Біяграфiя
Літаратурная спадчынаЛітаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы
Галерэя
ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ
Біяграфія
Нарадзіўся Iван Паўлавіч Мележ 8 лютага 1921 г. ў в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Бацькі, Павел Фёдаравіч і Марыя Дзянісаўна, былі малазямельнымі сялянамі. Бацька, паводле слоў пісьменніка, "з маладых гадоў займаўся розным рамяством: рабіў гонты, дзежкі, цабэркі, наймаўся ўстаўляць вокны і дзверы ў новыя хаты". Маці, родам з суседняй вёскі Каранёўка, "была працавітая, гаспадарлівая, любіла спяваць свае "палескія песні". Пачатковую адукацыю I. Мележ атрымаў у Глінішчах, школу-сямігодку закончыў у Алексічах, дзесяцігодку (СШ № 1) з атэстатам выдатніка ў 1938 у Хойніках. У школьныя гады шмат маляваў, марыў стаць мастаком, удзельнічаў у драматычным гуртку. У старэйшых класах захапіўся творамі беларускіх і рускіх пісьменнікаў.
У 1938 паступаў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але не прайшоў па конкурсу. Вярнуўся ў родныя мясціны, працаваў загадчыкам аддзела піянераў Хойніцкага райкома камсамола. У 1939 стаў студэнтам таго ж інстытута, але з першага курса прызваны ў армію, служыў у 289-м палку 192-й горна-артылерыйскай дывізіі на Украіне, у Карпатах. Летам 1940 удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. Вайна застала яго ў г. Стары Самбор (Львоўская вобл.). Ваяваў пад Уманню, Нікалаевам, Сінельнікавым, Лазавой, Растовам-на-Доне. У снежні 1941 быў паранены. У лютым—маі 1942 вучыўся ў г. Каменску на курсах палітсаставу Паўднёвага фронту, пасля заканчэння якіх працаваў літсупрацоўнікам газеты 51-й стралковай дывізіі "Красноармейская правда". 20 чэрвеня 1942 пад Растовам зноў цяжка паранены (асколак бомбы раздрабіў правае плячо). Лячыўся ў шпіталях Растова, Есентукоў, Тбілісі, потым трапіў у г. Бугуруслан, дзе з лістапада 1942 выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута. У 1943—1944 выкладаў ваенную падрыхтоўку ў БДУ (знаходзіўся тады на ст. Сходня пад Масквой). У жніўні 1944 разам з універсітэтам пераехаў у Мінск. Завочна вучыўся на філалагічным факультэце, які закончыў у 1945. У 1945—1948 вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. Пісаў дысертацыю па творчасці К. Чорнага. Як адзначаў пазней сам пісьменнік, "дысертацыі не напісаў — замест яе напісаў некалькі кніжак прозы". Матэрыялы дысертацыі сталі асновай артыкула "Пра творчасць Кузьмы Чорнага". З мая 1945 па студзень 1947, адначасова з вучобай ў аспірантуры, працаваў у рэдакцыі часопіса "Полымя". Пасля заканчэння аспірантуры працаваў старшым выкладчыкам беларускай літаратуры БДУ. З жніўня 1950 па верасень 1951 кансультант аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—1974 намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
Іван Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства "СССР — Францыя", старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1967—1976.
Памёр 9 жніўня 1976 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Творчасць
Друкавацца I. Мележ пачаў у 1930-я г. У 1933 удзельнічаў у конкурсе, аб'яўленым часопісам "Іскры Ільіча", на лепшае апавяданне па малюнках пад назвай "Прыгоды на граніцы". Апавяданне I. Мележа было прызнаным адным з лепшых. Сам аўтар назваў удзел у конкурсе "першым сваім пісьменніцкім поспехам, першай аўтарскай радасцю. Адтуль усё і пачалося". У 1939 у газете "Чырвоная змена" быў надрукаваны першы верш I. Мележа "Радзіме". Перад вайной яго вершы друкаваліся ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Бальшавік Палесся" (г. Мазыр), у 1943 у "Бугурусланской правде". Да вайны спрабаваў свае сілы ў прозе. Першым празаічным творам лічыў свой франтавы дзённік, дзе апісваў жорсткія баі на Збручы, пад Уманню, на Дняпры. У 1943 у газеце "Бугурусланская правда" было надрукавана яго апавяданне "Последняя операция". Першае апавяданне на беларускай мове "Сустрэча ў шпіталі" апублікавана ў 1944 у газеце "Звязда". Раннія творы І. Мележа вызначаліся жыццёвай праўдай, глыбокім абгрунтаваннем чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці. Аўтар тонка адчуваў і перадаваў прыгажосць прыроды Палесся, услаўляў чалавека-працаўніка, яго любоў да роднай зямлі. У 1946 быў надрукаваны першы зборнік апавяданняў пісьменніка "У завіруху", потым "Гарачы жнівень" (1948). Паступова жанравыя рамкі творчасці I. Мележа пашыраліся. У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. ён працаваў над буйным творам — раманам "Мінскі напрамак", які стаў адным з першых у беларускай літаратуры панарамным палатном, прысвечаным вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944 у ходзе аперацыі "Баграціён". Асабліва напружана працаваў пісьменнік над вобразам I. Чарняхоўскага, камандуючага 3-м Беларускім фронтам. У далейшым пісьменнік зноў звярнуўся да малых эпічных твораў. Былі выдадзены зборнікі "Блізкае і далёкае" (1954), "У гарах дажджы" (1957), "Што ён за чалавек" (1961), напісана некалькі п'ес — "Пакуль вы маладыя" і "У новым доме" (1956), "Дні нараджэння" (1958), "Хто прыйшоў уночы" (1959). Аналізуючы аповесці і апавяданні з гэтых зборнікаў крытыкі адзначалі, што празаік звярнуўся да новых вобразаў, паглыбілася яго майстэрства ў раскрыцці псіхалогіі і духоўнага свету герояў. На працягу ўсёй літаратурнай дзейнасці ў I. Мележа была глыбока прадуманая, вывераная эстэтычная пазіцыя, якая выкладзена ў кнізе "Жыццёвыя клопаты" (1975), дзе змешчаны артыкулы, эсэ і інтэрв'ю пісьменніка. Найбольш ярка яна праявілася ў апошнім зборніку пісьменніка "Белыя вішні і яблыні" (1976).
Трылогія "Палеская хроніка"
Талент I. Мележа з асаблівай сілай раскрыўся ў трылогіі "Палеская хроніка". Гэта галоўная яго кніга, твор пра блізкі і дарагі пісьменніку родны край. Складаецца з раманаў "Людзі на балоце" (1961), "Подых навальніцы" (1964—1965), "Завеі, снежань" (1976) (няскончаны). Па значнасці і мастацкай вартасці гэту трылогію параўноўваюць з "Новай зямлёй" Я. Коласа, раманамі К. Чорнага, "Ціхім Донам" М. Шолахава. Напісаць "вялікую рэч... пра тое, як мянялася і ламалася псіхіка беларускага селяніна з 1914 года да нашага дня", I. Мележ задумаў яшчэ ў 1946—1947. Першымі подступамі да будучага твора сталі апавяданні "Здарэнне" і "Дадому".
Кіно, тэатр, радыё
На Беларускім тэлебачанні пастаўлены тэлеспектаклі па раманах "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы" (1965), па раману "Завеі, снежань" (1979), па творах пісьменніка пад назвай "Сустрэчы і ростані" (1973), зняты шматсерыйны тэлефільм па раману "Людзі на балоце". Інсцэніроўку Т. Абакумоўскай і З. Браварскай паводле рамана "Людзі на балоце" паставілі Беларускі тэатр імя Я. Купалы (1966) і Народны тэатр у Мазыры (1970), інсцэніроўку А. Папова паводле рамана "Подых навальніцы" — Гомельскі абласны тэатр і Мінскі ТЮГ (1978). Па матывах раманаў "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы" К. Цесаковым напісана радыёопера "Барвовы золак" (1978). На студыі "Беларусьфільм" рэжысёрамі В. Туравым і Д. Зайцавым па "Палескай хроніцы" пастаўлены мастацкі фільм "Людзі на балоце" (1982, у 1984 удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР) і "Подых навальніцы" (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм "Іван Мележ" (сцэнарый В. Адамчыка, 1978) і відэафільм "Лёс і кнігі Івана Мележа".
Крыніца:
Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Беларуская Энцыклапедыя ; [пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса] : Т. 4. — Мінск, 1992—1995. Лазарук — Перкін. — 1994. — C. 281—283 : фота.
Узнагароды і прэміі
Два ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга (28.10.1967; 05.02.1971);
Ордэн Чырвонай Зоркі (06.08.1946);
Ордэн "Знак Пашаны" (25.02.1955);
Медалямі;
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман "Людзі на балоце";
Ленінская прэмія (1972) за раманы "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы";
Дзяржаўная прэмія БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў "Жыццёвыя клопаты" (пасмяротна).
За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай літаратуры ў 1972 годзе І.П. Мележу прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.
Памяць
У 1980 годзе Саюзам пісьменнікаў Беларускай ССР была заснаваная літаратурная прэмія імя Івана Мележа;
У Мінску, Хойніках, Лельчыцах, Гомелі названая вуліца ў гонар Івана Паўлавіча Мележа;
У Мінску на доме № 7 па вуліцы Я. Купалы, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка (1978);
У Гомелі імем пісьменніка названыя беларуска-славянская Гімназія № 36 і гарадская бібліятэка № 2;
У 1983 годзе на радзіме І.П. Мележа ў вёсцы Глінішча адкрыты мемарыяльны музей і ўсталяваны бюст;
У Хойніках у 2010 годзе адкрыта скульптурная кампазіцыя "Па старонках твораў Івана Мележа";
Імя Івана Мележа носіць Мазырскі драматычны тэатр.
Інтэрнэт-рэсурсы