Біяграфiя Творы на беларускай мове Творы на рускай і замежнай мовах Літаратурна-крытычныя матэрыялы Галерэя

 

Васіль Уладзіміравіч Быкаў
19 чэрвеня 1924 — 22 чэрвеня 2003

"Быць самім сабой, выявіць сваю чалавечую існасць,
стаць узорам годных паводзін для іншых -
у гэтым бачыць высокі кодэкс чалавечнасці пісьменнік Васіль Быкаў".

М. Тычына

Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў другой палове XX стагоддзя, самую шырокую вядомасць атрымаў Васіль Быкаў. Ён стаў упоравень з нашымі вялікімі класікамі - Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім... Іх традыцыі ён працягваў і ўзбагачаў у новых гістарычных умовах. Выдатныя творы Васіля Быкава выходзілі больш чым на пяцідзесяці мовах планеты. Яны забяспечылі яму сусветнае прызнанне. I гэта не было выпадковай удачай. Пісьменнік, надзелены магутным талентам і бескампраміснай сумленнасцю, упарта дакопваўся да праўды народнага жыцця, ад паказу якой свядома не адступаўся ніколі. I зусім натуральна, што вызначальнай, арганічна-глыбіннай асаблівасцю быкаўскіх твораў з'яўляецца іх народнасць. У1980 г. яму было афіцыйна прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі. Народнасць у Быкава вылучалі і славуты акадэмік Андрэй Сахараў, і самыя праніклівыя даследчыкі літаратуры. Алесь Адамовіч падкрэсліваў, што народнасць ёсць у самім быкаўскім поглядзе на жыццё, у яго ўспрыманні рэчаіснасці.


В. Быкаў на 2-м Украінскім фронце.
1944 г.

Нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч Быкаў 19 чэрвеня 1924 года. Яго радзіма - невялічкая вёска Бычкі на заходняй ускраіне Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. "Цяпер у маіх Бычках два дзесяткі самотных хатаў, палова з якіх стаяць пустыя. У астатніх дажываюць свой век нямоглыя пенсіянеры", - згадваў пісьменнік у сваёй спавядальнай і развітальнай кнізе-біяграфіі "Доўгая дарога дадому" (2002).
Бацькі Васіля Быкава - тыповыя беларускія сяляне. Яны вызначаліся сваёй працавітасцю, але добрай долі не мелі, хоць і пражылі працяглае жыццё. Маці (Ганна Рыгораўна) памерла на 90-м годзе жыцця - восенню 1984-га. Бацька (Уладзімір Фёдаравіч) пражыў 78, ён памёр у снежні 1966-га. Матэрыяльныя нястачы ў дзяцінстве на мяжы выжывання вярэдзілі душу Васіля Быкава працяглы час, па сутнасці, яны не забываліся ніколі.
Пачатковую адукацыю Васіль атрымаў у родных Бычках і недалёкай Слабодцы, а з пятага класа працягваў вучобу ў Кублічах - добра вядомым у гісторыі Беларусі мястэчку за тры кіламетры ад Бычкоў. У Кублічах Быкаў закончыў дзевяць класаў і паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе спачатку плацілі ладную, па ўяўленнях вясковага юнака, стыпендыю. А калі яе адмянілі, Васіль падаўся ў Віцебскую школу фабрычна-заводскага навучання (ФЗН), у якой рыхтавалі кваліфікаваных рабочых-будаўнікоў (бетоншчыкаў-арматуршчыкаў). Там "кармілі, давалі прытулак у інтэрнаце, а пасля яшчэ пачалі і апранаць", - успамінаў пісьменнік. У час вайны (1942) ён у г. Аткарску Саратаўскай вобласці закончыў яшчэ адну школу ФЗН, ужо чыгуначнага профілю.

Пасля Віцебскай школы ФЗН юнака накіравалі на Украіну - у г. Шостку (Сумская вобласць). Там у Быкава былі сваякі, у якіх ён спадзяваўся знайсці прытулак, а ў дадатак песціў думку экстэрнам здаць экзамены за сярэднюю школу (хлопец трохі вучыўся ў дзесятым класе ў Кублічах) і паступіць у Шосткінскі індустрыяльны інстытут. На Украіну ў чэрвені 1941 г. Васіль Быкаў яшчэ заехаў, але нічога са сваіх планаў не ажыццявіў, бо напад гітлераўцаў на савецкую краіну ўсё перайначыў. I Быкаву па ваенкаматаўскай мабілізацыі давялося капаць супрацьтанкавыя равы, ствараць іншыя абаронныя рубяжы, удзельнічаць у жорсткіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце.
Мабілізаваным Быкаў заставаўся да канца 1941 года. Але па сваім узросце ён пакуль не падлягаў прызыву на абавязковую ваенную службу і таму з армейскіх шэрагаў яшчэ звальняўся. Да вясны 1942 г. хлопец жыў у калгасе на Саратаўшчыне, потым быў у той школе ФЗН, дзе рыхтавалі рабочых-чыгуначнікаў. У жніўні 1942 г. Быкава прызвалі на абавязковую ваенную службу. I ён трапіў у запасны полк пад Тацішчавам (Саратаўшчына), а з верасня 1942 г. па кастрычнік 1943-га займаўся ў Саратаўскім пяхотным вучылішчы. Атрымаў званне малодшага лейтэнанта і быў накіраваны на фронт. Ваяваў ужо да Перамогі. Быў двойчы цяжка паранены, яшчэ адно раненне было параўнальна лёгкае, перанёс і сур'ёзную кантузію. А пасля бою пад Севярынкай на Кіраваградчыне (студзень 1944 г.) яго ўвогуле палічылі забітым і афіцыйнай "пахаронкай" паведамілі пра гэта бацькам. Але добрая доля тады, як і ў мностве іншых скрутлівых выпадкаў, зберагла Быкава. I ён яшчэ і пасля Перамогі з невялікім перапынкам, які прыпадае на 1947-1948 гг. быў на армейскай службе, аж да сярэдзіны 50-х гадоў. Канчатковае звальненне ў запас адбылося ў 1955 г.
Быкаў на доўгі час трывала асталяваўся ў Гродне, працаваў у абласной газеце "Гродзенская праўда" ў якасці журналіста, стыль рэдактара, літсупрацоўніка і літкансультанта. Пасля першай дэмабілізацыі Быкаў жыў тут у 1947-1948 гадах. Ён зарабляў свой кавалак хлеба мастаком мастацкіх майстэрняў. У 1972-1978 гг. быў сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1978 г. Васіль Уладзіміравіч, які ўжо стаў славутым пісьменнікам, пераехаў у Мінск, дзе пражыў 20 гадоў. А потым была Швецыя (з красавіка па май 1998 г.), Фінляндыя (чэрвень-снежань 1999-га), Германія (люты 2000 - снежань 2002-га). У выніку анкалагічнай хваробы стан пісьменніка пагоршыўся, і 27 сакавіка 2003 г. яму ў Празе (Чэхія) зрабілі аперацыю. Здавалася, што справа ідзе на папраўку. I праз два тыдні шпітальнага лячэння Васіль Быкаў выпісаўся з пражскай бальніцы. Ён вылецеў у Мінск 23 мая 2003 г. як быццам для таго, каб працягнуць лячэнне ў Бараўлянах. Але на самай справе ён добра разумеў, што ратунку для яго ўжо няма. I ў Беларусь ён вяртаўся, каб легчы ў родную зямлю. Памёр выдатны пісьменнік 22 чэрвеня 2003 г. Ягоная смерць вялікім душэўным болем адгукнулася ў сэрцах мільёнаў беларусаў і шматлікіх людзей у многіх краінах свету. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Узнагароды

Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць "Трэцяя ракета"), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці "Абеліск", "Дажыць да світання"), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978), за аповесці "Воўчая зграя", "Яго батальён"), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць "Знак бяды"). У 1980 атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.
Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2003, пасмяротна).

Ушанаванне памяці

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.
У г. Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка па вуліцы Суворава, 15, на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 (у гэтым будынку з 1923 па 1941 знаходзілася Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе з 1939 па 1940 вучыўся Васіль Быкаў). Мемарыяльная дошка вырабленая з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой змешчаны партрэт пісьменніка і бусел, як сімвал Беларусі. На дошцы надпіс на беларускай мове: "У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў". Аўтарамі кампазіцыі з'яўляюцца віцебскія скульптары, члены Беларускага саюза мастакоў Валерый Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў.


Сакратарыят газеты "Гродзенская праўда". Злева на прва М. Аўчароў, В. Быкаў, А. Салаўёў, А. Кіркевіч. 1949 г.

Творчая біяграфія пісьменніка

Раннія апавяданні, як і многія пазнейшыя творы Васіля Быкава, прысвечаныя падзеям вайны. Першыя апавяданні былі надрукаваныя ў часопісе "Вожык" (1947, "Дапякло"), газеце "Гродзенская праўда" (1949, "У першым баі"). Але сам Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні "Смерць чалавека" і "Абознік". Іх ён даслаў на водгук М. Лынькову. Нягледзячы на ўдалы творчы дэбют, Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура — яго жыццёвае пакліканне. З героя апавядання "У першым баі" Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі — маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам.
Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці "Трэцяя ракета" (1961). Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці "Пастка" (1962), "Альпійская балада" (1963), "Праклятая вышыня" (1968). Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрымальна ставілася да бескампрамісных аповесцяў Быкава пра вайну. Адзін з найлепшым яго твораў "Мёртвым не баліць" (1965) убачыў свет у той час толькі ў часопісах "Маладосць" і "Новый мир" дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. Быкава абвінавачвалі, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў былі арганізаваныя калектыўныя лісты "незадаволеных" быкаўскім адлюстраваннем падзеяў вайны. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва "Мастацкая літаратура" і яго дырэктар М. Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць "Мёртвым не баліць" у збор твораў Быкава, М. Суслаў, а пасля М. Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і любыя размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. Грамадская думка перамагла: аповесць была ўключаная ў 4-ы том збору твораў пісьменніка.


На Беларусьфільме. У час мантажу фільма "Воўчая зграя" з рэжысёрам Б. Сцяпанавым. 1971 г.

У 1970-я гады Быкаў працягвае цыкл аповесцяў на ваенную тэму: "Сотнікаў" (1970), "Абеліск" (1971), "Дажыць да світання" (1972), "Воўчая зграя" (1974), "Яго батальён" (1975). У партызанскім цыкле аповесцяў ("Круглянскі мост" (1968), "Пайсці і не вярнуцца" (1978), "Знак бяды" (1982) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупаванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці "Знак бяды", гэтую ж тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці "Аблава".
Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 1980-я гады. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўнена сцвярджаў ў сваіх творах. У рамане "Кар'ер" (1985) паяднаныя сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці "У тумане" (1988). "Аблава" (1989) мае рэальную жыццёвую аснову. Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым.

У 1990-я гады В. Быкаў зноў звяртаецца да апавядання: "На чорных лядах", "Бедныя людзі", "Жоўты пясочак", "Зенітчыца", "Палкаводзец", "Палітрук Каламіец", "Падоранае жыццё". Аповесць "Пакахай мяне, салдацік" (1996) тэматычна звязаная з цыклам "ваенных" апавяданняў. Аповесць "Ваўчыная яма" (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць у аповесці "Балота" (2001).
Васіль Быкаў — аўтар "баек жыцця" з філасофска-алегарычным зместам: кнігі прозы "Сцяна" (1997), "Пахаджане" (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную з Р. Барадуліным кнігу "Калі рукаюцца душы" (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга "Дажыць да зялёнай травы" (2008), якую В. Быкаў і Р. Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960. У гады перабудовы В. Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв'ю склалі зборнікі "На крыжах" (1992) і "Крыжовы шлях" (1998). Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў "Доўгая дарога дадому" (2002).
Адной з апошніх прац В. Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 "Цярновы шлях", якія пазней увайшлі ў кнігу "Грамадзянін свету" (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога В. Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.
Але і пасля смерці Васіля Быкава з'яўляюцца на старонках друку невядомыя беларускаму чытачу творы. У кнігу "Бліндаж" (2007) увайшлі аповесці "Бліндаж" (1987) і "Апошні баец" (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік.

Па творах Васіля Быкава пастаўлены кінафільмы "Трэцяя ракета" (1963), "Альпійская балада" (1966), "Дажыць да світання" (1975), "Воўчая зграя" (1976), "Абеліск" (1977), "Узыходжанне" (1977, паводле "Сотнікава", рэжысёр Ларыса Шапіцька), "Знак бяды" (1985), "У тумане" (2012), кароткаметражны фільм "Пастка", тэлефільм "Доўгія вёрсты вайны" (1976, паводле аповесці "На ўсходзе сонца").

Крыніцы:

Бугаёў, Дз. Праўда пра мужнасць беларусаў – на ўвесь свет / Дз. Бугаёў // Семнаццатай вясной : зборнік сучаснай беларускай прозы і крытыкі / уклад.: Л. Алейнік, М. Мінзер. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2010. – С. 8–21.
Лявонава, Е. А. Васіль Быкаў : нарыс жыцця і творчасці / Е. А. Лявонава // Полымя. – 2005. – № 8. – С. 166—182.
Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. — 2-е выданне, дапрацаванае. — Мінск : Литература и Искусство, 2009. — 344 с.

 

Інтэрнэт-рэсурсы

Васіль Быкаў на сайце "Вікіпедыя"

Васіль Быкаў на сайце "Хронос"

Васіль Быкаў на сайце "Библиотека Мошкова"