Біяграфiя Творы Літаратурна-крытычныя матэрыялы Вершы, байкі Памяці Уладзіміра Караткевіча Галерэя

 

Літаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці Ул. Караткевіча


 

Верабей, А. Абуджаная памяць : нарыс жыцця і творчасці Ул. Караткевіча / Анатоль Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. — 256 с, [8] л. іл.

Багата выкарыстоўваючы архіўныя матэрыялы, эпісталярную спадчыну Уладзіміра Караткевіча і ўспаміны пра яго, у кнізе асэнсоўваецца постаць гэтага самабытнага і арыгінальнага творцы. Засяроджваецца ўвага на характарыстыцы ягонай паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі і мастацкага перакладу, прасочваецца творчая эвалюцыя пісьменніка, даследуецца праблематыка і жанрава-стылёвыя асаблівасці твораў.



 

Верабей, А. Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць / Анатоль Верабей. — 2-е выданне, дапрацаванае і выпраўленае. — Мінск : Беларуская навука, 2005. — 271 с.

Верабей Анатоль Леанідавіч — беларускі крытык і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, педагог, член СП СССР з 1988 года, адзін з найбольш аўтарытэтных даследчыкаў творчасці Уладзіміра Караткевіча.
У кнізе асэнсоўваецца постаць Уладзіміра Караткевіча. Выкарыстоўваецца даволі багатая колькасць архіўных матэрыялаў, а таксама эпісталярная спадчына пісьменніка і ўспаміны пра яго.


 

Жаўняровіч, П. П. Публіцыстычны дыскурс Уладзіміра Караткевіча / П. П. Жаўняровіч ; [навуковы рэдактар В. I. Іўчанкаў]. — Мінск : РІВШ, 2011. — 244 с.

У манаграфіі даследуецца публіцыстычны дыскурс Уладзіміра Караткевіча, прапануецца жанравая дыферэнцыяцыя эсэ, выяўляюцца канцэптуальныя моўныя структуры, якія сведчаць пра глыбокую сувязь пісьменніцкай публіцыстыкі з ментальнасцю беларускага народа і ўплываюць на жанравую прыналежнасць пэўнага твора, разглядаюцца эсэ-нарысы ў публіцыстыцы пісьменніка.

Адрасуецца студэнтам, магістрантам, аспірантам, выкладчыкам, а таксама ўсім, хто цікавіцца творчасцю Уладзіміра Караткевіча.


 

Ішчанка, Г. М. Уладзімір Караткевіч у школе : вывучэнне творчасці пісьменніка : дапаможнік для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў / Г. М. Ішчанка. — 2-е выданне. — Мінск : Аверсэв, 2005. — 207 с.

У кнізе распрацавана методыка вывучэння манаграфічнай тэмы "Уладзімір Караткевіч", якая ўключае біяграфію пісьменніка, лірыку, раман "Каласы пад сярпом тваім". Зроблены новы, цэласны аналіз рамана.
Сістэма ўрокаў скіравана на далучэнне адзінаццацікласнікаў да аўтарскай пазіцыі, выхаванне іх духоўнасці.
Рэкамендуецца настаўнікам, студэнтам філалагічных факультэтаў ВНУ і ўсім тым, хто цікавіцца творчасцю У. Караткевіча.
(Школьнікам, абітурыентам, навучэнцам.)


 

Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы : зборнік эсэ, вершаў, прысвячэнняў / укладанне : А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. — 368 с.

Адметнасць і непаўторнасць новай кнігі пра Уладзіміра Караткевіча заключаюцца найперш у тым, што яна нечым нагадвае сяброўскую сагу пра вялікага і легендарнага пісьменніка, пра чалавека, чый уплыў на грамадскую думку, на фарміраванне гістарычнага светапогляду сучасніка працягваюцца і цяпер. Першую частку зборніка складае эсэ празаіка, паэта, літаратуразнаўцы Алега Лойкі "Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі", дзе не толькі канцэптуальна, але і лірычна, эмацыянальна, узнёсла асэнсавана постаць славутага творцы. Другая частка зборніка – "Белая песня ў лугах залацістых...", дзе ўпершыню надрукаваныя паэтычныя творы самога У. Караткевіча на беларускай і рускай мовах, аўтапераклады асобных твораў на рускую мову і лісты паэта да Ніны Молевай. Трэцюю частку кнігі склалі вершы, урыўкі з паэм, эсэ, вытрымкі з нарысаў, крытычных артыкулаў як беларускіх, так і замежных пісьменнікаў, іншыя матэрыялы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу.


 

Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв'ю, эсэ / Уладзімір Караткевіч ; [укладанне Г. Шаблінскай]. — Мінск. : Мастацкая літаратура, 2005. — 518 с. : іл. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі.)

У кнізе сабраны матэрыялы, якія ствараюць жывы вобраз выдатнага пісьменніка XX стагоддзя Уладзіміра Караткевіча. Праз успаміны сяброў, сваякоў, літаратараў, гісторыкаў, артыстаў, жывапісцаў, рэжысёраў, кампазітараў паўстае постаць Мастака ва ўсёй яе філасофскай велічы і чалавечай прыгажосці. Абаяльны, дасціпны, глыбокі эрудыт і таленавіты творца — ён застанецца ў гісторыі беларускай культуры прыкладам самаадданага служэння Бацькаўшчыне.


 

Мальдзіс, А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча : партрэт пісьменніка і чалавека : літаратуразнаўчае эсэ / А. Мальдзіс. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. — 208 с.

Уладзімір Караткевіч, легендарны беларускі рамантык, апярэджваў свой час, узняўся над канфармізмам, над паўсядзённасцю і бездухоўнасцю да вышынь, з якіх добра відаць шляхі, што лучаць мінулае з будучыняй, чалавека з людзьмі і народамі.
Пісьменнік незвычайнага, рэнесанснага таленту, ён стаў зоркай першай велічыні на нацыянальным літаратурным небасхіле. І задача гэтай кнігі – растлумачыць, хаця б часткова, той феномен, імя якому – Караткевіч. Аўтар спрабуе разгадаць многія загадкі геніяльнай празорлівасці паэта і празаіка, гісторыка і мысляра.


 

Мальдзіс, А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча : партрэт пісьменніка і чалавека / А. Мальдзіс. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 1990. — 230 с., [9] л. іл.

Адам Мальдзіс, сябра пісьменніка, які пайшоў з жыцця ў 1984 годзе, напісаў сваю дакументальную і разам з тым лірычную, мастацкую сагу пра творцу і творчасць па матэрыялах сваіх ранейшых дзённікавых запісаў. Усяго хапае ў кнізе – і гумару таксама. Але чым найперш уражвае праца дасведчанага культуролага, гісторыка літаратуры? Так, улюбёнасцю ў Караткевіча. Але – і жаданнем выразна акрэсліць месца Караткевіча ў грамадскім і нацыянальным жыцці народа Беларусі.
     
 

Марціновіч, Д. Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча / Дзяніс Марціновіч. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2014. — 178 с. : іл. ; [2] л. укл.

Каму быў прысвечаны першы зборнік Уладзіміра Караткевіча "Матчына душа"? Хто і чаму называў паэтэсу Раісу Ахматаву жонкай пісьменніка? Ці існаваў працяг культавага рамана "Каласы пад сярпом тваім"?
У 2012 годзе крытык і літаратуразнаўца Дзяніс Марціновіч паспрабаваў адказаць на гэтыя пытанні ў кнізе "Донжуанскі спіс" Караткевіча". Новыя звесткі з біяграфіі класіка беларускай літаратуры паспрыялі з'яўленню кнігі "Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча", якая была істотна дапоўнена новымі матэрыяламі.
Першая частка выдання ўяўляе даследаванне-эсэ, прысвечанае ролі жанчын у творчасці Уладзіміра Караткевіча. У другую ўвайшлі крытычныя артыкулы па актуальных пытаннях літаратуразнаўства.
Кніга адрасуецца ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, постаццю Уладзіміра Караткевіча і ўплывам жанчын на творчасць пісьменнікаў.

     
 

Марціновіч, Д. "Донжуанскі спіс" Караткевіча : літаратуразнаўчыя даследаванні і артыкулы / Дзяніс Марціновіч. — Мінск : Четыре четверти, 2012. — 114 с. — (Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Серыя "Мінскія маладыя галасы").

"Донжуанскі спіс" Караткевіча – першая кніга маладога крытыка і літаратуразнаўцы Дзяніса Марціновіча. Яна складаецца з аднайменнага даследавання, прысвечанага ролі жанчын у творчасці Уладзіміра Караткевіча, класіка беларускай літаратуры. Чытачы даведаюцца, каму быў прысвечаны першы зборнік паэта "Матчына душа", чый сын называў пісьменніка бацькам, а таксама ці існаваў працяг культавага рамана "Каласы пад сярпом тваім". Акрамя гэтага, у зборнік увайшлі артыкулы па актуальных пытаннях літаратуразнаўства.
Выданне адрасуецца ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, постаццю Уладзіміра Караткевіча і ўплывам жанчын на творчасць пісьменнікаў.

     
 

Радомская, Л. Д. Уладзімір Караткевіч і Орша / Лілія Дзмітрыеўна Радомская. — Орша : Аршанская друкарня, 1998. — 48 с.

Паважаны чытач! Гэта кніга — роздум, даніна памяці Уладзіміру Караткевічу ад усіх аршанцаў, якія яго ведалі, сустракаліся з ім, вывучалі яго жыццё і творчасць, любоўна збіралі па крупінцы ўсё, што можна расказаць нашчадкам пра гэтага цудоўнага чалавека.
Ганаруся тым, што наша Аршаншчына першай ушанавала светлую памяць Уладзіміра Сямёнавіча. Тут, на старажытнай зямлі, ён нарадзіўся, тут упершыню пачуў матчыну песню пра самы цудоўны і прыгожы на зямлі край — Беларусь! Тут мужнелі яго "крылы". Адсюль ён пайшоў у літаратурнае жыццё. Наша зямля ўзрасціла і ўскарміла яго. У горадзе ёсць школа №3, якая носіць яго імя. Там створаны першы літаратурны музей Уладзіміра Караткевіча, якому 4 чэрвеня 1991 года Пастановай Калегіі Міністэрства культуры Беларусі, загад № 21, за дасягненні ў справе набыцця і захавання гістарычнай і культурнай спадчыны нададзена званне Народнага. У музеі больш 12-ці тысяч экспанатаў.
Да Караткевіча ў наш горад ідуць і едуць людзі. Што кліча ўсіх іх на Радзіму пісьменніка?

     
 

Русецкі, А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць : нататкі літаратурнай творчасці / А. Русецкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. — 287 с.

Уладзімір Караткевіч... Пісьменнік, драматург, паэт, публіцыст... Адзін з самых папулярных і любімых беларускіх аўтараў, які многа зрабіў для вяртання беларускаму народу гістарычнай памяці. Наш асаблівы боль і наша асаблівая радасць... У лістападзе 1990 года споўнілася 60 год з дня яго нараджэння (1930—1984).
Кніга А. Русецкага з'яўляецца адным з першых літаратурна-крытычных даследаванняў творчасці У. Караткевіча.

     
 

Русецкі, А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць : нататкі літаратурнай творчасці / А. Русецкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. — 300 с.

Уладзімір Караткевіч... Пісьменнік, драматург, паэт, публіцыст... Адзін а самых папулярных і любімых беларускіх аўтараў, які многа зрабіў для вяртання беларускаму народу гістарычнай памяці. Наш асаблівы боль і наша асаблівая радасць...
Кніга А. Русецкага, выпушчаная ў свет у 1991 годзе, была адным з першых літаратурна-крытычных даследаванняў творчасці У. Караткевіча.
Для паўторнага выдання аўтар значна перапрацаваў яе.

     
 

Шынкарэнка, В. К. Пад ветразем дабра і прыгажосці : жанрава-стылявыя асаблівасці прозы Уладзіміра Караткевіча / В. К. Шынкарэнка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1995. — 175 с.

Разглядаецца адметнасць творчай манеры вядомага беларускага пісьменніка У. Караткевіча, адзначаецца непаўторнасць мастакоўскай індывідуальнасці, веліч яго асобы. Асаблівая ўвага надаецца жанрава-стылявым пошукам творцы ў галіне прозы, якая складае значную частку яго спадчыны і ўвасобіла найбольш яскравыя асаблівасці высокага таленту мастака.

Разлічана на філолагаў, усіх, для каго неабыякавы лёс беларускай нацыі, яе культуры.


На выставе прадстаўлены выданні з фондаў УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".