Доўга цягнуцца зімовыя досвіткі. За вокнамі цёмна і лютая сцюжа, а ў сцюдзёнай хаце невясёла гарыць цямнявая лучына, нудна трынкаюць марудныя верацёны. Да свету яшчэ далёка-далёка!
Не пяюць удосвецця песень, і маўклівыя праллі толькі ціха думаюць свае ціхія досвітныя думы.
Але бяссонны дзядуля, размачыўшы лыкі і сеўшы ў кажусе на калодачку пасярод хаты, любіць гэтым часам развеяць сонны сум у маладых сваімі пераказамі аб розных прыгодах з даўняе мінуўшчыны.
Пляце дзядуля старадаўнія плятні і любіць іх, як свае лапці, а ўжо яго старэйшы ўнук, яшчэ і не дзяцюк, а толькі ладны хлопчык, што ні ў вошта, аднак, ставіць лапці перад ботамі, ужо ён не можа ўцерпець — і перабівае ціхую стройную плынь казання і слухання. Бунтуецца яго маладое сэрца супроць незразумелай для яго пакоры панскіх падданых.
— А каб на мяне, — кажа ён дзеду, — то ўзяў бы я добры кол, прыпільнаваў бы пана дзе-небудзь у зручным куточку ды так бы свіснуў яго па ўху, што ён бы і сваіх не пазнаў! Не стаў бы другі раз сячы людзей.
— Эх, братка ты мой, братка! — усміхаецца на ўнука дзед. — Няўжо ж ты гэтак любіш біцца? Ці табе, такому маладому, так казаць! Брыдка гэта — біцца... Але быў у нас адзін: бывала, як яго сячы, возьме кол, стане ў кут і не даецца. «Палезьце толькі! Першаму, кажа, растаўку мазгаўню». А потым уцячэ ў лес і бадзяецца дзён дзесяць. Але што ж? Недзе ж яму дзецца — вернецца сам або яго зловяць. Схопяць знянацку, звяжуць, пакладуць на ўслоне, пара людзей сядуць на ногі, пара на галаву, а трэцяя пара з двух бакоў так адлупцуюць беднага, што пасля яшчэ дзён колькі ляжыць ды стогне...
— Каб усе не даваліся, як ён, то не абсеклі б!
Дзед толькі засмяецца і кажа далей перарваную гісторыю.
— А каб на мяне, — зноў замінае дзеду ўнук, — узяў бы я карабочак сернікаў і добры пук саломы, выбраў бы я цёмную восенную ночку і так бы засвяціў у панскім двары, што пан той і сваіх бы не пазнаў.
— Эх, братка ты мой, братка! — усміхаецца дзядуля. — Лацвей табе цяпер казаць, — не тое было ў даўні час. Быў у нас гэткі адзін. Бывала, як толькі восень — гарыць гумно ў нашага пана. Згарэла раз, паставіў цераз год другое. Згарэла і тое, паставіў трэцяе. А пасля прыехалі к пану казакі, сагналі ўсіх людзей у двор, выбралі ад кожных дзесяці сем'яў па чалавеку, разлажылі іх голых на таку ў гумне. Прыйшоў пан, запаліў свечку ўвелькі з добрую качалку і ну па радоўцы падсмальваць задраныя бароды, дый пытаецца: «Не ведаеш, цераз чый грэх спалілася гуменца ў твайго пана?» — «Ой паночку, змілуйцеся, не ведаю». Абышоў усіх, а ляжалі ў два рады, як снапы, — і ніхто не ведае... «Ну, то, кажа, як вы такія святыя, што ніхто з вас не мае грэху, — царства вам нябеснае!» Выйшаў з казакамі за вароты, сказаў заперці там нягрэшных і запаліць, і гэтае гумно... Божухна—бацюхна! Пан багаты, што яму значыць спаліць гумно (пустое, без хлеба) і страціць сотні дзве падданых, калі ў яго лесу таго за колькі дзён вокам не скінуць, а падданых не адна тысяча. Завылі ўсе людцы, што стаялі ў вокнах, кінуліся да пана, але не з коллем, а з гаручымі слязьмі, каб не губіў невінаватых. Плачуць, галосяць, поўзаюць наўкол пана па зямлі, як ракі або чэрві. «Запальвайце! — крычыць пан. — Мае людзі, мой адказ!» Хацелі ўжо казакі паліць, аж крычыць з гумна адзін: «Мой грэх!» Выпусцілі ўсіх, а яго звязалі, павезлі некуды скрозь ноч. Дзейкалі ў нас людзі, што спаліў яго пан у лесе. Можа — праўда, можа — не, толькі ўжо ён прапаў недзе навекі, ніколі не вярнуўся. А начальству пан сыпнуў грошы, каб не слухала людскіх дзейканняў і не шукала чалавека. Сам жа пан быў і начальнік...
— Каб усім кагалам кінуліся на пана, то не прапаў бы чалавек, — спіраецца задуманы хлапец.
— Эх, братка ты мой, братка! — ківае галавою дзед. — Паглядзім што-то ўжо будзе з вас, маладых ды бойкіх.
Маўчыць тады, бывала, малады ўнук.
І так цягнуцца доўгія-доўгія зімовыя досвіткі... Да свету яшчэ далёка, і кажа дзед, як загінуў малады Васіль, што кахаў харошую дзяўчынку—немку і любіў яе маляваць, і як звялася па смерці дзедавага дзеда багатая пчэльня, і як трасла дзедавага дзядзьку трасца, здаўшыся яму начою ў лесе нямою бабаю...
— Не ймецца веры, дзедку, у тое, што ты кажаш, — усміхаецца нарэшце такі і ўнук. — Трасца не можа здацца бабаю, бо гэта ёсць толькі хвароба.
— Можа і так, — пакорна згаджаецца дзядуля, — а людзі кажуць, і я кажу... Мне самому нічога ніколі не здавалася. Вам жа, маладым, лепей тое ведаць, што вам у школе кажуць, а нам, цёмным, што... Што мы ведаем?
— Як чалавек хворы, дык яму тады здаецца ў хворых мазгах... — спяшаецца ласкавей сказаць унук, бо цяпер жаль ён чуе да свайго цёмнага, пакорнага дзядулі...