Заслаўе – адзін са старажытных гарадоў Беларусі, які ўзнік яшчэ ў канцы X ст. Яшчэ не было ні Мінска, ні Барысава, ні Навагрудка, а тут, у краі крывічаў, сярод дрымучых лясоў і хуткіх рэк ужо стаяў горад.
Сюды, як вядома, кіеўскі князь Уладзімір, які ўвеў хрысціянства ў Старажытнай Русі, саслаў сваю жонку Рагнеду, полацкую князёўну, і сына Ізяслава, за тое, што хлопчык, абараняючы гонар маці, зрабіў замах на жыццё князя. Горад названы ў гонар мужнага княжыча Ізяслава, а Рагнеда стала першай хрысціянкай і манахіняй на нашых землях.
У XIV–XVI стст. у Заслаўі дзейнічалі царква і касцёл, былі адкрыты школы. Яшчэ Заслаўе можа ганарыцца тым, што ў XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавала друкарня, у якой вядомы беларускі асветнік, гуманіст і рэлігійны рэфарматар Сымон Будны надрукаваў Біблію.