальніца, аптэка. У 1899 г. на рацэ Іпуць пры Добрушскай папяровай фабрыцы была пабудавана гідраэлектрастанцыя, якая стала першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1922 г. фабрыцы прысвоены тытул «Герой працы». У савецкі перыяд пра існаванне горада Добруша ведаў кожны беларускі школьнік. На задняй вокладцы амаль усіх сшыткаў значылася сакраментальнае: «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы».
Галоўныя славутасці Добруша, якія каларытна ўпісваюцца ў пейзажы, намаляваныя прыгожай ракой Іпуць, сыходзяць каранямі ў ХІХ ст. – час будаўніцтва галоўнага горадаўтваральнага прадпрыемства, а гісторыю горада ў літаральным сэнсе слова можна памацаць рукамі. Старадаўнія сцены будынкаў папяровай фабрыкі, складзеныя з чырвонай цэглы, выходзяць на цэнтральную вуліцу горада, якая носіць імя заснавальніка фабрыкі Ф.І. Паскевіча. Таксама ў гонар яго ў 2004 г. у цэнтры Добруша быў узведзены помнік.
Стварэнню папяровай фабрыкі менавіта тут, у горадзе на Іпуці, спрыялі дзве акалічнасці: лясныя багацці наваколля і немалы водны рэсурс. І таму зусім не дзіўна, што ў беларускай літаратуры самая «лясная» паэзія і проза – у пісьменніка з добрушскай вёскі Перарост Міколы Кусянкова. А колькі малюнкаў з дуброў, лясоў і пералескаў прыўнёс у мастацкую прозу сын лясніка з тых краёў – народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін!
Яшчэ адна з яркіх мясцовых славутасцяў Добрушскага раёна – манумент Дружбы, усталяваны на стыку межаў Беларусі, Расіі і Украіны. Памятны знак доўгія гады быў цэнтрам міжнароднага фестывалю «Славянскае адзінства». Унікальнае месца ў народзе душэўна завуць «Трыма сёстрамі».