ИСТОРИЯ ШЕСТАЯ

ЖИТЬЁ-БЫТЬЁ

РЕПОРТАЖИ ИЗ "НАШЕЙ НИВЫ"

Стилистика и правописание того времени сохранены.

Наша Нива. 1906

Магілёўская губерня.
Месяцы тры таму назад у пана Казлоўскаго ў Заходах вада знесла мельничны стаў. Возеро заливало мужицкие сенажаци, и Казлоўски плациў за гэта заходским мужыкам сто рублёў па ўгавору, зробленаму шмат гадоў таму назад. Цяпер, кали стаў знясло, мужыки патрэбовали ад Казлоўскаго ци саўсим не затапляць их сенажаци, ци набавиць цэну за яе, бо цяпер яна каштуе больш, як раней. Казлоўски не паслухаў и пачаў рабиць новы стаў. Тагды мужыки усей грамадой прыйшли да яго и разбурыли работу, а работникоў разагнали. Казлоўски пожалиўся губэрнатору, и той прыслаў спраўника з 22 стражниками.
Спраўник дапытаўся, хто бурыў стаў, прыказаў схапиць тых и высеч. Секли и старых, и маладых – хто тольки быў ля ставу. Папала и двум бабам, што надта галасили, як секли их дзядоў. Многа мужыкоў пахавалося па лясох и гэтым абаранилися ад нагаек. Кажуць, што иншым з мужыкоў нагайками павысекли вочы и паламали руки. Пад канец 8 пабитых мужыкоў арыштовали и павяли у Горки ў турму.

Наша Нива. 1907

Магілёў.
13 юня 600 мужыкоў з вёски Запоточье, Быхоўскаго павету, пабраўшы вилки, сякеры и колья, кинулися на спраўника, стражникоў и мужыкоў вёски Оленино, як тые приступили – папраўляць гаць кале млына. Яны думали, што як паправяць гаць мужыки вёски Оленино, дык яны забяруць и сам млын, за каторы у их ўжо даўно идзе спор. Пры гэтым спраўника моцна пабили каменьями, адзин стражник цяжка ранены, тры лёгка. Забиты адзин мужык, тры цяжка ранены, ёсць лёгка раненые.
М. Лукомль
Сеннинскаго вуезду Магілёўскай губерні. У пяток на тыдзень перад Пятром заўсягды у нас сьвяткуюць. Многа збираецца народу. Так сама и цяпер пасьля абедни пайшли на кирмаш у мястэчка. Шмат было и палиции. Адзин пьяны стражник пайшоў ў заклад на 5 рублёў, што ўедзе конна ў краму. И праўды, уехаў, але падлога была гнилая, праламалася, и ён звалиўся ў склеп, што быў пад крамай, ды пабиў шмат бутэлек с пивам. Жыд зачаў крычаць, и стражник абецаў заплациць пару рублёў, каб ён ня жалиўся никому.
Пятрук
Магілёўская губерня.
У 15 вёсках Оршанскаго павету мужыки ўсе свае земли пабили на асобные фольварки. Ў других паветах мужыки робяць тое самае.
С-пад Лукомля Магілёўскай губерні нам пишуць аб гэтаким здарэнню.
Адзин мужык падвозиў с кирмаша мужыка з суседней вёски. Хадзила чутка, што той сусед – „дэмакрат”. Як яны ехали цераз лес, сустрэли их стражники и патрэбовали, каб наш мужык ссадзиў з воза таго „дэмакрата” и сам барджэй ехаў. Той перапалохаўся и, аддаўшы стражникам „дэмакрата”, давай сам „ратаваць душу”, як казаў прыехаўшы да хаты. А стражники так намяли таго „дэмакрата”, што ён кали и паправицца, то, небарака, на век астанецца калекаю, бо яму саўсим вывярнули руку и ногу. – Цяпер тут кожны мужык жыве ў страху.
Тутэйшы
У Магілёўскай губерні перш архирэй, а за им и благачынные написали ўсим свяшчэникам, каб яны канешне были на выбарах и трымалися „саюза рускаго народа”.
Л.

Магілёў.
У наябры будуць прадавацца з лицытации 179 маёнткаў, купляных мужыками цераз „крэстьянски банк”, усяго 469 400 дзесяцин. Прадаюць их за тое, што мужики ня могуць выплациць ў банк працэнтоў.
„Т”

З Магілёўшчыны. Жыто ўсюды пагинуло, так што ледзьве хвацило засеяць. Гдзе возьмуць мужыки хлеба, ня ведама. Цяпер пуд каштуе каля васьми злотых. Ярына ня кепская, але шмат яе стаиць яшчэ на поли, и кали наскочаць марозы, то можа пагинуць.
Л.
Ў Магілёўскай губерні паявилась халера. Ў в. Корме, Гомельск. пав., захварэли 4 чалав., з их адзин памёр; ў в. Перэрост захварэў на халеру адзин, ў Ветцэ – так сама адзин.
Орша, Магілёўская губерня.
12 наябра могилеўски акружны суд разьбираў дзела аб пагрому. Гэты пагром цягнуўся чатыры дни. Было забита 30 чалавек жыдоў, меж ими 6 жанок, развернуты дзесятки дамоў и крамаў. Абвиницельны акт пиша здарэння страшнаго зьверства и здзеку, як, напрыклад, калупанне палками ў мазгох нешчасных жыдоў. Па дзелу прыцягнута 58 винаватых. Да их належыць быўшы палицэйски надзирацель, цяпер начальник жаноцкой турмы, Ракоўски, чатэры быўшых и цяпер састаяшчых на службе горадавых, писар Ракоўскаго, Синицки. Выкликана сьветак больш як чатэрыста, з их сто ня явилася.

Наша Нива. 1908

Ў м. Цэрковишчэ, Магілёўскай губерні Сеннин. п. 17 студня зрабили забастоўку рабочые на гуце (шкляны завод). Перад гэтым на гуце быў рэмонт. На час рэмонта рабочые были выдалены ўсе. Пасьля, як трэба было пушчаць гуту, рабочые сказали администрации гуты, каб им дали прыбаўки 10% (працэнтоў) на кожные сто бутэлек. Яны на работу не пайшли за старую цэну. Прыехаў фабрычны инспэктар. Администрацыя завода стала яму скардзицца на забастоўку. Инспэктар сказаў, што тут забастоўка немашака, бо пасьля кожнаго рэмонту тые самые рабочые наймаюцца, як новые, и яны могуць таргавацца з администрацыей. Цяпер ў заводзе стаяць двадцаць пяць стражникоў. Рабочые вядуць сябе дэликатна. Кажуць, администрацыя завода ездзила да губэрнатара ў Могилеў прасиць, каб рабочых высялиць. Чым усё гэта скончыцца, невядома. – Кажуць, што рабочым есьци нима чаго.
Як были усюды забастоўки, дык тут так сама рабочые баставали. Администрацыя мусила павысиць плату. Але потым плата гэта зноў была паменшэна на такую, як раней.
Микита-Валакита
У Климовичским павеци Магілёўскай губерні хлеба ў мужыкоў нехват, ядуць мякину; заработкоў нияких нима. Министерства асыгнавала 30 тысяч руб. з губэрскаго прадавольственаго капиталу на помач галадаючым. – Ў Магилеви губэрскае земство закупило 99 вагоноў жыта па 900 пуд. ў кожным.
Г. Гомель Магілёўскай губерни.
У апошние годы тутака вельми пабольшало беднаты жыдоўскай. 672 семейства жыдоўские жывуць з падмоги, каторую дае им „жыдоўскае товарыство для помачы бедным жыдом”. Меж гэтыми бедаками найбольш быўшых малых крамникоў, гандляроў, а так сама многа рэмесникоў, каторых набярэцца близка 300 сямейств.
Быхаў, Магілёўскай губерні.
У м. Новым Быхове 150 мужыкоў хацели пераехаць на други бок Днепра на барцэ, але барка перэкулилася за 10 сажон ад берага – выратавалось тольки 30 чэлавек, рэшта утапилася.
Магілёў.
Губэрскае земства зацьвярдзило „сьмету” даходоў и выдаткоў на 1909 год. Падаткоў назначэна: 1) гарадзких – 71 тысяча 8 руб.; 2) з фабрык и заводоў, што па вёсках, – 30 тыс. 798 руб.; 3). з зямли и лесоў казённых – 114 тыс. 825 руб.; 4) з мужыцкай, памешчыцкай и гарадзкой зямли – 1 мильён 288 тыс. 796 руб.
Фашчоўка, Магілёўскай губерні. (пад Магилевам).
Як пишэ карэспандэнт литоўскай газэты „Viltis”, хоць тутака скрось жывуць белорусы, але ёсць и трохи литвиноў. Вось, у тутэйшым касьцёлу завёўся цяперь таки парадак, што казаньня ксяндзы кажуць па польску, па литоўску и па белоруску; так сама сьпевае народ песьни касьцельные у гэтых трох мовах. Беларусы тутейшые, як пачули першы раз казаньне у сваей мове, дык ад радасьци аж плакали.

Наша Нива. 1909

Магілёўская губерня ня маець поўнаго земства, а мае такое самае чыноўніцкае, як Мінская і Вітэбская; дзеля таго ўсе земскія справы ідуць і коса, і крыва. Усе – і паны, і мужыкі, – жаляцца, што земскіе падаткі моцна павялічылі. Вось, хацелі зрабіць шмат школ, як у людзей; але выходзіць, што да кожнаго дзела трэба свайго майстра. Пааткрывалі новые вучылішча, паначэплялі на простые мужыцкіе хаты дашчок: „Земское училище“, але відаць, што гэтые вучылішча слаба нарыхтаваны. Напрыклад, у в. Дзедне, Раснінскай вол., Чаўскаго пав., вучні земскай школы, хлопцы па 10-12 гадкоў, зрабілі забастоўку, пааддавалі кнігі і не пайшлі вучыцца. Яны гэта зрабілі проці новай вучыцелькі Б-віч. Прыехаў прыстаў і разам з сьвяшчэнікам прасілі бацькоў і матак паслаць дзяцей у школу. Дзецям вытлумачылі, што калі яны не упадабалі вучыцелъку, то трэба жаліцца дірэкціі, а не рабіць забастоўку. Хто быў с хлапцоў глаўным „бунтаўшчыком“, ніяк не знайшлі.
М.В.
М. Шклоў, Магілеўскай губерні і пав. (на р. Дняпры). Дужа, дужа цёмны у нас народ, газэт не чытаець, бо німа такіх, каб былі панятные і танные. Ведамосьці зьбірае па чайных, па рынку. I выдумляюць дурные байкі, а другіе вераць. Пра зямлітрасеньне ў Італіі кажуць, што туды высылаюць са ўсіх валасьцей 5 тысяч людзей, і трэба апроч таго шмат работнікоў. Нейкі басяк навэт зьбіраў грошы 1 р. 75 к. на нейкіе маркі – с тых, хто прасіўся да Італіі. Шмат знайшлося дурнёў, што давалі грошы. У Італіі народу, што шукае работы, досыць свайго і нікога прывазіць са стараны ня трэба.
А.Н.
М. Хоцімск, Клімовічскаго п. Магілёўскай губерні.
Наша мястэчка мае каля 3 тысяч жыцелёў. Яно ляжыць на граніцы Смаленскай губ. У старые часы гэта быў пагранічны гарадок паміж Літвой і Масквой і нападалі на яго то літвіны, то маскоўскае войска. Цяпэр гэта глухі кут, 42 вярсты ад ст. Клетніца Рыго-Орл. ж. д. – Праз наш павет не праходзщь ніякая жалезная дарога; яго прарэзае толькі Маскоўска-Варшаўскае шоссэ, што праходзіць праз Слуцк, Бабруйск, Рагачоў, Чэрыкоў. Земля тут больш пяскі, каля Хоцімска пападаюцца лепшые кавалкі...

Нячутые рэчы пачаліся ў нашым ціхім дагэтуль кутку: ў адну нядзелю неколькі ўбіўствоў! У в. Орлоуцы у начы напалі на манапольку; у в. Юзэфове забілі стоража і забралі грошы у жыда; ў фольварку Мужычку, забілі ў самы палудзень пана Осмолоўскаго. Гамоняць людзі, што гэта зрабіў Савіцкі, вядомы разбойнік с Чэрнігоўшчыны. Хаця кажуць, што пана Осмолоўскаго маглі забіць і сваі, бо ён вельмі судзіўся са ўсімі. Маёнтак свой Осмолоўскі атпісаў на кадэцкі корпус (ваеннае вучылішчэ), каторы мае быць збудаваны ў яго фольварку. Народ у нас цёмны, дык і сьцежка да манаполькі ніколі травой не зарастае. Газэт ніхто не чытае, аб хаўрусных крамах і суполках не чутно. А пры такіх варунках, трудна спадзевацца лепщаго жыцьця. Глушэц, аб каторым дужа спрытна пісаў Я. Купала у № 12 „Н.Н.” (Два мужыкі і глушэц“) да нас ешчэ не прыляцэў.
Карусь з балота
З Клімовіцкаго пав. Магілёўскай губерні.
Наканец і нашы мужыкі бяруцца за розум і пачынаюць сяліцца хутарамі, – ўвесь край зменяе выгляд: там-сям заводзяць садкі і весялей на сэрцы, што і ў нас робіцца зусім як за граніцай, ды і вялікую прышласць трэба прызнаць гэтаму добраму пачынаньню: –меней пьянства, меней спороў і бітвы, – а атсюль размнажэньне багацьця і культурны поступ.

На хутары разселяюцца вёскі Яклімін, Лядзешня і інш.; а ў мястэч. Хоцімск будзе заведзены паказны хутар для пазнаньня добрых старон хутарнаго жыцьця.
Разбоі-ж тымчасам усё не зменшаюцца: – працуе дужа над абіраньнем жыцелёў якаясь зорганізованая шайка, – кажуць людзі, што гэта таварышы забітаго разбойніка – Савіцкаго, ды і не іначэй, – дужа ўжо лоўка ўсё нарыхтавана. Перш па вёсках і маёнтках расхаджываюць старцы, бытцам для жэбраніны, а тымчасам, выгледзіўшы, куды варта зайсьці, – нападаюць ў 3–6-ёх – “ рукі ў гару!” і „давай грошы!“
Карусь з балота

Прусін, Магілеўская губерня Чэрыкаўскі павет.
У нас весна ў гэтым гаду была доўгая, мокрая і халодная, нават у канцы цветня і 9 мая выпадаў снег і страшыў нас; думалі, што будзем бяз хлеба; жыта змарнее, а палезе толькі трава, – ды не так, як людцы думалі, выйшла. Цяпер у нас добрае жыта, як сьцяна, і высокае, густое і ўжо налілося. Ярыну сеялі у вельмі мокрую зямельку, бо дажджы не забываюцца; бульба і цяпер не падарана за макратой, а за касу ешчэ ніхто не браўся. Сенажаці і каля рэчэк, і ў лесах –усе пад вадой – дажджы залілі, а трава і густая, і вялікая вырасла, ды пэўне змарнее. Паводкі цяпер у нас такіе, як вясной бываюць. Хлеба па вёсках у гаспадароў ужо нема; даедаем крошэчкі, а як дажыць да новаго? Трудна людцам: з магазыну даюць крыху і то багацейшым і спрытнейшым, хто ведае каму і як пакланіцца, бо за гэтым дзелам ніхто не глядзіць, а старасты, толькі аб сабе, а не а бедных, думаюць.
Бурачок
М. Хоцімск Магілеўская губерня, Клімовіцкаго пав.
– Што гэта будзе сёлета? Толькі і чутно ўсюды – (і праўда) дажджы ліюць без перэстанку, а калі і блісьне сонцэ, то толькі каб спадмануць людзей: падвярнуць лежачае у пакосах, пачарнеўшае сена. Лугі каля рэк затоплены вадой, – халады стаяць як у восень, – і мужыкі нашы чы то с холаду, чы то з гора грэюцца гареліцай. „Без піцьця – німа жыцьця”.
Карусь з балота
Магілёў.
Ў Любовіцкай вол. прыстаў са стражнікамі лавілі разбойнікоў. Ў перастрэлцы двох з іх забілі а аднаго затрымалі.

М. Шклов, Магілёўская губерня.
Згарэла 14 дамоў з гаспадарскімі будынкамі. Шкоды на 30 тысяч рублёў.

М. Дуброўна, Магілёўская губерня.
Шмат пісалося ў „Нашай Ніве” аб ўселякіх дурысьветах, што выцягіваюць апошніе капейкі с цёмнай бедноты. Вось і к нам прыехаў такі бытцам доктар, што меўся лячыць уселякіе хваробы, дык і пацягнуліся да яго хворые. Плаціць не шкадавалі, бо ешчэ за доўга да яго прыезду хадзілі аб ім чуткі па мястэчку. Жонка мясніка Нірмана, каторая ўжо даўно хварэе на рак, так сама пашла да яго і мусіла заплаціць цэлых 150 руб. за лечэньне. А доктар пачаставаў яе такімі добрымі самаробнымі лекамі, што яна праз 6 дзён памёрла. Шмат і другога народу пацярпела ад гэтаго, як ён сам сябе называў, “прафэсара”, каторы пражыў у нас цэлы месяц.
Адзін з многіх
М. Дуброўна, Магілёўская губерня, Горэцк, пав.
Дуброўна – вялікае мястэчка на рэцэ Днепру, мае каля 12 тысяч жыцелёў, шмат жыдоў, трохі беларусоў, католікоў і праваслаўных. Гандэль увесь у жыдоўскіх руках. Яны-ж трымаюць і розные рэмесла і напоўняюць фабрыкі.
Беларусы найбольш займаюцца хлебаробствам, Іосць між іх і кустары-рэмеснікі. Беззямельные так сама жывуць з рэмесла – шавецкаго, сталярнаго, кавальскаго і др. Паберэжные жыцелі найбольш рыбаловы, а так сама выцягіваюць з рэкі каменьня, будуюць розные вадзяные прылады і шмат інш. П’янства дужа шкодзіць нашым беларусам. Гарэлка прадаецца ня толькі ў дзьвёх манапольках, а і патайна па хатах. А ўсё-ж на агул народ ешчэ не саўсім распіўся. Маладзёж цягнецца да асьветы, але на мейсцы ня можэ яе натрапіць. Шмат выежджае шукаць яе ў гарады.
Каваль
М. Бабіновічы, Магілёўская губерня, Оршанск. пав.
Магілёўскі каталіцкі біскуп Дэнісэвіч прыежджаў у нашэ мястэчка і казаў казаньне па беларуску, а другое казаньне па беларуску сказаў яго капэлян; і казалі людзі, што як добра было бы, каб і па другіх касьцёлах ды па праваслаўных цэрквах, ужывалі нашай мовы беларускай, каторая больш ад польскай і расейскай зразумела нашэму селяніну.
Хоцімск, Магілёўская губерня, Клімовіц пав.
Недаўно управляюшчы Ярашоўскай фабрыкі брычэк (члена Гас. Думы фон Гюббэмэта) разом з работнікамі, варочаючыся пьяные с хоцімскаго кірмашу дамоў, забілі дарогай свайго таварыша. Упраўляючы Левашоў і адзін рабочы арыштованы. Ведуцца спраўкі.

У Забелышэнское воласное праўленьне ў дзень увайшло 10 невядомых людзей і крыкнуўшы: “рукі ўверх!“ забралі 200 рублёў грамадзянскіх грошэй і ўцяклі.
Тутэйшы
Магілёў.
Сэмінарысты 4-х першых класоў дамагаюцца новых парадкоў. Глаўнаго іх правадыра выгналі, іншых так сама, аж пакуль яны не пакаюцца.

У судзебнай палаці разьбіралі справу магілёўскаго камітэту партіі соціал-рэволюціонэроў. Доктарку Эбэрлін, палітэхніка Павлавіцкаго і селяніна Цырліна засудзілі у ссылку; сэмінарыста Паходна і селяніна Гірса – на адзін год у крэпасць.

Наша Нива. 1910

М. Хоцімск, Магілёўскай губерні, Клімавіцкаго пав.
Жывём мы ў суседзтве з Расеей побач з Смаленскай і блізка Орлоўскай губ. Калісь тут рэкой Бесядзьдзю ішла граніца Беларусі і Літвы з Масквой. Земляные акопы, што даўней баранілі наш край ад нападоў варагоў ужо разваліваюцца і раўняюцца з зямлёй, ды зарастаюць зелівам; на іх жэ мейсцэ вырастаюць ужо чуць не у кожнай вёсцы народные школы, гэтые сучасные і будучые нашы акопы і крэпасьці, дзе гартуецца будучыня нашай бацькоўшчыны, яе культурнае сіла і моц. Зразумелі вялікае значэньне школ тутэйшые селяне і інтэлігэнты і суполнымі сіламі змагаюцца з цемнатой. Так, памешчык Г. даў у в. Тросьціне зямлю пад народн. школу, а X-віч у Будочцэ добраго лесу на ўсе будынкі і дзесяціну зямлі – селяне-ж далі сваю мазольную працу і гэтые школы цяпер праўдзівая аздоба вёсак.
Тутэйшы
М. Дуброўка (на Днепры) Магілёўская губерня, Оршан. п.
Калі бывае тут прызыў, то навабранцы часамі „гуляюць” і робяць скандалы і нават шкоды. Но гэта было-б нічога, каб ад гэтаго не цярпелі найбольш самые бедные гандляры. Меж новабранцамі бываюць і людзі скончыўшые школы. Але відаць ня кожнаму ідзе на карысць навука! У нас усё жыццё нейкае дзікае. У Немеччыне, напрыклад, калі навабранцы выезжджаюць з роднаго мястэчка, то жыцелі робяць ім баль („krazchen”) і праводзяць іх з музыкай на вакзал, і ўсе вядуць сябе, прыкладна. Культуры у нас німа, і нават народ, ешчэ дзічэе больш.
Саўка Каваль

С. Хоміно, Магілёўская губерня, Горэцк. пав.
У тутэйшаго селяніна П. А-ва конь намуліў хамутом шыю; пачаў ён лячыць па свойму, але нічога непамагло, тады ён павёў яго да знахара, але і той сваймі шэптамі не даў рады.
I ня дзіва, што нашы селяне трацяць грошы на ашуканцоў – шэптуноў, бо каб дабрацца да вэтэрынара, – трэба махаць 45 вёрст.
Саўка Каваль
Магілёў.
На зьездзе магілеўскаго гаспадарскаго таварыства, на каторым было больш сто чэлавек пастанавілі прыймаць у таварыства селян с платай 50 кап., і арганізаваць гаспадарскіе курсы.
Гомель.
У ночы 7 студня паліція зрабіла вобыск у друкарні, ў каторай аддруковываюць газэту „Полесье”, але нічога запрэтнаго не знайшлі.
В. Міхеевка, Магілёўскай губерні, Горэцк. пав.
(Як нашэптаў шаптун, – дык і ўзяў хапун). Захварэў у нашай вёсцы селянін С. Я-мов; наш поп на споведзі раіў яму ўзяць лекарства з аптэкі, але ён удаўся да дзеда-шаптуна. Той як і ўзяўся лячыць яго ад «уроку», дык бедак праз дзень і скончыўся.
Саўка Каваль

В. Бель, Магілёўская губерня, Горэцк. пав.
(Не рада, – а здрада). Тутэйшая кабета Наталка П., аўдавеўшы, выйшла другі раз замуж. Ад першаго мужа астаўся сын, а у другога мужа былі дародные дзеці. Дык вось, каб абараніць свайго старшаго сына ад прызыву, кабета гэта кінулася па раду да людзей валасных. Прадала баба апошнюю карову, паставіла вядро гарэлкі. Падыйшоў час набору, і сына забралі ў салдаты. – А людзі папілі і паелі, карыстаючы з глупства бабы, каторая не параілася з суменным якім чэлавекам. Іон бы параіў бабе сядзець у хаце і не прабаваць рабіць таго, с чаго нічога ня выйдзе.
С. К.
Магілёў.
(„За дурной галавой – і людзям неспакой”). Пайшла у нас гутарка, што зьявілася новая камэта “А”, (як ахрысьцілі яе вучоные людзі) і маніцца скора спаткацца з другой камэтай – Галея, каторая прыежджае да нас што 76 год, ды дасць адна другой повуху; ад гэтаго пасыпецца агнёвы дождж і зніштожыць землю. Гультаём, абы піснуў – усё на руку: чэкаючы, бытцам канца сьвета, і рукі ад работы атрасьлі; а не памятаюць таго, што толькі ў дурной галаве бывае безпарадак...
Цішка Гартны

Магілёў.
Сынод падпісаў на сэмінарскіх вучнёў, каторые бунтаваліся ў сваім часе, прыгавор. Восьмёх выгналі саўсім, а рэшту – 140-ка пазбавілі казённай падмогі. Некаторым забаранілі вучыцца ў сэмінарыі аж да восені, апрача таго усім замешаным у забастоўцы, прыйдзецца здаваць асобные экзаміны.
Г. Магілёў.
Памеж станціямі Шклов і Копыль у пачтовым поездзі 12 каторжан і 2 перэсыльных арэштанты, загасіўшы неўспадзеўкі агні, адабралі ў канвойнаго рэвольвэр, і пачалася перэстрэлка. Забіты канвойны і катаржанін; зранены 2 канвойные і 10 каторжан. У Оршы арыштанцкі вагон атчапілі ад поезда. Зраненых канвойных атправілі ў бальніцу; арыштантоў – у турму.

В. Прусін, Магілёўскай губерні, Чырыкоўскаго павету.
У нашай вёсцы, стараньнем аднаго добраго чэлавека і пры дапамозі ад земства, паставілі вельмі пекны будынак для школы; займае ён у доўжкі 23 аршыны, а ў шыркі 121/2; самы клас – па 12 арш. на ўсе бакі, а ў вышкі 535/3 арш., з вялікімі, сьветлымі вокнамі і з дубэльтамі. Дзяцей вучыцца тут 70. – Вучыцель В... працуе з дзеткамі добра, – старанна і ўмела; жаль толькі ён замала шырыць прасьвету памеж старшых... Бо у нас такі звычай, што бацькі, дый дзядзькі зацягіваюць дзяцей у шынкі, каторых тут досі завялося і там прапіваюць апошнюю капейку, а ня помняць аб тым, што пасьля зубамі з голаду будуць ляскаць і дзетак марыць голадам. А чаго навучацца гэтые дзеці па шынкох, гледзючы, як бацькі поўзаюць ракам, – хіба і гаварыць ня трэба. Бедные дзеці!
Язэп Бурачок
Г. Магілёў.
У студні (январе) аткрылося у нас конно-жалезная дарога і ўжо патрапіла зарэзаць адну кабеціну.
У скорасьці маняцця завесьці ў нас электрычэскае сьветло. Дроты ўжо панацягівалі.

Чуткі хадзіць сталі, што наш губэрнатар – Нолькен – выбіраецца ад нас, а заім, маніцца гэтай самай сьцяжынкай і паліцмэйстар.
Цішка Гартны

С. Хоміно, Магілёўскай губерні, Гор. п.
Дажыліся нашы суседзі да таго, што аж стыдна прызнацца! Шмат па якіх вёсках таргуюць гарэліцай як жыды, так і самі селяне. Напрыклад, у суседняй вёсцы адзін селянін купляе той спірытус, каторы ужываецца заместа газы, і, разбавіўшы вадой, прадае заместа гарэлкі. Адзін ласун ад такой прыправы ўжо выправіўся на той сьвет; другога чуць адратавалі. Найбольш ліецца гарэлкі на вясельлях; і там каб танней абыйшлося, ужываюць, развёўшы вадой, таго спірытусу каторы толькі згодны замест газу, а для людзей – атрута.
Саўка Каваль
Г. Магілёў.
Праз увесь сокавік (март) аж да апошніх часоў праз Магілёўцягнецца шмат мужыкоў – беларусоў з ўсімі сваімі манаткамі ў Сыбір. Па колькі начэй, чэкаючы на свабодные мейсцы на машыне, валяюцца яны на падлозе, не раўнуючы, як дровы. Бедные людзі!

28 сокавіка прагрымеў першы гром. Пагода пекная, цёплая.
Цішка Гартны
Магілёў.
С тутэйшай фэльчэрскай школы выдалілі каля 30 вучэнікоў: адных – за гультайство, другіх – за неплату, іншых – за перэрост. Вось, адзін з іх кінуўся у Днепр, – ледзь яго выратавалі; другі – так сама бег тапіцца, але яго перэнялі.
2-ога сокавіка прыехаў сюды новы губэрнатар.
Цішка Гартны

Маёнтак Лонніца, Магілёўскай губерні, Оршанск. пав.
Памёр с тыфусу тутейшы пан –Н. Цэкерт. Запісаў ён ўсё сваё дабро ня родным братом, а зродным, каторых шчыра любіў за іх працу каля роднай зямелькі. На пахавунку родны брат нябошчыка застрэліў аднаго з насьледнікоў. Убійцу арыштавалі.
Саўка Каваль
Ст. Красное, М.-Б. ж. д., Оршанск. пав., Магілёўскай губерні.
Не так даўна прыехаў сюды жэлезнодарожны майстэр К.; пэнсіі браў ён усяго 600 руб. у год, але і з гэтай пэнсіі патрапіў і жыць добра, і ешчэ адлажыць на чорную гадзінку ў зьберэгацельную кассу... 30 тысяч рубельчыкоў! Шмат хто дзівіўся з гэтаго, не аднаго і заздрасць брала. Але дзіва тут німа ніякога: ня кожын патрапіць будаваць масты с пясочку, а цэмэнт вагонамі прадаваць у Оршы, а майстэр К. і гэта ўмеў. Вось цяпер і аглядае камісія гэтакі мост і дзівуецца... але і чхнуць пры ім баяцца, каб не разсыпаўся часам ад “сотрасенія воздуха”; майстру К. параілі цяпер аддыхнуць пасьля такой цяжкой працы...
Абыватэль

Оршанскі павет, Магілёўскай губерні.
Неколькі вёсак гэтаго павета ешчэ з восені леташняго года захапіў тыфус. Шмат перэхварэло і сталых, і дзяцей, не мало і зямелькой прысыпалі... Ня можна сказаць, каб не было помачы доктарскай, ці фэльчэрскай, але найбольш людзей у магілу гоніць свая-жэ цемната: „калі ня суджэна, дык і не памрэш”, кажуць селяне. I пьюць сырую ваду; цягаюцца без ніякай патрэбы па заразных хатах; квапяцца на хаўтурные пачастункі і „клёцкі”, і гэтым самым заражаюцца самі, ды памеж іншых разносяць заразу.
Руды

В. Антоненкі, Магілёўскай губерні, Горэцк. пав.
Тутэйшая кабеціна А. X., даведаўшыся, што яе кума з вёскі Буда захварэла на тыфус, паляцела яе выручаць; тымчасам сама заразілася і ў колькі дзён памерла. Доктар прыказаў пахаваць яе ў гэтай самай вёсцы, але суседзі надумалі іначэй: „як-жэ яна будзе лежаць гэтак далёка ад таткі, ды мамкі?” казалі яны, і перэцягнулі цела ціхачом у сваю вёску.

В. Міхеевка, Магілёўскай губерні, Горэцк. пав.
Нашы магілы саўсім блізка вёскі; дзеля гэтаго начальство забараніло там хаваць нябошчыкоў і казало выбраць новае мейсцэ. Селяне так і зрабілі. Першай на новых могілках прыйшлося легчы жонцэ цыгана. Выкапалі яму, на дне паказалася вада, але так-сяк пахавалі. Прайшло месяцоў сем і селяне патрапілі неяк перэканаць і ўпрасіць сваё начальство, каб пазволіло ізноў хаваць на старых могілках. Узрадаваўся і цыган-ўдавец: адкапаўшы сваю жонку, перецягнуў яе на старые могілкі.
С. К.

Г. Стары-Быхов, Магілёўскай губерні.
Тутэйшы багач, Кілесо, каб не даць часткі свайго багацьця дачцэ сваей, забіў яе с сваім зяцям, і нябошчыцу ўкінулі ў рэку Днепр. Праз колькі часу труп усплыў на верх, і яго выцягнулі. Ногі былі звязаны хустачкай, на каторай былі вышыты літэрамі ўсё імя і прозьвішчэ нябошчыцы. Бацьку з зяцем пасадзілі ў турму, але яны і ня думалі прызнавацца, а як улік ніякіх пэўных не было, вось іх ускорасьці маніліся ўжо выпусьціць на волю. Зяцёк захацеў гэтай добрай вестачкай падзяліцца з жонкай сваей і, напісаўшы пісульку, абкруціў ёй затычку да бутэлькі ад малака, што яму прынясьлі з дому. Гарадавы, каторы адносіў гэту бутэльку, дагледзіў запіску, – а там было напісано: „мы не прызнаёмся; нас скора выпусьцяць“. Вось і папаліся.
Саўка Каваль

В. Нераж, Магілёўскай губерні, Быхоўск. пав.
Маладая дзяўчынка С. Жданова запісалася у “Красны Крэст“. Ёй прыйшлося дагледаць у бальніцы сухотніка, і яна, заразіўшыся, захварэла сама на сухоты, і давялося вярнуцца да дому. Бедная хворая, каторая не шкадавала свайго здароўя для другіх, цяпер была цежарам сваім бацьком, і тые не раз ужо выгаварывалі ёй: „калі-ж ты ўжо памрэш? Калі мы пазбудемся цябе?“ Ня вытрымало сэрцэ дзяўчынкі і без пары яно ад такой матчынай ласкі разарвалося. Хай-жэ табе, гаротное дзіця, зямелька будзе лёгкай!
С. К.

Г. Стары-Быхов, Магілёўскай губерні.
Недалёка горада ёсць лесок Сабілоўка. Гэта прыстанішчэ ўсіх быховян: тут і маёўкі, і ігрышчы, і новые знаёмствы, і ўсякая ўсячына. Каля лесу стаіць маленькая каплічка; сьцены яе ўсе пазапісываны рознымі прозвішчамі, вершамі і лаянкамі. Недаўно ў гэтым лесе знайшлі шкляны слоік, у каторым было нежывое дзіця. Па слоіку спазналі, што ён узяты с пад лекарства; кінуліся ў земскую бальніцу, ажно там дапыталіся і вінаватую – кухарку пры бальніцы.
Абыватэль
Г. Магілёў.
Тутэйшые гаспадары па бэйгарскай рабоце (што вырабляюць скуры з жоўтай на чорную для ботоў) зрабілі паміж сабой моцны хаўрус; і вось, калі каторы з іх адправе нелюбога сабе работніка, то яго ўжо ніхто не прыймае і таму прыходзіцца хоць з голаду паміраць. Работнікі-ж мест згоды паміж сабой, трацяць час на сваркі, звадкі, ды бойкі. С палкамі ходзяць яны па майстэрням, дый выганяюць ня тутэйшых (не магілеўскіх) работнікоў, а гаспадары толькі цешацца з гэтаго.

Недаўна атруціўся з апошняго класу фэльчэрскай школы вучэнік, жыдок Ф. Прычына неведомая.
Цішка Гартны

Г. Магілёў.
30 красавіка сюды прывезьлі мошчы сьв. Ефросініі. Ад прыстані іх перэнеслі ў сабор. Багамольцоў сабралося каля дзесяці тысяч. Дзеля іх былі прыгатаваны танные чайные, сталовые і асвабоджэны ўсе казармы на начлег. Наперэд усіх нечэго ішлі саюзнікі рускаго народа са сваімі знакамі. Ні воднаго жыда на вуліцы не было відаць.
Цішка Гартны

Магілёў.
Праз увесь месяц стаіць пекная гарачая пагода. Сады ўжо атцьвелі. Надта багата сёлетні год даў цьвету на яблынёх і ігрушах.
У горадзе ўжо гарыць электрычное сьветло.
Цішка Гартны

Магілёў.
У вёсцэ Барсукі Магілеўск. пав. аткрылі прытулак – колонію для 25 малолетніх праступнікоў, гдзе іх вучаць гаспадаркі і ўселякаго рэмесла.
Магілёў.
У справе нападу арыштантоў на канвой у арыштанскім вагоне, як гэта было здарылося каля Шклова, дзевяцёх арыштантоў прыгаварылі на сьмерць.

М. Ляхі, Магілёўскай губерні і пав.
Зачыніўшы мельніка М. Кроля ў сваей каморцы, нехта падпаліў млын зразу з усіх канцоў. Пакуль усьцішылі пажар, Кроль згарэў.

М. Белынічы, Магілёўскай губерні і пав.
Навальніца з громам шмат папсавала засевоў. Пярун забіў на полі каня і чэлавека.

Г. Стары-Быхоў, Магілёўскай губерні.
Ешчэ пры Экацерыне II абапол трактоў былі пасаджэны бярозы. Цяпер дажываюць яны ўжо свайго веку: то згніе, то бура зломе; каля гарадоў і мястэчак праз цэлые вёрсты не ўбачыш з іх не воднай, бо там іх параскрадалі, а новых садзіць дрэў ніхто ня думае. Праўда, ў гэтым гаду надумалі іх садзіць каля горада Быхова, і хоць з гэтых дарог карыстае і памешчык, і жыд, і селянін, але як прыйшлося да пасадкі, дык загадалі адным толькі селянам. Вось і едзе селянін на берэг рэкі Днепра, ці ў поле, ці на выган, або на скрай леса, выцягне там які каранжак і садзе яго. Ня будзе пацехі з гэтай работы! Дзяды садзілі, а ўнукі звадзілі.
Руды
В. Букарэво, Оршанск. пав. Магілёўскай губерні.
Тутэйшы каваль П. наняў сабе батрака. Адзін раз каваль кудысь-то паехаў, а жонка і дзьве дачкі пайшлі гуляць к сябрам; астаўся батрак. Ён перэшукаўшы ўсе куткі нашчупаў 36 рублёў грошэй. Вось прыйшлі с пачатку дочкі каваля. Батрак іх забіў. Далей забіў каваліху і на пасьля каваля. Убіўцу сцапалі. Як пачалі яго дапрашываць, прыйшоў неякі басяк ды і кажэ, што убіўца не вінават. Тады сцапалі гэтаго адваката, а за ім ешчэ дзесяць. Як пасьля выявілося ўсе дванадцаць – катаржнікі, што калісь-то уцяклі з Сыбіру.
Саўка Каваль

Магілёў.
Ешчэ зімой быўшы магілёўскі губэрнатар Нолькен казаў разагнаць усе „публічные дамы“. Вось, с тэй пары яны „офіціально“ і закрыты; а па праўдзі дык іх ешчэ больш стало ў горадзі, патайных... Выйгрыш ад закрыцьця выходзіць малы, бо цяпер і распуства ешчэ болей.
Спадзеваючыся на сёлетні ураджай, тутэйшые фабрыканты па гарбарскай рабоце стараюцца чым найболей загатовіць ботоў „народу“. Заработак рабочых (глаўнае старшых майстроў) падняўся.
С палавіны красавіка у нас стаіць гарачыня папераменна з дажджамі.
Ц. Гартны

Гор. Жлобін, Магілёўскай губерні.
У нас стаіць страшная гарачыня (на вагзале градусьнік паказывае 30о). Усё збожа на полі затрымалося у росьце і сохне. Людзі бядуюць спадзеючыся неураджаёў і голаду.
Тутэйшая паліція ходзіць па мястэчку і прыказывае людзям ачышчаць, гдзе што ёсць, каб прашкодзіць халеры, каторая завіхаецца недалёка ужо ад Жлобіна.
Зьміцяр

Бель. Магілёўскай губерні, Горэцкаго пав.
У гаспадара С. Т-ва радзіўся хлопец. Поп ахрысьціў яго Іванам. Праз дзень мацер купаючы яго угледзіла, што гэта дачка. Стала яна галасіць, сабраліся суседзі, раіліся, раіліся, што рабіць. Паслалі кумоў да папа. Поп адразу асудзіў: „завіце верхоў!“ Так і аставілі хлапцом.
Руды

Фольварак Масток, Быхаўск. пав. Магілёўскай губерні.
Ужо два тыдні як німа у нас дажджу. Жара страшэнная; прападаюць пасевы на палях і гэто на вялікай вокрузі.
С. К.
М. Хоцімск, Магілёўскай губерні.
Гарачыня ў нас страшэнная, даходзіць да 40 градусоў; ярына і трава сохне, бо дажджоў німа. Калі і спадзе дождж, то з градам, каторы ў Кузмічах, Ціхоні і іншых мейсцах нарабіў шмат шкоды. Сягоньня дужа пахаладзела, раніцай нават быў мароз, каторы вельмі папсаваў агародніну. Дзіўная пагода!

С. Тросьціна, Магілёўскай губерні, Клімавіцкаго пав.
Колькі з нашых тутэйшых інтэлігентоў раскапалі недаўна шмат даўнейшых магіл – курганоў, у каторых знайшлі ўжо чорные – ад доўгаго лежаньня ў зямлі – косьці, гаршочкі з гліны, пасьля каля вушэй – званочкі, а ля рук – брансалеткі, пярсьцёнкі і іншые прыкрасы. Усе яны скручэны ў 2–3 разы з меднаго як-бы дроту. Аднэ косьці лежалі ўздоўжкі, а іншые мертвецы, відаць, былі раней пасоджэны, а пасьля засыпаны зямлёй. Гаршчкі, каб асталісь цэлымі, прыйшлось абкапаць і разлажыць, цяпло, каб іх выпаліць, бо даўней ня умелі гэтаго рабіць. Раскапаные тые курганы з стара славянскіх часоў.
Карусь з балота

З Клімавіцкаго павету, Магілёўскай губерні, Дударэўка, Руда Краевска і іншые вёскі ўжо разселяюцца на хутары. Праежджаючы праз гэтые вёскі, бачыш, як у адным мейсцы ломяць і зрываюць стрэху, ў другім – разбіраюць сьцены, а ў трэйцім ізноў разбіваюць печ і так далей. Просто пацеха глядзець, як нашые селяне ламаюць старое жыцьцё і шчыра бяруцца будаваць новае.
Тутэйшы

Магілёў.
У мінуўшую нядзелю (6-го чэрвеня) ў Магілёве узьняўся страшэнны пажар. Пачаўся ён перш за Днепрам у Маскоўскай слабадзе, гдзе гуляў больш шэсці гадзін і зьмёў 600 дамоў, дрэўляную цэркву і адну мураваную, народны дом, колькі вучылішч і многа крам.
Пры гэтым згарэла 10 чэлавек. Пажар быў пры вялікім ветры, каторы маланкай перэкідаў агонь з аднаго дому на другі; тушыць не было як, бо агонь ішоў так шпарка, што не было ніякай змогі апанаваць яго. Ветрам агонь перэкінуло ў другую слабаду „Папоўку”, каторая ляжыць за дзьве вярсты ад Маскоўскай слабады, і зьмёў тамака 250 дамоў.

Жлобін, Магілёўскай губерні, Рогачэўскаго пав.
4 чэрвеня з Кіеўскаго параходу знялі хворую на халеру маладзіцу. Усё мястэчка перэпужалося страшнаго госьця. Па мястэчку расклеены губэрнатарскіе абвесткі, каб ўсюды чысьцілі бруд, бо у Магілёўскай губэрні зьявілася халера. Хто не паслухае – трыста рублёў штрафу, або тры месяцы адседкі.
Зьміцер
Стары Быхоў, Магілёўскай губерні.
I да нас ужо прыйшла халера. Дзе-не-дзе мруць людзі. Каля вёскі Камаровічы, гдзе памерло двое, ёсць вялікіе балоты, каторые цяпер прыказалі асушыць. Ў Быхоўскую бальніцу прывезьлі проціхалерную прывіўку; шмат людзей цяпер прывівае (шчэпіць) яе.
У наш горад прыехало шмат пагарэльцоў з Магілёва, гдзе, як, ведама, быў аграмадны пажар. Чыноўнікі і жыцелі збіраюць грошы на падмогу пагарэльцам.
Саўка Каваль

Фольв. Масток, Быхоўскаго пав., Магілёўскай губерні.
11 юня – пасьля страшэннай гарачыні – ударыў мароз; памерзлі фрукты, змёрз бульбоўнік, згінулі краскі на агурках і канюшыне; прыйшлося скасіць тую канюшыну, што кінулі на насеньне. Зерне жыта пасаладзело ад мароза.
Руды

Г. Жлобін, Магілёўскай губерні.
Кожнае лето нашэ мястэчко мае шмат шкоды ад пажароў. Летась згарэло чуць ня ўсё мястэчка, а цяпер ізноў трапілося пад рад неколькі пажароў: апошні пажар быў у нядзелю (6 чэрвеня).
Як перэканаліся, кабета, каторую зьнялі хворай с парахода, была хворай не на халеру, але на іншую хваробу, і ўжо выздаравела. Затое на станціі памерла адна жыдоўка зусім неўспадзеўкі, раптам. Вось гэты выпадак усе мешчане лічаць халерай.
Цішка
Г. Быхоў, Магілёўскай губерні.
18 чэрвеня міма Быхова па шосэ праляцела 41 самокатоў (аўтомобілёў). С Пецербурга выехала іх у Кіеў 60 на выперэдкі, але 19 штук па дарозе папсавалася. Маршалак быхоўскай шляхты с памешчыкамі сустрэцілі ездакоў і выдалі ім абед. Дарогай да Быхова самакаты раз’ехалі двух кароў.
Саўка Каваль

М. Жлобін, Магілёўскай губерні.
Мова ў нашым мястэчку – беларуская з наваротам украінскім і яе трымаюцца ўсе, апрача некаторых „рызыкоўнейшых” маладых ды служачых на станціі; яны ўжо сіляцця гаварыць на расейску і ганбяць родным.
3 14 на 15 чэрвеня ночай над мястэчкам пранеслася страшэнная бура, якая шмат нарабіла шкоды: ў садах, гародах і на полі.
Цяпер, пасьля сушы і замарозкоў, у нас стаіць добрая пагода папераменна з дажджом.
Зміцер
Г. Жлобін, Магілёўскай губерні.
Наша паліція пастанавіла, каб торжышчы, каторые у нас адбываюцца ў серады і нядзелі, адбываліся толькі ад 12 да 5 гадзіны вечэра; такі самы парадак заведзена і для крам, а піўные і шынкі адчынены днём і ноччу. Як кажуць, зроблена гэта без губэрскай уласьці і то не для ўсіх крамнікоў.
Цішка
В. Тайміново, Магілёўскай губерні, Быхоўск. пав.
21 чэрвеня узьняўся пажар, кажуць, ад дзецячай гульні; згарэло 85 сяліб з усімі будынкамі, мураваная цэрква, школа і папоўскі дом. У пажары згарэў васьмігадовы хлопчык, шмат рознаго птацтва (каровы і коні былі ў полі). Акалічные паны фальварку Масток, Лучыца і др. памагаюць пагарэльцам хлебам, лесам і грашмі. Дзякуй ім!
Пагарэлец

Быхоў, Магілёўскай губерні.
У наш гарадок прыехаў электрычны тэатр (кінэматограф), шмат людзей ходзіць любавацца жывымі малюнкамі.
Саўка Каваль

Гор. Жлобін, Магілёўскай губерні, Рогачэўскаго павету.
На заходнім краю нашаго мястэчка каля Днепру ляжыць пекны двор «пана прафэсара» і праваго дэпутата Гас. Думы ад Магілёўскай губерні (ён-жэ і сэкрэтар Гас. Думы) – Сазановіча. Праз цэлые тры гады жыцьця Гас. Думы гэты прэдстаўнік нашаго Беларускаго краю ніводнаго разу не сабраў нашых мешчан і не сказаў ім ні слова аб работах у Гас. Думе. Праўда, ён ня толькі ня хочэ гутарыць «з неабразованымі і гордымі мешчанамі, каторые ня хочуць і шапкі зняць перад сваім памешчыкам» (яго ўласные словы), а нават і на вочы не паказываецца. Толькі і бачаць яго, калі ён каціць на тройцы на тутэйшы вакзал. Адзін раз уздумалі нашы мешчане зайсці к пану Сазановічу папрасіць падмогі на пажарную дружыну. – Пан Сазановіч сур’ёзна атказаў такімі вось славамі: «мне ад пажарнай карысьці німа, бо мая будоўля «каменная» і яна не згарыць».

Жлобін, Магілёўскай губерні.
У № 28 «Н. Н.» г. г. у карэспадэнціі з Жлобіна укралася абмылка. У карэспадэнціі надрукавана так: “наша паліція пастанавіла, каб торжышчы, якіе у нас адбываюцца у серады і нядзелі, адбываліся толькі ад 12 да 5 гадзіны вечэра; такі парадак заведзен і для крам”. Торжышч у Жлобіне ніякіх не бывае ў серады і нядзелі, а толькі жаляцца крамнікі на тое, што ў самым Магілёве даўжэй можна крамнікам таргаваць, чым у Жлобіне.
Гартны

Кожную ноч стражнікі ў нашым мястэчку робяць «абход». Гэта дзеля таго, каб быў парадак, каб збавіць мястэчка ад злодзеёў, якіх у нас завялося пропасць. Выходзіць, што стражнікі глядзяць за парадкам. Беда таму, хто гдзе спазніцца: стражнікі спыняюць, знімаюць цэлые дапросы, што ўсякаму «незладзею» прыкро...
Зміцер
Г. Чаўсы, Магілёўскай губерні.
У земскую бальніцу з вёскі Загорэнчыкі прывязьлі апарэнае варам дзіця. I хаця акуратна яго перэматалі і далі лекоў, ўсё-ж ткі памёрла на другі дзень, бо залішне моцна яго апарылі. Селяне суседніх вёсак такіе цёмные, што пачуўшы аб гэтым, узбунтаваліся: „Гэта – кажуць яны – дахтары пачалі атручываць людзей, а тым часам будуць казаць, што мруць ад халеры!“ I цяпер, ня гледзячы на тое, што часта хварэюць халерынай (лёгкай халерай) і гарачкай, не ідуць яны к дахтарам.
Саўка Каваль

М. Жлобін, Магілёўскай губерні.
У 1905 гаду забракавалі ў нас мост, што быў на чугунцы, а на яго мейсцэ збудавалі новы; на старым, збракаваным палажылі дошчкі і зрабілі пераход праз р. Днепр. Тымчасам прайшло пяць год, дошчкі пагнілі, і цяпер, каб прайсьці, трэба дужа баяцца, што вось-вось дошчка зламаецца і покупаешся ў вадзе, а – крый, Божэ – і патонеш. Новых дошчак ніхто ня рупіцца палажыць. Ці трэба чэкаць, каб раней хто згінуў, а пасьля ўжо пераменяць дошчкі?

На ўсё нашэ мястэчка ўсяго адзін дохтар Ш., – а хвароб, як і па ўсей Расеі, шмат. Вось, гэты дохтар (а ён вельмі добры) пастанавіў выбраць другое мейсцэ для жыцьця, бо тутака дрэнна быў абеспечэн грашыма. Як пачулі тое нашые жыды, зараз пачалі кратацца, каб сабраць якіх 500 рублёў і прасіць дохтара астацца на старым мейсцы.

С 14 чэрвеня паміж Магілёвам і Лоевым ня ходзяць ужо параходы, бо у Днепры ад засухі дужа мала вады.
Зміцер
М. Жлобін, Магілёўскай губерні.
У ваўторак ноччу с 13 на 14 ліпня ў нашым мястэчку прылучылася вялікая пакража: зладзеі абакралі аднаго багатаго жыда больш, як на 500 рублёў. Паліціі ўдалося дайсьці, што зладзеі уцяклі на г. Рогачоў. Вось, станавы з стражнікамі зрабілі пагоню, злавілі зладзеёў і прывялі ў Жлобін. Скрадзенае знайшлі ў іх. Па „падазрэньню” раней арыштавалі колькі чэлавек – тутэйшых жыцелёў, але, як злавілі праўдзівых зладзеёў, тады выпусьцілі.

Тутэйшая паліція прыказала звошчыкам мець нумэры. Хто не паслухае – штраф, або арышт.
Зміцер
В. Нераж, Магілёўскай губерні, Быхоўск. пав.
У нас ёсць селянін Б., слаўны наўкругі шаптун-знахар. Ці захварэў хто, ці рэч якую згубіў, ці абакралі каго, – ўсе да яго пруцца за радай. А ён і таму і гэтаму салжэ і бярэ за гэта грошы і гасьцінцы. Бачучы вялікую славу свайго бацькі-знахара, і яго сын захацеў, як бацька, ўзяць вужаку ў рукі, і толькі, ведама, малады, то і дурны: не ўгледзіў, што бацька, як бярэ вужаку ў рукі, то перш прыцісьне яго ботам, а пасьля бярэ за самы кончык хваста і падымае ў гару; вужака такім парадкам ня можэ дастаць да рукі і укусіць; ён жэ з дуру і схапіў вужаку, як папала, ўсей пяцернёй, – ну і, ведама, той яго укусіў. Бацька, як даведаўся аб гэтым, то страціў веру ў свае шэпты і паслаў сына ў бальніцу.
Саўка Каваль
Д. Масток, Быхоўск. п. Магілёўскай губерні.
Пекная пагода ў часы збора жыта змянілася на брыдкую: калі ня днём то ноччу ідзе дождж, ярына гніе. Ураджай жыта вышэй за сярэдні, авёс слабей, грэчка расьце пекна, ростам вышэй за авёс, што рэдка ў нас бывае.
Каваль
Г. Стары Быхоў, Магілёўскай губерні.
Сельска-гаспадарскі хаўрус пастанавіў аткрыць ў восень 1911 году ў Быхове выстаўку. На выстаўцы будуць гаспадарскіе рэчы, жывёла, хатніе вырабы і др. За добрые рэчы будуць даваць награды грашмі і медалі, але толькі тым, што жывуць у Быхоўскім, Магілеўскім, Рогачэўскім і Сеннінскім паветах. Выстаўка для дробных рэмесьнікоў, каторые займаюцца хатнім рэмяслом, надта важная рэч, бо яны могуць паказаць свой тавар шырэйшай публіцы, зрабіць, яму рэкламу дый шмат прадаць яго на выстаўцы. Апроч таго трэба, каб нашы кабеты давалі так сама на выстаўку свае вырабы: палотны, паясы, вышываные ручнікі, кашулі, спадніцы і др. Усіх гэтых рэчэй на выстаўках шмат купляюць і добра за іх плоцяць.
Каваль
Г. Стары Быхоў, Магілёўскай губерні.
2 серпня тутэйшы спраўнік паехаў на палеваньне на зайцоў, узяўшы ў помач сабе двох стражнікоў. Але быў, знаць, нешчасьлівы дзень: спраўнікоў конь, убачыўшы зайца, с пуду падняўся на дыбкі і спраўнік рынуўся на зямлю. Да небаракі на ратунак кінуўся стражнік. Толькі стаў ён падыймаць спраўніка, як стрэльба спраўнікава выстрэліла і адарвала на назе стражніка пальцы з ладыжкамі.
Саўка
Г. Магілёў.
У часі пажару, які тут быў на Тройцу, пагарэлі без мала ўсе гарбарні, ў якіх выраблялі жоўтую скуру, дык і цэна на гэты тавар падскочыла. А тым часам, гарбары сідзяць без работы, бо німа куды прыткнуцца.
Цішка
Магілёў.
У вёсцы Ходороўцы, Горэцкаго павету, згарэло 34 хаты. Пажар узняўся, як кажуць, ад неасьцярожнасьці з лучынай.
С. Б.
Магілёў.
9 чысла гэтаго месяца згарэла апошняя гарбарня ў Лапунове, якая асталася тут пасьля пажару ў чэрвені месяцы. Адзін роботнік задушыўся, другога пакалечыло ў часе пажара.

Г. Гомель, Магілёўскай губерні.
Памесчык Бочков падарыў земству двор „Рэчкі” каб устроіць там паказные гаспадаркі і школу сельска-гаспадарскую.
М. Розальмов, Магілёўскай губерні, Клімовіч. пав.
Недаўна хвурман памешчыка Бор–іча, Іля Новікоў, каб атруціць сваю сям’ю, ўсыпаў у муку аршэніку (мыш’яку). Жонка яго, разчыніўшы цеста, спекла бліноў, ад каторых памерла сама, дачка 18 гадоў і сын 13 год. Калі прыехаў станавы зрабіць пратакол, на першае запытаньне праступнік прызнаўся, што ешчэ месяц таму назад, ён прыгатаваў атруту, але ўсё не мог адважыцца ўсыпаць. – Апошнімі часамі ён многа піў гарэлкі, і яна давела яго да гэткаго упадку. Як прызнаўся сам Новікоў, ён хацеў, атруціўшы сям’ю, стаць ізноў свабодным.
Тутэйшы

В. Ельня, Магілёўскай губерні, Клімовіч. пав.
Маладые хлопцы пасварыўшыся сталі біцца, адзін напаў на другога і швайкай (іспіцай), што шыюць лапці, папароў свайму таварышу ўсё горла. Выратаваць не удалося.
К. Б.

В. Тросьціна, Магілёўскай губерні, Клімовіч. пав.
На гэтых днях пры вялікім зборы мейсцовай інтэлігенціі, селян і вучэнікоў – была аткрыта новая земская школа. Будынак дужа добры – класс вялікі і сьветлы, бо мае 8 вокан; тут-жэ і кватэра вучыцеля, каторы, трэба сказаць, любіць сваю працу і, хоць з Расеі, не чураецца гаварыць па нашаму. О, каб нам болей такіх.
Быўшы на аткрыцці
З Горэцкаго павету, Магілёўскай губерні.
Селяне тутэйшых вёсак: Церэхоў, Сьнігіроў і Пірагоў перайшлі на хутары. Гэтым летам за іх прыкладам разсяліліся на хутары і селяне вёскі Бель (21 сяліба). Цяпер яны ўзяліся за будоўлю на новых мейсцах: ставяць хаты і прысельля. Астаўшыеся 40 гаспадароў гэтай вёскі, убачыўшы, што ім прыходзіцца ізноў драбіцца на палосы ды нават трэба наймаць на свой кошт землемера, маняцца вясной раз’ехацца, як іх сябры, на хутары.
Саўка Каваль
Сяло Хоміно, Магілёўская губерня, Быхоўскаго пав.
 У нас добра урадзіла гародніна, за тое цэна на яе малая: так, пуд бульбы – 15 кап., пуд буракоў, морквы і бруквы (грыжыны) па 10 кап., а пуд капусты, што, бывала, ішоў па 40–50 кап., цяпер прадаюць па 8 к. У мястэчку Лядах яе так многа, што ня ведаюць, куды дзеваць, і яна гніе па гарадох.
Апошнімі часамі па акалічных вёсках страшэнна хварэюць на шкарлятыну.
Саўка Каваль
Оршанскі павет, Магілёўская губерня.
Пісалося ў газэтах, што вучыцелём цэркоўных школ з верэсьня (сенцябра) месяца будуць плаціць па 30 руб. у месяц, так сама як і вучыцелём народных школ. I такі гэто была праўда. Але перш чым паспелі вучыцелі атрымаць з гэтай пэнсіі грошы, пасьпелі ўжо налажыць агранічэньне, каб вылічаць с пэнсіі тым вучыцелём, каторые ня будуць пеяць ці па прычыне хваробы, ці па няздольлю, а грошы, якіе астануцца пастаноўлена раздзяліць паміж сьвяшчэннікоў, па 60 рублёў у год вылічылі гэткім вучыцелём неудачніком!
Саўка Каваль

С. Мужычок, Клімовіцк. пав. Магілёўская губ.
Колькі дзён таму назад двое селян, напіўшыся каля манаполькі гарэлкі, пасварыліся с трэйцім таварышам сваім, так сама п’яным, і забілі яго. Гарэлка зрабіла свае!

У Розальмове, Будочцы Першай і Другой у ночы пакрадзено масло, мёд з вульлякоў і т.п. Сумные думкі наводзіць на чэлавека жыцьцё нашых вёсак: скрозь цемната, п’янство, зладзействы, убіўствы, і німа ўсяму гэтаму канца!
Тутэйшы
Сяло Голашоўка, Оршанск. пав. Магілёўская губ.
„Могилевскій Вестникъ“ падае такую пісульку: Паміж селян ёсць вялікае жаданьне навукі. Ёсць тут у прыходзе каля 5 тысяч душ, а школ толькі тры: цэркоўна-прыходзкая, цэркоўная школа і земская школа. Вось у цэркоўна-црыходзкую школу з восені падалося да 150 вучэнікоў; ведама, калі прыняць 50 ці 60, то ўжо аднаму чэлавеку трудна справіцца, але вучыцелька прыняла аж 74 вучнёў, дый то ад рэшты адбіцца нельга. Пры гэтым бываюць цікавые здарэньня. Хоць-бы такое. Двое барадатых дзядзькоў, просяць прыняць іх дзяцей.
– Мейсца-ж німа, – кажэ вучыцелька.
Тые ідуць ў школу, агледаюцца; відзяць – лаўкі поўные дзяцьмі.
– Вот, самі бачыце, – кажэ ім вучыцелька, – і пасадзіць німа дзе.
Тые не уступаюць:
– А вось тут лаўку паставіць можна!
– А дзе-ж я вазьму? У мяне німа!
– Во-о! дык за гэтым дзела і не стане!
I на другі дзень тые барадачы на плечох даставілі лаўку, прыгожа зробленую і з сабой прывялі дзяцей.
Вось такім і таму падобнымі спосабамі набіваюцца ў школу замест 40, як павінна быць на аднаго вучыцеля, ажно 74 вучнёў!
В. Хоміно, Горэцк. павету, Магілёўская губ.
Устанавіўшаяся перш санная дарога апошнімі часамі зусім прапала; сьнег растаяў, і цяпер то дождж пойдзе, то туман агорне землю, што вакол нічога не відаць. У поўдні цёмна, як вечэрам, – хмары ня сходзяць з неба. Вада ў Днепры прыбывае. Селяне пужаюцца, каб мароз, калі ня выпадзе сьнег, не папсаваў збожа.
Саўка Каваль

Наша Нива. 1911

М. Хоцімск Магілёўскай губерні, Клімовічск. Пав.
У нашых ваколіцах вялікі недахват пашы; селяне ні маючы чым карміць, выводзяць і самі забіваюць коней на скуру. Страшэнные часы, – і сам сабой прыходзіць на мысль смутны жарт цыгана, каторы на запытаньне гаспадара, чаму цыган прадаў яму каня, каторы ня хочэ саўсім есьці – атказаў: „дык хіба-ж гэта дрэнны конь? Як на цяперашніе часы, такі конь, па моему, найлепшы“. – Горкая праўда!
К. Борыс-віч
С. Хоміно, Магілёўскай губерні, Горецкаго пав.
Купец з мястэчка Лядоў К. пазычыў селяніну вёскі Пацеек, Якаву X., 30 рублёў. Як гэта вядзецца, праз год яны вырасьлі да паўсотні. За гэные грошы купец забраў у Якава увесь лён і пяньку, а вэксэль не аддаў, пакладаючыся на тое, што ён яго згубіў. Прастак Якоў паверыў яму. Прайшло з месяц часу, і Якоў дастаў павестку ў суд с цяжбітам К. аб грошы. Таго-ж часу Якоў апынуўся у К., каторы і растлумачыў яму: „Ня бойся, павестка прыйшла табе па абмылцы: я суджуся з Якавам зусім з другой вёскі”. „То тады і у суд мне ня трэба ісьці?“ – „Ведама, што ня трэба”. I тутака Якоў паверыў і не пайшоў у суд. Працягнулося ешчэ з месяц, і ў хаці Якава паявіўся станавы прыстаў. – „Падай 50 рублёў грошы па спаўніцельнаму лісту“. Станавы апісаў жывёлу.
У Якава шмат сьведак, што ён расквітаваўся с К., і станавы раіў хутчэй жаліцца ў суд. Але, бадай, і тут К. выкруціцца: дасць ён Якаву чарку, ды хлопнець яго па плячу, сказаўшы: „брат ты мой!“ і дзела гатова!
Саўка Каваль
С. Гарасімёнкі, Магілёўская губ. Аршанск. пав.
Два гады таму, як у нас аткрылі манапольку. Майстры ад п’янства і хто так сабе любіў глынуць усцешыліся с такога шчасьця: гарэлка пад бокам і сколькі хочэш. Але нісмачна стала жонкам даставаць ад мужыкоў „дулі“ і „тумакі“ і заместа хлеба бачыць п’яные рылы тых жэ мужыкоў ды сьлёзы дзяцей. Вось сабраліся яны і напісалі губэрнатару прашэньне аб закрыцьці манаполькі. Губэрнатар прыслаў у воласць бумагу, каб мужыкі зрабілі аб гэтым прыгавар, што яны і зрабілі, баючыся, каб бабы не павыскубывалі ім бароды.
С. К.
С. Хоміно, Магілёўская губ. Горэцк. пав.
У ночы з 18 на 19 марта сабраліся хмары, зігацела маланьня, загрымеў пярун і паліў дождж. Вады надало столькі, што у Міхееўцы знясло на рэчцы мост. У Волеўках, пярун спаліў дзьве сялібы.
Саўка Каваль
С. Хоміно, Магілёўская губ. Горэцк. пав.
Два тыдні, як зыйшоў ужо на Днепры лёд і пайшлі параходы Але ходзяць яны чуць не пустые, бо ходзяць без распісаньня. – Жыта сёлета с пад сьнегу выйшло чорным; потым пырснуў дождж, і яно зазелянело. Пачынаюць раскідывацца дрэвы: верба, сірэнь (бэз), бярозы. Селяне працуюць каля гарадоў.
Саўка Каваль
Горы-Горкі, Магілёўская губ.
Сельска-гаспадарская школа ў Горы-Горках мае быць пераменена с пяцікласнай сельска-гаспадарскай на трох класную землеробна-рэмесьленну. Будуць вучыць хіміі, сталярства, сьлесарства. У школу, як кажуць, будуць цяпер прыймаць хлапцоў, што скончылі народную школу.
С. Чырыно. Магілёўская губ. Горэцк. пав.
1 траўня (мая) ад падпалу тутака здарыўся пажар; згарэло 5 сяліб, у тым ліку і дом дзіякана.
С. К.

В. Міхеёўка, Магілёўская губ. Горэцк. пав.
Вясной знясло на рэчцы мост. Прыехаў станавы прыстаў, сабраў народ і стаў лаяць, што селяне не будуюць новаго моста. Усе моўчкі слухалі яго і не апраўдываліся, што за вялікай вадой на рэчцы нічога ня зробіш. Толькі сельскі стараста, мяркуючы ўсю напрасную лаянку, бо рабіць у вадзе нельга было, выпраміўся і сказаў: «лезь, пане станавы у ваду, а ў сьлед за табой і мы палеземо!“ Тады станавы саставіў на яго протакол і цягнець пад суд.
Саўка Каваль
Гор. Быхоў, Магілёўская губ.
Сельска-гаспадарская выстаўка, аб каторай паведамляла чытачоў „Н. Н.“ (у № 35 за 1910 г.), аткрываецца сёлета 8 верэсьня (сенцябра) і працягнецца да 14 верэсьня.
Пагода трымаецца, у апошні час стаяла пекная. Жыта адкрасавало, ячмень высыпаў, авёс мейсцамі у пуках; ўсё выглядае надта добра. Ужо сталі касіць лугі і канюшыну.

М. Дуброўна, Горэцк. пав. Магілёўскай губ.
Некаторые з гаспадароў завялі звычай пасьвіць сваіх каней ноччу на аўсах суседзёў. Прасілі такіх людзей, лаялі, бралі за забраных на аўсе коней грошы – нічога не памагало! Крэпка забалела у некаго сэрцэ, і ня выцярпеў ён: падсьцярог на аўсе двое каней і нечым вострым прапароў ім жываты. Конь селяніна Дударова на другі дзень здох. Вінаватаго не спаймалі дагэтуль.
Саўка Каваль

В. Бель, Гарэцк. пав. Магілёўскай губ.
Тутэйшы селянін Міхась В. быў справядлівым чэлавекам, хадзіў у цэркву, гарэлкі ня піў, табакі не курыў. Выбралі старастам – стаў выпіваць. Але за гэта яго ніхто не вінаваціў, кожны казаў: «ён стараста» і пье «чужую». Калі праз тры гады яго паднавілі, то ён ужо проста не вылазіў с карчмы. Піў стараста ўсё «чужую»: калі ніхто не ставіў, то ён прапіваў сабраные з селян валасные падаткі. Селяне чэкалі, ажно пакуль не дачэкаліся таго, што на іх загаманілі ў воласьці за неплацёж падаткоў. Посьле гэтага старасту змянілі, і ён, каб замазаць зробленую селянам шкоду, прадаў 17 дзесяцін сваей купленай зямлі, коні і каровы. I дзіва: цяпер ён ізноў ня пьець, ходзіць у цэркву і падпевае дзяку высокім тэнорам.
Саўка Каваль
Мяст. Дуброўна, Горэцк. пав. Магілёўскай губ.
Колькі гаспадароў першай грамады (обчэства) сталі старацца, каб выдзелілі іх на хутары. Працягнуліся два гады, пакуль наважылі іх жаданьня. Вінаваты гэтаму другіе гаспадары, каторые не хацелі выдзеляцца. Яны не згаджаліся на тое, каб выдзеліўшымся дасталася самая добрая і блізкая да мястэчка земля, на якую тые паказывалі. Але ў апошнюю гадзіну, калі прыйшла пастанова аддаць ім гэту зямлю, ўсе хлебаробы захацелі выдзеліцца на хутары. Цяпер над выдзелам працуюць землямеры.
Гэтак сама зрабілі і хлебаробы другой грамады, бо на злосць „завадатаям” усе выдзеліліся на хутары.
З гэтаго відаць, што у нас большая частка хлебаробоў выдзелілася, каб толькі не дасталася „завадатаям" лепшая зямелька. Ясна, што іх пужае гаспадарка на хутарах, с каторай яны саўсім незнаёмы; гэта-ж ведама што лепей можна гаспадарыць на хутары, чым вёскай, дзе адзін аднаму перэшкаджае.
С. К.
С. Герасімёнкі, Оршанск. пав. Магілёўскай губ.
У часе, калі цэрква была адчынена, забраўся злодзей. Украў ён толькі 85 кап., што знайшоў у сьвячной скрынцы. Шукаючы больш грошы, злодзей адсунуў алтар і, прабіўшы на тым мейсцы дзірку, пралез пад памост. Што там ёсць грошы, ён, мусі, сьніў ці чуў ад старых кабет; дык, бадай нічога не знайшоўшы, прабіў падмурак і вылез. Пачулі аб зладзействі праз колькі дзён.
Саўка Каваль
М. Раманаво, Магілёўскай губ., Горэцкаго пав.
Дыякон В. навязаў каня на лузе дзячка П. Дзячок пайшоў забіраць каня, узяўшы з сабой стрэльбу, баючыся, як кажуць, што можэ сустрэціць шалёнаго сабаку. Калі прыйшоў да каня, то знайшоў там дыякана з жонкай, каторые пачалі з ім спрэчацца, недаючы каня.
Чы па абмылцы, чы ад болю сэрца дзячок стрэліў і лёгка зраніў дыякана. Консысторыя выдаліла са службы дзячка, ня гледзячы на тое, што дыякан дараваў яму і яны памірыліся.
С. К.

Сяло Хоміно, Магілёўскай губ., Горэцк. пав.
Ўсім ведама, што ў вёсках дзеці растуць безпрызорна. А выходзіць з гэтаго вось што. Нідаўна ў вёсцы Міхееўцы хлопчык, каб пахварсіць, ускочыў на двухгадавога жарэбчыка, але той скінуў яго і затаптаў на сьмерць. Гэтак сама ў вёсцы Валенках хлопчык, едучы вярхом на кані, калыпаў сабе нажом жалейку. Чагось спудзіўшыся, конь кінуўся ў бок. Хлопчык зваліўся на нож і пракалоўся. Праз колькі дзён ён памёр.
У сяле Ліцьвінаве пад кірункам памешчыцы Лідавой і с падмогай ад казны адкрыт банчок дробнаго крэдыта. Селяне ахвотна пазычаюць грошы.
Саўка Каваль
С паездкі на сельска-гаспадарскую выставку у Быхоў.
Гэй, Беларусь, шырока Ты раскінулася на грудзях зямелькі! Еду сто, дзьвесьці, трыста вёрст, і усё кругом той самы русавалосы, сіневокі народ, усё тая самая наша родная беларуская гутарка. Як ліст да ліста, як зернятко да зерняці, так падобны да сябе вёскі, сёлы, мястэчкі і гарады беларускіе. На узгорках і ў лагчынах раскінуліся там хаткі, тут камяніцы пабеляные, а с-паміж іх высяцца стройные званніцы і куполы цэрквей ды касьцёлоў; але хаця розные гэта сьвятыні, розные веры, аднак племя тут жыве адно, адзінакавы скрозь народ Беларускі, па паяс уросшы ў зямлю, угледжэны ў сінюю даль лясную, і гэта сінасць адбілася ў вачах Беларуса, а могілеўцы кажуць, што і „на пустыні пясок сіні“.
Вось і Быхоў, мэта нашай падарожы. Гарадок так сабе – з двумя цэрквамі і адным касьцёлам ды дзесяцьцю жыдоўскімі бажніцамі. Ляжыць ён на ўзгорку, разбудаваўся на руінах колішняго пагранічнаго з Масквой літоўскаго замку. Як усюды у нас, так і тут больш корчэм ці, як іх цяпер па моднаму празвалі, „рэстараноў”, піўных і іншых гэтаго калібру „культурных“ закануркоў, чым школ і хаўрусоў.
Брыдзеш пешчанымі вуліцамі паміж старэнькіх дамкоў, і неўспадзеўкі ў вочы кідаецца шырокі прастор. Гэта з валоў від на Днепро і нізкую, затопную раўніну, каторая цягнецца з дзесятак вёрст у шыркі роўнай лукой, цяпер – пад восень – густа убранай стагамі сена. Днепро тут не шырокі, але гонкі і водны.
З берагу у нізе на права відаць шмат белых новенькіх багатых будоўлі, прыбраных флагамі; гэта – выстаўка. Шырокі пляц, абгароджэны, выраўняны, засеяны зялёнай травіцай; скрозь праведзены дарожкі, пасыпаные жвірам, насаджэны кветкі ў прыгожые узоры, харошые газоны, багатые павільёны, рэстаран, тэатр; праведзен і тэлефон; паны ў сурдутах, у фраках; пад’яжджаюць карэты, коні у бронзе з мяцёлкамі на галавах па шасьці цягнуць пустую лакераваную павозку. Ўсё гэта адразу паказывае, што выстаўка устроена не для убогай беларускай вёскі, а дзеля забавы паном, каторым зажадалося мець у Быхове тэатр с францускай мовай (як адзін казаў, ім надаела слухаць беларускую мову ад парабкоў і эканомоў), з заморскімі вінамі, з абедамі ад аднаго рубля да двадцаці пяці. I праўда, селян першые дні і відаць было толькі што пры дворных каровах і конях, каторых папрыводзілі на выстаўку акалічные паны, каб пахваліцца перад сваімі суседзямі; толькі у апошніе дні, калі зменшылі плату з рубля за ўход на выстаўку да 10 капеек, паказалася горстка селян, і гэта ажывіло выстаўку, бо бабы, пабачыўшы, што п. Шалкоўскі выставіў на паказ хораша вырабленые селянскіе палотны, ручнікі, паяскі і іншае рукадзельле, папёрлі баржджэй дамоў, каб прынясьці і свае вырабы. Праўда, камітэт выстаўкі не пажалеў турботы аглядзець тые вырабы і наградзіць баб, і гэта мае вялікую вагу: бабы вельмі заахвоціліся да ручных работ, як камітэт сваей увагай да іх вырабоў паказаў ім, што узор беларускі – цікавы і цэнны. – Прыгледаліся уважна селяне і да аддзелу агародніцкаго і палявой гаспадаркі, і відаць, што шмат хто з іх зразумеў карысць такой выстаўкі і набраўся ахвоты на другі раз дзе-чым пахваліцца з сваей гаспадаркі. I калі на другі раз у Быхове будзе выстаўка, дый калі будзе устроена не с такім панскім шыкам, то ей напэўна можна варажыць поўную удачу.
Быў на выстаўцы і аддзел з беларускімі кніжкамі, ды з „Нашай Нівай“. Шмат хто з беларусоў дагэтуль ня ведаў, што ўжо шосты год выходзіць газэта ў роднай мове, дык цяпер усе чыталі, знаёміліся. Адны з раскрытым сэрцэм віталі родную мову, пекна выложэную у кніжках, – другіе глядзелі, як на дзіва,– але і адны і другіе куплялі кніжкі, і шмат хто падпісываўся на газэту. Знайшоўся і адзін такі малады паніч, каторы вельмі абурыўся, што на выстаўцы былі беларускіе кніжкі, і гаманіў, што ў Могілеўскай губэрні німа беларусоў; але старэйшы і, відаць, разумнейшы яго таварыш, узяўшы за рукаў, адцягнуў у бок, кажучы, што „яны пэўне абмыліліся“, каб як-нібудзь супакоіць маладога крыкуна і сябе на людзкі сьмех не выстаўляць.
Цікава было, як вучыцелькі з народных школ, прывёўшы дзетак, як бобу, паказывалі ім агародніцкі аддзел. Паказывае, напрыклад, адна пальцэм на вялізарны гарбуз і пытае дзяцей, ці бачылі такую „тыкву“? – “Не“ – кажуць дзеці – „тыквы ня бачылі, але акурат гэткіе гарбузы у нас растуць! – „Гэта-ж“ – кажэ вучыцелька – „па вашаму па мужыцку гарбуз, а па расейску тыква“. Давялося мне гаварыць з другой народнай вучыцелькай (беларускай), каторая слухала, як чыталі беларускіе вершы, і на пытаньне, ці добра разумее ўсё, атказала: „Не, нічога не разумею“. – „А якжэ гавораць вашы вучэнікі паміж сабой і у сябе ў хаці“? – „Па Беларуску... Гэтак сама, як тут напісана“. – „То якжэ вы іх вучыце, калі не разумееце іх мовы, а яны – вашай“? – „Не, – кажэ вучыцелька, – яны ўсё разумеюць“. – „А вы – не“?... Вучыцелька зазлавала і адыйшлася.
У канцы трэба дадаць, што бадай толькі адны перакіньчыкі беларусы крыва глядзелі на беларушчыну; праўдзівые велікарусы па большай часьці спагадалі беларусам і цікавіліся кніжкамі і газэтай беларускай, а нават выпісывалі газэту, каб бліжэй пазнаёміцца з беларускім рухам.
Агульную увагу звярнуў на сябе беларускі календар „Нашае Нівы“. На яго звярнулі увагу і экспэрты навучнаго аддзела Быхоўскай выстаўкі і наградзілі яго вялікім сяребраным медалем. Гэта павінно заахвоціць беларусоў купляць беларускі календар і на 1912 год; ён ўжо друкуецца і за якіе два месяцы выйдзе у сьвет.
Власт.
Хвольварак Масты. Магілёўская губ. Гомельскаго павету. Дзятловічскай вол.
К тутэйшаму пану прыехалі на палявяньне госьці. Посьле паляваньня паселі закусываць каля вады. Тут адзін с паляўнічых забіў пару качак, а сын лесьніка, малады хлопец 19 гадоў, палез іх даставаць. Скора парвалася цяцера паміж хлопцам і паляўнічымі. Той самы, што забіў качак, прыцэліўся ў цяцеру і стрэліў, ды забіў... хлопца. Небарака бачыў, што той цэліцца проці яго, ды павярнуўся задам, але гэта не памагло: ўвесь набой ударыў у патыліцу і прабіў наскрозь галаву. Зраненаго адвязьлі ў бальніцу, дзе ён і памёр.

Сяло Хоміно, Магілёўская губ. Горэцк. пав.
Сунецца зіма з доўгімі вечэрамі, калі селяне, ленючыся баяць казкі, сьпяць цэлымі днямі. А дзеўчаты? Патрэплюць лён, ды і прасьці. Дзеля гэтаго збіраюцца яны у адну хату, паўзбяруцца на тапчаны ды на пяколкі і запяюць песьні, а ім ўтораць верацёны, ды пралкі. Ня добра бывае, калі прыйдуць сюды дзяцюкі: пачнуцца брыдкіе гутаркі і грубые жарты. Ешчэ горш, калі хлопцы астаюцца начэваць (ў “наначках“)... Гэтак сама бывае летам на начлезі, дзе коней, як ведама, пасьвяць начамі разам хлопцы і дзеўчаты. Нідаўна сустрэціў кабету. Яна плакала. – Чаго плачэш? – папытаўся, што на начлезі 17 гадовы хлопец згвалтаваў яе дачку 14 гадкоў.
Абліваецца крывёй сэрцэ, слухаючы гэта, бачучы плады некультурнасьці, дзікасьці...
Затое як радасна бачыць у доўгі зімовы вечэр селяніна, дзяцюка, ці то дзяўчыну за кніжкай! Мне здаецца, што ён тады глядзіць у ваконцэ, аткуль падаюць прамені яснаго сонэйка, дзе зелянее лес, сінее небо і плыве смалісты пах кветак.

З Горэцкаго павету Магілёўскай губ.
У Хаўнянскай і Баеўскай валасьцёх у апошніе гады селяне павялічылі пасевы лёну, каторым займаюць большую частку яравых палосак. Усё дзеля гандлю. Прадаюць селяне семя і валакно. Яны неяк вылічаюць, бытцым за вырабленны лён у палатно ня больш возьмеш, як за валакно. Вырабляюць палатно толькі для сябе. З гэтай прычыны рэдка спаткаеш на таргу кабету с палатном, хіба з бяды прынясе яна яго 2–3 аршыны, цы тады, як папсуе яго бяліламі пры бяленні ( – цяпер рэдка хто беліць па-стараму – у лагчынах, паліваючы вадой).
Пасьля уборкі жыта і ярыны, ураджай каторых можна лічыць сярэднім, пачалі капаць бульбу. Выглядае яна дробнай, ды с-пад іншаго куста выкінеш 3–4 бульбіны.
Пад восень днямі стала прыкідывацца добрая пагода; цяпер, праўда, яна змянілася на брыдкую: дождж, сьцюжа... 28 верасьня ішоў першы сьнег.
Саўка Каваль

Гомельскі павет, Магілёўская губ., ваколіца Александроўка.
На прачыстую прыехаў сюды у госьці с сынком 8 гадоў Андрэй Жарын. У гасьцях, як ужо вядзецца, трохі выпілі манаполькі і, як кажуць, паднясьлі і хлопчыку. Той разагрэўся і захацеў пакупацца у Дняпрэ. Пайшла з ім на берэг і родная яго бабка і на яе вачах хлопчык раздзеўся, пайшоў у воду, набрыў на глыбь і нырнуў. Знайшлі яго на другім беразі, але цераз тыдзень.
Магілёў-Беларускі.
Хоць наш горад і стаіць чуць не пасярод Беларусі, але йшчэ мала тутака ёсць інтэлігентоў, каторые цікавіліся бы нашай роднай мовай, нашымі звычаямі. Ёсць за тое багата такіх, што калі пачынаеш з імі гаварыць аб гэтым, дык яны толькі усьміхаюцца і кажуць, што нічога ня выйдзе з нашай работы, што гэта толькі адны жарты. Але ўсё-ж такі, чым далей, і ў нас знаходзіцца больш людзей, каторые чытаюць беларускую газэту, а тады і самі пачынаюць шырыць яе паміж другіх. Ня дужа даўно прыйшлося мне гаварыць з гэткім чэлавекам. Рабілося неяк лягчэй на душы, калі ён казаў, як у сваей вёсцы (гдзе быў вучыцелем) чытаў селянам „Нашу Ніву“ і як яны прасілі яго, каб часьцей чытаў ім пра ўсё, што робіцца па вёсках нашай абшырнай, але йшчэ дужа цёмнай Беларусі. Ён жэ расказываў мне, што ў Пецербурзі быў у аднаго прафэсара-беларуса, каторы пішэ кніжкі  па нашаму, і той прафэсар іначэй у сябе дома не гаворыць, як толькі па-беларуску. «Калі да мяне прыйдзе беларус і ня будзе гаварыць сваей роднай мовай, дык буду браць з яго штраф, каторы пойдзе на выдаваньне і шырэньне беларускіх кніжок між беларусамі» – казаў яму прафэсар. – Прыемна было слухаць гутарку вучыцеля. Калі такіх національна-сьведомых людзей будзе больш (– а іх усё прыбывае) дык скора не астаецца у нас людзей, што дагэтуль ня вераць у адраджэньне Беларусі!
Е. Л.

С. Хоміно, Магілёўская губ. Горэцкаго пав.
Калісь селяне жылі вялікімі семьямі, ня дзелячыся. Старшым лічыўся бацька. Ён ведаў парадак. Па сьмерці бацькі, яго семья доўга жыла у аднэй хаці і дзьве-тры нявесткі ужываліся разам; вісело па дзьве-тры люлькі. Павялічывалася семья, падрастало па колькі работнікоў у кожнаго з братоў, тады яны дзяліліся. Дзельба адбывалася без ніякіх сварак: тваё да цябе, маё да мяне. Цяпер ні так! Ажаніў бацька сына дык і аддзеляй; другога ажаніў – і яго аддзеляй. Пры дзяльбе сваркі ды бойкі: кожэн хочэ захапіць больш за другога.
Гэтак было у вёсцы Краснае. Сын аддзяліўся ад бацькі судом і, хоць узяў усё з гаспадаркі, што было прысуджэно, але йшчэ, выбіўшы бацьку, вывеў лішняго каня і колькі дробных скацінін, а ў ночы, як злодзей, паламаў замок і забраў колькі вазоў сена. Бацька падаў за гэта на яго ў суд.
Добра жыць вялікшай сямьёй і затым, што ў ёй, кроме работнікоў, ёсць старушкі, ды падросткі, каторые глядзяць за малымі дзяцьмі. А што бывае з дзяцьмі без прызору, вось вам прыклад: у вёсцы Белі аддзяліўся ад бацькі сын. Работы і мужу і жонцы хапало па горла, а тут ешчэ малое дзіцятко. Нанялі да яго нянькай 10-гадовую дзяўчынку. Нянька, калі нікога не было у хаці, абпаіла дзіцятко гарэлкай: „Янка засьне – думала яна – а я буду гуляць“. – I Янка заснуў, ды так, што і не прачхнуўся.
Вялікая семья – гэта сіла. Беда толькі ў тым, што, як народ у нас мала культурны, дык адзін аднаму ні ў чым няўступіць, і заводзяцца сваркі. А ізноў, каб кіраваць вялікай сямьёй, на гэта трэба вельмі справядліваго і цьвярозаго чэлавека, каторы кожнае слово сваё абдумаў і перадумаў-бы.
Саўка Каваль
С. Хоміно, Магілёўская губ. Горэцкаго пав.
Праежджаючы па Р.-О. ж. д., я наткнуўся на гэткі малюнак. У вагоні, сярод пасажыроў, найбольш майстроў-каменшчыкоў, быў поўны і здаравенны нямы жэбрак. Выманіваючы грошы у падарожных, ён варажыў ім знакамі і ківамі. Усе вельмі рагаталі, калі ён паказываў ківамі аб брыдкіх рэчах.
Падыйшоў жэбрак і да мяне.
– Гэта не нямы! – сказалі мне, – ён зараз загаворыць!
I запраўды: Варожачы цыгану пра зладзейскае жыцьцё, “нямый” сказаў словы ”п.ру, хап”, а праз колькі мінут гутарыў з ім у голас.

Цэны на збожжэ ў нашым павеці такіе: жыта пуд 90–95 к., аўса – 70–75 к., лён – 3–6 руб., семя – 2 р. – 2р. 10 кап., капуста – 25–35 к., бульба – 20–30 к. У часе марозоў, каторые былі ў канцы верэсьня і пачатку кыстрычніка, бульба, што была на карэні, трохі падмерзла. Зсыпаная ў капцы, яна хутка загніла; капцы аселі.
Саўка Каваль
С. Хоміно, Магілёўская губ. Горэцк. пав.
Крыху раней, калі не так разумны былі людзі, бацькі, браты ды сёстры, як іхні Хведарка ішоў у салдаты, ці маскалі, то цалаваліся з ім, плакалі і прашчаліся у сябе дома. Цяпер ня тое! Нарыхтаваўшы Хведарку да “машыны“ яны і самі цягнуцца за ім з хаты бо трэба на прашчаньне зайсці і выпіць у якой небудзь карчме. Выпілі, а адтуль і на станцію нідалёчка. Загудзела машына і стоп! Паўлезалі сынкі, браткі і мужы – навабранцы у вагоны. Зачмыхала машына і пайшла.
– А мой жа ты Хведарка!– равуць на платформі.
– Забрала цябе машына, а што-ж мы рабіць цяпер будзем!
I пруцца бацька з маткай с сваімі п’янымі галовамі пад машыну.
Іх адпіхнулі.
Ужо далёка машына, а браты, жонкі, маткі ды бацкі сланяюцца ешчэ па станціі. Пакаўзнулася п’яная галава, ды бац па патыліцы другой такой самай п’янай галаве. Уз’елася патыліца, ды бац у вуха вінаватую галаву.
– Ці гэта так?! крыкнула тая. I пайшла пацеха. Толькі і чуваць: „пац, пац, пац!“ Праз гадзіну многа зубоў ківалася ў губах, не адна барада была чырвона ад крыві, не адно вока падбіта.
Пад вечэр на станціі было ціха, было ціха і у вёсцы, толькі чутно было, як плакалі па запечках галодные дзеці, раўла галодная жывёла, ды лічыла шынкарка медзякі, узятые за выпітую на прашчаньні з новабранцамі гарэлку.
Новые людзі, новые песьні.
Саўка Каваль
С Клімавіцкаго павету. Магілёўская губерня
Часта густа чуем як на шырокім сьвеці устраіваюць людзі выстаўкі, банчкі, хаурусы – і думаецца чаму гэтаго ўсяго німа у нас? Атказ дужа просты. Край наш, край землеробоў – культура-ж землеробная стаіць ешчэ ў нас вельмі нізка – як у дварох, так і ў вёсках. Паны самі гаспадаркай, блізка што саўсім не займаюцца, бо гультаі, – двары іх аддаюцца ў арэнду людзям, каторые, ні маючы нічога супольнаго с культурным землеробствам – пусткуюць зямлю і кідаюць яе на горэ і бяду тым селянам, каторые купляюць яе; селяне-ж не маюць ні знаньня, ні прыкладу, ні грошы. Апрыч таго, паны нашы лічаць, што па беларуску можна гаварыць толькі з мужыкамі, і дзеля гэтаго чуюцьца „чужымі між сваіх“. А шмат шыбчэй пайшла-б культурная работа у нашым краю і беларускае адраджэньне, каб на яго старане быў капітал, бо культура усягды, а асабліва у нашы часы, вымагае многа грошы, а скуль-жэ узяць іх селянам? Двары-ж нашы не спаўняюць сваей культурнай місіі якую двары спаўняюць на Украіне, Польшчы, і шмат па якіх загранічных краёх – там двор – гэта цэнтр землеробскай культуры, аткуль ліецца сьвет національнай сьведомасьці, а у нас калі паны і браліся да культурнай работы, то у чужой польскай мове, стараючыся не разбудзіць, а забіць у беларусах національную сьвядомасць!
Фабрычны і заводзкі промысел за апошні час шмат паступіў на перад. У нашым павеце ёсць 28 бравароў, многа фруктовых садоў, маняцца разводзіць хмель, ёсць фабрыка шкла, лесапілкі, ёсць ужо шырока вядомая фабрыка павозак фон-Гінббэнэта і нідаўна збудаваная фабрыка яблачнай пасьцілы у дварэ Розальмомове К. Борысовіча. Пасьцілу гэту маняцца атпраўляць ня толькі на нашы, але і на загранічные рынкі, а праз гэта будзе і прыток грошы у наш бедны край.
Хлеба у нас сёлета будзе ўсюдых свайго – ураджай добры, як рэдка калі, але за тое і падаткі новае земство многа павялічыло – гэтак у нашым павеці земство зацьвярдзіло расход на 360 тысяч руб. (на адны бальніцы 90 тысяч руб.) апрыч таго будуць збудаваны новые школы, тэлефоны і др. Усе бядуюць, што будуць дужа вялікіе падаткі, бо у суседнім Чэрыкоўскім павеці расходу будзе мело земство усяго 56 тысяч рублёў (у нас 360 тысяч руб.). Вялікіе падаткі маюць адну добрую старану: яны змусяць людзей да рупнейшай культурнай гаспадаркі, бо, пры вялікіх падатках і старых спосабах гаспадаркі – жыць цяжка. Адна беда, што німа у нас дзе вучыцца гаспадаркі, німа ніводнай ні ніжэйшай, ні сярэдняй школы сельска-гаспадарскай, як гэта вядзецца у чужых краёх. Варта было-б земству парупіцца аб гэтым, асабліва, як у нас дужа многа селян разыйшлося на хутары. Разыйшлося многа на хутары дзякуючы рупнай працы нідаўна памершаго непрэменнага члена землеустраіцельнай камісіі Адольфа Пажарыскаго. Быў гэта шчыры працаўнік, каторы, гаворачы усюды і с панамі і з мужыкамі па беларуску, лепей за ўсіх мог праканаць нашых селян, што на „стужках” (гэтак называў ён палоскі надзелоў) не пракормішся. Можэ і было гэта прычынай, што у нашым павеці, як можэ нідзе, многа селян разсялілося на хутары. О, каб нам болей такіх! Вечная яму памяць.
К. К-іч
Сяло Хоміно, Магілёўская губ. Горэцк, пав.
Жыд з мястэчка Лядоў, везучы са станціі „Краснаго“ тавар, заснуў на возе. Пераходзячы па мосьці, перакінутым чераз рэчку, конь звярнуўся на бок і паляцеў у воду.

У вёсцы Дуброва, калі селянін Н. пайшоў з жонкай у гумно малаціць лён у ночы, у гэтым часе ў хату, дзе асталіся толькі малые дзеці, прыйшоў злодзей і забраў трыдцаць рублёў грошы, якіе Н. узяў на торгу за збожжэ.

У горадзі Горках было вось якое здарэньне. Адзін селянін прадаў рублёў на 200 лёну. Па дарозі дамоў, яго падпільнавалі колькі чалавек селян і, забіўшы, заўладалі тымі грашыма. Двох арыштавалі.

На прошлым тыдні падуў вецер с цёплаго боку; дні тые было 2–3 градусы цеплаты, дык сагнало, які быў, сьнег, зварушыло на Днепры лёд. Цяпер ёсць марозік; па озімі ходзіць жывёла.
Саўка Каваль

Г. Мсціслаў, Магілёўская губ.
Жалезных дарог німа, западлый край, але земля найлепшая ў Магілеўскай губ. Спадзеваюцца, што новая чугунка ад Калугі да Мінска, пройдзе з Раслаўля на Мсціслаў, а адгэтуль на Расну, Магілёў, Мінск.
У нас людзі займаюцца і промысламі, напрыклад ёсць шапавалы, краўцы, ходзяць зімой на работу у Смаленшчыну; робяць магеркі і вайлакі, шмат ёсць шапавалоў у Шамоўскай воласьці; па троху ідзе у нас разсяленьне на хутары. Напрыклад, разышлася на хутары вялікая вёска Басценовічы.
Цімошкоўскі

Наша Нива. 1912

М. Фашчоўка, Магілёўская губ.
Фашчоўка гэта найстарэйшая каталіцкая парахвія на Беларусі дзе здавен-даўна у дадатковых атправах касьцельных заведзена беларуская мова і казаньня на беларуску. 12 мая калі зачынілі посьле нешпароў касьцёл, то туды перад гэтым закраліся зладзеі і ноччу праз вакно вынесьлі розные касьцельные рэчы. Укралі дзве срэбные кароны залочэные і крыж залаты, убраны дарагімі каменьнямі, а такжэ скарбонку ў каторай было пэўне колькі рублёў, а з закрыстыі вынесьлі два келіхі і пушку ад комунікантоў.
Кі-ч
Магілёў (губ.).
Ў сяле Барсуках. за 18 вёрст ад Магілева, чатыры невядомые разбойнікі забілі сьвяшчэніка Ноўскаго. Прычыны душагубства загадковые. Разбойнікі нічога не ўзялі, а зараз жэ паўцекалі.

М. Ляды, Магілёўская губ. Горацк. пав.
Сёлета ў нашым мястэчку „працуе” варажбіт хіромант (што з рукі варожыць). Усім і кожнаму ён суліць доўгае жыцьцё, шчасьце і багацтва, ведаючы прыказку: „абецанка – цацанка, а дурному „радасць“. I з гэтай радасьці дурные людзі сыплюць і сыплюць яму у грамадны кішэнь свае гаротные медзякі.
О, Беларусь, калі ты адумаешся, насьвятлееш, калі недапусьціш розным ашуканцам здзекавацца над сабой?
Саўка К-ль
Выбары у Магілёўскай губ. Выбраны дэпутатамі: селянін Варабьёў, пасьля Радкевіч (памешчык, правы), Быков (націоналіст), Ладомірскій (націоналіст), Энгельгарт (правы), Дрыбінцов (старавер, акцябрыст), Томашэвіч (націоналіст).

Г. Горкі, Магілёўск. губ.
У першы дзень кастрычніка адбыўся тут штогодні кірмаш. У гэтым гаду з’езд селян быў малы; і кірмаш выйшоў зусім дрэнны. Вінаваціць трэба пагоду. У нас ад пачатку месяца жніўня і аж да самага кастрычніка ішлі дажджы і было сьцюдзена. Дарогі папсуваліся, і меж селян мала хто пацікавіўся паехаць на кірмаш. Дый таго, хто паехаў, турбація была даремна, бо ў самы кірмашовы дзень пайшоў дождж, зрабілася гразь, дык які ўжо тут торг. Было навезена кадушэк, лык, каткоў, скрынь, рэшат і іншаго дрэвянага тавару, але шмат меней, чымся ў даўнейшые гады. Торг ішоў найбольш на коні. Якога-небудзь вёсковага гаспадарскага вырабленьня на продаж я нават і не бачыў. І ва усім вінавацяць селяне мокрае надворье, бо шмат яравога збожжа і сена пагніло на палёх, а лён, каторы пабралі, ды не пасьпелі да дажджа сабраць с поля, пачарнеў і выцек, а так-то зарадзіўся доўгі і ўраджайны. Толька і хваляцца селета людзі бульбай. Сьлівак у нас ў гэтым гаду не было, нават вясной шмат дрэў паўсохла, а яблак і дуль ураджай сярэдні, фрукты дробные. З гэтакіх прычын і кірмаш быў незавідны. Але ж што-што, а гарэлку пілі на кірмашы, як усягды, калі не лепей. Народ навокал жывець небагата, бо землі мала, а фабрычна-заводскаго промыслу ці якого іншаго німа і да жалезнаго шляку далёка, а гарэлкі пьюць тутэйшы селянін надта многа. Страшеннае пьянства і сярод гарадзкіх земляробоў. Не дарма ж у горэцкіх сельск.-гаспадар. вучылішчах вучнёў горэцкаго і бліжэйшаго Чаўскаго павету, к нявыгодзе саміх жэ селян, на жаль мала. Селяне жаляцца, што грошы на навучаньне неаткуль узяць. Агулам кажучы, шырокае поле дзеля працы ёсць тут сеўбітам прасьветы сярод цёмнаго беларускаго селянства. Ды не якім-небудзь, а сьведомым сеўбітам-беларусам, што выйшлі з вёскі, знаюць яе і не адракліся роднай вёскі. А то ў Горках здаўна есць шмат казенных «культуртргероў», бо калісь тут быў інстітут, а цяпер тры сярэдніх вучылішчы для адукацыі на гаспадарцы, есць і казенная гаспадарка, ўсе гэта мае мэту, паміж іншаго, і шырыць культуру сярод акружных гаспадароў. І ня гледзячы на гэта „культура” нешта далей Горак ў нашых месцах ня йдзе. На кожным кроку на кірмашы можна было спаткаць пьянаватаго, у беднай адзежы селяніна-беларуса. На маркотныя думкі аб будучыне нашага краю наводзяць гэтакіе абычаі. Былі на кірмашы і кепскіе здарэньня, колькі сваркі, брудных слоў. Адно здарэньне апаведаю. Тутэйшы гарадзкі паліцэйскі, надзірацель атрымаў ў горадзі кепскую славу чалавека, у катораго хапае сумленьня забраць грамадзяніна ў участак і здзекавацца там над ім. Нават ёсць на яго скарга ў судзе, што ён да крыві набіў твар аднаму сельскаму гаспадару, пазваўшы таго ў канцэлярію запісаць за шыбкую язду ў горадзе. Цяпер гэты надзірацель хацеў забраць за нешта нейкага маладога хлапца на рынку. Той стаў спрэчацца і, вырываючыся ад паліцэйскіх, зьбіў шапку з галавы надзірацеля. Хлапца забралі ў паліцію, а назаўтра ўраньні выпусьцілі с набітаю галавою. Надзірацель гаварыў, што голаву хлапцу пабілі ў драцы селяне.

11 кастрычніка ў тутэйшых вучылішчах святкавалі сталетні юбілей таго часу, як французоў прагналі з Масквы. Была абедня і паніхіда, увечеры чытаньне аб вайне 1812 года. Вучням раздавалі пад распіску аб палучэньні кніжкі пра гэту вайну. Кніжкі выданьня ваенна-гістарычнай суполкі давалі дарма.
Беларус

Шамоўская волосць, Мсціслаўск. пав. Магілёўс. губ.
– Тут быў вось які прыпадак.Селянін гэтай воласці Максім Міхасёў аддаваў грошы, што пазычаў у валасной пазычков. кассе. Грошы ён вярнуць вярнуў, а запісаць гэта ў воласці чагось не парупіліся, бо пісар і старшыня, як казаў сам М. Міх., некуды рухтуваліся ісці з воласці, палуднаваць ці што, і сказалі яму, штоб ён ішоў у двор, а запісаць абецаліся апасьля. Селянін пайшоў. Але праз тыдні два, а мо і болей, шлюць яму павестку, каб ён плаціў ў кассу грошы (тые што ён ўжо к тэрміну вярнуў), а не то будуць прадаваць с торгу яго скарб. Мак. Міх. перопалохаўся. Кінуў працу і ў будзённы дзень. зараз пабег ў воласьць. Чалавек ён бедны і сумленны, дык хацеў распытацца аб гэтай павестцы і дабіцца толку. Добра што у селяніна былі сьведчыкі, яны бачылі, як М. Міх. плаціў грошы. Валасные не адракліся своей абмылкі і ўжо не пыталі ў селяніна грошы. А ўсе ён страціў рабочы дзень, набіў ногі (хадзіць трэба было за 8 вёрст) і набрасаў клопату. Страціў бы можэ і грошы, каб ня меўся, калі што, прасіць земскаго зьявіць увагу на гэту дрэнню справу. І то балазе!

У нашай воласці пьянство ўсё расцець. Цяпер ўжо не адны мястэчковые жыды здержаць тайна гарэлку (гэта вядзецца ў нас спрадвеку), а пачынаюць нават і селяне каторые бядней, держаць на весках гарэлку. Усё гэта губіць вёску. Старыкі трацяць здароўе і апошніе грошы на гарэлке, а маладзеж яшчэ і на гульню ў карты. І німа надзеі, што згінэць гэта хмара, бо мала цікавяцца нашы селяне лекарствам ад пьянства – школай і кніжкай.
Храсьнік

В. Фесеўка, Магілёўск. губ. Горэцк. пав.
У цыгана Н. 14 акцября вечэрам кабета запаліўшы запалку стала нешта шукаць на тапчані, пад каторым было поўна лёну. Ад іскаркі лен загарэўся. На гвалт кабеты збеглася семья. Замест таго каб гарэўшы лён затушыць пад тапчанам, яны павыцягвалі яго на хату, дзе ён захапіўся так, што нельга было нічога зробіць, як толькі ратаваць свае жываты. Сяліба згарэла, жывелу выгналі. Што справіліся выхапіць с хаты, у тлуму нехта пакраў.
Благі цяпер пайшоў народ: не памагаюць у бядзе чэлавеку але больш разараюць.

Падняўся мароз; на грудзі, як на каменьню, тарахтаць кола, мейсцамі стаў Днепр. Сьнегу німа.
Саўка Коваль
Горкі. Магілёўск. губ.
16 лістапада вечэрам з земскай бальніцы уцёк хворы на тыф і белую гарачку вучыцель гарэцкаго двохкласнаго вучылішча Максім Давыденко. Яго знайшлі нежывым 18 лістапада у рэчцы. Нельга апраўдаць тут бальнічных служачых, яны вінаваты у тым, што не было акуратнаго дагляду. Кожнаму ведама, што чэлавек у палу кідацца уцікаць, а тым больш гэта трэба ведаць тым, каторые дагледаюць хворых.
Прапаў чэлавек нізашто, а быў надта добры вучыцель, хоць сам нідаўна кончыў вучыцельскую сэмінарыю ў Полацку. Быў ён сынам бедных селян з вёскі Барсукі, дык стараўся працаваць для беларускіх дзетак як найлепей. Яго вучні надта любілі: яны сабралі грошы, зрабілі пекную труну і ўзлажылі на сьвежу магілу вянок. 20 лістапада яго хавалі і на хаўтурах усе плакалі, як па сваяку, вучні – дзеткі бытцым хавалі сваю родную матку. Ды як-жэ не плакаць калі сыйшоў у магілу адзін з нямногіх сумленных, інтэлігентных сыноў Беларусі.
Мікалай Мокры
В. Гарошкава, Магілёўск. губ. Гарэцк. пав.
Тут было такое здарэньне. Селянін П. ні с таго, ні с сяго памёр. Палажылі ў дамавіну, атпеялі і аднясьлі на магільнік у глыбокую яму. Усе разыйшліся, асталіся у двох закапываць яго. Замітусілі лапаты і земля грозна загурчэла па труне. Але труна заварушылася, бытцым бы быў хто ў ей жывы. Адзін с капачоў затросся ад страху, а потым, давай Бог ногі ў вёску. Другі копач быў сьмялей: «Не, сказаў ён, – варушыся сабе і стукай, а цябе закапаю!» Цераз гадзіну над ямай красаваўся насып с крыжом у краю. Напэўно П, быў у летаргіі (такі сон), і ачнуўся ў труне, але было позна, – цёмны чалавек закапаў жывога чэлавека. Ці гэта казка?..
Саўка Каваль

Наша Нива. 1913

С. Хоміно, Магілёўск. губ. Горэцк. пав.
С прычыны лёгкай зімы, кволы толькі лёд мейсцамі стаяў на Днепры і, як летам, перэправа адбывалася на паромі і чоўнах да 30 сьнежня. Туга прыходзілося праездным, бо прагавіты паромчык браў з іншых за пераезд заместа дзесяткі па поў рубля. Апасьля Новаго Году паціснулі крыху ў нас марозы, але сьнегу не шмат; не ведама як гэткая зіма атабьецца на ураджаях.
Саўка Каваль

Шамоўская воласць, Мсціслаўск. пав. Магілёўск. губ.
У вёсцы Крутой шалёная кошка пакусала надоечы хлопчыкоў-вучнёў. Паехалі лячыцца ў Маскву. Шэсьцера на свае грошы, а чатыром гаротнікам памагло крыху земства.
У нашай окрузі ёсць “дзяды”, што даюць лекі ад шалу. Іншы з іх пакачае галачкі с хлеба ў сваём калпаку, пашэпчэ нешта над імі і... ўсё. А адзін мой знаёмы, неяк згодзіўся і апаведаў мне, як ён лечыць пакусаных кім-небудзь шалёным людзеў, або скаціну. Ён бяре скарыначку хлеба і пішэ на ёй тры словы (“сотор, оропотоцінет, перэруціў”), каторых сам не разумее; выходзіць на двор і, гледзячы на месяц, ці на сонцэ, гаворыць над скарыначкай: “Памяні Божэ, цара Давіда – Ясен месяц! Памяні Божэ, цара Давіда – Махун месяц! Памяні Божэ, цара Давіда – сонцэ праведнае!” і дае зьесць скарынку таму, каго лечыць.
Я апаведаў яму, колькі сам ведаў, аб аткрыцьцях Пастэра, аб заразных мікробах і абараніцельных прышчэпках. Ён са мною згоджываўся, а ўрэшці атказаў так: “Я і сам даю рады іншы раз па навуковаму лечэбніку, ёсць у мяне гэткі, але-ж з загаворамі заўсёды больш надзеі...”
Праўда чэлавек гэты адратаваў хіба жывёлу, пакусаную, німа ведама ці шалёным сабакаю ці не, і нават здох конь лячоны ад шалу другім “дзедам”, але селяне ў нас даюць веры ім, прыяюць і ідуць к ім, калі трэба.
Во як апанавала цемната нашы вёскі!.. Шмат трэба часу і працы, каб пад лежачы камень пацякла жывая вада.
М. Беларус
Магілёў. Тэхнічная школа
На земскім сабраньні разбіралі справу аткрыцьця ў Магілёві на кошт беларускіх земств сярэдняй технічнай школы. Губэрнатарскае упраўленьне звярталося з гэтым праектам да мінскаго губэрнскаго упраўленьня, але мінскае губэрнскае упраўленьне адмовілося памагчы заснаваньню такой школы ў Магілёві.

Самагубійство
На Новы Год у м. Каханаве Аршанск. пав. Магілёўск. губ. пакончыў жыцьцё выстрэлам з рэвольвэра начальнік каханаўскай пачтовай канторы Пінчук, 19 гадоў.

Растрата грошы
Касіер Гомельскаго атдзелу віленскаго тарговаго банку паведаміў паліцію, што ён растраціў 60,000 рублёў.
Магілёў. Пажар фабрыкі.
У Шклові згарэла фабрыка серчыкоў «Днепр». Страты ад пажару блізка на 60,000 рублёў. 300 работнікоў асталося без работы.

Дуброўка. ”Архірэй“
У нас забыліся пра бэтлейкі, яслі, „казу“, ,,мядзьведзя‘‘ і т. д., а на Каляды, як і ў іншые сьвяты пьюць гарэлку, сварацца ды бьюцца. Так праходзілі сьвяты і ў гэтым гаду. Але ў аднэй вясёлай кампаніі ўздумалі аб гульнях. I вось кабеці Б. прычапілі з лёну бараду і вусы, на галаву надзелі паперную шапку с крыжом, усю абматалі квецістымі тканямі, на манер архірэйскаго аблачэньня, на грудзі павесілі абразок, у рукі далі посох с хвартушком. Выйшоў ладны „архірэй“!
Гэты “архірэй" хадзіў ад аднаго суседа к другому, маліўся, лаяўся, гаварыў саромные словы і надта добра жлактаў гарэлку.
У той-жэ дзень „архірэя” пацягнулі ў халодную к становому.
Саўка Каваль
Магілёў.
У гэтым гаду першы раз дайшоў беларускі календар у наш закутак (Мілославічы, Магіл. Губ. Клімовічск. павету). Былі такіе, што не хацелі верыць у тое, што па нашаму друкуюцца газэты і кніжкі, але ўбачыўшы і паслухаўшы чытанае неяк усе радзелі і цешыліся. Старые кажуць, што даўней па цэрквах заўсёды сьпевалі песьні і папы казалі казаньня па нашаму, але пазьней вывелі гэта. А ў Лазовічах (каля Клімавіч) ешчэ не так даўно быў ксёндз, каторы гаварыў казаннья заўсёды па нашаму. Закутак наш далёкі ад Вільні, бо ляжыць на граніцы смаленскай і чарнігоўскай губэрні, але мова скрозь захавалася чыстая беларуская і ў суседніх губэрнях смаленскай і чарнігоўскай далёка на ўсход, жывуць усё ешчэ нашы беларусы. Наш павет, лічыцца найбяднейшым і найменш заяленым з усей магілёўскай губэрні, народ жыве дужа бедна і цемната кругом страшэнная. Дай Бог здароўе тым людзям, каторые ўзяліся друкаваць кніжкі ў роднай нашай мове, можэ гэта родная мова схамяне нашу глуш да культурнаго жыцьця, бо дагэтуль у нас с прасьветай дужа цяжка ішло, глаўным чынам затое, што прасьвета гэта ішла да нас на чужой незразумелай мове.
С. Барсук
Магілёў. Таварыство цьвярозасьці
Жыхары мястэчка Горбава звярнуліся ў губэрнскае упраўленьне с просьбай зацьвердзіць таварыство цьвярозасці.

Не глядзелі-б вочы...
У вёсцы М. Б-цы (Мсціслаўскаго пав. Магілёўск. губ.) жаніў Пятрок Сілачонак свайго сына Ляксея. К свадзбі прывёз яму швагар ажно дзьве чверці спірту – адгону („ханджы”, як кажуць у нас), частаваць гасьцей, “каб бывалі часьцей”.
І ўжо нашто ласуны да гарэлкі нашы старыкі, але піць гэта сьмярдзючае зельля неяк пасароміліся, ці можэ пабаяліся, каб не захварэць. Нават заядлы пьяніца, Піліп Шнарскі, пачаў сварыцца за гэткі „пачастунак", казаў, што калі ня прымуць «ханджу» тэй час са стала, дык і пляшкі паб’ець і са свадзьбы уцячэць...
Дзіву даліся! А с “ханджою“ схаваліся.
I ўсё-ткі, ліха-ж дало, на другі дзень бабу, Раманіху Лёксу, падпаілі гэтым адгонам ды так, што чуць жывую дамоў занясьлі. Чуць адратавалі, а то пайшла-б без пары на гай за выпіўку, кінуўшы малых дзетак.
“Ханджа” пасьля свадзьбы так і асталася стаяць ў петраковай клеці. А каб дабро дарма не зглумілося, меншы Петрачонак, зусім зялёны хлопец Панас, цягніць яе па чарачцы перад сьнеданьнем ды абедам...
У гэтай-жэ вёсцы Паўлюк Л. прадае, хаваючыся ад паліцыі, гарэлку. У яго-ж хаці прагуліваюць грошы у карты вяскоўцы, за гульнёю заўсёды хто небудзь ды пасварыцца, калі не паб’ецца. Калісь быў Паўлюк сумленны чэлавек, а цяпер дажыўся, галубец, што ссець кроў гарэлкаю ў сваіх-жэ вяскоўцоў. Колькі крыўды, сварак паддаў у вёску! Калі суседкі пачануць сароміць яго жонку, яна атказывае так:
– А мне што? Хто ня хочыць, тэй ня йдзець, ня пьець, а я, балазе, на беднасць сваю зараблю... бывае іншы сьвяты дзень і на паўрубельчыка.
Вось якая тут „чудасія“. Не глядзелі-б вочы...
М. Б.
З Рогачова пішуць, што у сяле Сьвятым селянін зарубаў сякерай жонку і двое дзяцей, а сам зарэзаўся касой – з голаду.

Сходная купля
Восемнадцаць гаспадароў вёскі Міхееўка (Магілёўскай губ. Горэцк. пав.) купілі ў князя Любомірскаго 41 дзесяціну зямлі на свае грошы с платай па 160 і па 210 руб. за дзесяціну. Грошы абавязаліся заплаціць у тры раты да 1916 года, калі гэта земля стане лічыцца селянскай, а цяпер яна ў іх бытцым у арэндзі. Калі яны ня здолеюць унясьці грошы к сроку, то кантракт траціць сілу і селяне астаюцца бяз грошы і без зямлі. А зямелька гэтая ня вельмі добрая: балотцы, купнік ды падзол.
На першую рату іншые пазычылі грошы ў жыдоў на вялікую квоту (ліхву). Гэткая купля ў іншых апошнюю кароўку сцягне са двара.
Саўка Каваль
Магілёў. Здарэньня
Зіма і двох месяцоў не пастаяла: стала цёпла, растаяў сьнег, лёд на Днепры падняўся, пасінеў, пакрыўся вадой, пераезд па лёдзе стаў небяспечным. 22 лютаго ледзве не ўтапіўся пачтавік с почтай, а сягоньня ў Дняпровых хвалях знайшла сьмерць кабета з вёскі Клімёнак, Оршанск. пав., калі яна са сваім бацькам ехала дамоў з бліноў; – абое былі выпіўшы.
Каля рэкі сустреціўся ім жыдок, каторы раіў ня ехаць па кволаму лёду ў гэткі позны час, была 9 гадзіна вечара. “А, што там!” атказалі яны і пагналі каня. Ведама, што пьянаму і морэ па калені. Затым, што конь ня йшоў на лёд, кабета села верхам. Праз колькі шагоў, на мелкім мейсцы конь праваліўся, алі выбраўся на берэг, кабета-ж зваліўшыся цераз галаву каня, асталася пад лёдом. Раніцой выцягнулі труп кабеты. Пасля яе асталося васьмёра дробных дзетак.
Саўка Каваль
Магілёў. На летніе работы
З магілёўскай, смаленскай і другіх суседніх губэрнёў, што году многа людзей ідзе на летніе сельска-гаспадарскіе работы на поўдзень Расеі ў стэпы на заработкі. Вось ужо гэты рух на заработкі пачаўся. У Гомель за апошні тыдзень прыбывае многа народу з вёсак акалічных павётоў на параходную прыстань, для выезду ў Кіеў, Кацерынаслаў, Херсон і другіе мейсцы. Кожны дзень раніцай і вечэрам, пасьля прыходу паездоў с 4 класам, з вагзала цягнуцца с хатулямі і селянскімі прыладамі (вілы, тапары, лапаты) гужом людзі да прыстані. Чэкаючы, пакуль пачнуць хадзіць параходы, яны раскладаюцца дзе папала, хто ў сцюдзёнай параходнай павеці, а хто ідзе ў розные начлежкі і прытоны. Гледзючы на гэты гаротны народ, сам сябе пытаеш: чаму земства ці горад, а то і абое разам не парупіліся пабудаваць, хоць бы самы скромны, але цёплы прытулак для гаротнікоў, каторые што год цягнуць праз Гомель на заработак.

Народные чытаньня
Паветовая гомельская земская управа купляе 10 чарадзейскіх ліхтарэнь і патрэбные да іх малюнкі, каб сарганізаваць рад народных чытаньнёў у павеці, як аб сельскай гаспадарцы, так і аб другіх навуках.
Трэба звярнуць увагу гомельскаго, рухліваго паветоваго земства на тое, каб, калі яно хочэ зрабіць карыснымі свае чытаньня не пакідало ў старане мейсцовую мову.
Робяць старэньня цяпер, каб папоўніць школьные бібліотэкі новымі выдавецтвамі. Разумеецца ў гэтые бібліотэкі беларусскіх кніжэк ня пусцяць, а шкада, бо „толькі родная мова развівае душу і сэрцэ чэлавека, вучыць яго незалежна думаць і карысна працаваць“.

Весна
9 марта ў раньні паламаўся на Днепры лёд; крыгі загаманілі адна з другой ды з берэгам і пайшлі ў Кіеў. Сьнегу на палёх даўно німа, толькі у раўках, у цяньку; вада у канаўках збегла. У паветры цёпла, пяюць жаваранкі якбы кажуць, “К Богу лячу, к Богу... кіі пагубляў”. Хутка пачнуцца палявые работы і жывёла пойдзе на траву. Бедным лягчэй – ня трэба купляць у багатых сена.
Кажуць, што гэткая самая весна была 25 гадоў таму, тады да Благавешчэньня пааралі і засеялі збожжэ. Варожаць людзі, што гэты год будзе добры на ўраджай.
Саўка Каваль
“Ханджа” вінавата
На днях жыхар вёскі Антанёнак (Магілёўск. губ. Горэцк. пав.), Іван Тарасёнка ехаў з мясточка Лядоў з грашыма, каторые выручыў за лён. Па дарозі да яго прычапілося двое селян, пад хмяльком, з в. Кроцікоў. Астанавіўшы каня яны сказалі падаць грошы і сталі шукаць па кішэнях. Ні знайшоўшы там ні капейкі (ён трымаў грошы у ботах) пачалі страшыць нажом, каторым і паранілі ў карку. К шчасьцю на гвалт найшлі людзі і атабралі Тарасёнка ад разбойнікоў. Цяпер яны пад арэштам. “Ханджа” да дабра ні давядзе.
Саўка Каваль

Добры кандуктар
Обэр-кандуктар Гомельскай таварнай брыгады Спеснік спіхнуў з поезда на хаду безбілетнаго пасажыра.
Пажар
У вёсцы Жванёнках, Оршанск. пав, Магілёўск. губ. 26 красавіка у селяніна Мільляна Каўсцёнкава, калі тапілася печ, загарэлася ў коміні сажа, а ад яе і хата. Вялізны вецер раздмухаў полымя і цераз мінуту ўся вёска гарэла, у каторай было 18 хат, ня лічучы хлявоў, гумен і іншых будынкоў. Многіе, як і Каўсцёнкавы, выскачылі з голымі рукамі: пагарэла адзежа, хлеб, грошы...
Ведама, што ў вёсках рэдка калі чысьцюць коміны, бадай к Вялікадню і то гады ў два раз; а коміны гэтые бываюць с шчэлкамі. Вось і здараюцца пажары, зносячые цэлые вёскі.
Саўка Каваль
Горкі, Магілёўск. губ.
Перад Вялікаднем тут хваціў атруты вучэнік-пансіонер с гаспадарскаго вучылішча Губэнко. Чуць адратавалі. Прычыны не вядомы: адны кажуць, што яму надта дапекаў інспэктар п. Пуйдэ, другіе гавораць, што тут – нешчаснае каханьне, трэцьціе даводзяць, што ён быў пьян, а ўжо даўно лячыўся мышчаком, хацеў яго і цяпер глынуць колькі трэба ды пераліў – і чуць не здарылось самагубства. Бацька павёз яго дамоў.

Святкамі тут жэ, на Зарэччы, хлапец зарэзаў дзяўчыну, с каторай дружыў гады два. Сам уцёк і дагэтуль нейдзе хаваецца ат паліціі.

Ужо другі месяц у Горках працуе лятучы атрад па вачавых хваробах. I кожын дзянёк каля земскай бальніцы вялікая таўпа людзей, хворых на вочы, найбольш бедных селян. Беларусь сьлепа і душой і целам...
Ідуць і гараджане, бо лечыць спеціаліст і дарма.
Гарэцкі

Краіна добрых абычаеў
Шамоўская воласць, Мсцісл. пав. Магілёўск. губ. У сяле Слаўнаве чуць не да сьмерці пакалоў хлацец хлапца з-за дзяўчыны.
У той дзень забіяка быў пьяны, хадзіў з нажом-шылам і некаму хваліўся:
– А сягоньня каму-каму ды пашчупаю хрысціну...
Яго засадзілі, а парэзанаго павязлі ў Магілёў лячыць.
Тут мне трапілося бачыць, як хлопчык гадкоў 12 чуць трымаўся на нагах, – быў так пьян.
А гдзе напіўся – Тутэйшы становы прыстаў будуе сабе дом і ў рабочы дзень селяне талакою вазілі яму лес – малец на талацэ і “пачаставаўся“.
На гэту талаку заказываць ездзіў вураднік. У М. Багацькаўцы ён частаваў старыкоў гарэлкаю, катору сам браў у тутэйшага тайнаго гарэлачнаго гандляра. I тут жэ даваў раду:
– Не даваць гарэлкі такім, што дракі заводзяць, як у Слаўнаве; другім жэ можна, – німа нічога...
М. Б.
Пошэсць
У нашай вёсцы (Нераж, Магілёўскай губ. Быхаўск. пав.) і ў іншых многа людзей хварэе на тыфус; іншые паміраюць па сваіх хатах, або ў Быхаўскай бальніцы. Нідаўна ў вёску зайшоў вучыцель земскай школы з вёскі Усох, Быхаўск. пав. ягомасць Коранёў, належачый да гомэопатычных дактароў і ўзяўся лячыць хворых. Кажуць, што памагае, калі хапіцца па першых часах хваробы: падыймецца ў чэлавека жарыня на тыфус, ён прыйме лекарства і на другі дзень, як нічога не бывала.
Чым крапчэй у чалавека дух, і чым крапчэй у яго вера ў тое, што апрыч Бога ніякая хвароба ня зложэ яго ў магілу, тым радзей ён хварэе, а калі і захварэе, то хутка і выздараўлівае. Дактары гомэопаты стараюцца падняць у сваіх паціентоў дух, веру ў свае сілы.
Саўка Каваль
Хто вінават?
Аляксей П., сямейны чэлавек, забыўшы стыд, грэх, Бога і свае павіннасьці перад сямьёй, стаў блудзіць з дзеўкай Т. К. Яго жонка жадаючы ўсё гэта скасаваць, падпільнавала на дарозі Т. К. і пачала яе біць. Ад таго біцця галава ў дзеўкі не адвалілася, і мужык да кабеты не вярнуўся, але сабе нешасьлівая кабеціна нарабіла бяды, бо тая дзеўка падала ў суд за разбой і грабеж на дарозі. Як гэта пакажуць сьведкі на суде?
Саўка Каваль
Навіны з Горэк Магілёўск. губ.
Надоячы на казённым заводзі машына адрэзала маладому хлопцу руку. Залетась тут-жэ пакалечыло вучня-практыканта. Ён доўга судзіўся з заводзкай адміністраціей, нічога ня высудзіў і ходзіць бязрукі.
У 20 дзен мая атруціўся ціаністым каліем вучэнік апошняе клясы землямерна-аграноміцкаго вучылішча Піліп Армянцоў. Чатыры гады правучыўся на козённы кошт.
У нас многа шкодзіць дрэннае надворье: цьвілі сады – узняліся вялікіе халады, пасеялі аусы – начало сушыць бяз конца, зацьвіло жыта – дождж ішоў без перастанку. Ураджаі будуць не вышэй сяредніх.
У горках, Магілёўск. губ. ёсць землямерна-аграномніцкая школа з аддзеламі сельска-гаспадарскім і сельска-гасгадарска-рэмесьленным. Навука добрая, даецца многа казённых стыпэндзій, прыймаюць з двохкласных і гарадзкіх вучылішч. Бацькі, чытачы “Н. Н.” прысылайце сваіх хлопцоў вучыцца ў гэту школу, бо нашай вёсцы і ўсяму нашаму краю патрэбны свае вучоные аграномы, землямеры, культур тэхнікі, вучоные рэмесьнікі.
Адрэс для разных справак і пытаньнёў: Горкі, Магілёўск. губ. Дырэктару Горэцкіх вучэбных заведеній.
Беларус
Па Магілёўшчыне
I.
Знайшлося 3 дні вольных і я пастанавіў праехацца да свайго знаёмаго, каторы жывець у Сеннінскім павеці, Магілёўскай губ., на самым вадараздзеле Днепра і Двіны. – На карце гэта доўгі чатырохугольнік, адгранічэнны жалезнымі дарогамі Маладэчна – Полацак, Полацак – Вітэбск, Вітэбск – Орша, Орша – Мінск, Мінск – Маладэчна.
Такіх глухіх кавалкоў Беларусі, без чугункі ёсць колькі, найбольшы ў палудзеннай Магілёўшчыне. дзе ў сярэдзіне стаіць г. Чэрыкоў, і яшчэ той кавалак у сярэдзіне катораго стаіць г. Слуцак. Але праз Чэрыкоў і Слуцак праходзіць Маскоўска – Варшаўская Шосса; дзякуй Богу і за гэта! Ігуменшчыну перарэзываець рэка Бяроза, Палесьсе маець многа вадзяных дарог і туды можна дабрацца параходамі. Магілёўская і Вітэбская губерні маюць у нас найменш жалезных дарог, першая 452 вярсты, а другая – 701 версту.
Годных для сплаву рэк Магілёўшчына маець 1000 вёрст, а Мінская каля 1000 вёрст. Вітэбшчына 800 вёрст. Цяпер можна зразумець, што самые бедные і экономічна мала развітые губэрні, гэта Магілёўшчына і Вітэбшчына; хоць па абшару яны вялікі – роўны з Італіей.

II.Нешчасное палажэньне нашых беларускіх мястечак.
Вылезшы на ст. Славяны Москоўска-Брэстцк. ж. д. узяў з багажа свой самакат і праз мінуту апынуўся на гразнай вуліцы, новавырасшаго пры станціі мястэчка Слаўкаго, каторае вузенкай вуліцай ціснецца да рэльсоў, дамы раскінуты ў безпарадку, як цыганскі табар, толькі дзякуючы тротуарам можна было прайсці не утапіўшыся ў гразі каля крамак каторых больш, як пакупцоў, і каля аптэкарскаго магазыну, каторых цяпер у самым малым мястэчку ня менш двох.
На станцію Славяны сцягіваюцца тавары з велікаго раёна і мястэчка перабіваецца гэтым хлебным гандлям лесам, лёнам і т. д. Вёрст 5 трэба было праехаць дарожкай, каторая бяжыць з гары на горку паміж багатых ніў; праехаўшы млын, каля сялібы Яблонка, выехаў я на Мінскі гасцінец абсаджэны бярозамі. Ужо вечарэло калі я ўбачыў, каля самаго тракту белы дом маіх старых знаёмых; нашай беларускай пісьменніцы. Яе – Меці Г., не нашоў я дома, але з маладейшай дружынай за гарбатай і бяседай праляцеў харошы цёплы вечэр. Да ганку, дзе мы сядзелі далетаў вячорны гоман з вескі: каторая была відаць за рэчкай.
М. Бобр. На другі дзень у цені старых бяроз старога гасцінцу я на сваёй сталёвай казе пракаціў 9 вёрст да мястэчка Бобр. Шэрые ўбогіе домікі, рады крам на рынку, цэрква, 2 аптэкарскіе магазыны, земскі доктар, станавы прыстаў, акушэрка, воласць. Па крамах таўклося колькі барадатых беларускіх селян (тут селяне барод ня голюць). За рэкай Бобрам на гарэ відаць праз зелень, мураваные палацы нейкаго расейскаго генерала – памешчыка; Нешчасьце Бобра, што чугунка праходзіць за вярсту, і німа станціі, а лічыцца пляцформа “Бобр”. Застанаўліваюцца толькі 2 поезды, але багажу, не прыймаюць; мястэчка цэлые годы просіць, каб зрабілі станцію, але каму ў Расеі цікава доля нейкаго мястэчка. А мястэчка Бобр. на сплаўнай рэцэ Бобру (прыток Бярозы), адзін з старадаўнейшых гарадоў Беларусі. З стараго інвэтара м. Бобра 1578 году відаць, што ў мястэчку тагды было 99 дымоў і млын па 2 колы, тагды паны запрашывалі людзей, каб толькі жылі ў мястэчку, стары дакумэнт пачынаецца так: ...у ім мешчане ўсе нованаселенцы, каторым воля вышла на дзень сьвятога Міхала року 1572, усёж жадное платы з іх небрана, і нават не стаўлена... там жа ў Бобры пустых дамоў, гдзе людзі могуць асядаць, 26... Відаць тагды стараліся засяліць мястэчкі, каб ішоў гандэль, рэмёслы, каб развівалося экономічнае жыцьцё кутка.

М. Абчуга ляжыць на тракце вёрст за 20 на поўнач ад Бобра, тракт абсаджэн 20-ці летнімі бярозкамі, каторые дадаюць шмат красы гэтаму шляху; якому добраму чэлавеку падзякаваць за гэтые бярозкі, мы ня ведаем.
М. Абчуга маець колькі жыдоўскіх дамоў і воласьць. Адзін жыд хацеў расшырыць Абчугу і пастроіў дом за воласцьцю, бо ў самым мястэчку ўжо цесна, але паліція яго выселіла ізноў назад, лічучы ўжо навасёлам, такі ёсць закон, пачаўся ён ешчэ законам 1838 г., па катораму нашым жыдам пазволена жыць толькі ў мястэчках.
Каля Абчугі і далей характар краю робіцца балотны – круглые горкі, паміж імі круглые лагчынкі, у каторых стаяць вазёры. Лясоў на гэтым вадараздзеле саўсім мала, казенных лясоў німа.
(Далей будзе)
Магілёў.
З узростам народу нават багатая земля стала мець цану, і за кавалак дрэннай зямлі людзі грызуцца, як сабакі.
Так было ў вёсцы Кузькавічах Быхаўскаго павету. Там ёсць балота з асакой, на каторое пагаліліся пяць селян і пачалі спорку аб межах. Вельмі сярдзіта грызліся між сабой ІІІамаганаў; Ціхановіч. ІІІамаганаў быў с тапаром. Калі папыталі, па што яму тапор, ён сказаў, што “гэта яго брат, што яму з ім вясела“. Вось ён пацкаваў на Ціхановіча сабаку, каторы пакусаў яго. Тады Ціхановіч выхваціў у яго тапор і, ударыўшы па галаве, забіў Шамаганава.
Спорылі яны за які-небудзь сажэнь зямлі, каторая прыносіць пуд асакі, вартый пятак; і гэты пятак абыйшоўся ля аднаго смерцьцю, а ля другого турмой і катаргай.
Усяму вінавата цёмната людзей, у каторых німа вышэйшых думак, як абсудзіць каго, ці палаяцца і пабіцца за рэч, ня стоячую яйца выеденаго, бо гэта рэч яму здаецца вельмі дарагой дзеля таго, што ён сваімі цёмнымі вачамі недалёка бачыць.

Быхаў. Магілёўск. губ.
Якаў Багамолец прыйшоў к свайму брату Пятруку ў „госці” не с пустымі рукамі, с камянем у кішэні. За чаркай ён стаў наўчаць Пятрука: “Ты адзін кармі матку і двох сясцёр, давай ім на выпіўку, ня злуй, калі яны і сцягнуць у цябе на ласянікі, а рабіць не змушай! „Як Пятрук з гэтым ня згодзіўся, то Якаў выцягнуў с кішэні каменьчык і пачаў частаваць, ледзь той адбараніўся.
З якіх яны братоў бралі прымер, ці ні з Баўгар с Сэрбамі?

Дажджы паднялі ў Днепры ваду больш, чым на чатыры аршыны, харошые берагавые лугі, вартые на 60 руб. дзісяціна, затоплены. Калі вада сойдзе, трава будзе у ілу і сена выйдзе нездаровае ля скаціны.
Саўка Каваль
Па Магілёўшчыне
М. Чарэя, хоць яе неправільна пішуць “Чэрэя”, ляжыць за 15 вёр. ад Абчугі. Гэта самы вялікі горад пасьля паветоваго горада Сенна. Сенно – 5000 жыхароў. Чарэя – 2000 ж. Некалі сталіца Чарэйскаго княжства, належала пазьней князём Пеструцкім, адзін з каторых Міхаіл Іванавіч нешта непадабаўся вялікаму князю Свідрыгайлу і ён яго ўтапіў – у Вітэбску ў 1433 г. У 1454 году відаць ужо сын князя пабудаваў Белую цэркву, каторая і цяпер стаіць на другім берагу Чарэйскаго возера. У часе шведзкай вайны ў 1708 году тут была зімовая кватэра вядамого памочніка Цара Петра, Меньшыкова, ён камандаваў маскоўскім войскам, каторае засланяла ад Шведоў Смаленск – Маскву. У 1812 гаду французы тут стаялі 6 месяцоў.
Цяпер гэта толькі вялікае мястэчка: 2 цэрквы, касцёл, земская бальніца, станавы прыстаў, земскі начальнік, 2 дактары; есць тротуары, пажарная дружына, хаўрусны банчок, у каторым 534 хаўрусьнікі са зваротам, каля 60.000 руб. Чарэйскае возера, даўжыні вярсты тры, корміць 5-6 сямей гандлям рыбы, рыбу ешчэ ловяць у вазёрах кругом Чарэі, адно з найбольшых вазёр будзе Хольневічская, вёрст 10 даўжыні. Туг ловяць многа уклейкі. Торжышчы бываюць у нядзелю, а 4 разы ў год кірмашы: на Тройцу, 2 лютаго, 15 жніўня і 8 лістапада. Чарэя яўляецца цэнтрам гандлёва-рэмесленным, адміністраціўным і культурным цэлаго райёна.
Тут ёсць каля 270 хат хрысціян, а другая палавіна жыды; беднасць самая блізкая к жэбрацкай выглядаець са ўсіх старых хібарак мястэчка.
Смертны прыгавар Чарэі. Чарэя кругом обкружэна зямлёй памешчыка Мілоша, ён прадаў гэтые 4,000 десяцін зямлі Магілеўскаму селянскаму банку.
І хрысціяне і жыды Чарэйскіе пачалі прасіць банк прадаць гэтую зямлю гораду. Ва ўсякай заграніцы, у такіх выпадках казна ня толькі прадасць зямлю, каб горад мог жыць і развівацца, але ешчэ пазычыць грошы гораду на гэта. Банк з дырэктарам Ліліковічам не захацеў прасіць Высачайшаго пазваленьня на прадажу гораду зямлі, а парэзалі зямлю на хутары і прадалі пастаронным; Чарэйскіе людзі купілі толькі возера за 2000 руб., каб мець хоць вадапой.
Жалезнае кальцо абхапіла горад, было кепска, а стала ешчэ горш. Чарэйцы мелі даўней 200 кароў, каторых за грошы пасьвілі ў Мілоша, а цяпер німа гдзе пасьвіць, хутаране не бяруць на пашу, бо у іх саміх яе мала, асталося толькі 63 каровы, у больш багатых і тых німа куды дзець, а для беднаго чэлавека карова гэта палавіна харчоў для сямьі. Старые могілкі жыдоўскіе поўны ўжо, а кавалачка зямлі на новые німа гдзе дастаць.
Адным словам ні жывым ні мёртвым німа куды дзецца!

М. Лукомля (лукомля значыць часнок) ляжыць у 13 верстах далей на поўнач; каля Лукомлі вялікае возера цягаецца на 15 вёрст. Пад’ежджаючы да Лукомлі на палях, як засеяна гусей, каторых тут тысячамі разводзяць. Лукомля стары горад, ешчэ у 1078 году яго спаліў Владзімір Манамах. У 13 і 14 сталецьцях Лукомля была крэпасьцю, за каторую ваевалі між сабой Гедымінавічы. Потым адзін з Лукомльскіх князёў Іван прысягнуў каралю Казіміру, што ён атруціць маскоўскаго князя Івана III, з гэтым пашоў ён на службу ў Маскву, але скора Іван III даведаўся, чаго прыехаў Лукомскі князь і яго спалілі ў клетцы жывым.
У 1563 гаду маскоўскае войска спаліла да чыста Лукомлю. У 1708 гаду у швэдзкую вайну тут зімавало расейскае войска. Цяпер Лукомля мястэчка, мае каля 1500 жыхароў каторые жывуць гандлям рэмяслом, гаспадаркай, яно паложэна на гарэ, у надта харошым мейсцы, каля вялізнаго возера і яго абцекаець рэка Лукомка, належачая ужо да заходняй Дзьвіны. Лукомля як бы прыгарад Чарэі, таргоўлю вядзець з м. Чашнікамі на Вітэбск. Кругом мястэчка маёнтак Лукомля п. Шатыло. Чуваць, што маёнтак гэты прадаецца, але пакуль німа ў нас закону, каб мястэчка, на правох горада, мела права купіць зямлю, як юрыдычная асоба; мусі быць Лукомлю чэкае нешчасная доля Чарэі.
У Беларусі с ковенскай губерніей ёсць 1008 валасьцей, бадай што цэнтрам кожнай воласьці ёсць мястэчка. Ва ўсім краю будзе значыць, мястачак 600 – 700. А аб долі іх у Думе ніхто і не піснуў.
А. У.

Модные абычаі
У г. Горках, Магілёўскай губ., утапіўся ў прудзе, купаючы жэрэбца, работнік с казённай фэрмы. Ён ня ўмеў плаваць, а жэрабок пачаў мардавацца. На берэзі пад той час былі плотнікі, старшы канюх і ешчэ якіе-сь людзі. Яны раілі адзін другому, як трэба ратаваць топючагося, а самі ніводзін не памкнуўся лезьці ў ваду адразу, бо баяліся памачыцца, а раздзевацца – доўга, часу німа. Толькі цераз паўгадзіны выцягнулі яго з вады, але ўжо ні адратавалі. Нябошчыку 23 гады, летась ажаніўся.
Максім Беларус

Адзінадцатуха
У м. Шамаве, Магілёўскай губ., Мсьціслаўскаго пав., атбыўся штогодні летні кірмаш “адзінадцатуха”. Цэна на коні шмат паніжэла проці леташняго году, калі яны ўздаражэлі дзякуючы скуплі іх і атпраўкі заграніцу (у Аўстрыю). Сёлета трава ні ўрадзіла, сена будзе надта дорага, бо яго зусім мала і коні стануць ісьці на таргу ні зашто. Пасьля дажджоў вельмі добра сталі расьці баравікі. За фунт сушэных баравікоў жыды – скупшчыкі плацяць селянам 40–50 кап.
М. Б.

Жывая нябошчыца
У вёсцы Паташня, Чаусск. пав., Магілёўск. губ., памерла старая баба, гадоў 80, і як яна лежала увабраная на лаві, дочкі пачалі па звычаю “галасіць” (плакаць). Раптам нябошчыца падыймаецца і зьвертаецца з дакорам да дачок, што яны ні даюць ёй сваім плачэм і выцьцём спакою на тым сьвеці. Народ астаўбянеў ад жаху. Далей, старая пагаманіўшы крыху, сказала, што заўтра памрэ адзін суседзкі хлопчык, папрасіла сьвечку ў рукі і ізноў памёрла. Поп ні хацеў хаваць, прыехаў доктар с паліціей і цераз тры дні старую такі пахавалі. Яна, пэўне, была перш у летаргіі, а потым і папраўдзі сканала.
Здарэньне гэтае зрабіла па вёсцы тое, што ўсе пачалі думаць усяк аб гэтым, у рэлігійным характару, а злашча ешчэ, што старая угадала аб сьмерці хлопчыка, хоць, трэба сказаць, што яна ведала раней тое, што хлопчык гэты хварэў на гэткую хваробу, ад каторай рэдка хто папраўляецца.
Максім Беларус
“Брухарэзы“
На днях у сяло Боркалабаво была свадзьба нейкага Т. У час танцоў хлапец Нікіфар Волікоў няўмыслі расціснуў музыкаву скрыпку. Разлаваўшый брат маладога Хвіліп Т. схапіў у бубеншчыка бубен і ўдарыў ім па галаве Н. Волікова. Родный брат Волікава з укорам сказаў: «Ну, за што ты яго ўдэрыў?» Хвіліп Т., як моцны хуліган, палажыў атамсціць яму і стаў з-за угла падсцерагаць. Но прапусціў яго сперша, бо той ішоў с таўпой, а пасьля накінуўся з заду на Нікіфара Волікава і распароў нажом жывот. Раненаму была зроблена у быхаўскай бальніцы апэрацыя, але ён на другі дзень памёр.
Убіўц ссылаюць на катаргу, а ўсё такі іх лік, і лік хуліганаў расце і расце. Вінаваты ў гэтым бацькі, калі даюць такіх дзяцей; вінавата грамада, калі дае такіх грамадзян. Многа пройдзе вякоў, калі людзі пераробяцца ў дружную сямью; калі радасць або смутак аднаго будзе радасцю або смуткам усіх; калі кожны будзе берагчы другога, як сябе; калі ніхто не скажэ: “Мая хата з краю, нічога незэнаю!”
Тады на зямле будзе рай.

У вагоні
На ст. “Магілёў” Р.-Орл. ж. д. у вагон 3-га клясу, у каторым сядзеў і я, набухалась колькі селян. Твары чорные і худые, на галовах рваные брылі і шапкі, на плечах зашмуляные кажухі. Разлажыўшы на палічках гразные “торбы“ з ядой, а пад лаўкамі тапары і пілы, яны ціскаючыся цесненька ўселіся напроці мяне. Размовілісь. Я даведаўся, што яны (селяне вескі Александроўкі, Чаўскага павету) едуць у Екатерынаслаў разбіраць плыты. “Зямлі ў нас мала, па 1–2 надзелу на брата, а ў кожным надзеле 3–4 дзесяціны”, – казалі яны ў апраўданьня сваёй атлучкі ў “пільную пару”. – „У вашей беднасьці апрыч малазямельля вінават і благі дагляд зямлі: нада гнаіць зямлю, харашэнька пахаць і засеваць лепшым зярнем”, – сказаў я. „Ха-ха-ха!“ – засмеяліся яны. – „лепшым зернём?! А таго вы ня ведаеця, што тады пшаніца пераробіцца жытам, жыта – аўсом, ці ячмянем, капуста – бруквай!” – сталі яны наперагонкі выкладаць сваю свядомасць на гаспадарцы с „практыкі". – „Мы гэтак сама не дуракі, ведаем, як абхадіцца, як сеяць. Пра сяўбу лепшым зярнем не раз мы чулі, вось і сёлетняй зімой аграном казаў і малюнкі паказываў, ды мы свой розум маем”.
Калі я папытаў, ці выходзяць у іх на хутары і як яны самі на гэта глядзяць, яны, як бы свайму ворагу пачалі крычаць: „На хутары? Не, мы не баімся, мы ня обшчынскіе, мы на купленай зямлі сядзім; нас ніхто не прымусіць ісці на хутары“. – „Каго ж гэта прымушаюць? На гэта трэба свая згода, свая просьба а выхадзе”. – “Ведам мы просьбу: пасадзяць у халадоўню, і ўсе“. – „Гдзе ж так было” – У абшчынскіх, старшыня так рабіў. Але нас ён не кране“. Калі я стаў атказываць, што тут багата выдумкі, што рабіўшы так, старшыня мог сам пасядзець у цёмнай, яны, не згаждаючыся са мной, дзіка вадзілі вачамі ў маю старану.
Нічога мне не аставалася рабіць, ак пажалець іх, такіх цёмных і ўпартых.
Саўка Каваль
Знаходка
Нідалёка ад ваеннаго лагеру ў Магілёві знайдзен у слаю гліны шкілет якога-сь да патопнаго зьвера. Кіеўскі ўнівэрсытэт выслаў вучоных, каторые маюць выкапаць гэты шкілет і памесьціць у музей.

Цемната
У сяле Островах Магілёўскай губ. вучыцелька царкоўна-прыходзкай школы ў сябе ў пакоіку чытала вершы расейскаго пісьменніка К. Бальмонта „Зовы”. У кухні ў гэты час сядзела баба, старажыха, і стагнала, бо ёй балелі зубы. Вучыцелька чытала голасна. Баба думала, што яна замаўляе боль зубоў і ўважна слухала.
Праз гадзіну прыходзіць яна да вучыцельніцы, са сьлезамі на вачах і дзякуе ей за ратунак:
– Памагло галубка, саўсім памагло, век буду маліцца за цябе.
Вучыцелька стала адказвацца, што яна саўсім не замаўляла болі зубоў, а чытала сабе кніжку, але баба стаяла на сваём, і на другі дзень да вучыцелькі сталі прыйходзіць ешчэ і другіе бабы, яны прасілі, каб яна ім замовіла то тую, то другую хваробу, за што абецалі прынесьці гасьцінца.
Што хацеў сказаць?
Мачыха ў селянскай сямьі, гэта беда: або яна варочае ўсё ў верх дном і ні дае жыцьця дзецям ад першай жонкі, або узрослые дзеці нідаюць жыцьця ні ёй, ні бацьку.
Во як было ў адной такой сямьі. Селянін вёскі Кіпяціч, Восіп Цярэхоў, ажаніўшыся другі раз, хутка асьлеп. Сыну яго, Якіму здавалося, што ён адзін работнік у хаці, што бацька дармаед, што мачыха, каторая можэ даць дзяцей, яшчэ больш непатрэбная рэч. З гэтай прычыны ў бацькі з сынам не было ладу: яны часта сварыліся і лаяліся. 27 юля між імі завязалася бойка. У той момант, калі сын паваліў бацьку на памост, мачыха ударыла нажом пасынка у жывот; з гэтай раны ён і памёр, абняўшы пры апошнім кананью бацьку. Што ён хацеў гэтым сказаць? „Прасці", ці „Хадзі і ты ў магілу”.
Саўка Каваль

Беларуская вечарынка
11 жніўня ў Глыбокім адбылася беларуская вечарынка пад кіраўніцтвам тэхніка Яцыны. На сцэні было пастаўлена „Пашыліся ў дурні“ і „Міхалка”, а пасьля былі танцы і лятучая почта. Артысты як па першы раз сыйгралі добра. Адно беда, што вечарынка гэта рабілася не саўсім ладам, ды як бытцым нейкі душок чуваць было іншы чым беларускі; не кажучы ўжо аб тым, што паміж сабой устраіцелі гаварылі толькі па расейску, гэта можэ быць ад не прывычкі гаварыць па беларуску, але чаму ж абвесткі былі толькі па расейску?
Глыбачанін

Наша Нива. 1914

Мсціслаўскі павет Магілёўская губ.
Жаляцца людзі на валасные суды.
– Выбіраем на судзьдзю астатняго пастуха, што ён з роду рубля ня відзеў, ня меў і ня злічыць яго. Такога судзьдзю купіць лягчэй.
Казаў адзін пісар сумленны: – Сорамна мне, дзядзька, за сталом сядзець, як судзюць у нас. Надоячы дык проста і трываласці не хапіла ў мяне: “Ці вы, – кажу, – паздурэлі голавы ў Соркі прапілі? Уцяку з-за стала, калі такі прыгавар пастановіця”...
– А якіе прыгавары тут?
А во якіе. Памёр адзін дужа заможны стары чэлавек, пакінуў сярэдніх гадоў жэнатаго сямейнаго атдзеленнаго даўно сына і другую жонку з малымі дзеткамі. Пакуль тая дзяліцьба, пакуль тое што, стары гэты сын пабіў аж да крыві мачыху і са сьвету яе збасываць хваліўся, а мачыха, пакуль ешчэ на нагах стаяла, кукіш яму паднесла і бытцым то злаяла.
– Ну, судзяцца...
– Як жа. Мужчына, дык той ведаў, як людзі судзяцца: гукнуць судзьдзю аднаго ды дрогога да сябе, пачастуюць у хаці, а тады, едучы на суд, у дарозі пагрэюцца, а прыехаўшы к Сорцы або к Мэндалю забягуць; а як баба, дык ведама, што за розум: шату-бату, не прырыхтаваўшыся ў воласць жалабу сваю выкладаць.
Сідзяць судзьдзі праведные, насы чырвоные ў борады ўтуліўшы.
Ці–ха! Суд ідзець...
Вот і савешчаніе, рада судзейская прамудрая:
– Што ж, пыні, прыдзецца бабу “прышчапіць”, каб волі рукам не давала.
– А й я так думаю. Ці хвароба ж ёй, столькі грошы меўшы – валаводзіць судзёў на сухую глотку.
– На 18 сутак бабу пад арэшт!
– Ну, а пасынка ж чым наказаць?
– А што тут доўга думаць, глядзі колькі шчэ судоў будзіць, да поўначы так зацягне – прыгаварыць яго, каб заплаціў 50 кап. штрафу за грубіянства з бацькінай жонкай.
– Што ж? I то добра!
– Лаюць нашы разумцы Думу: “Ат! Думаюць – думаюць сабе ў кішэню, а не дадумаюцца ў воласці парадкі навясці...
Трудна, мусіць, законы думаць, галавою працаваць – гэта-ж і на галаве мазалі с часам панарастаюць, хварэй яна і воласць і суды валасные.
Казаў адзін “сьвецкі”, у чорным жупане с Масквы прыехаўшы: “Да што-ета, рэбята, не будзе ета ў нас парадку, пакуль уш не будзе ста яво…”
Хай ты пропадзеш на Хітроўцы са сваёю радаю. Мне здаецца, што было б ладна, каб воласць была не адна мужыцкая, а так агульна і панская, і жыдоўская, і папоўская, каб значыцца, на ўсіх, каб усе ў ёй былі, адзін ды за другім глядзеў...
– Зьмешаў кашу з гарохам! Дык і суды такіе? Жыд будзе судзіць папа, поп мужыка, а мужык пана? Ну й згадаў...
– Ды я ня тое, ды калі, праўда, свой жа брат селянін, і за судзьдзю самі выбіраем ды калі-ж гэта гарэлка ды крывата наша...

Халоднае палеваньне
Быхоў (Магілёўская губ.). У горадзе можна відзець паляўнічых, ці як іх ешчэ тут з расейска называюць «ахвотнікоў», каторые прадаюць скуры лісіц. Затым што ў такога «ахвотніка» німя ні добрай стрэльбы, ні сабакі здольнаго да палёвы, ды і німа яму і часу, то ён вядзе “халоднае” палеваньне, – ён гэтых лісоў атручае.
Не кажучы аб праступнасьці такога „палеваньня“ дабаўлю, што хутка ў нас звядуцца лісы, як звяліся козы, ласі, кабаны, бабры і інш., на каторых раптам наваліўся зьвер чэлавек.
Саўка Каваль
Са Мсціслаўшчыны. Магілёўская губ.
– У горадзі Мсціслаўлі задавіўся слёсар Сілівейстра. Прычына самагубства – доўгая хвароба, што й рады ёй не было. Нябошчык пакінуў груд малых дзетак.

Ў Шамоўскай воласьці ў Цёмным лесе пані Іванскай, дрэва забіло Мікалая Ханеўскаго. Яно было падрублено і павалілося, але застрало на другім дрэві. Ханеўскі пайшоў паглядзець, як яго паваліць; тым часам дрэва піхнулі. Ханеўскі – зірк! дрэва на яго ляціць, спужаўся і ня ўцёк. Так і знайшоў сваю сьмертухну.
Помніцца, як гады тры назад у Чартоўшчыні, лесі той жэ пані 1-й, дрэвам забіло каня ды ў такога беднаго, маламожнаго чэлавека, што ў яго адзін той конь і быў. І ўсё тое было як раз жэ прад вачамі п I-й; яна прыехала агледаць як лес сякуць. Смерць каня так напудзіла паню, што яна дала таму чэлавеку ажно 5 руб. Дала-б і болі, кажуць, але ён хаця праўда, і доўга без шапкі стаяў, ды ў руку не пацалаваў. У нас паном у рукі ешчэ цалуюць, і старые пані пілнуюць гэтаго: хто не пацалуець у руку, той ужо „дэмакрат і неблаганадёжны” і паны такога чэлавека ня любяць.

У Мсціслаўскім павеці паміраіць многа людзей, найболі на хваробу жывата, мусіць ад дрэннай яды. I сярод Мсціслаўца, прыхільнаго да ўсякай чартаўні і забабоноў, ужо паўзуць чуткі, што ходзіць нейкая незвычайная хвароба, што ў Мядзьведзеві за якога паўмесяца памёрла 70 чэлавек, найболі маладых, што нашы дактары ня могуць прызнаць што за хвароба, плятуць, што запечаталі двух чэлавек і паслалі ў Маскву... Старэйшые нашы бабулькі ўжо гаворуць, бытцым-то «мусіяш» – антыхрыст незабавам прыйдзіць і начнецца канец сьвету. Бабам – троху йстрашна!
Гурык Г.
Горкі (Магілёўская губ.)
18 студня тут было гэткае здарэньне. Адзін жыд пабіўся з другім аб заклад на 5 руб., што выпье 2 бутэлькі гарэлкі. Праўда, выпіў, выйграў заклад, але гэта стоіло яму жыцьця, бо ноччу сканаў. Давялося гаварыць з адным – другім, чаму гэта ён ня вытрымаў і дахтары не адратавалі. Усе адказывалі: “бо гэта быў жыд”. Наш брат, мужык выпье 2 бутэлькі, і яму хоць-бы што, бо ён пье чуць ня кожны дзень. А жыда калі вы відзелі хоць троху выпіўшым? Ня дзіва посьле гэтаго, што тое, што мужыку здароўе, то жыду сьмерць. Хаця не вялікае здароўе гарэлка. Гэты прымер павінен паказаць, што і ўсякаму гарэлка зводзіць здароўе і ўкарачывае век, але с прывычкі мы часта не бачым, ці думаем, што сьмерць без пары прыходзе, па другой прычыне. Я бачыў у вёсцы дзеда 100 гадоў, здароваго як дуб, а сына яго, на 50 гаду паміраўшаго с тэй прычыны, што дужа піў калісь то.
М. М.
Горкі.
У Горках перад Калядамі мінуўшаго году зрабілося во якое вумнае, карыснае дзела. Сабралося шмат тутэйшых людзей „соль Горак”: маршалак двараноў, Трусаў, доктар Турчанаў, сьвяшчэннік і другіе людзі. Яны пастанавілі зрабіць таварыство цьвярозасці. Каму першаму з іх прышло гэта на вум, нет ведама. Можна мяркаваць, што ўсім разам уздумалося, бо відаць, як Божы ясны дзень, якую пацеху жыцьця дае гарэлка ня толькі бэдакам-селянам. а і нашым вышэйшым. I каму не ясна, з якой прычыны такі бедны, худы, непрыгожы, забіты народ? Кожын відзіць як ён ідзець, можэ зьеўшы адну картопліну с хлебам, у Горкі і нясець што небуцзь у руках прадаць, бо трэба купіць солі, алею і іншаго. Ён гляне на вас нейкім сумным поглядам, у каторым так і хаваецца думка: “Не глядзі на мяне, мне стыдна“. Чаго? Спытаю яго, ён скажэ: што абарваны ён, бедны, што нету мочэнькі жыць з дзяцьмі і шмат чаго – і ён бокам пяройдзе каля вас і задрыбіць пакалечэнымі нагамі, адмарожэнымі ў ізвозе, застуджэнымі ў балоце, як араў, касіў і іншае рабіў. Але во ён ужо ў Мэндаля, Хайка дала яму ўжо гарэлкі, „шангі“, селядцоў пакуль што сюды туды, а як пасалавеіць Пятрок ці Гараська, то прынясе тухлых. Гуляе галодны, абарваны гаспадар. I гэта ядыная яго радасць у жыцьці. Ніхто чаго разумнейшаго рабіць яго не вучыў, не раіў, ды робюць гэта самае ўсе яго суседзі, чаму-ж і яму не пабыць шчасьлівейшым. I Пятрок напьецца даволі. А пакуль змеркне, яго шынкары абчышцюць, як тую ліпу і выпіхнуць на вуліцу на мароз і на гразь. I тутака абязсілены бедак заваліцца куды папала. Добра калі яго ўбачыць гарадавік. Тады будзе ў спакою, хаця і ў халадняку, а як не ўбачыць, тады дужа цярпець прыдзецца ад жыдзенят. Яны на Петрака набрэшуць накладуць на яго ўсяго гідкаго і абабьюць палкамі. Бывае, што такі бедак, ешчэ што небудзь ды і засьпевае.
Кожын бачыць, што гэта за песьня. I такіх прыкладоў не пералічыш. Бяжыш шпарка каля пьянаго, бо ён сусім перэмяніўся як быў ў раньні. Заверне табе такое, што ажно мароз па скуры пяройдзе. I хто бы ня йшоў каля яго ўсё роўна. А сколькі боек нешчасьлівых здарэньнёў бывае ад гэтай паганай гарэлкі..
Вось гарэцкая вышэйшая інтэлігенція і зрабіла таварыство як бы пасьпешаючыся на ратунак гібначаму брату-селяніну. Гэта ў уставе. Перад аткрыцьцем доктар гаварыў прамову, гаварыў і сьвяшчэннік, якое зло гарэлка. Пачын дужа добры, але пакуль што мала хаўрусьнікоў: шмат кабет і горстачка гаспадароў. Прыхадзілося гаварыць, чаму не запісываюцца ў хаўрусьнікі, кажуць: без гарэлкі жыць нельга. Трэба яе піць на хрэзьбінах, памінках, хаўтурах, барышах, пры хрэсным ходзе і іншы раз: купіўшы ці прадаўшы. Ды і сьмяюцца з няпьюшчаго на сходзе, гаворуць: “ці скора перэстане хлеб есьці?” Ня можна яе ня піць, бо нашая вясковая грамада прапівае за год вялікі груд грошы, рублёў трыста ці болей. Калі скажэш што ня будзеш піць, выпьюць тваю частку. Грамадзкіе выпіўкі (лепей: прапіўкі свайго жыцьця), гэта хрэзбіны, хаўтуры ды інш. Во што не дае запісывацца людзям у хаўрусьнікі. Іншые кажуць – „што калі ня піць – то ўсім. – Тады яе і рабіць ня трэба“. З якога боку не крані, выходзіць, што дзеля таго, каб умацавалося таварыства, трэба „вышэйшым“ працаваць далей: усё паказаць “няверным” на прыкладзе. Брыдка будзе, калі свяшчэннік хаўрусьнік спытае сабе гарэлкі. Які-ж гэта будзе прыклад? Агулам кажучы таварыство не замрэ, калі ў хаўрусьнікоў, залажыўшых яго, у сэрцы ёсць нешта... Вялікі грэх прыме маршалак, калі ён увайшоў у храм падмогі меншым братом дзеля таго, каб пра яго гаманілі, ды каб пьяных было менш, бо неспадручна прахаджывацца с паненкамі вечэрам, калі валяюцца грудамі пьяные. (Гэтак думаюць іншые, але іх дужа мала).
Вёска Седіч, Магілёўск. губ. Быхаўскаго павету.
С палавіны студня стала цёпла. Сьнег сагнало, пагразнеўшая дарога падсохла і селянін затарахцеў на калёсах. У цёплы сонечны дзень калёсы напаміналі лета. Скора прыляцелі шпакі (гракі), жаваранкі, вуткі, чайкі, буцяны. На днях раскрыў свае шырокіе грудзі Днепр.
Селяне сядзелі без заработкоў: ніхто не нанімаў вазіць таварароў, лесу. За гэта ў пустым кішэні ешчэ пусьцей стала і на стале ў пост бульбачка, без селядца.
Дроў – ламья троху панавазілі с казённаго лесу за 15 вёрстаў ад гэтуль. Ёсць тут лес за вярсту, але пан с 1905 году ніяк не ўлашчыцца за самавольную парубку і не дае ні цуркі.
Нідаўна, у нас прыкінулася хвароба на сьвіньней і селяне іх валочуць на поле або ў канаўкі к Дняпру Калі я сказаў, што з гэтаго ніколі не звядуцца хваробы, мне атказалі: – “Во, ці гэта прыстане? А калі і прыстане, то ніхай-жэ здохне і ў другога!” – I вось, стараючыся перэгнаць хваробу на другі двор, ён валачэ са свайго двара сьвіньней с першаго да апошняго.
У вёсках Хадуцічах і Касічах здыхаюць коні ад сібірскай заразы. Аттуль ездзюць цераз нашу вёску і поюць коні каля калодзезей. Гэтым яны могуць перэдаць хваробу і ў нашу вёску. „Трэба зняць вёдры” – кажуць селяне, але далей гэтаго дзела ня йдзе.
Саўка Каваль
М-ко Радомля, Чауск. пов. Магілёўскай губ.
Кажуць вучоные, што мястэчка Радомля – пяршэйшая весь колішніх Радзімічоў. Можэ быць...
А цяпер тут ёсць троху жыдоў, неколькі пратухлых крам, неколькі пратрухлых мешчанскіх хатак і непраездные вуліцы.
А навокала ёсць тут аколіцы «польскіе», дзе жівуць людзі стану шляхоцкаго.
Празываюць тыі людзі сабе палякамі, бо гэта ім на кожным кроку ўгаварывае начальство і панство; па польску-ж яны гаварыць ня ўмеюць і абэцадла польскаго не знаюць, а гаворуць, як і дзяды-прадзеды іх у сваей роднай беларускай мове, з наваротам сярод маладзежы „сьвецкай на мову “панськую” (расейскую).
Маюць зямлі на 5–10–15 дзесяцін, жывуць селянскім абычаем, але над селянамі сябе вывыжшаюць і мешацца с “чорнаю косткаю” высцерэгаюцца.
Бараду голюць і маліцца ў касцёл на кані, у чорных вопратках, ездзюць.
У касьцелі казаньня бываюць і па літоўску, бо жыве тут жменя літвіноў, перэсяленцоў з губэрній Віленскай і Ковенскай, а сярод ксяндзоў у нас – літоўцы найчасьцей.
Такога казаньня, шануючыйся, тутэйшы шляхціц саўсім ня слухае. У часе-ж польскаго казаньня на ксяндзовы рукі троху надзівіцца, а потым ціханька – шусь! на сьвентар пагаманіць.
Польскую мову у нас разумее толькі графіня Х-я і яе дворня.
Беларускую мову с 1839 году ў нас с касьцёлу і цэрквоў выкінулі і парахвіяне, – не без пастаронняй помачы, – веруць, што завясьці яе ізноў у касьцелі – грэх: ня можна веру ламаць.
Цікавая наша старонка, да душы.
Шкада, што этнографы далёка ад жалезнай дарогі не залезаюць і па польску ці па расейку нас йшчэ не апісалі, ці апішуць – німа ведама. Мо й не патрапюць: наша старонка такая «дзікая» йшчэ, што апісаць нас не па нашку, ой, трудненька будзе...
Клічу сюды беларускіх мастакоў: тут яны знайдуць тыпічна-тыпічны беларускі уклад жыцьця і дабудуць гарту ў змаганьні за сваё – разумецца, калі гэта будуць душой беларусы, а не: „беларусы”.
Радзіміч
З Магілёўшчыны
У нашай Магілёўшчыне весна-красна пачала прынасіць звычайные навіны нашай вясны і лета – пажары. Што год у губэрні згарае на мільёны рублёў людзкога дабра і працы. Дагэтуль былі такіе пажары: у мястэчку Копысі згарэло 90 дамоў і 75 крам. Мястэчко загарэло ад падпалу – вінаватаго арештавалі і ён прызнаўся. У сяле Польковічах пагарэло 17 гаспадароў; у агні спяклося трое дзетак.
З Амсціслаўшчыны
На рэцы Вехры людзі бабра забілі і ў Амсціслаўля прадаваць жыдом прывязьлі. На таргу давалі 25 руб. А йспраўнік дачуўся і стражнікоў паслаў – рыбаловоў забралі. I кажуць тут у нас людзі, суд на іх за бабра не абы які,: у вастрог на месяц ды грашмі 50 руб. заплаціць.
Ня дужа даўно ў Амсціслаўлі ў трох зарэзалі аднаго па пьянаму дзелу.

Каля Шамова людзі жалюцца, што пісьмы не даходзюць.
Г. Г.
З Магілёўшчыны
Іду я ў Горкі. За тры вярсты ад Горак, каля бальшака, вёска, як і ўсе вёскі Беларусі. Дужа замарыўся. Дай каля кладак прысяду. Сеў. Вір, а каля рэчкі пяць хлопчыкоў гадкоў шасці, васьмі і рвуць кветкі, явар. Убачылі, што я сяжу. Падышлі падкасаные. На твары гразь, вочкі надта блішчаць. Таўпяцца. Упорна глядзяць на мае боты. – Садзіцеся, дзеткі. – Баяцца.. Во і абзнаёміліся. Прыселі. – Як завуць? – Курыла, Граська Мікола… – Вучыцеся? Бацька есць? – Есць. Гарэлку надта пьець. А дзяцей нас чатырэ, зямлі дзьве дзесяцінкі. Паедзём ў Томск.– А што гэта вы гуляеця, а ня робіця нічога. Памагалі бы бацьцы працаваць. – Німа чаго рабіць. – Ну дык бы вы кніжкі чыталі – Німа кніжэк. Вучыцелька, што ў зімку вучыла, атабрала, а ешчэ німа ніякіх. – А хто ў вашай вёсцы вучыцелька? – Якась то паненка з Горак. Яна кожын дзень прыезджаець на „лясапетах” с панічамі ў вёску нашу і ў вучылішчы жартуюць. А кніжак недаець і німа дзе ўзяць.
Хлопчыкі, хлопчыкі, як трудна шукаць вам шчасьця, долі. Пашоў я не вясёлы, а яны забрыкалі шыбка, шыбка ў кусты. О, хлопцы, што вас ажыдае ў будучыне?..
Каля мяне прагудзела на велісапедзе паненка з двумя панічамі. I стыдна, ой як сорамна перад сонейкам, прад ветрыкам, што так ціха шуміць кветкамі, сорамна што сонейко адно толькі, як сьветка, глядзіць роўна на праўду і непраўду, на чыстае, сьветлае і...
Хадзяка

У Старым Быхаве аткрыецца с 1-го ліпня гарадзкая гімназія. Гарачае сёлетняе лета дрэнна адбілося на ураджаях ў Быхоўшчыне: праз суш вялікую на палях ўсё перэд часам пачало сьпець і сохнуць нават. Было, як штогоду, многа пажароў па вёсках.

З Магілёўшчыны. Земскіе выбары
У гомельскім павеці селянскіе сходы ўпорна змагаюцца з начальствам, каторае кіруе новымі выборамі ў земствы. Начальства хочэ прапіхнуць сваіх кандыдатоў у земства, а селяне дружна праводзюць людзей, каторые будуць пільнаваць інтэрэсоў селянскіх. I начальства пачынае ўжываць сваіх спосабоў змаганьня. Гэтак нідаўна ў м. Носовічах селяне начальніцкіх кандыдатоў прасыпалі і выбралі упоўнамочэнымі ў земства сваіх людзей. Даведаўшыся аб гэтым земскі начальнік прызнаў выбары не законнымі і аштрафаваў па 2 рублі тых селян, каторые не маглі зьявіцца на выборы.

У Оршы (Магілёўск. губ.) у канцы верэсьня аткрыта таварыства для нясеньня помачы уцекачом з мейсцоў, захопленых пажарам вайны.

Наша Нива. 1915

Рэквізыція ў Гомелі
Глаўны начальнік мінскаго ваеннаго округу абвесьціў ў г. Гомелі абавязываючую пастанову аб рэквізыціі (прымусовая продаж) для патрэб арміі ўсяго скурного тавару, які ёсьць ў Гомелі. Хто акуратна не павядоміць аб тым, колькі мае гэтаго тавару або неакуратную падасьць цану, той будзе карацца штрафам у 3000 руб. або арыштам на 3 мес.
Паводка
У гомельскім пав. Магілёўск. губ. вылілася з берагоў рэка Сож і затапіла лежачые не падалёк ад берэгу вёскі. У Гомелі затапіла ніжэйшые часьці горада. У павеці гэта паводка Сожы збурыла шмат дамоў, пазносіла масты, паразмывала дарогі; згінула ў разводзьдзі шмат жывёлы і хатняго птацтва. Страты таргоўшчыкоў дрэвам даходзюць да 100 000 р.
Аб уцекачох
З Магілева пішуць да «Viltis», што лічба жыхароў горада павялячылася ў двое, дзякуючы уцекачом с Польшчы. Кватэры і харчы падаражэлі, але яшчэ достаць можна. Цэна сажня дроў даходзіць да 35–40 р. У аколіцах горада наладжываюцца памяшчэньні для ўцекачоў. Гэта-ж самая газэта (№ 159) у вельмі жуткіх вобразах апісывае страшнае палажэньне уцекачоў у Вітэбску, куды перэбраліся с Курляндзіі і Літвы. Даражыня пануе вялікая, кватэру знайсьці трудна нават за вялікую цану. Дзеўчаты з голаду кідаюцца ў процьму распусты, каб толькі на кусок хлеба зарабіць. Агулам, як пішэ « Viltis», усе цяпер жалеюць, што пакінулі свае сялібы.

У Смаленску на станціях вывешана надрукованая па расейску, па польску, па літоўску і па латышску такая абвестка: “Смаленскі гарадзкі камітэт помачы ахвярам вайны паведамляе дзеля перэсьцярогі жыхароў прыежджаючых з мейсцоў захопленых вайною, што ў горадзі німа ніякіх свабодных памешчэньняў”.

"МОГИЛЁВ НА ДНЕПРЕ, ИЛИ ИСТОРИЯ ОДНОЙ ГУБЕРНИИ"

Электронная энциклопедия. Copyright © Учреждение культуры "Могилевская областная библиотека им. В.И. Ленина"