Тураў меў гонар двойчы стаць сталіцай Дня беларускага пісьменства. Гэта адзін з самых старажытных цэнтраў пісьменства і летапісання ў сучаснай Беларусі і мае такое ж значэнне для беларускай зямлі на поўдні краіны, як Полацк – на поўначы. Упершыню ўпамiнаецца ў Лаўрэнцьеўскiм летапiсе ажно ў 980 г. У канцы Х ст. Тураў – палітычны, эканамічны і культурны цэнтр Тураўскага княства, адзіны горад на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў.
У 1865 г. у Тураве быў знойдзены адзін з найбольш ранніх помнікаў усходнеславянскага пісьменства XI ст. – рукапіснае Тураўскае Евангелле. Гэты твор з’яўляецца адным з найбольш ранніх помнікаў славянскага кніжнага пісьменства і найбольш ранняй кнігай на беларускіх землях, якая дайшла да нашага часу. Ад рукапісу захавалася 10 лістоў, захоўваецца ён у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.
У ХІІ ст. тут жыў і працаваў слынны дзеяч усходнеславянскай культуры, пісьменнік і асветнік, епіскап Кірыла, далучаны да святых і названы Тураўскім. Ён напісаў каля 70 выдатных пропаведзяў, малітваў, навучанняў, прыпавесцяў, канонаў. Яго творы на ўсходнеславянскіх землях карысталіся вялікай папулярнасцю, а за вялікі дар красамоўства сучаснікі празвалі яго Златавустам. У 2004 г. у рамках свята на Замкавай гары адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Кірылу Тураўскаму.
На тураўскай зямлі ў XVI ст. жыў Канстанцін Астрожскі. Князь з роду Астрожскіх, кіеўскі ваявода, заступнік праваслаўнай веры ён заснаваў Астрожскую акадэмію і шэраг школ у Тураве і Слуцку. Па яго ініцыятыве была створана друкарня, у якой працавалі першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец. Тут была надрукаваная першая поўная Біблія царкоўнаславянскай мовай, якая затым атрымала назву Астрожская Біблія.
Дні беларускага пісьменства, якія прайшлі ў Тураве ў 1995 г., былі сапраўдным святам друкаванага слова і народнага майстэрства. Горад атрымаў копію старажытнага тураўскага Евангелля і адметны фальклорны фэст «Тураўская багатуха».
У 2004 г. свята вярнулася на Тураўшчыну і прынесла Гомелю помнік Кірылу Тураўскаму і рэканструяваную цэнтральную частку палаца Румянцавых-Паскевічаў, а Тураву, апроч шэрагу адноўленых аб’ектаў, – статус горада і першы Сад Малітвы, закладзены каля храма.