Традыцыйна Дзень беларускай пісьменнасці праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Сталіцамі свята ў розныя гады былі: Полацк (тройчы, 1994, 2003, 2017), Тураў (двойчы, 1995, 2004), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (двойчы, 2000, 2014), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019), Капыль (2021), Добруш (2022), Гарадок (2023), Івацэвічы (2024).
На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства праходзіў чатыры разы. У 2001 г. свята прымаў Мсціслаў, у 2007 – Шклоў, у 2013 – Быхаў, у 2020 – Бялынічы.
У 2025 г. свята духоўнасці, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання будзе прымаць горад Ліда Гродненскай вобласці – беларуская сталіца піва, фарбаў і спартыўнага абутку, малая радзіма такіх сусветна вядомых людзей, як фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР Аркадзь Мігдал, гісторык літаратуры і літаратурны крытык Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, кінаактрыса Пола Ракса, шматразовы чэмпіён Беларусі па грэка-рымскай барацьбе Валерый Цыленьць.
Запрашаем здзейсніць віртуальнае падарожжа ў гісторыю нашай краіны і даведацца, чым гарады-сталіцы свята ўзбагацілі беларускую літаратуру і культуру і якую эстафету яны перадаюць Лідзе.