Біяграфiя
Спадчына Скарыны
Вершы, прысвечаныя Скарыне
Памяці славутага першадрукара
ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ
Біяграфiя
"Ніякай працы і скарбаў ніякіх не шкадуйце для паспалітай карысці для Айчыны сваёй"
.....................................................................................................................................................................Скарына
Кожны народ мае права ганарыцца сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі. Пачынальнікам беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання з’яўляецца Францыск Скарына. Гэты асветнік-гуманіст, доктар медыцыны, арыгінальны мысліцель, пісьменнік-публіцыст, выдавец, перакладчык-паліглот — найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння на Беларусі. Яго і сёння можна лічыць зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры. Чалавек выключна шырокай эрудыцыі, сэнс сваёй дзейнасці Францыск Скарына бачыў у служэнні народу. Ён імкнуўся далучыць сваіх суайчыннікаў да здабыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.
Дакладных звестак пра час яго нараджэння і смерці не выяўлена. Вядома, што нарадзіўся асветнік у Полацку каля 1490 года ў сям'і купца Лукі. Полацк у той час быў адным з самых буйнейшых і багацейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Ён меў гандлёвыя, эканамічныя і культурныя стасункі з Ноўгарадам і Псковам, Смаленскам і Масквой, Рыгай і іншымі знакамітымі цэнтрамі. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць і пісаць. Мову тагачаснай навукі — латынь — ён засвойваў хутчэй за ўсё ў школе пры каталіцкім касцёле ў Полацку ці Вільні. Ад бацькоў сын пераняў любоў да роднага Полацка. Сваё полацкае паходжанне з сталасцю і настойлівасцю падкрэсліваў у сваіх выданнях.
У 1504 годзе Скарына паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт на факультэт "вольных мастацтваў" і ў 1506 г. атрымаў навуковую ступень бакалаўра філасофіі. Магчыма, у гэтым жа ўніверсітэце праз некалькі гадоў ён дасягнуў ступені магістра, набыўшы веды ў галіне медыцынскіх навук. Сустракаюцца не поўнасцю пацверджаныя меркаванні і аб тым, што менавіта ў тыя гады Францыск з'яўляўся нават сакратаром караля Даніі...
У 1512 годзе Францыск Скарына бліскуча здаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцынскіх навук у адным з самых прэстыжных тагачасных універсітэтаў Еўропы — Падуанскім. Ён стаў першым выхадцам з усходніх славян, якія ў Італіі атрымалі вышэйшую ў медыцыне навуковую ступень. Званнем доктара наш зямляк моцна даражыў: пазней у кожным сваім выданні ён зазначаў, што кнігу выпусціў "в лекарских науках доктор Франциск, Скоринин сын с Полоцка".
У Празе, у 1517 годзе Францыск Скарына і разгарнуў сваю, па-сапраўднаму патрыятычную дзейнасць на карысць роднай Бацькаўшчыны, пры падтрымцы беларускіх купцоў з Полацка і Вільні Багдана Онкава, Юрыя Адверніка і іншых. Ён замовіў друкарскае абсталяванне, узяўся перакладаць і каментаваць кнігі Бібліі. Адукаваны і дзелавы беларус паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню. Менавіта ў Празе з'явілася першая кніга — "Псалтыр", у прадмове да якой паведамляецца: "Я, Францыск Скарына, сын слаўнага Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў есмі Псалтыр ціснуці рускімі словамі, а славенскім мовай". Яна выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года. За няпоўныя тры гады ў Пражскай друкарні Скарына надрукаваў 23 ілюстраваныя, упрыгожаныя мноствам ксілаграфічных гравюр, ініцыялаў і заставак кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. Яны забяспечаны прадмовамі і каментарамі, якія адлюстроўваюць канфесійныя, філасофскія і асветніцкія погляды Скарыны. Пры выданні Бібліі ён кіраваў працай, карэктаваў набор, даставаў у Германіі дэфіцытную паперу з вадзянымі знакамі.
Пасля доўгіх блуканняў друкар у пачатку 1520-х гадоў вырашыў уладкавацца ў Вільні, дзе прыкладна ў 1522 годзе, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Багдана Онкава і тамтэйшага бургамістра Якуба Бабіча, аднавіў сваю выдавецкую дзейнасць і выдаў "Малую падарожную кніжыцу". Яна была надрукавана для купцоў і ўсіх тых, каму тыднямі прыходзіцца бываць у дарозе, каб падарожнік мог палепшыць доўгія гадзіны ў абозе і вечары ў карчме. Скарына злажыў для гэтай кнігі некалькі акравершаў, пралічыў даты сонечных і месяцовых зацьменняў. Услед за ёй, у 1525, Скарына надрукаваў "Апостал" — адну з найбольш распаўсюджаных кніг. Кніга прызначалася для шырокага кола чытачоў. У шматлікіх прадмовах апісваецца змест раздзелаў, асобных пасланняў, растлумачваюцца "цёмныя" фразы. Усяму тэксту папярэднічае агульная прадмова Скарыны "Деания светых апостолъ книгъ предмова". У ёй усхваляецца хрысціянская вера, звяртаецца ўвага на маральна-этычныя нормы чалавечага жыцця. Апостал — адзіная ў друкарскай практыцы асветніка кніга без ілюстрацый, аднак у ёй — вялікая колькасць заставак, канцовак, гравіраваных буквіц. Даследчыкі выказвалі меркаванне, што асветнік быў адным са складальнікаў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., падтрымліваў сувязі з рознымі палітычнымі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі княства. Мяркуецца, што ў канцы 1520-х — пачатку 1530-х гг. першадрукар наведваў Маскву, куды вазіў свае выдадзеныя "рускім" шрыфтам кнігі.
Даследчыкі лічаць, што ў 1525 г. Скарына выязджаў у германскі горад Вітэнберг, цэнтр Рэфармацыі, дзе сустракаўся з ідэолагам нямецкіх пратэстантаў Марцінам Лютэрам. Невядома таксама, чаму ў гэтым жа годзе спыніла сваю дзейнасць яго віленская друкарня. Недзе пасля 1525 г. асветнік ажаніўся з удавой віленскага купца, члена Віленскай рады Юрыя Адверніка Маргарытай, чым палепшыў сваё матэрыяльнае становішча і разам з жонкай прыняў удзел у гандлёвай справе брата Івана. Вельмі цяжкім быў для Скарыны 1529 г. Летам у Познані памёр яго брат Іван. У тым жа годзе раптоўна памерла Маргарыта. На руках Скарыны застаўся малалетні сын Сімяон. Пачаліся судовыя працэсы з-за маёмасці жонкі. Падзеі прымусілі Скарыну выехаць у 1530 г. у Кёнігсберг пад апеку герцага Альбрэхта, але недзе ў сярэдзіне 1530 г. вярнуўся ў Вільню для вырашэння судовых спраў, звязаных са спадчынай Маргарыты. Судовыя цяжбы пагоршылі яго матэрыяльнае становішча. У гэты час на Скарыну новай хваляй наваліліся крэдыторы брата. У лютым 1532 г. першадрукар быў арыштаваны па неабгрунтаванай і нічым не падмацаванай даўгавой прэтэнзіі "іўдзеяў-крэдытораў" Майсея і Лазара з Варшавы і Якаба з Познані. Але пакінуць Вільню Скарыну прымусілі не гэтыя падзеі. Свецкае кнігадрукаванне выклікала процідзеянне як каталіцкага, так і праваслаўнага духавенства. У сярэдзіне 1530-х гг. Скарына канчаткова пакінуў Вільню і пераехаў у Прагу. Ён прыняў запрашэнне чэшскага караля Фердынанда I на пасаду каралеўскага медыка і садоўніка.
Памёр першадрукар не пазней 29 студзеня 1552 г. Аб гэтым сведчыць грамата караля Фердынанда I, дадзеная сыну Францыска Скарыны Сімяону, якая дазваляла апошняму карыстацца ўсёй захаванай спадчынай бацькі: маёмасцю, кнігамі, пазыковымі абавязацельствамі.
Кнігі Францыска Скарыны сталі вядомы ў розных краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі яго друкарскай і выдавецкай дзейнасці. Шырокае распаўсюджанне атрымалі перш за ўсё сярод суайчыннікаў асветніка, аказалі дабратворны ўплыў на пашырэнне міжнародных культурных сувязей, былі адным з важных фактараў духоўнага ўзаемаабмену з Польшчай, Заходняй Еўропай, абумовілі рост інтарэсаў навуковай еўрапейскай грамадскасці да культурнай спадчыны беларускага і іншых усходнеславянскіх народаў.
Дзейнасць Францыска Скарыны аказала велізарны ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі. У яго гонар названы вышэйшыя ўзнагароды краіны, як то медаль і ордэн. Яго імя носяць Гомельскі ўніверсітэт, цэнтральная бібліятэка, педагагічнае вучылішча, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Мінску, недзяржаўнае грамадскае аб’яднанне "Таварыства беларускай мовы" і іншыя арганізацыі і аб’екты. У гонар Ф. Скарыны ў розных краінах усталяваны помнікі, зроблены скульптурныя і жывапісныя выявы.
Дакументы
Аб жыцці і дзейнасці першадрукара
- Агіевіч, У. Выданні Скарыны і каляндар / Уладзімір Агіевіч // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 27 верасня. — С. 12.
- Агіевіч, У. Георгій Лукіч Скарына і яго каляндар / Уладзімір Агіевіч // Звязда. — 2013. — 22 жніўня. — С. 4.
- Агіевіч, У. Дзень пачатку, альбо Калі Скарына выдаў першую кнігу? / Уладзімір Агіевіч // Звязда. — 2013. — 24 верасня. — С. 6.
- Агіевіч, У. Сімвалічныя знакі Скарыны / У. Агіевіч // Беларуская думка. — 1996. — № 11. — С. 156—164.
- Агіевіч, У. У. Стан сучаснага скарыназнаўства і актуальныя праблемы засваення спадчыны асветніка / Уладзімір Агіевіч // Весці Нацыянальнай Акадэмiі Навук Беларусi. Серыя гуманітарных навук. — 2008. — № 3. — С. 4—14.
- Асіноўскі, С. "Белыя плямы" прыватнага жыцця вядомага чалавека / Святаслаў Асіноўскі // Архівы і справаводства. — 2013. — № 5. — С. 134—143 ; № 6. — С. 139—148.
- Аскера, В. З пяром і кнігай : [прысвячэнні смеламу мастаку і сучаснаму натхняльніку — Ф. Скарыне] / Дар'я Чарняўская // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 2 чэрвеня. — С. 12.
- Аўдоніна, Т. Францыск Скарына: шлях служэння Радзіме і народу : [асоба асветніка ў сучаснай драматургіі] / Таццяна Аўдоніна // Роднае слова. — 2013. — № 5. — С. 20—22.
- Варанько, К. Д. Да 525-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны (1490—1551) / К. Д. Варанько // Адукацыя і выхаванне. — 2015. — № 9. — C. 72—75.
- Весялуха, М. Скарына: традыцыі і эвалюцыя / Марына Весялуха // Літаратура і мастацтва. — 2014. — 3 студзеня. — С. 1 ; 9.
- Войтик, И. Франциск Скорина и его писательский подвиг / Ирина Войтик // Государственный контроль. — 2017. — № 1. — С. 84—89, 4 с. вкладыша : фото.
- Галкоўскі, С. Святло слова Скарыны : [у Гомелі прайшла навукова-асветніцкая канферэнцыя "Спадчына Францыска Скарыны і сучасны свет"] / Станіслаў Галкоўскі // Рэспубліка. — 2017. — 6 красавіка. — С. 4 : фота.
- Герасімаў, Г. Вобраз Францыска Скарыны ў беларускім жывапісе другой паловы XX—XXI ст. / Глеб Герасімаў // Роднае слова. — 2013. — № 8. — С. 78—82.
- Дышыневіч, В. Скарына і адносіны да першакрыніц / В. Дышыневіч // Полымя. — 1985. — № 12. — С. 164—174.
- Ермаловіч, А. Архівы кажуць пра Скарыну / Алена Ермаловіч // Навука. — 2016. — 25 ліпеня. — С. 4 : фота.
- Завадская, И. Новые тайны Скорины : [500-летие первой печатной книги Францыска Скарыны] / Ирина Завадская // Советская Белоруссия. — 2017. — 27 января. — С. 13 : фото.
- Завальнюк, У. Бог — Біблія — Бацькаўшчына! : [Францыск Скарына — сын Беларускай зямлі] / Уладзіслаў Завальнюк // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 1 (студзень). — С. 4 ; № 2 (студзень). — С. 4 ; № 3 (студзень). — С. 4 ; № 4 (студзень). — С. 4.
- Иванова, Л. Гуттенберг в гостях у Скорины : [к 500-летию белорусского книгопечатания] / Людмила Иванова // Советская Белоруссия. — 2017. — 30 марта. — С. 2 : ил.
- Касцюк, М. Францыск Скарына і яго эпоха / Міхаіл Касцюк // Беларуская думка. — 2017. — № 1. — С. 72—75 : фота.
- Ладуцька, К. Дзе можа знаходзіцца прах Францыска Скарыны? / Кастусь Ладуцька // Звязда. — 2017. — 2 лютага. — С. 15 : іл.
- Лапіцкая, А. Скарына. Пункт адліку і вяршыня : [вынікі круглага стала] / Алеся Лапіцкая // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 31 сакавіка. — С. 4—5 : фота.
- Ляўковіч, А. Частка першая. "...Ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет" : [пра беларускага першадрукара] / Алена Ляўковіч // Звязда. — 2015. — 28 кастрычніка. — С. 4 : фота.
- Мустафина, И. "Книжицу" Скорины вернули на родину : [белорусский банк выкупил у частного коллекционера раритет XVI века и передал его Национальной библиотеке] / Ирина Мустафина // Народная газета. — 2017. — 24 февраля. — С. 3 : іл. — (Прил. : Союзное вече).
- Новае выданне пра Скарыну і яго Біблію // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 13 (красавік). — С. 4 : іл.
- Пазнякова, Л. В. Францыск Скарына і яго час / Л. В. Пазнякова // Беларуская мова і літаратура. — 2009. — № 9. — С. 16—18. — ("У дапамогу педагогу").
- Палкоўнічанка, М. Дык гэта Скарына? : [кнігу "Библия русская. Идеограммы гравюр и инициалов" плануецца перавыдаць да 500-годдзя айчыннага кнігадруку] / Мікалай Палкоўнічанка // Культура. — 2015. — 31 кастрычніка. — С. 14 : іл.
- Панізькін , С. Жнівень кніг : [500 год з кнігай Ф. Скарыны] / Сяргей Панізьнік // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 4 ( студзень). — С. 4 : фота.
- Сазончык, Г. Францыск Скарына: працяг знаёмства : [рэцэнзія на кнігу Алеся Сушы "Францыск Скарына" — "Чалавек-легенда"] / Глеб Сазончык // Полымя. — 2017. — № 1. — С. 143—146.
- Суша, А. Быў ці не быў? Або геаграфія першадрукара : [Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, распавеў пра лёс Ф. Скарыны] / Алесь Суша ; гутарку вяла Вераніка Молакава // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 3 чэрвеня. — С. 6—7 : іл.
- Суша, А. Вяртанне "Малой падарожнай кніжкі" Францыска Скарыны ў Беларусь / Алесь Суша // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. — № 3. — С. 34—37.
- Суша, А. Кім быў і хто для нас ёсць сёння Францыск Скарына / Алесь Суша // Маладосць. — 2017. — № 1. — С. 138—143 ; № 2. — С. 116—131 : фота.
- Суша, А. "Ці інтэграваны Скарына ў наша жыццё?" : [Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, распавёў пра тое, наколькі скарынаўская тэма прысутнічае ў паўсядзённым жыцці нашага грамадства і нашай краіны] / Алесь Суша ; Алесь Карлюкевіч // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 20 студзеня. — С. 4 : іл.
- Тумаш, В. Каляндарная сістэма Беларусі ў часы Скарыны / Вітаўт Тумаш // Краязнаўчая газета. — 2017. — № 5, 6 (люты). — С. 4 : іл. ; № 9 (сакавік). — С. 4 ; № 10 (сакавік). — С. 4.
- Уладзімірава, А. Старое слова Скарыны : [Францыск Скарына, беларускі першадрукар, асветнік] / Алеся Уладзімірава // Рэспубліка. — 2017. — 10 сакавіка. — С. 14 : іл.
- Чамярыцкі, В. Загадкавыя кніжныя знакі Францыска Скарыны / Вячаслаў Чамярыцкі // Роднае слова. — 2016. — № 7. — С. 3—6 : іл.
- Чарняўская, Д. Францыск Скарына праз прызму самасвядомасці : [пра книгу "Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка", якая выйшла 500-годдзя беларускага кнігадрукавання] / Дар'я Чарняўская // Літаратура і мастацтва. — 2017. — 2 чэрвеня. — С. 5.
- Чэмер, М. Францыск, мы табе ўдзячны... : [500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню] / Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. — 2017. — 4 лютага. — С. 11 : іл.
- Шмаянкова, Г. І. Францыск Скарына і яго час / Г. І. Шмаянкова // Беларуская мова і літаратура. — 2008. — № 10. — С. 3—8.