Біяграфiя Творы на беларускай мове Творы на рускай і замежнай мовах Літаратурна-крытычныя матэрыялы Галерэя



... Людзі зямлі павінны ведаць, ад якой небяспекі яны пазбавіліся
і якой цаной дасталося ім гэта збавенне.
В. Быкаў

Творы Васіля Быкава на беларускай мове

 

Быкаў, В. У. Поўны збор твораў. У 14 т. / В. У. Быкаў. — Мiнск : Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2005.

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924-2003).
Падчас укладання тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праект выдання свайго 8-томнага Збору твораў. У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці "Афганец" (1998 г.), "Ваўчыная яма" (1998 г.), а таксама апавяданні і прыпавесці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.


 

Быкаў, В. У. Збор твораў. У 6 т. / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992.

Васіль Быкаў ніколі не прыхарошваў ваенную і даваенную рэчаіснасць. Многія творы яго гучалі і гучаць як набат, як папярэджанне пра трагедыі, якія могуць спасцігнуць чалавецтва на зямлі. I ён мае права на такую жорсткую і бязлітасную праўду. Ён яе выпакутаваў на вайне, перажыў сам, калі служыў у пяхоце і артылерыі, калі ратаваўся ад пякельнага агню снарадаў і куль. Таму для яго ружовая і падфарбаваная, падсалоджаная праўда непатрэбная. Ён смела ідзе на абвастрэнне з уладамі, якія не заўсёды прымаюць такую праўду, якая так яскрава адлюстравана ў яго творах.


 

Быкаў, В. У. Выбраныя творы / В. У. Быкаў. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2004. — 672 с. — (Беларускі кнігазбор).

"Выбраныя творы" класіка сусветнай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924—2003) склалі аповесці "Трэцяя ракета", "Знак бяды", "Аблава", а таксама апавяданні, прыпавесці, публіцыстычныя выступленні і ўспаміны.


 

Барадулін, Р. Калі рукаюцца душы... : паэзія з прозай / Р. Барадулін, В. Быкаў ; мастак А. Баркоўскі. — Мінск : Кніга, 2003. — 343 с.
Арыгінальнае выданне прапануюць майстры беларускай літаратуры Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Кніга, складзеная з прыпавясцяў і вершалістоў — гэта мазаічны аўтапартрэт беларускай душы — яе каштоўнасцяў, набыткаў і стратаў. Бліскучая, насычаная тонкай іроніяй проза і раздумная паэзія — раскрываюць глыбокую любоў да Бацькаўшчыны і яе лёсу.


 

Быкаў, В. У. Аповесці. Апавяданні / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. — 285 с. — (Бібліятэка школьніка).

Васіль Быкаў належыць да тых беларускіх пісьменнікаў, якія атрымалі сусветнае прызнанне. Яно забяспечана глыбінёй адлюстраванай выдатным мастаком праўды пра чалавека на крутых гістарычных перавалах, праз якія прайшла наша краіна ў бурлівым XX стагоддзі.
У кнігу народнага пісьменніка (1924—2003) увайшлі аповесці "Аблава", "Пакахай мяне, салдацік", а таксама апавяданні "Сваякі", "Адна ноч", "Круты бераг ракі", "Жоўты пясочак".


 

Быкаў, В. У. Альпійская балада. Дажыць да світання : аповесці / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. — 333 с. — (Бібліятэка школьніка).

У кнігу народнага пісьменніка Беларусі Baciля Быкава (1924—2003) увайшлі аповесці "Альпійская балада" i "Дажыць да світання" пра цяжкія франтавыя будні i лес чалавека на вайне.


 

Быкаў, В. У. Бліндаж : аповесці / В. У. Быкаў. — Мінск : Выдавец Віктар Хурсік, 2007. — 192 с. — (Бібліятэчка часопісу "Дзеяслоў").

У кнігу класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава ўвайшлі творы, невядомыя беларускаму чытачу. Аповесць "Бліндаж" была апублікаваная ў часопісе "Дзеяслоў" толькі ў 2006 годзе, а аповесць "Апошні баец" друкавалася толькі ў газеце "Чырвоная змена" ў 1958 годзе. Абодва творы яднае тое, што дзеянне ў іх адбываецца напачатку Вялікай Айчыннай вайны.

     
 

Быкаў, В. У. Воўчая зграя : аповесць / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. — 144 с.

Трое партызан у час блакады трапляюць у складаную сітуацыю. Пасля жорсткай сутычкі з ворагам жывы застаецца толькі адзін, які робіць амаль немагчымае — выратоўвае маленькае дзіця...

     
 

Быкаў, В. У. Гарадзенскі архіў : невядомыя творы (1957—1972). Незавершанае. Нататнікі / В. У. Быкаў ; [укладанне, уступнае слова і каментарыі С. Шапран]. — Гародня [Гродна] : Wroclaw : [б. в.], 2012. — 444, [1] с., [12] л. іл. — (Гарадзенская бібліятэка). 

Гэта не зборнік невядомых твораў Васіля Быкава ў звычайным разуменні — гэта першае цалкам архіўнае выданне народнага пісьменніка Беларусі, куды ўвайшлі яго раннія творы, напісаныя больш паўстагоддзя таму, што ніколі дасюль не друкаваліся: аповесць, апавяданне, прыпавесці, кінасцэнарый па аповесці "Сотнікаў", а таксама незавершаная аўтабіяграфія. Тут жа прадстаўлены пераклад на рускую мову аповесці "Апошні баец", які дазваляе выявіць зробленыя падчас першапублікацыі ў 1958 г. у газеце "Чырвоная змена" скарачэнні і такім чынам узнавіць раннюю рэдакцыю першай аповесці В. Быкава. Значную частку кнігі складаюць незавершаныя творы і запісы з нататнікаў, якія сам пісьменнік называў "голымі ідэямі" і якія даюць пэўнае ўяўленне пра "творчую кухню" Быкава ў гарадзенскі перыяд і пра тую велізарную працу, якая папярэднічала таму, што пасля крытыка назвала "быкаўскай аповесцю".

     
 

Быкаў, В. У. Дажыць да світання / В. У. Быкаў ; [аўтар прадмовы Д. Я. Бугаёў ; мастак Г. Г. Паплаўскі]. — Мінск : Юнацтва, 1990. — 494 с., [1] л. партр. — (Школьная бібліятэка).

У кнігу народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы ўвайшлі яго шырока вядомыя творы "Альпійская балада", "Дажыць да світання", "Сотнікаў", "Абеліск".

     
 

Быкаў, В. У. Доўгая дарога дадому : кніга ўспамінаў / В. У. Быкаў. — Мінск : Книга, 2002. — 544 с.

Гэта кніга - успаміны народнага пісьменыгіка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў яго багатага падзеямі жыцця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадска-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменніка, выказвае думкі адносна будучага развіцця краіны.

     
 

Быкаў, В. У. Знак бяды ; Ваучыная яма : аповесці / В. У. Быкаў ; [прадмова М. Тычыны]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. — 350 с. — (Школьная бібліятэка).

Аповесці "Знак бяды" i "Ваучыная яма" характарызуюць якасна новы этап у творчасці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924-2003).
У аповесці "Знак бяды" аўтар піша пра трагічны лес жыхароў хутара Яхімоўшчына — Сцепаніды i Петрака Багацькаў. У жыцці гэтых людзей адлюстраваліся тыя нягоды, якія выпалі на долю беларускага народа, яго барацьба з фашысцкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

     
 

Быкаў, В. У. Кар'ер / В. У. Быкаў. — Мiнск : Мастацкая літаратура, 1987. — 301 с.

У рамане ўзнаўляюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Галоўны герой твора, камандзір Чырвонай Арміі Агееў па волі франтавога лёсу апынаецца ў невялікім мястэчку на поўдні Беларусі. Цяжка паранены, ён змушаны пайсці ў падполле, каб зноў змагацца з фашыстамі.
У творы падзеі 1941 года пераплятаюцца з сучаснасцю і яе няпростымі праблемамі, якімі так ці інакш вымушаны займацца Агееў.

     
 

Быкаў, В. У. Круглянскі мост. Сотнікаў / В. У. Быкаў ; прадмова М. Тычыны. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. — 334 с. — (Школьная бібліятэка).

У кнігу народнага пісьменніка Беларусі В. Быкава (1924—2003) увайшлі аповесці "Круглянскі мост" i "Сотнікаў", у якіх адлюстраваны трагічныя старонкі ў лёсе нашага грамадства i людзей, маральна-этычныя праблемы.

     
 

Быкаў, В. У. Крыжовы шлях : артыкулы, эсэ, інтэрв'ю, выступленнi / В. У. Быкаў. — Мінск : Гронка, 1998. — 288 с.

У кнізе публіцыстыкі "Крыжовы шлях" народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў глыбока асэнсоўвае мінулае роднага краю, усхвалявана і заклапочана гаворыць пра сённяшні дзень беларусаў, пра лёс Айчыны.

     
 

Быкаў, В. У. Пайсці і не вярнуцца : аповесці / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. — 264 с., [8] л. іл.

У цікавую кнігу В. Быкава ўвайшлі дзве аповесці: "Яго батальён" i "Пайсці i не вярнуцца".
Вайна i мараль, вайна і асоба — вось тыя кардынальныя праблемы, якія знайшлі ўвасабленне i ў новых аповесцях Васіля Быкава. Гepoi гэтых твораў здзяйсняюць не толькі подзвігі на вайне, але і паказваюць найвыдатнейшыя маральныя якасці гуманістаў, людзей нашага грамадства.

     
 

Быкаў, В. У. Пакахай мяне, салдацік : аповесці, апавяданні / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 572 с.

Васіль Быкаў — агульнапрызнаны майстар такога жанру празаічнай творчасці, як аповесць. Апошнім творам у гэтым накірунку з'явілася аповесць "Пакахай мяне, салдацік". Яна вылучаецца тым, што, у адрозненне ад ранейшых твораў, у ёй В. Быкаў надае значную ўвагу вобразу жанчыны. 

     
 

Быкаў, В. У. Парадоксы жыцця : аповесць, апавяданне, прыпавесці / В. У. Быкаў. — Мінск : Беллітфонд, 2004. — 288 с.

У кнігу Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924-2003) склалі напісаныя ў апошнія гады жыцця творы, якія асобным выданнем выходзяць упершыню.
Яго лес - няскорная барацьба з жыццёвымі парадоксамі.
Барацьба з галодным дзяцінствам на ўрадлівай вушацкай зямлі, лепшых працаўнікоў якой беспадстаўна знішчалі: ці ў НКВД, ці ў сібірскай высылцы.

     
 

Быкаў, В. У. Праўдай адзінай :  літаратурная крытыка. публіцыстыка, інтэрв'ю / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 262 с., 12 л. іл.

Кнігу складаюць літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы і выступлении, інтэрв'ю, эсэ народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Васіля Быкава. Яны прысвечаны тэме, якая стала галоўнай для пісьменніка,— тэме: літаратура і вайна, і выклікаюць гэткую ж жывую цікавасць, як і яго мастацкія творы.

     
 

Быкаў, В. Салдацкі лёс : аповесці, апавяданні / Васіль Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. — 304 с.
У кнігу увайшлі аповесці і апавяданні, якія паказваюць нялёгкі салдацкі лёс у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя творы сталі класікай беларускай літаратуры.

     
 

Быкаў, В. У. Сцюжа : аповесць / В. У. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. — 176 с.

Аповесць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава "Сцюжа" пра перадвайну і вайну, пра лёс нацыі, пра вытокі той бездухоўнасці, у якой цяпер апынулася наша грамадства. Напісана вострасюжэтна, глыбока псіхалагічна, з даверам да чытача.
Чытаючы "Сцюжу", чысцееш душой і смутнееш сэрцам. Як у антычнай трагедыі, праходзіш катарсіс. Вабіць і мова твора — натуральная, шматпланавая.

     
 

Быкаў, В. У. Сцяна / В. У. Быкаў. — Мінск : Наша Нива, 1997. — 384 с.

Кніга народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава "Сцяна" складаецца з празаічных твораў апошніх гадоў.
Васіль Быкаў у новай кнізе прозы паказвае, наколькі немагчыма, але наколькі важна на самых фатальных этапах гісторыі захоўваць чалавечнасць, прыстойнасць, годнасць. Псіхалагічныя сітуацыі ў крытычных абставінах становяцца напружанымі сюжэтамі, а дакладныя характарыстыкі самых розных чалавечых тыпаў змушаюць чытача ўвесь час адчуваць сваю прысутнасць сярод быкаўскіх пэрсанажаў і рабіць уласны маральны выбар.

     
 

Быкаў, В. Трэцяя ракета. Здрада : аповесці / Васіль Быкаў. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1962. — 226 с.
Васіль Быкаў піша ў гэтых аповесцях пра вайну, пра мужнасць простага савецкага салдата, якому выпала на долю выстаяць у адзінаборстве з нямецкім, фашызмам.
Яго героі — артылерысты, што сваім агнём знішчалі нямецкія танкі, прыкрывалі сваю пяхоту.
Драматызм падзей, напружанасць дзеяння і выключнасць абставін, у якія трапляюць яго героі, — усё гэта робіць творы В. Быкава цікавымі і захапляючымі.

     
 

Быкаў, В. У тумане : аповесці / В. У. Быкаў ; [мастак Г. П. Сянькоўскі]. — Мінск : Юнацтва, 1995. — 464 с. — (Школьная бібліятэка).

Аповесць Васіля Быкава "У тумане" прысвечана партызанам. Разведчыкі Бураў i Войцік павінны абясшкодзіць чалавека, які быццам служыць фашыстам. Пра гэты цяжкі паход i расказваецца ў творы.
Трагічны лёс селяніна Хведара Роўбы у гады сталінскіх рэпрэсій пакладзены ў аснову аповесці "Аблава".

На выставе прадстаўлены кнігі вядомага беларускага пісьменніка В. Быкава з фондаў УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".