Мінск, Маладзечна, Вільня...
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змерыў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па светах.
Падзеі ХХХІV Дня беларускага пісьменства разгорнуцца ў Маладзечне – адным з найбуйнейшых раённых цэнтраў Мінскай вобласці, які па праве лічыцца культурнай сталіцай рэгіёну. Гасцінна і сардэчна тут праходзяць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі» і «Ракуцёўскае лета».
Дарэчы з 1944 па 1960 гады горад меў статус абласнога, а многія ўпэўненыя, што Маладзечна – гэта горад, якому няма і сотні гадоў. Насамрэч ён быў заснаваны ў 1388 годзе, пра што сведчаць чатыры бетонныя лічбы, якія стаяць на ўездзе ў горад з боку Мінска, і мае багатую і цікавую гісторыю, падмацаваную мясцовым фальклорам: «Маладзечна – «жыве вечна»!
Сваю назву горад атрымаў ад невялікай рэчкі Маладачанкі, на беразе якой у ХІV стагоддзі быў пабудаваны замак, разбураны падчас вайны 1812 года. У розныя часы ўладальнікамі Маладзечна былі князі Заслаўскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Кішкі, Агінскія, а таксама канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Да канца XVI стагоддзя Маладзечна ўваходзіў у дваццатку найбуйнейшых гарадоў ВКЛ на тэрыторыі Беларусі.
У культурным жыцці Маладзечна ХІХ стагоддзя значнай падзеяй стала адкрыццё ў 1864 годзе настаўніцкай семінарыі, адной з першых у Расійскай імперыі. Над навучальнай праграмай для яе працаваў вядомы рускі педагог К.Д. Ушынскі, а сярод яе знакамітых выпускнікоў значацца беларускі оперны спявак з сусветным імем М. Забэйда-Суміцкі і паэт Міхась Чарот.
14 студзеня 1873 года жыхары Маладзечна сустрэлі першы цягнік, які прыйшоў па толькі што пабудаванай Лібава-Роменскай чыгунцы. Яна дала штуршок развіццю параўнальна невялікага мястэчка і старт прамысловаму буму: адно за адным з’яўляліся новыя прадпрыемствы, быў пабудаваны паравы млын і адкрыты завод па вытворчасці спірту, які стаў мясцовай легендай.
Гэты маляўнічы і багаты на гісторыю куточак Міншчыны падарыў Беларусі песняра роднай зямлі Янку Купалу, у гэтых краях шукаў творчае натхненне кампазітар і палітычны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі, аўтар паланеза «Развітанне з Радзімай». У вёсцы Лоск, што пад Маладзечнам, друкаваў кнігі ў сваёй друкарні Сымон Будны – прадаўжальнік традыцый Францыска Скарыны. Адсюль родам і вядомыя даследчыкі Сібіры і Далёкага Усходу – браты Бенедыкт і Уладзіслаў Дыбоўскія.
У Радашковічах жылі і працавалі заснавальнік нацыянальнай беларускай прозы Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.) і аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» Браніслаў Тарашкевіч. У гады Першай сусветнай у Маладзечне, у складзе расійскай арміі адзначыўся стваральнік першага беларускага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі. Тут жа, на маладзечанскай зямлі, у вёсцы Ракуцёўшчына стварыў некалькі сваіх твораў Максім Багдановіч, якія ўвайшлі ў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў паэта «Вянок».
Сёння старажытны горад выглядае прыгожа і сучасна, але аматарам гісторыі таксама ёсць на што зірнуць. Апроч будынка чыгуначнага вакзала, па прыгажосці параўнальнага, мабыць, нават з брэсцкім, можна палюбавацца Свята-Пакроўскай царквой і сінагогай, пабудаванымі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, добра захаваным будынкам настаўніцкай семінарыі, а таксама наведаць сімпатычную і ўтульную пешаходную вуліцу Прытыцкага, забудаваную ў 50-х гадах мінулага стагоддзя, але якая захавала свой непаўторны шарм і абаянне.
Заслугоўвае ўвагі россып гісторыка-культурных жамчужын у наваколлях Маладзечна: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік у вёсцы Вязынка і сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Яхімоўшчына, сядзіба «Ракуцёўшчына», палаца-паркавы ансамбль у вёсцы Малінаўшчына. А каля вёскі Мясата знаходзіцца адзіны ў нашай краіне помнік… дарозе! На чатырох валунах пералічаны знакамітыя людзі, якія ў розны час ездзілі па старажытным Віленскім шляху, сярод якіх Сымон Будны, Міхал Агінскі, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Аляксандр Твардоўскі, Канстанцін Паустоўскі, Уладзімір Караткевіч.
Нацыянальнае свята духоўнасці і культуры ў горадзе сонца, як паэтычна называюць Маладзечна, безумоўна стане вельмі адметнай падзеяй, бо духоўныя арыенціры тут вельмі моцныя – аб гэтым сведчыць вялізная манументальная стэла з выяваю Божай маці на ўездзе ў горад, якая сустракае і праводзіць падарожнікаў.