Біяграфiя
Літаратурная спадчына
Вершы
Памяці Алеся Пісьмянкова
Галерэя
ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ
Літаратурная спадчына
Пісьмянкоў, А. Не знікай : выбранае / Алесь Пісьмянкоў. — Мінск : Рэдакцыя газеты "Звязда", 2012. — 295 с.
"Не знікай" — так звычайна казаў на развітанне сваім сябрам Алесь Пісьмянкоў. I гэтыя словы гучалі як просьба, як своеасаблівы наказ, як спадзяванне на будучыя сустрэчы.
"Не знікай" — так называецца кніга выбраных твораў, у якую ўвайшлі вершы і эсэ з кніг, выдадзеных пры жыцці паэта, і яго пасмяротнага зборніка "Думаць вершы...".
Шчырыя, пранікнёныя, светлыя і празрыстыя, як росы ў травах на прыбяседскім Пісьмянковым Лузе, радкі паэта не зніклі. Яны па-ранейшаму знаходзяць водгук у сэрцах удзячных чытачоў. Жыццё Алеся Пісьмянкова, якое заўчасна абарвалася ў 47 гадоў, сягоння доўжыцца ў яго творах.
Пісьмянкоў, А. Я не памру, пакуль люблю : выбранае / Алесь Пісьмянкоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. – 319 с. — (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
У лірыцы Алеся Пісьмянкова рэаліі сённяшняга жыцця цесна пераплецены з рэаліямі мінулага. Яго лірычны герой часта звяртаецца да духоўнага вопыту продкаў. Разам з імі шукае адказы на адвечныя пытанні. Вершам паэта характэрны прачулы лірызм і шчырасць інтанацыі.
Гэтую кнігу склалі лепшыя вершы са зборнікаў "Белы Камень", "Чытаю зоры", "Планіда" і інш.
Пісьмянкоў, А. Думаць вершы... : вершы, эсэ, успаміны / Алесь Пісьмянкоў ; [уклад. В. Шніпа]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. — 216 с. : здымкі.
Алесь Пісьмянкоў (1957–2004) – адзін з самых яркіх паэтаў, што прыйшлі ў літаратуру ў 70-я гады мінулага стагоддзя. На жаль, кніга "Думаць вершы..." – апошняя кніга, якую напісаў паэт. У яе ўвайшлі літаратурныя эсэ пра пісьменнікаў і вершы, якія яшчэ раз пацвярджаюць, якім цудоўным паэтам і чалавекам быў Алесь Пісьмянкоў.
У раздзеле "Не знікай..." змешчаны ўспаміны пра самога аўтара.
Пісьмянкоў, А. Вершы / Алесь Пісьмянкоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. — 126 с. : іл.
У зборнік "Вершы" Алеся Пісьмянкова ўвайшлі творы, напісаныя ў сярэдзіне 90-х гг.
У вераб'іную ноч паэт сніць салаўіную раніцу і сцвярджае, што вялікі грэх не быць творцам, калі ўсё перапоўнена прагай кахання.
* * *
Вершы могуць здарацца,
Вершы могуць прысніцца,
Могуць плакаць, смяяцца,
Крычаць і маліцца.
Вершы могуць забыцца,
У куточак забіцца,
Замаўчаць, затаіцца,
Каб аднойчы адбыцца.
I – збыцца.
Пісьмянкоў, А. Белы камень : вершы / Алесь Пісьмянкоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. — 47 с. — (Першая кніга паэта).
У кнігу ўвайшлі вершы, у якіх апяваецца вернасць Радзіме, хараство роднай прыроды, чысціня кахання.
Для творчай манеры А. Пісьмянкова характэрныя прачулы лірызм, непасрэднасць і шчырасць паэтычнай інтанацыі.
Паэт
Ён ранкам падкову
знайшоў у расе,
шчасліўчык,
адораны лёсам,
і кожны падумаў:
дамоў панясе!
А ён – шпурлянуў у нябёсы:
"Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!"
Пісьмянкоў, А. Журавель над студняй : вершы / Алесь Пісьмянкоў. — Мінск : Красіка-прынт, 1998. — 139 с.
Кнігу складаюць вершы, напісаныя ў розныя гады. Амаль усе яны прысвечаны Магілёўшчыне, Касцюковіцкаму краю, адкуль родам паэт.
Радзіма, наша спадчына, надзённыя клопаты сучаснікаў – галоўныя тэмы вершаў Алеся Пісьмянкова. I ў лірычных вершах паэт імкнецца прыглядзецца да таго, чым жыве Беларусь, прыслухацца да людзей.
Землякі
...А тут усё проста
І ўсё чалавечна.
Радзіны і ксціны,
Сябрыны,
Як вечна.
Паліны й Куліны Сямёны й Мацеі
Без мараў
Пра вечнасць
Адвечнае сеюць.
Пісьмянкоў, А. У. Планіда : вершы / Алесь Пісьмянкоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — 110 с.
У вершах паэта рэаліі сённяшняга жыцця цесна пераплецены з рэаліямі мінулага. Як і ў папярэдніх кніжках, лірычны герой Алеся Пісьмянкова часта звяртаецца да духоўнага вопыту продкаў: мужнага воя, шчырага сейбіта, мудрага летапісца, вязня ГУЛАГа... Разам з імі шукае адказы на адвечныя пытанні, ён трывожыцца і непакоіцца, ён кахае і спадзяецца.
Візітоўка
I я візітоўку сабе закажу,
На здзіўленне гасцей ганаровых,
Два радкі я на ёй напішу:
Перакладчык з мовы дажджу
На родную мову.
Пісьмянкоў, А. Чытаю зоры : лірыка / Алесь Пісьмянкоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. — 87 с.
У сваіх вершах аўтар уважлівы да самых розных праяў нашага часу. Асэнсаваць час і сябе ў часе паэту дапамагае гісторыя. На старонках кнігі чытач пачуе галасы Вялікага князя Вітаўта, мужага воя Якава Палачаніна, кабзара Астапа Верасая...
* * *
Адна іх маці радзіла –
Грэла сваім бяссоннем.
Адна іх зямля насіла,
Адно ім свяціла сонца.
Адно ім свяціла сонца!
Адна гадавала хата:
Адзін узяў меч абаронцы,
Другі ўзяў сякеру ката.
Пісьмянкоў, А. Сустрэчы і памяць / Алесь Пісьмянкоў, Мікола Яцкоў ; [укладальнік і рэдактар А. М. Яцкова]. — Брылі : Справа, 2008. — 14 с. : здымкі.
Белы Камень
Словы А. Пісьмянкова
Музыка Міколы Яцкова
Ты адбі мне тэлеграму,
Што у нашай стране
Ў ціхай вёсцы Белы Камень
Выпаў белы-белы снег.
Для дзяцей
Пісьмянкоў, А. Мы з братам : вершы і казкі : [для дашкольнага ўзросту] / Алесь Пісьмынкоў ; мастак Л. С. Рыжыкава. — Мінск : Мастацкая літаратуры, 2003. — 63 с. : малюнкі.
Кніжку склалі вясёлыя і дасціпныя вершы, у якіх з уласцівым паэту лаканізмам і ў той жа час вобразна адлюстроўваецца свет дзіцячай фантазіі і чароўнага ўспрыняцця навакольнага жыцця.
Рыбак
Наш Максім рыбак заўзяты,
Печкуроў лавіць аматар.
Для яго рыбалка – свята:
Чарвякоў капае... тата.
Пісьмянкоў, А. Заўзятары : вершы, казка : [для дашкольнага ўзросту] / Алесь Пісьмянкоў ; мастак В. Сакалова. — Мінск : Юнацтва, 1993. — 31 с. : малюнкі.
В сборник поэта включены весёлые, занимательные стихи для самых маленьких. Они написаны живо, образно, с хорошим знанием детской психологии. Заинтересуют юных читателей стихи про озорных, непоседливых мальчишек Савку и Гришку, про заядлого рыбака Максима, про хитрого разбойника лиса и др.
Кот і дог
Трэба ваша дапамога:
памірыць ката і дога.
Калі я з катом жартую –
ганарысты дог лютуе,
калі я гуляю з догам –
кот выходіць на дарогу.
Пісьмянкоў, А. Ласуны-веселуны : вершы : [для дашкольнага ўзросту] / Алесь Пісьмянкоў ; мастак А. Лось. — Мінск : Юнацтва, 1997. — 32 с. : малюнкі.
Малінавыя сны
Ні Алешка, ні Максім
Не баяцца лютых зім.
Ад прастуды, ад ангіны
У іх ёсць збанок малінаў.
Мама кажа: "Да вясны
Ў іх малінавыя сны".
Пра А. Пісьмянкова
Зэкаў, А. Алесь : згадкі, пераклады, пародыі : [успаміны пра Алеся Пісьмянкова] / Анатоль Зэкаў. — Мінск : Народная кніга, 2007. — 48 с.
Алесь Пісьмянкоў пакінуў гэты свет 23 красавіка 2004 года, назаўсёды застаўся 47-гадовым.
Успаміны Анатоля Зэкава, яго сябра і намесніка па часопісе "Вожык", узнаўляюць некаторыя эпізоды з жыцця Алеся Пісьмянкова. Такім быў гэты светлы чалавек. Светлы, як і яго кранальныя вершы. Асобныя з іх Анатоль Зэкаў пераўвасобіў па-руску, сёе-тое паспрабаваў спарадыраваць. I таксама ўключыў у кнігу, праілюстраваную да таго ж фотаздымкамі з асабістага архіва.
Патапенка, В. Шлях бярозамі значаны : успаміны, эсэ, апавяданні : [успаміны пра А. Пісьмянкова] / Віктар Патапенка. — Мінск : Выдавец В. Хурсік, 2007. — 217 с.
У апавяданнях, успамінах, эсэ Віктара Патапенкі расказваецца пра Алеся Пісьмянкова – выдатнага Паэта і Чалавека, які пакінуў у прыгожым пісьменстве лаканічна-прачулыя, напоўненыя філасофскай ёмістасцю, светлыя вобразы Бацькаўшчыны і яе насельнікаў.
Аўтар кнігі вядзе чытача тымі сцяжынамі, якія некалі вывелі паэта на шырокі, высаджаны бярозамі, Белы Шлях, знаёміць з яго славутымі землякамі, апісвае любыя яму касцюковіцкія краявіды, зазірае ў глыбіню даўніны, адкуль ён клікаў у вершаваныя радкі сваіх продкаў-радзімічаў.