Біяграфiя Творы Літаратурна-крытычныя матэрыялы Вершы, байкі Памяці Уладзіміра Караткевіча Галерэя
Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930–25.07.1984)
Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ул. Караткевіч
Уладзімір Караткевіч 1954 г. |
Нарадзіўся ў сям'і інтэлігентаў. Маці, Надзея Васілеўна Грынкевіч (1893–1977), пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве працавала настаўніцай. Бацька, Сямён Цімафеевіч (1887–1959), быў работнікам фінансавых органаў. Вялікае ўздзеянне на будучага пісьменніка зрабіў у дзяцінстве дзядуля – бацька яго маці, які паслужыў прататыпам старога Данілы Вежы-Загорскага, аднаго з герояў рамана "Каласы пад сярпом тваім". Старэйшы брат Валерый (1918–1941) загінуў на вайне. Паводле слоў маці, Валодзя "чытаць, непрыкметна для іншых, навучыўся ў тры з паловаю гады", "пісаць (а спачатку "бубніць") вершы пачаў гадоў у шэсць", "трохі пазней спрабаваў пісаць апавяданні, прычым абавязкова іх ілюстраваў". Ужо ў дзяцінстве выявілася рознабаковасць таленту У. Караткевіча. Ён добра маляваў. Маючы абсалютны слых, наведваў музычную школу, іграў у "Рэвізоры" Добчынскага.
Вайна застала хлопчыка ў Маскве, куды ён прыехаў у госці да сястры, якая там вучылася. Доўгі час не ведаў, дзе бацькі. Трапіў на Разаншчыну, потым на Урал, у наваколле Кунгура. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Яго затрымлівалі, вярталі назад. 3 вялікімі цяжкасцямі дабраўся да бацькоў у Арэнбург. Скончыў там шосты клас. Потым трапіў у вызвалены Кіеў, жыў у цёткі. У 1944 разам з бацькамі вярнуўся ў Оршу. Вучыўся ў школе, уздымаў з руін родны горад. Як і многія аднагодкі, пісаў вершы. Некаторыя з іх і прыгодніцкая аповесць "Загадка Неферціці" з'явіліся ў школьным рукапісным часопісе "Званочак". У 1949–1954 вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. У пачатку 50-х гадоў свае раннія творы даслаў для ацэнкі Я. Коласу. Пра сур'ёзнасць і шматграннасць яго навуковых інтарэсаў сведчаць напісаныя ў той час працы: "Багдановіч і сучаснасць", "Моўная стыхія Пушкіна", "Цёмныя месцы "Слова", "Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы" і інш. Універсітэт скончыў з адзнакай, здаў кандыдацкі мінімум і пачаў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. У 1954–1956 працаваў настаўнікам у вёсцы Лесавічы, што на Кіеўшчыне. Пераехаў у Оршу, дзе ў 1956–1958 настаўнічаў. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. 3 1963 у Мінску. Быў нястомным вандроўнікам. Шмат падарожнічаў па Беларусі і за яе межамі, два разы быў у Польшчы, тры – у Чэхаславакіі. У 1967 у Брэсце на чытацкай канферэнцыі па раману "Каласы пад сярпом тваім" (раман прысвяціў сваёй маці) пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педінстытута Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай (1934–1983), сваёй будучай жонкай. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
Першыя вершы У. Караткевіча "Тут будзе канал" і "Якубу Коласу" надрукаваны ў 1951 у аршанскай раённай газеце "Ленінскі прызыў" (адзін на рускай мове, другі – на беларускай). У 1955 апублікаваны яго нарыс "Вязынка" і верш "Машэка". Гэта падзея, паводле прызнання пісьменніка, пераламіла яго лёс. У беларускіх перыядычных выданнях пачалі друкавацца яго вершы, якія заўважыла і высока ацаніла крытыка. Былі, праўда, і нападкі: у шэрагу матэрыялаў, змешчаных у 1957 у газеце "Ленінскі прызыў", яго вершы асуджаліся, асабліва на гістарычную тэму. Вершы былі першымі друкаванымі творамі пісьменніка, а паэтычныя зборнікі "Матчына душа" і "Вячэрнія ветразі" – першымі яго кнігамі. У 1969 ён выдаў арыгінальны зборнік паэзіі "Мая Іліяда". Прыкметнай з'явай у беларускай літаратуры стала і апошняя яго паэтычная кніга "Быў. Ёсць. Буду", якая выйшла пасля яго смерці.
У. Караткевіч – яркі і таленавіты беларускі паэт. Яго паэзія вызначаецца рамантычнай узнёсласцю і грамадзянскай страснасцю, асацыятыўнай вобразнасцю і глыбінёй зместу, пранікнёным лірызмам і філасафічнасцю, патрыятычным гучаннем і гуманістычнай скіраванасцю ("Партызанская балада", "Заяц варыць піва", "Калумбы зямлі незнаёмай", "Матчына душа", "Гусі-лебедзі ў лугах зялёных", "Дзіва на Нерлі", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Беларуская песня", "Таўры", "Скарына пакідае радзіму", "Фантазія", "Безгаловая Венера" "Быў. Ёсць. Буду" і інш.).
Уладзімір Караткевіч з |
Шырокае прызнанне як на Беларусі, так і далёка за яе межамі, прынесла У. Караткевічу яго проза. У 1957 ён напісаў аповесць "У снягах драмае вясна", у якой адлюстраваў студэнцкае жыццё пачатку 1950-х гадоў, у 1958 – аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха" – адзін з самых вядомых твораў пісьменніка. Звяртаючыся да падзей беларускай гісторыі 1880-х гадоў, робячы экскурсы ў больш раннія часы, аўтар асудзіў у гэтым гістарычным дэтэктыве сацыяльны прыгнёт, тыранію, уціск і дэспатызм і адначасова паставіў пытанні аб прызначэнні чалавека, аб сутнасці яго жыцця і любові да радзімы, паказаў вялікае, прыгожае і чыстае каханне. Падчас вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах, якія, як сведчыў пісьменнік, шмат далі яму "самой сваёй атмасферай, глыбінёй спрэчак, сяброўствам, шырынёй далягляду", ён напісаў некалькі апавяданняў і гістарычную аповесць "Сівая легенда". Разам з напісанай раней аповесцю "Цыганскі кароль" яны склалі першую яго кнігу прозы "Блакіт і золата дня". У Маскве быў задуманы і першы раман "Леаніды не вернуцца да Зямлі", які пад назвай "Нельга забыць" надрукаваны ў 1962 у часопісе "Полымя". Планавалася выданне аднайменнай кнігі, куды павінна была ўвайсці і аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха". Але набор гэтай кнігі быў рассыпаны восенню 1963 (асобнай кнігай раман выйшаў толькі праз 20 гадоў). У рамане "Нельга забыць" сцвярджаецца думка пра непарыўнасць повязі часоў, раскрываецца прыгажосць і непаўторнасць інтымнага пачуцця, выяўляюцца інтэлектуальныя і духоўныя пошукі творчай інтэлігенцыі. У 1962–1964 створаны раман "Каласы пад сярпом тваім". Задума напісаць твор пра паўстанне 1863–1864 на Беларусі і ў Літве пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ўзнікла на пачатку 1950-х гадоў. Меркавалася стварыць тры кнігі, дзе апісваліся б адпаведна пярэдадзень паўстання, само паўстанне, яго паражэнне і вынікі. Пісьменнік завяршыў толькі першую кнігу. Да паўстання 1863–1864 У. Караткевіч выяўляў асаблівую цікавасць, аб чым сведчаць яго апавяданні "Паляшук", "Сіняя-сіняя... ", пралог да рамана "Нельга забыць", драмы "Кастусь Каліноўскі", "Калыска чатырох чараўніц" і многія вершы. Выключная ўвага мастака да падзей таго часу абумоўлена іх значнасцю ў гісторыі Беларусі, а таксама тым, што ў сям'і пісьменніка захавалася памяць пра родзіча, аднаго з кіраўнікоў паўстання на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, які быў расстраляны ў Рагачове. Гэты факт пакладзены ў аснову пралога да рамана "Нельга забыць". Раман "Каласы пад сярпом тваім" займае цэнтральнае месца ў творчасці пісьменніка. Гэта, па сутнасці, першы беларускі гістарычны раман. У ім створана шырокая панарама народнага жыцця, перададзена грамадская атмасфера напярэдадні паўстання 1863–1864. Раман прыхільна сустрэлі крытыка і чытачы, хоць былі і значныя цяжкасці з яго выданнем, а ў друку змяшчаліся адмоўныя ацэнкі твора.
Асаблівая заслуга У. Караткевіча ў стварэнні высокамастацкай беларускай гістарычнай прозы, дзе ім узняты шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, створаны жыццёвыя характары, раскрыты багаты духоўны свет герояў, якія звязалі свой лёс з лёсам народа. Гэтыя творы вызначаюцца рамантычнай акрыленасцю і жыццёвай дакладнасцю, мастацкай культурай і патрыятычным пафасам, незвычайнай пазнавальнасцю і гуманістычным зместам. Роля У. Караткевіча ў беларускай літаратуры такая, як В. Скота ў англійскай ці Г. Сянкевіча ў польскай.
У маі–верасні 1964 была напісана аповесць "Зброя" (апублікавана ў 1981) – гнеўная, выкрывальная сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкі лад Расіі 1850-х гадоў, тэматычна звязаная з раманам "Каласы пад сярпом тваім". Сам пісьменнік адзначаў, што гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне.
У 1965–1966 створаны раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (апублікаваны па-беларуску ў 1972), прысвечаны падзеям беларускай гісторыі 16 ст. Пісьменнік звярнуўся да факту, адзначанага ў старажытных беларускіх хроніках, і стварыў гісторыю бадзягі, які "воляй лёсу быў названы Хрыстом, вымушаны быў рабіць "цуды" і, урэшце, узначаліў паўстанне супраць царквы і караля". Раман займае адметнае месца ў беларускай літаратуры. Калі ж шукаць аналогіі ў сусветнай літаратуры, то па ідэйна-мастацкіх асаблівасцях яго можна суаднесці з "Гарганцюа і Пантагруэлем" Ф. Рабле, "Легендай пра Уленшпігеля" Ш. дэ Кастэра, "Кала Бруньёнам" Р. Ралана, "Майстрам і Маргарытай" М. Булгакава. У. Караткевіч пераканаўча паказаў, што і на беларускай нацыянальнай глебе ёсць постаці тыпу Тыля Уленшпігеля. Яны выяўляюць дух Беларусі, нязломны і непераможны народны характар. Пісьменнік арыгінальна асэнсаваў падзеі гістарычнай даўніны, прыгодніцкі сюжэт напоўніў сацыяльна-філасофскім і псіхалагічным зместам. У. Караткевіч збіраўся напісаць 15-томную серыю "Век", а ўсяго планаваў 78 тамоў прозы.
Уладзімір Караткевіч і Вацлаў Жыдліцкі. 1968 г. |
Багаты матэрыял для твораў давалі пісьменніку шматлікія падарожжы. У жніўні-верасні 1965 ён праходзіў зборы на Ціхаакіянскім флоце ў газеце "Боевая вахта". Пасля паездкі на Далёкі Усход з'явілася аповесць "Чазенія", у якой У. Караткевіч выявіў зайздросныя веды ў галіне прыродазнаўчых навук. Пісьменнік валодаў бездакорным мастацкім густам, глыбока і грунтоўна ведаў як айчынную, так і сусветную гісторыю і культуру. Плённа развіваючы нацыянальныя літаратурныя традыцыі, ён абапіраўся ў сваёй творчасці і на вопыт іншых літаратур. Ствараючы гістарычныя ці дэтэктыўныя творы, імкнуўся пашырыць ідэйна-тэматычныя і жанрава-стылявыя далягляды беларускай літаратуры, абудзіць патрыятычныя пачуцці, выклікаць цікавасць да беларускай гісторыі і беларускага мастацкага слова. Гуманістычным і патрыятычным зместам прасякнуты раман "Чорны замак Альшанскі". У. Караткевіч імкнуўся раскрыць тут не прыватную і займальную гісторыю, што здарылася з яго героем, а паспрабаваў выявіць повязь мінулага з сучасным, раскрыць жыццё ў яго складанасці і супярэчлівасці, сцвердзіць думку пра непераможнасць і ўсемагутнасць дабра і чалавечнасці.
Талент пісьменніка дасканала раскрыўся ў яго апавяданнях. У іх па-майстэрску намаляваны бясконцая вадзяная роўнядзь веснавой паводкі на Палессі і нараджэнне шчырага і чыстага пачуцця паміж героямі ("Блакіт і золата дня"), раскрыты трагедыя і нязломнасць беларускага народа ў 1880-я гады ("Сіняя-сіняя... ", "Кніганошы"), асуджаны тыранія і дэспатызм Сталіна і грамадскага дзеяча старажытнага Ютая Шан Яна ("Маленькая балерына", "Вялікі Шан Ян"). Яшчэ ў студэнцкія гады У. Караткевіч збіраў вуснапаэтычную народную творчасць, апрацоўваў і пісаў для дзяцей казкі. Асобныя з іх увайшлі ў зборнік "Казкі".
Плённа працаваў У. Караткевіч і як драматург. У 1957 напісаў п'есу "Млын на Сініх Вірах" (апубл. у 1988) пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны (паст. у 1959 на Беларускім тэлебачанні). Напісаная ў 1959–1960 п'еса "Трошкі далей ад Месяца" прысвечана рэчаіснасці канца 1950-х гадоў, лёсу чалавека, які вярнуўся дамоў пасля беспадстаўных рэпрэсій (не друкавалася). У 1978 Віцебскім тэатрам пастаўлена яго п'еса "Кастусь Каліноўскі" (вядома каля дзесяці варыянтаў гэтага твора, адзін з ранніх называўся "Руна пра Кастуся"). Да 1000-годдзя Віцебска з'явілася драма "Званы Віцебска" (паст. у 1974 Віцебскім тэатрам), у якой аўтар звярнуўся да Віцебскага паўстання 1623. 100-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы У. Караткевіч прысвяціў п'есу "Калыска чатырох чараўніц" (1981, паст. у 1982 Мінскім тэатрам юнага гледача), у якой драматург паказаў дзіцячыя і юнацкія гады беларускага песняра. Прыкметную цікавасць выявіў У. Караткевіч і да Крычаўскага паўстання 1743–1744: у сакавіку 1956 напісаў пра яго легенду "Маці ўрагану", у 1982 закончыў драму "Маці ўрагану" (паст. у 1988 Мінскім аматарскім тэатрам "Золак").
Уладзімір Караткевіч. |
Прыкметны след пакінуў У. Караткевіч у публіцыстыцы і літаратурнай крытыцы. Мастацкай энцыклапедыяй Беларусі стаў яго нарыс "Зямля пад белымі крыламі" (спачатку выйшаў у Кіеве на ўкраінскай мове, потым у Мінску на беларускай). У ёй пісьменнік з любоўю і цеплынёй расказаў пра Беларусь і яе народ, беларускую гісторыю і культуру. Аўтар шматлікіх нарысаў і эсэ. У творчай спадчыне У. Караткевіча захаваліся малюнкі, а таксама ілюстрацыі да ўласных твораў. На самым пачатку творчага шляху звярнуўся ён і да мастацкага перакладу. Аддаваў перавагу паэтам-рамантыкам, выказваў прыхільнасць галоўным чынам да духоўна блізкіх аўтараў, творчасць якіх прасякнута патрыятычным і грамадзянскім пафасам. Ён узнавіў па-беларуску паэзію В. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, I. Франка, Я. Судрабкална, Б. Мацкявічуса і інш., драмы грэчаскага пісьменніка П. Антэаса "Праметэй перад трыбуналам", А. Талстога "Цар Фёдар Іаанавіч" і інш. Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў "Сведкі вечнасці" (1964), "Памяць" (1966), "Будзь шчаслівай, рака" (1967), мастацкага "Чырвоны агат" (1973) і інш. На студыі "Беларусьфільм" па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" (1967, па раману "Хрыстос прызямліўся ў Гародні"), "Дзікае паляванне караля Стаха" (1979, сааўт. сцэнарыя В. Рубінчык), "Чорны замак Альшанскі" (1984, сааўт. сцэнарыя М. Пташук), "Маці ўрагану" (1990). На рэспубліканскім тэлебачанні інсцэніраваны яго апавяданне "Сіняя-сіняя... " і аповесць "Лісце каштанаў". Рэспубліканскім радыё па яго творы пастаўлены радыёспектакль "Паром на бурнай рацэ" (1982), на студыі "Беларусьфільм" створаны аднайменны мастацкі фільм (1989). У Гомельскім абласным тэатры ставілася п'еса паводле легенды "Ладдзя Роспачы". Па лібрэта У. Караткевіча Д. Смольскім напісана опера "Сівая легенда" (паст. у Беларускім тэатры оперы і балету ў 1978). Паводле яго аповесці У. Солтанам створана опера "Дзікае паляванне караля Стаха" (паст. у Беларускім тэатры оперы і балета ў 1989, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990). Пра У. Караткевіча створаны дакументальны фільм "Быў. Ёсць. Буду" (1989), відэафільмы "Успамін" і "Рыцар і слуга Беларусі" (усе 1991). Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы.
Імем У. Караткевіча названы вуліцы ў Віцебску і Оршы, яго імя носіць школа № 3 у Оршы, дзе адкрыты літаратурны музей У. Караткевіча. Мемарыяльныя пакоі-музеі пісьменніка створаны ў інтэрнаце мінскага завода "Інтэграл" і ў інтэрнаце маладзечанскіх будаўнікоў. На доме № 36 па вул. К. Маркса, дзе жыў пісьменнік у апошнія гады, а таксама на доме ў Оршы, дзе ён жыў у 1956–1958, устаноўлены мемарыяльныя дошкі, на магіле і ў Оршы – помнікі. Яго імем названы Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва "Мастацкая літаратура".
Крыніца:
Верабей, А. Л. Караткевіч Уладзімір / А. Л. Верабей // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3 : Івашын – Кучар / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь ; Беларуская энцыклапедыя ; пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса ; рэдкалегія: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. – С. 159–169.
Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці
- Анципович, О. Тайная любовь писателя Владимира Короткевича / Ольга Анципович // Комсомольская правда. — 2009. — 30 июля.
- Будовіч, Я. Кветка. Любоў. Паэзія : [успаміны пра Уладзіміра Караткевіча] / Яна Будовіч // Літаратура і мастацтва. — 2018. — 27 ліпеня. — С. 10 : фота.
- Галоўка, С. Кіеўскія вёсны Уладзіміра Караткевіча : [украінскі перыяд жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча] / Сяргей Галоўка // Беларуская думка. — 2020. — № 1. — С. 37—46 : фота.
- Глобус, А. "Не ідуць вершы — пішы фантастыку" : [гутарка з Адамам Глобусам пра Уладзіміра Караткевіча] / А. Глобус ; запісала Хрысціна Чарнушэвіч // Маладосць. — 2015. — № 11. — С. 125—126.
- Глобус, А. Словы пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча : нарыс / Адам Глобус // Культура. — 2018. — 10 лютага. — С. 15 : фота.
- Гужалоўскі, А. Караткевіч і цэнзура / Аляксандр Гужалоўскі // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 29 лістапада. — С. 15.
- Дзяхцяр, М. Быў. Ёсць. Будзе : [Уладзімір Караткевіч у кіно] / Маргарыта Дзяхцяр // Звязда. — 2015. — 26 лістапада. — С. 5 : фота.
- Драчев, П. Последнее путешествие Владимира Короткевича : [воспоминания автора] / Петр Драчев // Комсомольская правда. – 2004. –23 июля.
- Жаўняровіч, П. Караткевіч FOREVER : [беларускі пісьменнік У. Караткевіч] / Пятро Жаўняровіч // Маладосць. — 2015. — № 11. — С. 124—149.
- Кавальчук, Т. "Тут дыхаць вольна..." : [завочнае падарожжа па творах Уладзіміра Караткевіча] / Тэрэза Кавальчук // Роднае слова. — 2015. — № 11. — С. 72—74.
- Караткевіч, У. З шалёнай вышыні : публіцыстыка / Уладзімір Караткевіч // Літаратура і мастацтва. — 2014. — 28 лістапада. — С. 6.
- Караткевіч, У. ...Трэба церабіць сваю сцежку : дзённік 1965-66 гадоў / Уладзімір Караткевіч // Дзеяслоў. — 2015. — № 5. — С. 196—239.
- Карнялюк, К. Яго продкі паходзілі з Магілёва... : [пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча] / Канстанцін Карнялюк // Прыдняпроўская Ніва (Магілёў). — 2015. — 2 снежня. — С. 6 : фота.
- Крэпак, У. Смак кароткіх сустрэч з У. К. : [успаміны аўтара пра Уладзіміра Караткевіча] / Барыс Крэпак // Культура. — 2015. — 28 лістапада. — С. 15 : фота.
- Кузьмич, М. У новым Зборы твораў Караткевіча будуць яго малюнкі і голас / Марина Кузьмич // Народная газета. — 2011. — 26 ноября.
- Ліпскі, У. Мой Караткевіч / Уладзімір Ліпскі // Сельская газета. — 2020. — 25 июля. — С. 30—31.
- Лютынскі, В. Тут жыў Караткевіч : [аб мястэчках, дзе жыў Уладзімір Караткевіч] / Віктар Лютынскі // Літаратура і мастацтва. — 2016. — 2 снежня. — С. 11 : фота.
- Лявонава, Е. Прысутнасць Гётэ ў творах Караткевіча / Ева Лявонава // Маладосць. — 2014. — № 7. — С. 80—84.
- Марціновіч, Д. Караткевіч і С. М.: гісторыя кахання / Дзяніс Марціновіч // Полымя. — 2012 — № 12. — С. 143—151.
- Навіцкая, В. В. Архетыпы прасторы ў празаічнай спадчыне Уладзміра Караткевіча / В. В. Навіцкая // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. — 2012. — № 2. — С. 69—73.
- Ответы Владимира Короткевича на анкету 1957 года // Советская Белоруссия. — 2015. — 26 ноября. — С. 13.
- Прыгодзіч, З. Нельга забыць, альбо чароўныя ветразі памяці / Зіновій Прыгодзіч // Звязда. — 2019. — 11 верасня. — С. 7.
- Пташук, М. М. Быў. Ёсць. Будзе : [гутарка з вядомым кінарэжысёрам М. Пташуком] / Міхаіл Пташук ; гутарыла Раіса Баравікова // Алеся. — 2020. — № 4. — С. 24—25 : фота.
- Рублевская, Л. "Влюбленный Короткевич" / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. — 2014. — 8 августа.— С. 12.
- Сінькевіч, А. "А цёці Жэні і Мальдзісёнку нічога не ведаю, што купіць" : [ліст Караткевіча да жонкі] / Алена Сінькевіч // Маладосць. — 2014. — № 7.— С. 85—88.
- Сняжко, М. "Падобны на вялікае дзіця" : [пра тое, чым уражваў Караткевіч, што прадказвала ў ім чалавека няпростага лёсу, распавяла Муза Сняжко] / М. Сняжко ; запісала Я. Будовіч // Літаратура і мастацтва. — 2019. — 26 ліпеня. — С. 11 : фота.
- Шабека, А. Аднакласнік, настаўнік, сябар... : [беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч] / Анатоль Шабека // Літаратура і Мастацтва. - 2013. — 13 верасня. — С. 12.
- Шабека, А. Вяселле ў Руклях... з Караткевічам : [з успамінаў пра пісьменніка] / Анатоль Шабека // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 5 ліпеня. — С. 9.
- Шебеко, А. "Каждой девочке Короткевич посвятил стихотворение" / Анатолий Шебеко // Нёман. — 2012. — № 6. — С. 216—218.
- Шчарбачэвіч, Н. Дзяніс Марціновіч: "У асабістым жыцці Караткевіча былі велізарныя трагедыі" / Ніна Шчарбачэвіч // Звязда. — 2015 — 13 кастрычніка. — С. 9.
- Шчарбачэвіч, Н. Рамантыкі ў "краіне Палессе". Тры падарожжы Уладзіміра Караткевіча і Валянціна Ждановіча / Ніна Шчарбачэвіч // Звязда. — 2015. — 3 лютага. — С. 9
Інтэрнэт-рэсурсы
Уладзімір Караткевіч Быў. Ёсць. Буду. Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце… А можа, тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Сайт "Быў. Ёсць. Буду" знаёміць з біяграфіёй Уладзіміра Караткевіча, літаратурна-крытычнымі матэрыяламі аб творчасці пісьменніка і з бібліятэкай выбраных твораў аўтара.
|
Уладзімір Караткевіч на сайце "Беларуская палічка. Беларуская электронная бібліятэка"
Уладзімір Караткевіч на сайце "Библиотека Максима Мошкова"
Уладзімір Караткевіч на сайце "Вершы.ru"
Уладзімір Караткевіч на сайце "Вершы пра каханне"
Уладзімір Караткевіч на сайце "Водгукі на вершы беларускіх паэтаў"