Барысаў – адно са старажытных паселішчаў Беларусі, упершыню згаданае ў летапісах у 1102 г. Першае паселішча, якое знаходзілася на тэрыторыі пасёлка Старабарысаў, згарэла ў выніку моцнага пажару, пра што сведчаць археалагічныя раскопкі. Новы горад паўстаў на левым беразе Бярэзіны. У XII ст. у Барысаве быў пабудаваны драўляны замак, які праіснаваў аж да XVIII ст. Зараз тут размяшчаецца будынак, які адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Шматлікія войны неаднаразова руйнавалі і спусташалі Барысаў. Сур’ёзна пацярпеў ён і ў гады Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Глыбокі след у гісторыі горада пакінула Айчынная вайна 1812 г. У Барысаве захаваліся рэшткі артылерыйскай батарэі рускіх войскаў, пабудаваныя на правым беразе ракі Бярэзіна напярэдадні нашэсця Напалеона. Помнікі каля вёскі Студзёнка і на Брылёўскім полі распавядаюць аб гэтых даўніх падзеях. Падчас войнаў з Маскоўскай дзяржавай тут знаходзілася стаўка вялікага князя Аляксандра, затым стаўка вялікага князя Жыгімонта Старога.