У 1997 г. эстафету свята прыняў Нясвіж – колішняя рэзідэнцыя роду князёў Радзівілаў – некаранаваных каралёў Вялікага Княства Літоўскага. Тут і дагэтуль захаваўся створаны імі палацава-паркавы ансамбль XVI–XIX стст. – візітоўка і знакаміты турыстычны цэнтр горада. У 2005 г. ён быў уключаны ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Размешчаны ў Нясвіжы і касцёл Божага Цела – першы ва Усходняй Еўропе храм, збудаваны ў стылі барока. Нясвіжская ратуша – таксама самая старажытная з усіх ратуш, якія захаваліся ў Беларусі.
Нясвіж быў абраны не выпадкова, паколькі тут здаўна віравала культурнае жыццё. Радзівілы імкнуліся, каб Нясвіж стаў культурна-асветніцкім цэнтрам Еўропы і ўсяляк садзейнічалі развіццю музычнай, тэатральнай і мастацкай культуры. Варта заўважыць, што гэтага ім удалося дасягнуць. У горадзе дзейнічаў адзін з лепшых у Еўропе тэатраў – Радзівілаў. Князі спрыялі і развіццю кнігадрукавання. У 1562 г. у Нясвіжы была заснавана першая ў Беларусі друкарня, якая выкарыстала кірылічны шрыфт і менавіта тут філосаф і гуманіст Сымон Будны выдаў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігу на роднай мове – знакаміты «Катэхізіс».