Па дарозе шырокай між палескага гаю Ў запаветны свой край прыязджаю… Памаўчым каля Хойнік Ды паслухаем вецер, Малады сіні хвойнік Вечарова прывеціць І чужых, і радзімых – Цішынёю радзімы.
А .Канапелька
Хойнікі як мястэчка вядомыя з сярэдзіны XVI ст., імі валодалі князі Вішнявецкія, Шуйскія, Прозары. У першай палове XVII ст. на невялікай дзюне ў забалочанай пойме ракі Квеся князі Вішнявецкія пабудавалі замак з абарончымі сценамі, уязной вежай-брамай. Замак праіснаваў да XVIII ст. Хойнікі – горад, які захаваў традыцыі такіх старажытных рамёстваў, як ткацтва і лозапляценне, вырабы з бяросты і карэнняў. Хойніччына – радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Ён нарадзіўся ў вёсцы Глінішча, дзе існуе літаратурны музей пісьменніка. У свой час у краіне былі створаны тэлеспектаклі па раманах «Людзі на балоце» і «Дыханне навальніцы», у тэатрах ставіліся п’есы па творах Мележа. І ўсё ж галоўным дасягненнем «Палескай хронікі» застаецца яе экранізацыя. Фільм Віктара Турава «Людзі на балоце» сабраў мноства ўзнагарод, самая галоўная з якіх – Дзяржаўная прэмія СССР. Пад час Дня беларускага пісьменства ў Хойніках у 2010 г. адбылася цырымонія адкрыцця скульптурнай кампазіцыі «Па старонках твораў Івана Мележа». Хойніцкая зямля дала Беларусі таксама празаіка Барыса Сачанку, паэтаў Міколу Мятліцкага і Алу Канапельку.
У праекце выкарыстаны фотаздымкі з свабодных крыніц сеткі Інтэрнэт