О картине О художнике Материалы Галерея
"Партрэт дачкі"(1923)
У 1923 годзе Міхаіл Станюта стварыў шэдэўр, які ўвайшоў у "залаты фонд" беларускага партрэтнага выяўленчага мастацтва – "Эскіз да партрэта". Гэты партрэт меў розныя назвы: "Партрэт дзяўчыны", "Партрэт актрысы", але ніколі – "Партрэт дачкі", як ён называецца цяпер. Ставіцца да яго трэба было як да эскізнай работы, але сам мастак пазней зразумеў, што яна завершана. На палатне адлюстравана васямнаццацігадовая Стэфанія Міхайлаўна Станюта – тагачасная вучаніца Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, будучая народная артыстка Беларусі і СССР, актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якому яна аддала больш за 70 гадоў жыцця.
Ініцыятарам напісання твора была сама Стэфанія. Дзяўчына з доўгімі косамі, глядзіць убок па-маладому ўсхваляваным поглядам. На твары, на тонкіх руках – імпрэсіяністычныя блікі святла. Стракатыя колеры касцюма. Яркай стужкай схоплена прычоска. Поза – быццам бы статычная, але дзяўчына зусім не пазіруе: уся фігура поўная ўнутранага руху. Вобраз латуценнай, гнуткай як галінка дзяўчыны з надзеямі на шчасце ўспрымаўся як вобраз маладой Беларусі, творчай, чыстай, прыгожай, таленавітай, накіраванай у будучыню.
Паводле ўспамінаў Стэфаніі Станюты: "…аднойчы, калі ўлетку адпачывала дома, бацька вырашыў напісаць мой партрэт – а можа, я сама прапанавала або папрасіла, і ўсё атрымалася хутка і проста, без падрыхтоўкі. У сера-блакітнай сацінавай сукенцы з кароткімі рукавамі, з вузкім беларускім паяском на галаве, я села на стале, падкруціўшы ногі, абапіраючыся на стол рукамі і гледзячы кудысьці ў бок, а абедзве касы леглі на калены. Хутчэй за ўсё гэта я сама і прыдумала пазіраваць менавіта так, таму што ўзгадваю, як рабіла "фон", развешваючы сінюю хустку, замацоўваючы на ім нешта накшталт бантаў з чырвонай гафрыраванай паперы. Бацька ўзяў ліст паперы, прыкладна метр на поўметра, і за адзін або два сеансу гэты дэкаратыўна-плоскастны партрэт тэмперай быў гатовы".
Упершыню "Партрэт дачкі" быў апублікаваны ў выданні "Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства" (1929). У час нямецкай акупацыі Беларусі партрэт разам з іншымі палотнамі Мінскай карціннай галерэі быў вывезены нацыстамі ў Германію. Пасля вайны адшукала яго дырэктар Мастацкага музея БССР (зараз – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь) Алена Васільеўна Аладава і вярнула ў Мінск. Зараз карціна зназодзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.















