О картине О художнике Материалы Галерея

Савіцкі Міхаіл Андрээевіч
(18.02.1922–08.11.2010)

Савіцкі Міхаіл Андрээевіч – беларускі мастак. Герой Беларусі (2006). Народны мастак БССР (1972). Народны мастак СССР (1983). Правадзейны член Акадэміі мастацтваў Расіі (1982). Акадэмік НАН Беларусі (1995). Ганаровы грамадзянін г. Мінска (2001).

Нарадзіўся 18 лютага 1922 г. у в. Звенячы (Талачынскі р-н, Віцебская вобл., Рэспубліка Беларусь). Скончыў Мастацкі інстытут імя Сурыкава ў Маскве (1957).

У Вялікую Айчыную вайну ўдзельнік абароны Севастопаля. Вязень канцэнтрацыйных лагераў Дзюсельдорф, Бухенвальд і Дахаў. За адвагу і гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1972), ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985) і медалём "За адвагу".

З 1980 г. – кіраўнік Творчых акадэмічных майстэрняў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Працаваў у галіне станковага і манументальнага жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філасофскім асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваеннай тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць нямецкіх акупантаў. Аўтар прасякнутых антыфашысцкім пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партызанскай барацьбе: "Партызаны" (1963), "Віцебскія вароты" (1967), "Забойства сям’і партызана" (1972), "Плач па загінуўшых героях" (1974), "Партызанская мадонна (Мінская)" (1978). Упершыню ў беларускім мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм мастацкай мовы, вобразнасць, увасобіў трагізм, які зведала чалавецтва ў гады фашысцкай акупацыі: карціны "Партызаны. Блакада" (1966–1967), "Поле" (1974), серыя "Лічбы на сэрцы" (1974–1987).

Значнае месца ў творчасці займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутны стан чалавека: "Жаночы партрэт" (1966), "Сейбіты" (1972), "Віленскія сустрэчы" (1976), "Янка Купала" (1979), "Сям’я" (1980), "Пушкін і Ганчарова" (1986), "Дастаеўскі" (1988), "Філосафы" (1994), "Аўтапартрэт" (1995).

У карцінах "Плач аб зямлі", "Пакінутыя", "Доля", "Чарнобыльская мадонна" з серыі "Чорная быль" (1986–1993) з высокай мастацкай пераканаўчасцю адлюстраваў шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы.

Галоўнае месца ў творчасці ў 1990–2001 гг. займае хрысціянская тэматыка: "Зняцце з крыжа", "Уцёкі ў Егіпет", "Сялянская п’ета", "Спакушэнне Іуды". Серыя "Запаветы блажэнства" (1991–2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін. Вобразнасцю, філасофскай фундаментальнасцю, глыбокім сацыяльным зместам вылучаюцца творы "Без весткі прапаўшыя" (1991), "Вяртанне" (1998), "Сейбіт" (1999), "Прыбранае поле", "ХХ стагоддзе – забойства праўды" (абедзве 2001).

Маштабнасць і сімавлічнасць мастацкай мовы характэрны для твораў у манументальным мастацтве: габелены для залы пасяджэнняў у рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску (1978–1979, з А. Кішчанкам).

Пра мастака створаны дакументальны фільм "Апаленая памяць" (кінастудыя "Беларусьфільм", 1974, сцэнарый Г. Бураўкіна, рэжысёр А. Канеўскі).

7 верасня 2012 г. адкрыта Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, якая ўваходзіць у структуру Музея гісторыі горада Мінска.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Мастацкай гелерэі Міхаіла Савіцкага, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчынай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, выставачным аб’яднанні "Цэнтральны Дом мастака", Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.