Могилевская областная библиотека
им. В.И.Ленина
Русская версия Беларуская версія Версия сайта для слабовидящих

ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Светлы воблік паэта
Біяграфiя Літаратурная спадчына Вершы Памяці Алеся Пісьмянкова Галерэя

Вершы

Бялынкавічы

Малюю —
Мілую
Радзіму малую:
Закутую рэчку,
Лясное мястэчка.
Малюю старанна
Сярэбраны ранак,
Сасоннік, алешнік,
Рабіну канешне ж,
3 адвечнай самотай
На сінім сумёце.
Вось дом
Пад бярозай,
Вось дым
На марозе,
Вось след
Каля брамы:
МАМА...

Алёна i Анісся

Мроіцца час блаславёны
Шчасны і ясны калісьці.
3 казкаю
Бабы Алёны,
3 ласкаю Бабы Аніссі.
Свецяць мне вашы імёны —
Грэюць ад самай калыскі,
Мудрая
Баба Алёна,
Добрая
Баба Аніска.
Вашы прасветлыя лікі
Варты рублёўскіх іконаў:
Сэрца любові вялікай
Вучаць
Анісся з Алёнай.

Уздых

Усё меней і меней радні.
Зноў прысмак у часу сірочы...
О, якія кароткія дні
I якія даўжэзныя ночы!

Што да гэтага ўздыху дадаць,
Апроч новага цяжкага ўздыху?
Моўчкі ранак крамяны згадаць
Ды небу паскардзіцца ціха.

Размова 3 археолагам

— Рупны знаўца, Петра Русаў
Што чуваць пра беларусаў
У вяках сівых славутых,
Пра якія ты начуты,
Дзе ты гутарыш падоўгу
3 Гедымінам і Міндоўгам?
Пласт за пластам, слой за слоем
Ты капаеш нашу Трою...
— Наша кожная знаходка
Пра характар сведчыць продкаў.
Зараз я любоўна лашчу
Тое ж самае, што й прашчур,
I мяне не паліць сорам:

Завушніцы,
Меч
I шолам.

Бяззорная ноч

Я цябе яшчэ светла кахаю,
Хоць даўно ты зацята маўчыш.
Я кладуся з апошнім трамваем,
Што знікае ў бяззорнай начы.

Ды былое з нябыту не вернеш,
Калі шчасце праходзіць наўзбоч,
Як мая непатрэбная вернасць,
Як твая адзінокая ноч.

Згадка пра Баркалабава,
або Вечар са Святлейшым
І. Г. Чыгрынавым

(Амаль вольны верш)
Я не быў ані дня ў Баркалабаве,
Ані дня,
ні адзінага,
Хоць збіраўся і я ў Баркалабава
З'ездзіць
з Іванам Чыгрынавым.
Вечарам, помню, завейным
Мы чыталі літоўскія карты
I Святлейшы хваліў Бутрамеева:
— Узяць Бутрамеева варта б,
Летапісца наведаць старога...
Хоць глухія ў гісторыі згадкі,
Мне твар уяўляецца строгі
I рука ў мазалях...
ад асадкі.
Думаю, быў бы ён рады,
Пабурчэўшы крыху для прыліку,
3 аднаго распазнаў бы пагляду
Поспехі нашы
і нашы пралікі.
Ну спытаў бы, вядома, пра творы,
Заварыў бы гарбату на зёлках.
Уяві:
мы сядзім і гаворым,
I гартаем
мой "Плач перапёлкі".
Ён сказаў бы, што талент ад Бога,
I згадаў бы, чые мы нашчадкі...
Мне лік уяўляецца строгі
I рука ў мазалях
ад асадкі.

Успомніўся цёзка...

Ад лёсу нікуды не дзецца:
Яго трэба годна прыняць.
Нябачная нітка прадзецца —
Ссівелыя паркі не спяць.

Багіні ніколі не скажуць,
Хоць ноч на каленях прастой,
Якія вузлы яны вяжуць
На нітачцы тоненькай той.

— Зноў міфаў старых адгалоскі
Бярэш ты ў камп'ютэрны век...
— Ды проста мне ўспомніўся цёзка:
Ён гордзіеў вузел рассек.

Настрой

Адзімую –
Адсумую,
Размінуся з бедамі,
I калі перазімую,
Бог дасць, пералетую.
Ды чамусьці верыцца,
Што яшчэ наперадзе
Баравік у верасе,
Вогнішча на беразе,
Песня лебядзіная
Пра цябе,
Адзіная.

Акадэмія навук

Навуму Гальпяровічу
Позні вечар поўны дум.
Клопат плот гародзіць.
Акадэмія,
Навум,
Нам пара выходзіць.
Акадэмія навук —
Бронза ў кожным гуку!
Толькі ў нас з табой,
Навум,
Іншая навука.
Вершаваць,
Як чараваць,
3 холаду — ў агонію,
Ачуняўшы, вывяраць
Алгебрай гармонію.

Асацыяцыя

Мароз і сонца...
А. С. Пушкін

Зноў снег без марозу
Зноў снег без марозу —
Зноў дзён аднастайных гурма,
Як постмадэрнісцкая
Нудная проза,
Дзе выйсця ў героя няма.
То слотна, то сыра,
То сыра, то слотна —
Маркотна канчаецца год.
Ды гэта ужо, зрэшты,
Зусім неістотна
Для стомленых нашых істот.
Няўжо гэтак будзе бясконца?
Сюжэт безнадзейна завіс...
3 марозам і сонцам
3 марозам і сонцам
Вярнуцца хачу ў рэалізм.

Дотык

Вясна. Чаромха. Весніцы.
Зямля з-пад ног сплыла:
Далонь маёй равесніцы
Мне сэрца апякла.

Чаромха зноў нявесціцца.
Нявесцяцца сады.
Свякроўка ўжо равесніца
I я — не малады.

Не спіць мая бяссонніца,
I думкі з ёй не спяць...
I дотык той мне помніцца,
I весніцы рыпяць.

Травень

Ласкаю травень расчуліў.
Слухай,
Душа,
Не чарсцвей:
Ранкам
3 табою зязюля,
Вечарам —
Салавей.

Продкі

Калі марнею ад нягод
I сэрцу цесна,
Я ўспамінаю радавод
I продкаў песні.
Яны ідуць за годам год
3 мячом і з плугам.
О, мой нязводны род
Ён моцны духам.
Імёны памяць берагла,
Вяла праз церні,
Каб я не сеяў зла,
А толькі — зерне,
Да іх іду я зноў і зноў,
Ім веру свята.
Таму й вяду сваіх сыноў
Да іх на раду.

Просьба

Што ты, лёс, галёкаеш?
Не прасі надаць.
Пенсія — далёкая,
Смерці — не відаць.

Не ўздыхнеш з палёгкаю
Хісткія масткі:
Позна нам у лёкаі,
Рана ў жабракі...

Верш, напісаны ў турме

Навасады. Зіма.
Год 2003-і.
Месца дзеі — турма;
Запрасілі сустрэцца.

Ад турмы і сумы
Адракацца не будзем,
Добра ведаем мы,
Што й за кратамі — людзі.

Іх зямная юдоль
Не найлепшая ў свеце,
Іх затоены боль
Нельга нам не прыкмеціць.

Ну не звер ён, не звер,
Той вунь стрыжаны хлопча.
Мо ягоны давер
Заўтра зона растопча.

Анічым не праб'еш
Яе панцыр лядовы.
Спадзяванне на верш,
На гаючае слова.

Мой раб

Ты раіш:
"Выцісні раба!"
I я згаджаюся, што варта б...
Ды толькі раб мой не слабак,
Мой раб,
як чорт, упарты.
Мой раб баіцца як агню
Святога слова "воля".
Я кожны дзень яго ганю,
А ён упарціцца:
"Ніколі!"
Я, можа б, з ім паладзіць змог,
Каб не душа яго чужая.
...Яшчэ ніхто не перамог,
Але мяне ён
паважае.

Туга

На кругі свая,
На свае кругі...
Вось дайшоў і я
Да сівой тугі.

Не заві, вярста,
У радзінны кут:
Сірата я там,
Сірата і... тут.

Пакровы

Самотныя дрэвы
Ў прастуджаным парку.
Дзе чуліся спевы,
Там воран пракаркаў.

Гарыць пазалота
На ворыве чорным:
Зграбае лістоту
Зажураны дворнік.

Смяротная стома
У чыстым паглядзе,
Хоць ледзьве знаёмы,
На лаўку прысядзем.

3 адной запальнічкі
Абодва прыпалім.
Танцуе сінічка
На клёне апалым.

Знаёмец мой глуха
Прамовіў: "Пакровы..."
Маленствам і скрухай
Азвалася слова.

— Сягоння каровы
Не выгналі ў поле...
— Хіба ты вясковы?
— Узрос я на волі...

Ўздыхаем прывычна.
Зажурана палім.
Танцуе сінічка
На лісці апалым.

Шкадаванне

Я кнігу ўсё-ткі напісаў
Сыноў двух ясных нарадзіў
Але, народжаны ў лясах,
Дасюль свой сад не пасадзіў.
Ды што там лес, ну хоць бы сад!
Як бацька некалі,
Як брат...
I толькі часам па вясне,
Калі туманіцца пагляд,
Тады і мне ў ружовым сне
Шуміць мой лес,
Цвіце мой сад.

Зямная аснова

Леаніду Левановічу

Зямная аснова
Трывалай была:
Прыручана слова.
Раіцца пчала.

Такая планіда
Ў майго земляка:
Пяро Леаніда
Натхняе рака.

Нішто не замуціць
У Бесядзі дно.
На ёй каламуці
Дасюль не відно.

Хоць свет і суровы,
Стае ў ім святла.
Прыручана слова.
Раіцца пчала.

Краявід

Малюнак някідкі
Уздрыгнуць прымусіў:
Над рэчкай — ракітнік.
На поплаве — бусел.

I — хата ў бярозах
На самым узгор'і...
I слёзы, і слёзы
Казычуць у горле.

Жаданне

Хорошо бы собаку купить.
Іван Бунін

Я стаміўся хадзіць каля страшнага,
Да чорнага
мой прызвычаіўся зрок.
Хоць бы каліва
светлага,
яснага,
О, як надакучылі
цемра і змрок!
Вунь і бярозавы ліст дагарае –
Душа адзінока
ў сусвеце трымціць...
Можа, і праўда,
як класік параіў
Узяць дый сабаку ў суседа купіць.

Маладое лета

Маладое лета.
Ў красках паплавы.
Закасала лета
Зранку рукавы.

Змыла сон сцюдзёнкай,
Бразнула даёнкай,
I цяпер на пляцы
Бранзавее ў працы.

На зямлі радзімічаў

Шчаслівы настрой падарожны
Зноў я налоннік красы.
Празрыстыя рэкі
Пасожжа думныя
Ўвосень лясы.
Глытнуўшы радзіннага дыму,
3 дабра не шукаю дабра.
I я гэтаксама б
На месцы Радзімы
Пасожжа б
Радзімай абраў.
I Ветка,
I Хоцімск,
I Родня —
Адхланне мае і спачын...
О, кроўная повязь! О, роднасць! I слова шчымлівае
"Сын".

Лоўля рыбы

У дзень святога Пятра
Іслач. I слодыч, і слова, і слава,
I водар гаючай жывіцы-смалы.
Спелае сонца сягоння ласкава
На золаку вохрай залоціць ствалы.

Зараз я вуду на стройку закіну,
Забуду пра скрутны і здрадлівы час.
Можа, якраз мне вось гэту хвіліну
Гасподзь не запіша ў пражыты мной стаж.

Кажуць, што Пётра быў рыбарам знаным
I быў адмыслоўцам у справе сваёй...
Ліпеньскі ранак, і міг неспазнаны,
I сонца на кончыку вуды маёй.

Пра вечнае

Кажуць, быў я аблашчаны доляй,
Хоць мой дом не мінала бяда:
Я па мёртвых паплакаў даволі,
А жывых яшчэ болей шкада.

Бо мы ўсе на зямлі гэтай госці,
Не забавімся мы на зямлі,
I калі я пакрыўдзіў кагосьці,
То і мне тая рана баліць.

Нам усім не хапае спагады,
I любові жывым не стае...
Нам адпушчана так небагата,
Што й грахі не замоліш свае.

Крыніца

У радзінным краі,
У зялёным гаі
Буду раны гаіць.

Там крыніца адна
Нават ноччу відна
Аж да самага дна.

Туды прадзед хадзіў,
Дзед душу маладзіў
Бацька сум саладзіў

Яна ж мкне ўсё, імкне,
Срэбра свеціць на дне
Яго хопіць і мне.

На плошчы Якуба Коласа

Марудзяць нашы трамваі
На плошчы Якуба Коласа.
I як ты мяне трываеш
Сумнага,
Невясёлага?
Я даўно не смяяўся молада,
Я даўно не кахаў нястрымна.
Уяўляю, як табе
Холадна,
Як побач са мною
Зімна.
А ты ўся цнатліва-чыстая
I ў чысціні сваёй кволая.
Ты пацярпі:
Я выстаю,
Я навучуся ў Коласа.

Балада пра камень

Я камень падняў на раллі
Абвуглены, чорны,
Можа, быў ён калісь
Гарачаю зоркай.
I, можа, маліліся ёй —
Пясчынцы сусвету,
I праведнік строгі з сям'ёй,
I злодзей адпеты.
Яна ж не жалела святла
Hi шчырым, ні ніцым.
Яна не мінала жытла
Hi святой, ні блудніцы.
I, зведаўшы горасць зямлі,
Аднойчы патухла ад мукі...
Я камень падняў на раллі,
 I камень апёк мае рукі.

Настальгія па ідыліі

Якая позняя вясна,
Якое доўгае чаканне!
Мне ноччу сніцца баразна,
Шпаком разбуджанае ранне
I бацькам выбелены сад.
Пад белай яблынькаю — грады.
У маці ясніцца пагляд:
Яна высаджвае расаду.
Якое простае жыццё
Для выпадковага пагляду!
А тут не побыт, тут — быццё,
Яго высокая улада.

Мне сніцца выбелены сад,
О, каб вярнуць той кадр назад!

Забяседдзе ў расе

Памяці бацькі

Трэці год не кашу
Я з табою лугі.
Там мянташыць касу
Зараз нехта другі.

Хоць і хвацкі касец,
Ды табе не раўня,
Ў вёсцы ведалі ўсе:
Ты асілкам радня.

Забяседдзе ў расе.
Над ракой туманок.
Па сваёй паласе
Не ідзе Пісьмянок.

Уздыхае твой конь
На чужыне ў журбе.
Паслабела далонь
У мяне без цябе.

Паслабела далонь.
Легла срэбра на скронь.

Баярын

Анатолю Майсеенку

Тугі развеяць хмары,
Ў бярозах скінуць боль
Заве мяне ў Баяры
Баярын Анатоль.

Ківае пальцам строга
Між дрэваў-спарышоў:
— Нашто цвяліць старога?
Баярына знайшоў!

Вучоны мой таварыш,
Дый мы не прастакі:
— Ў Баярах скрозь баяры,
А ў Мінску — мінчукі.

На зайздрасць некаторым
Над срэбным ручаём
Над зоры ўзвёў ты хорам
Ў суседстве з салаўём.

Дазволь мне тут памарыць,
Адтаць душой дазволь,
Спагадны мой таварыш,
Баярын Анатоль.

Развітанне

Пакланіўся роднай хаце.
Што яшчэ зрабіць я мог?
Няма бацькі, Няма маці,
I суддзя мне толькі Бог.
Толькі Бог ды тыя людзі,
Да якіх душой прырос...
Толькі студзень
Рану студзіць,
Слёзы высушыў мароз.

Мама

Мама заўсёды чакала,
Мама свой час не лічыла,
Мама жывым спачувала —
Мама лячыла.
Мама душою трымцела.
Мама дабра ўсім хацела,
Мама ні ў чым не лаўчыла —
Мама вучыла.
Мама заўсёды трывала,
Мама да скону рабіла,
Мама сябе забывала —
Мама любіла.

Велікодны ўспамін

Я сёння, відаць, не засну —
Мой одум сірочы не знікне:
I мама чакала вясну,
I мама любіла Вялікдзень.
Звечара ў печы паліла,
Смажыла
Ды варыла.
Не гатавала,
А — чаравала,
Пры агні шчыравала.
Як сонца свяцілася ласкай
I грэла ўсіх любасць-спакой,
Якія ў Сямёнаўны пасхі!
Якія у Сямёнаўны краскі.
Якую струну ні крану,
Зноў памяць балючая ўскрыкне:
Без мамы страчаю вясну
Без мамы святкую Вялікдзень.

Наталька

На грэх пусціўся праз дзяўчыну
I мусіў праз яе сканаць...

Янка Купала. Магіла льва

Магіла льва каля Дняпра
Усім вядомая спрадвеку.
Ды раптам выйшла з-пад пяра:
Наталька здрадзіла Машэку.

Не ўпала неба на Дняпро,
I не спынілі бег свой рэкі.
Няўжо ёй рухала дабро,
Калі руку ўздымала на Машэку?

Няўжо цана каханню грош,
Наіўным кінуты для здзеку?
Ах, вы пярэчыце!
I ўсё ж Наталька здрадзіла Машэку.

Кастусь і Марыся

Не сумуй,
не сумуй,
Беларусь,
Па-над крыўдай сваёй узніміся.
Імя слаўнае ўспомні Кастусь
І адданыя
Вочы Марысі.
Белавежжа паслухай лясы.
У іх пошуме ратныя былі.
Гэта вояў тваіх галасы.
Іх забілі,
Але не забылі.
Брукаванкаю Вільні іду,
Там,
Дзе нашыя сны не збыліся.
І аб вечным гамонку вяду
3 Кастусём і Марысяй,
3 Кастусём і Марысяй…

Семнадцатая восень

Я ноч не сплю, я ноч не сплю...
Я нечым устрывожан.
Вось і пакінула зямлю
Семнадцатая восень.
I будзе дождж, і будзе град.
А я усё не веру:
Няужо не вернецца назад,
Не стукне больш у дзверы?
Няўжо не стрэну я нідзе
Яе у нашым краі?
Яна прыйдзе, яна прыйдзе,
Ды толькі не такая...
Вітаюць людзі ў добрых снах,
Згубіў сад пазалоту.
А быў такі там дзіўны пах
Антонавак і мёду.

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал