Могилевская областная библиотека
им. В.И.Ленина
Русская версия Беларуская версія Версия сайта для слабовидящих

ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Беларускі байкапісец Кандрат Крапіва
Біяграфiя Літаратурная спадчына Вершы Памяці Алеся Пісьмянкова Галерэя

Біяграфiя

Алесь (Аляксандр Уладзіміравіч) Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 г. у вёсцы Іванаўка Касцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласці, у сям’і рабочага Уладзіміра Сямёнавіча і медыцынскай сястры Марыі Сямёнаўны Пісьмянковых. На выхаванне і сталенне Алеся і яго малодшага брата Міколы ў значнай ступені паўплывалі родныя бацькоў: цудоўныя апавядальнікі і надзвычай гасцінныя дзед Сямён Варфаламеевіч і бабуля Анісся Васільеўна, а таксама спагадлівыя і знаходлівыя на словы Сямён Масеевіч і Настасся з Каніч. Якраз адметная мова і лад гаворкі бабкі Насты давалі падставу старэйшаму ўнуку і праз гады здзіўляцца таму, "які яна выдатны лексікограф і бліскучы стыліст".

У 1964 Алесь Пісьмянкоў паступіў у Бялынкавіцкую сярэднюю школу. Асаблівы ўплыў на яго зрабіў настаўнік мовы і літаратуры А. Нікіценка, які ў свой час, калі вучыўся ў Смаленску, неаднойчы сустракаўся з А. Твардоўскім і М. Ісакоўскім. У школе А. Пісьмянкоў рана пачаў пісаць вершы, але сур’ёзнай увагі ім не надаваў. Першы верш паэта-пачаткоўца быў апублікаваны ў 1972 у касцюковіцкай раённай газеце "Сцяг камунізму". Дзесяцікласнікам паслаў падборку вершаў у "Магілёўскую праўду". У абласным і рэспубліканскім друку А. Пісьмянкоў выступае з 1974 года. У 1974–1975 гг. Алесь Пісьмянкоў працаваў карэспандэнтам касцюковіцкай раённай газеты "Сцяг камунізму". Тады ж асабіста пазнаёміўся з Аляксеем Пысіным, які прыязджаў на сустрэчу з членамі раённага літаб’яднання. А. Пысін так пісаў пра сваё знаёмства з Алесем Пісьмянковым:
"На касцюковіцкім семінары асабліва прыемным было знаёмства з семнаццацігадовым Алесем Пісьмянковым. Нядаўні дзесяцікласнік, ён працаваў карэктарам у раённай газеце, а жыў у сваёй вёсцы Бялынкавічы, якая паблізу. Танклявы, светлавалосы, знешне ён нагадваў гарадскога падлетка, але быў занадта ціхі і сарамлівы. Можа, разумеючы гэта, у сваіх вершах хацеў быць трохі "байчэйшым", надаваў свайму лірычнаму герою больш сталасці і мужнасці. А лепшыя яго вершы па-юнацку шчырыя і непасрэдныя, у іх шмат пачуцця і такой добрай наіўнасці, якая асабліва кранае".

У 1975 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Алесь Пісьмянкоў выступіў у чарговым зборніку "Дзень паэзіі", што выйшаў у 1976 годзе. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1980 годзе, Пісьмянкову пашанцавала застацца ў Мінску.

Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, у 1980–1982 працаваў карэспандэнтам у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі газеты "Літаратура і мастацтва". З 1982 – рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя". 3 1990 намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля вярнуўся ў "Полымя" намеснікам галоўнага рэдактара, каб пазней зноў перайсці ў "ЛіМ", цяпер ужо галоўным рэдактарам. Апошнім часам узначальваў рэдакцыю гумарыстычна-сатырычнага часопіса "Вожык".

Алесь Пісьмянкоў – паэт рамантычнага светаўспрымання. Яго паэзія пранізана глыбокім пачуццём лірызму, пранікнёным пафасам патрыятызму і чалавечнасці. У сваіх кнігах "Белы Камень" і "Чытаю зоры" паэт сцвярджае неўтаймоўнасць чалавечага духу ў спазнанні зямнога быцця, гісторыі, сучаснасці. Герой А. Пісьмянкова – беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, ён адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна ("Балада роду", "Трызненне паўстанца", "Дума Вітаўта"). Паэтаў герой ведае і шануе генеалогію свайго роду, ганарыцца крэўнай прыналежнасцю да зямлі Беларусі, якая нарадзіла Каліноўскага і Вашчылу, Скарыну і Багрыма, Багушэвіча і Багдановіча.
Яго вершам характэрна рамантычная ўзнёсласць, імкненне лірычнага героя да дабрыні, добразычлівае стаўленне да чалавека. Адначасова паэт поўны непрымірымасці да чэрствасці, абыякавасці, душэўнай глухаты. У яго вершах пачатковага этапа грамадзянскі пафас быў прыглушаны; потым паэт стаў глыбей асэнсоўваць гістарычны шлях Бацькаўшчыны, творы набылі філасофскую заглыбленасць, эпічную непаспешлівасць і грунтоўнасць.

Пасля першага зборніка паэзіі "Белы Камень" (1983) выйшлі кнігі "Чытаю зоры" (1988), "Планіда" (1994), вершы для дзяцей "Заўзятары" (1993) і "Ласуны-веселуны" (1996), "Журавель над студняй" (1998), "Я не памру, пакуль люблю..." (2000, выбранае). Лірык па характары, А. Пісьмянкоў заставаўся лірыкам і ў паэзіі, але лірыкам, якому не чужой была і філасофія. Ды не тая – мудрагелістая, што часцей лунае дзесьці высока, а філасофія жыцця, зямная ў сваёй аснове. I гэта вельмі адчувальна ў вершах, у якіх гучыць тэма "малой радзімы" — таго кутка Бацькаўшчыны, дзе А. Пісьмянкоў нарадзіўся і гадаваўся, куды нязменна вяртаўся ў снах і на яве.

Многія з творчых людзей па-добраму могуць пазайздросціць такой службовай кар’еры. Чаго не скажаш пра лёс жыццёвы. Ён, у адрозненні ад творчага, выпрабоўваў А. Пісьмянкова жорстка, нават з нейкай садысцкай паслядоўнасцю. Блізкія Алесю людзі адыходзілі адзін за адным, пакідаючы ў ягонай душы глыбокі след, а ў сэрцы – незагойныя раны. А сэрца ён меў слабае, хворае, аднак да ўрачоў не тое-што не спяшаўся, а ніколі іх не наведваў. На жаль, з гадамі ўсё радзей і радзей, бо спачатку адзін за адным пайшлі з жыцця дзяды-асілкі, якім, здавалася, ніколі не будзе зносу, пасля не стала бацькі, а потым і маці – яна раптоўна, нечакана, паспеўшы паведаміць старэйшаму ўнуку па тэлефоне, што чакае ягонага прыезду, асунулася на падлогу, каб болей не падняцца. Пасля таго, што здарылася, паэт неаднойчы нагадваў самым блізкім сябрам, што і ў яго будзе падобная смерць – раптоўная і хуткая. Не памыліўся, бо яшчэ раней быў перакананы, што "вершы збываюцца", а ў творах часта згадваў паэтаў, якія заўчасна пайшлі з жыцця. I нібыта нейкую сваю віну адчуваў за тое, што іх няма, а сам ён жыве. А апошнім часам усё больш рваўся ў сваё Надбяседдзе, са скрухай разумеючы, што больш няма да каго ехаць, бо ў яго роднай хаце жывуць ужо іншыя людзі.

Назвай апошняй кнігі і многімі вершамі-разважаннямі пра жыццё і смерць Алесь Пісьмянкоў нібы напрарочыў сваё ранняе развітанне са светам. Хворае сэрца паэта не вытрымала, і на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу (перахадзіў на нагах тры інфаркты) 23 красавіка 2004 года Алесь Пісьмянкоў раптоўна памёр.

Пахаваны Алесь Пісьмянкоў на Кальварыйскіх могілках у Мінску. На месцы яго апошняга прытулку толькі падковападобны, нібыта бераг Бесядзі каля бацькоўскай хаты, светла-ружовы камень. У кнізе "Шлях бярозамі значаны" сябра паэта Віктар Патапенка напіша: "Ні здымка, ні чатырохрадкоўя, ні эпітафіі на помніку няма. Ён просты і тым не менш велічны і ёмісты, як яго вершы". Такая сціслая ацэнка створанага Алесем Пісьмянковым яшчэ больш падкрэслівае сілу яго таленту, што не залежыць ад працягласці ці пампезнасці жыццёвага шляху і заслугоўвае вечнасці.


Прызнанне

  • Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1984)
  • Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1988) за кнігу лірыкі "Чытаю зоры"
  • Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1998) за кнігу "Вершы"
  • Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2004, пасмяротна)

Памяць

  • Імем А. Пісьмянкова названа Кастюковіцкая дзіцячая бібліятэка
  • У раёне праводзяць абласное свята паэзіі і аўтарскай песні "Пісьмянкоў луг"

Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці

Інтэрнэт-рэсурсы

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал