Біяграфія
Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся на Магілёўшчыне 18 лютага 1893 г. у невялічкай беларускай вёсачцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне ў мнагадзетнай сям’і селяніна Івана Гарэцкага. Бацька служыў панам, маці не цуралася любой вясковай работы.
М. Гарэцкі закончыў пачатковую школу граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, царкоўна-прыходскую ў Вольшы. Увосень 1908 г. прыехаў у Горкі, а праз год, пасля занятак з рэпетытарам, паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, хаця конкурс быў велізарны: толькі 25 месцаў пры 400 заявах.
Захапленне творчасцю беларускіх дэмакратычных пісьменнікаў ХІХ – ХХ ст. з цягам часу разбудзіла ў юнака прагу да самастойнай літаратурнай працы, якая пачалася з невялікіх нататак, допісаў, а потым фельетонаў, што друкаваліся на старонках "Нашай нівы" за подпісамі "М.Б.", "Беларус", "М. Беларус". У Горках у канцы 1912 г. М. Гарэцкі напісаў сваё першае апавяданне "У лазні", якое было надрукавана 26 студзеня 1913 г. у газеце "Наша ніва" пад псеўданімам "Максім Беларус". Пад тым жа псеўданімам у гады вучобы ён надрукаваў шэраг нататкаў, апавяданне "Стогны душы", драматычны абразок "Атрута". Поўнасцю сваё сапраўднае прозвішча аўтар паставіў толькі на кнізе "Рунь", якая была выдадзена ў 1914 годзе.
Улетку 1913 г. Максім Гарэцкі закончыў навучанне ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, атрымаўшы званне прыватнага каморніка-агранома, і паехаў на службу ў Віленскую губерню. У гэты пэрыяд ён напісаў: драматычную аповесць "Антон", у якой адным з першых у нацыянальнай літаратуры расказаў жорсткую праўду пра беларуса — нашага земляка ў штодзённым быцці, а таксама артыкулы "Наш тэатр" і "Развагі і думкі", у якіх выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, мовы, тэатра.
У ліпені 1914 года М. Гарэцкі быў залічаны салдатам у армію і адразу трапіў на фронт – разведчыкам і сувязістам артылерыйскай батарэі, быў цяжка паранены, затым лячыўся, вучыўся ў ваенным вучылішчы, зноў быў на фронце, хварэў. У арміі прабыў да 1917 года.
Франтавыя ўражанні і назіранні пісьменнік пазней выкарыстаў для напісання дакумэнтальна-мастацкай аповесці "На імперыялістычнай вайне". Шчырасць і праўдзівасць, уменне паказаць страшны твар праклятай вайны, яе ніколькі не прыфарбаванае, сурова-жудаснае аблічча — вось галоўныя вартасці гэтай кнігі.
Кастрычніцкую рэвалюцыю М. Гарэцкі сустрэў у Смаленску, дзе працаваў камендантам жыллёвага аддзела Смаленскага гарадскога Савета, шмат пісаў, друкаваўся ў газетах "Известия Смоленского Совета", "Дзянніца", "Вольная Беларусь". Разам з братам Гаўрылам выдаў "Руска-беларускі слоўнік" (1918) — першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт самаго пісьменніка ў галіне лексікаграфіі.
У жніўні 1918 г. працаваў у газеце "Звязда", рэдакцыя якой спачатку пераехала ў Мінск, а потым, у сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, у Вільню. Тут ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, у Віленскай беларускай гімназіі, працаваў рэдактарам-выдаўцом газеты "Беларускія ведамасці". У 1920–1921 гг. выйшлі першае і другое выданне "Гісторыі беларускай літаратуры", якое ў скарочаным выглядзе друкавалася і на польскай мове, у 1922 г. — "Хрэстаматыя беларускай літаратуры. ХІ век – 1905 год", дзе змешчаны яго пераклад "Слова об полку Игореве", прызнаны лепшым перакладам літаратурнага помніка на славянскія мовы.
У 1919 г. М. Гарэцкі ўзяў шлюб з Леанілай Чарняўскай — настаўніцай малодшых класаў Віленскай беларускай гімназіі. У іх нарадзілася дачка Галіна (1921), сын Леанід (1922), які загінуў у няпоўных 22 гады на фронце 18 лютага 1944 г. — у дзень нараджэння бацькі. На жаль, далейшы прамы працяг радаводу Максіма Гарэцкага абарваўся.
У студзені 1922 г. польскія ўлады арыштавалі Гарэцкага і пасадзілі ў адзіночную камеру ў Лукішкі, прад’явіўшы абвінавачванне "ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе", за што польскім заканадаўствам прадугледжваўся смяротны прысуд ці катарга. Суд не адбыўся, а пісьменнік, па яго словах, "са здзекам быў выкінуты з Вільні…".
У 1923 г. разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. Знаходзячыся ў савецкай Беларусі, выкладаў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у літаратурным і грамадскім жыцці. У студзені 1925 г. быў зацверджаны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры.
З 1 лютага 1926 года пачаў працаваць дацэнтам, а потым і загадчыкам кафедры беларусазнаўства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
У горацкі перыяд рупліва збіраў матэрыялы да "Камароўскай хронікі", у якой адлюстраваў лёс беларусаў ад часоў прыгону да савецкай рэчаіснасці. Займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: пераклаў "Разгром" А. Фадзеева, горкаўскія апавяданні "Канавалаў", "Чалкаш", "Камісараў" Ю. Лебядзінскага і інш.
У 1930 г. арыштаваны ў Мінску на падставе несправядлівага абвінавачання ў "контррэвалюцыйнай" дзейнасці. 10 красавіка 1931 г. М. Гарэцкага прыгаварылі да 5 гадоў высылкі ў Вятку (цяпер г. Кіраў). Але і ў турме ў Мінску, і потым у ссылцы ён не пакідаў пісаць: скончыў "Віленскіх камунараў", значна папрацаваў над "Камароўскай хронікай".
Пасля адбыцця тэрміну пакарання разам з сям’ёй жыў у п. Пясочная Кіраўскай вобласці, выкладаў рускую літаратуру і мову. У сваім апошнім незавершаным творы "Скарбы жыцця" пісьменнік паказаў трагізм становішча мастака ў таталітарнай дзяржаве.
У ноч з 3 на 4 лістапада 1937 г. яго арыштавалі, 21 снежня перавялі ў Вязьму. Праз 15 дзён, 5 студзеня 1938 г., адбылося пасяджэнне "тройкі" Кіраўскага аддзялення НКУС, якое пастанавіла "Горецкого Максима Ивановича расстрелять".
Потым яго сям'я атрымала паведамленне, што М. Гарэцкі памёр 20 мая 1939 г. у Комі АССР. На справе ж Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10 лютага 1938 г. у 15 гадзін у Вязьме... Да 45-годдзя заставалася 8 дзён.
Імя Гарэцкага разам з імёнамі іншых беспадстаўна абвінавачаных пісьменнікаў было выкраслена з гісторыі літаратуры, а яго творы, пахаваныя ў архіўных сховішчах.
Пасля доўгіх гадоў забыцця вярнулася да чытача, да беларускай культуры і навукі імя і творы Максім Гарэцкага. З’явіліся літаратуразнаўчыя манаграфіі, артыкулы, успаміны.
У 1993 г. па рашэнні сусветна вядомай арганізацыі ЮНЭСКА святкавалася стагоддзе з дня нараджэння нашага славутага земляка. Рэгулярна праводзяцца Гарэцкія чытанні — у Горках, Магілёве і Мінску. Імя пісьменніка ўшанавана ў назвах вуліц, устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі, працуе музей-сядзіба ў Малой Багацькаўцы.
Па словах народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, "…мы можам і павінны ганарыцца, што Максім Гарэцкі з’яўляецца ў нашай культуры постаццю еўрапейскай вышыні".
Крыніцы:
Гарэцкі Максім // Беларуская літаратурная спадчына : анталогія. У 2 кн. Кн. 1. / укладальнікі: С. А. Курбанава [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2011. — С. 626 : фота.
Гарэцкі, Р. Г. Ахвярую сваім "я" … (Максім і Гаўрыла Гарэцкія) : [навукова-папулярнае выданне] / Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі ; Акадэмія навук Беларусі, Камісія па гісторыі навукі. — Мінск : Беларуская навука, 1998. — 287с.: іл.
Творы
- "У лазні" (1912, надрукаваная ў Наша Ніве 25 студзеня 1913), першае апавяданне.
- "Антон" (1914, упершыню надрукована ў газеце "Гоман", 1918; асобна — у 1919), драматызаваная аповесць.
- "На імпэрыялістычнай вайне" (1926), ваенныя запіскі.
- "Вясна" (1914), апавяданне.
- "Літоўскі хутарок" (1915, надрукаваны ў газеце "Беларусь", 1920), апавяданне, першая спроба дзённікавага твора пра вайну.
- "Рускі" (1915), апавяданне.
- "Чарнічка" (1915), апавяданне.
- "Генерал" (1916), апавяданне.
- "Хадзяка" (1916), апавяданне.
- "На этапе" (1916), апавяданне.
- "Меланхолія", (урыўкі друкаваліся ў 1916), аповесць (незавершаная).
- "Ціхая плынь", аповесць (першы варыянт, "За што?", напісаны ў 1917–1918, быў надрукаваны ў газеце "Известия Смоленского Совета", 1918; урыўкі друкаваліся аўтарам у заходнебеларускім друку, асобныя выданні — 1926 і 1930). Называецца крытыкамі адзіным завершаным і скончаным ува ўсіх адносінах буйным творам Гарэцкага.
- "Дзве душы" (1918–1919, у газеце "Беларуская думка", чэрвень–ліпень 1919, першы раз асобна — Вільня, 1919), аповесць.
- "Фантазія" (1921), апавяданне.
- "Усебеларускі з'езд 1917-га году" (1922), апавяданне.
- "Чырвоныя ружы" (1922), драматычны твор.
- "Сыбірскія абразкі" (1926–1928, часткова выдадзеныя ў 1973), збор падарожных замалёвак.
- "Досвіткі" (1926), апавяданне.
- "Камароўская кроніка" (1930–1932–1937, апублікаваная 1966), раман-эпапея (незавершаны).
- "Меланхолія", аповесць.
- "У чым яго крыўда?" (1926), аповесць.
- "Жартаўлівы Пісарэвіч" (1922, 1927), п’еса.
- "Лявоніус Задумекус" (1931–1932), аўтабіяграфічны твор.
- "Віленскія камунары", раман–хроніка (рукапіс быў адасланы аўтарам у Мінск у жніўні 1934, першае выданне ў 1965).
Памяць
- Вершы прысвечаныя Максіму Гарэцкаму .
- З 1992 года рэгулярна праходзяць Гарэцкія чытанні.
- 15 студзеня 1993 г. у вёсцы Багацькаўка Мсціслаўскага раёна паводле загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і рашэння Мсціслаўскага раённага Савета народных дэпутата быў адкрыты Літаратурны музей Максіма Гарэцкага.
- У 1993 годзе да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага беларуская пошта выпусціла ў абарачэнне паштовую марку.
- З 1997 года дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх. Яго імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мсціславе, Горках і Мінску. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі.
- У 2007 годзе была адкрытая памятная дошка на будынку Віленскай беларускай гімназіі.
- У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята "Дажынкі" ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926–1928 гг. жыў Максім Гарэцкі, на доме была ўсталявана памятная дошка.
- 24 мая 2013 года ў горадзе Кіраве (Расія) на будынку былой Пясочанскай сярэдняй школы № 1 (цяпер у будынку размяшчаецца школа-інтэрнат для дзяцей з праблемамі слыху) была адкрыта памятная дошка. Таксама памятная дошка ўсталяваная ў Горках на вучэбным корпусе № 4. У гэтым корпусе працуе музей-кабінет М. Гарэцкага, а таксама яго імем названа вучэбная аўдыторыя.
- У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм'ера спектакля "Дзве душы" паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з'яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка.
Дакументы
Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і творчасці Максіма Іванавіча Гарэцкага:
- Багарадава, Т. Р. Філасофскія матывы быцця ў кантэксце беларускай "ваеннай" аповесці : [на прыкладзе твораў М. Гарэцкага] / Т. Р. Багарадава // Вестник Полоцкого Государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2010. — № 7. — С. 121—128.
- Баршчэўскі, Л. П. Максім Гарэцкі / Л. П. Баршчэўскі // Баршчэўскі, Л. П. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён : папулярныя нарысы / Л. П. Баршчэўскі [і інш.]. — Мінск, 2006. — С. 207—215.
- Васюченко, П. Что оно и откуда оно? : [о творчестве белорусского писателя Максима Горецкого] / Петр Васюченко // Неман. — 2013. — № 2. — С. 159—164.
- Гарэцкі, Р. Г. Інбелкульт і браты Гарэцкія / Р. Г. Гарэцкі // Институт белорусской культуры и становления науки в Беларуси : к 90-летию создания Института белорусской культуры : материалы Международной научной конференции, Минск, 8—9 декабря 2011 г. — Минск, 2012. — С. 372—377.
- Гілевіч, Н. Велічыня першага раду ; Ён ведаў свой народ ; Прывітальнае слова на ХІ-Х Гарэцкіх чытаннях / Ніл Гілевіч // Гілевіч, Н. Збор твораў. У 23 т. Т. 16. / Ніл Гілевіч. — Мінск, 2009. — С. 224—234.
- Губская, В. Асэнсаванне творчай спадчыны Максіма Гарэцкага ў навуковай дзейнасці Міхася Мушынскага / Вольга Губская // Роднае слова. — 2016. — № 1. — С. 22—24 : фота.
- Іофе, Э. Максім Гарэцкі — беларусазнаўца / Эмануіл Іофе // Роднае слова. — 2013. — № 2. — С. 6—12.
- Карп, А. Літаратурная крытыка Максіма Гарэцкага: канцэпцыя і рэалізацыя / Алена Карп // Полымя. — 2016. — № 1. — С. 135—141.
- Карский, Е. Ф. Максим Горецкий / Е. Ф. Карский // Карский, Е. Ф. Белорусы. В 3 т. Т. 3. Кн. 2. Очерки словесности белорусского племени / Е. Ф. Карский. — Минск, 2007. — С. 568—571.
- Лапіцкая, А. Месца на Парнасе / Алеся Лапіцкая // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 15 лютага. — С. 4 : фота.
- Ліўшыц, У. "Памножана будзе слава Айчыны…" / Уладзімір Ліўшыц // Узгорак. — 2012. — 17, 24, 31 мая. — С. 6.
- Максімовіч, В. Шляхам служэння Беларусі : [старонкі творчасці Максіма Гарэцкага] / Валерый Максімовіч // Роднае слова. — 2011. — № 3. — С. 10—14.
- Максімовіч, В. А. Шляхам служэння Беларусі / В. А. Максімовіч // Максімовіч, В. А. Шляхам спазнання існасці : літаратурны працэс другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стст. у постацях / В. А. Максімовіч ; навуковы рэдактар У. М. Конан. — Мінск, 2011. — С. 97—110.
- Марціновіч, А. Як газета сваццяй была : [дзякуючы "Звяздзе" класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай] / Алесь Марціновіч // Звязда. — 2017. — 20 ліпеня. — С. 1, 15 : фота.
- Марціновіч, А. Заўважаны Максімам Гарэцкім : [пісьменнік Сымон Хурсік] / Алесь Марціновіч // Полымя. — 2013. — № 8. — С. 162—173.
- Мішчанчук, М. На шляху да модульнага пісьма : [малая проза М. Гарэцкага] / Мікалай Мішчанчук // Літаратура і мастацтва. — 2011. — 15 красавіка. — С. 15.
- Мушынскі, М. Максім Гарэцкі і Якуб Колас : творчыя ўзаемадачыненні ў 20-я гады / Міхась Мушынскі // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : ХVІІ Гарэцкія чытанні (прысвячаюцца Году роднай зямлі ) : матэрыялы чытанняў, Мінск, 9 красавіка 2009 г. / рэдкалегія: Р.Гарэцкі [і інш.]. — Мінск, 2009. — С. 29—43.
- Мяснікоў, А. Ф. Максім Гарэцкі: лёс і трагедыя / А. Ф. Мяснікоў // Вестник БГСХА. — 2010. — № 1. — С. 213—216.
- Науменко, В. В. Горецкий Максим Иванович / В. В. Науменко // Науменко, В. В. Очерки истории образования Могилевщины / В. В. Науменко [и др.] ; Управление образования Могилевского областного исполнительного комитета. — Могилев, 2012. — С. 162.
- Радзіміч, К. Крокі гарэцказнаўства / Кастусь Радзіміч // Полымя. — 2008. — № 3. — С. 189—190.
- Рудкоўскі, М. Жыву і радуюся, і вы жывіце і радуйцеся / Мікалай Рудкоўскі // Магілёўскія ведамасці. — 2008. — 25 лютага.
- Саверчанка, І. Мастацкія і эстэтычныя дамінанты твораў Максіма Гарэцкага / Іван Саверчанка // Роднае слова. — 2012. — № 1. — С. 4—8.
- Сачанка, С. Моўныя пытанні ў публіцыстыцы Максіма Гарэцкага / Святлана Сачанка // Роднае слова. — 2011. — № 3. — С. 52—54.
- Сачанка, С. Мясцовая лексіка з твораў Максіма Гарэцкага і Барыса Сачанкі ў дыялектных слоўніках / Святлана Сачанка // Роднае слова. — 2011. — № 5. — С. 45—46.
- Тарасава, Т. М. Шляхі даследавання быцця чалавека ў мастацкай сістэме М. Гарэцкага / Т. М. Тарасава // Весці БДПУ. Серыя 1. — 2011. — № 3. — С. 63—67.
- Ярмоленка, А. Максім Гарэцкі і вусная народная творчасць / Алена Ярмоленка // Роднае слова. — 2008. — № 8. — С. 105—106.
Наверх